Вы тут

Двухгадовы хопчык, які ўпаў з 9 паверха ў Светлагорску, ідзе на папраўку


«Звязда» працягвае сачыць за лёсам двухгадовага хлопчыка, які выпаў з акна дзявятага паверха шматпавярховіка ў Светлагорску. Нагадаем, што на трэці дзень пасля здарэння дзіця было пераведзена з райцэнтра на лячэнне ў Гомельскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу. Сёння маленькі пацыент працягвае лячэнне ў артапедычна-траўматалагічным аддзяленні. Медыкі, пры ўсім прынцыповым стаўленні да папярэдніх прагнозаў, канстатуюць: малы нарадзіўся ў кашулі. Падзенне з такой вышыні, цудам абярнулася для хлопчыка толькі пераломам бядра і страсеннем мозгу. Малы хутка ідзе на папраўку, і ўжо ў палаце гарэзу трэба перасцерагаць ад празмернай актыўнасці.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

«Фізіка» неверагоднага

Яшчэ каля дзесяці дзён хлопчыку належыць працягнуць лячэнне ў бальніцы. Неабходна вытрымаць «перыяд стабілізацыі пералому» — пераканацца, што косць дакладна пачынае зрастацца і прычын для знаходжання ў стацыянары больш няма, патлумачыў карэспандэнту «Звязды» галоўны ўрач Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Вячаслаў Іжакоўскі.

— У малога пры падзенні было моцна траўміравана бядро, праведзена аперацыя — у нагу ўстаноўлены сінтэтычныя штыўты для зрастання косці. Праз дзесяць дзён плануем накладваць гіпс, каб нага заставалася нерухомай. У канцы наступнага тыдня будзем вырашаць, ці ёсць неабходныя падставы для выпіскі пацыента дадому, — сказаў доктар.

Хлопчыку прыйдзецца мірыцца з зафіксаванай нагой у гіпсе, магчыма, да паўгода.

— Выпадак дужа незвычайны, — працягвае кіраўнік галоўнай дзіцячай медустановы рэгіёна. — Незвычайны ён тым, што пры такім падзенні дзіця атрымала комплексную кататраўму (цялесныя пашкоджанні з-за падзення з вялікай вышыні), але ўсё абышлося без чэрапна-мазгавой траўмы. У нашай практыцы былі выпадкі лячэння падобных маленькіх пацыентаў, якія падалі з сёмага, восьмага паверхаў, але такія сітуацыі заўсёды заканчваліся складанымі чэрапна-мазгавымі траўмамі. Магчыма, добраму зыходу сітуацыі ў дадзеным выпадку паспрыяла пластычныя схільнасці — асаблівасці цела дзіцяці. Сёння працэс яго выздараўлення ідзе станоўча, — звярнуў увагу Вячаслаў Іжакоўскі.

Сацыяльны кантроль

На сігнал аб здарэнні з малалетнім у Светлагорску аператыўна адрэагавала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Кендыш. Спецыяліст падрабязна растлумачыла алгарытм дзеянняў службаў аховы дзяцінства ў падобных выпадках.

— Педыятрычная служба перадала інфармацыю ад супрацоўнікаў хуткай меддапамогі, якія выехалі па паведамленні аб падзенні дзіцяці з вышыні. Калі я прыбыла на месца здарэння, хлопчык ужо быў дастаўлены ў бальніцу, у кватэры з маці непаўналетняга працавалі следчыя. Толькі пасля таго, як скончылі работу на месцы здарэння праваахоўнікі, можна было агледзець кватэру і сабраць інфармацыю са слоў маці і супрацоўнікаў органаў апекі і аддзела адукацыі, — тлумачыць намеснік старшыні камісіі.

Сям'і хлопчыка цяпер вельмі важна ўвага і падтрымка, дадае спецыяліст.

— Маці яго чакае трэцяе дзіця, асоба бацькі малога ўстаноўлена, ён выплачвае грошы на яго ўтрыманне, і ўсё ж сям'я, дзе выхоўваецца хлопчык, лічыцца няпоўнай, — удакладняе Наталля Кендыш. — У любой сітуацыі пасля надзвычайнага здарэння з непаўналетнім пачынаецца сацыяльнае расследаванне. Вывучаецца інфармацыі аб сям'і, сабраная ўсімі адказнымі службамі.

Вядома, што па законе выпадак траўміравання дзіцяці ў сям'і будзе разгледжаны на пасяджэнні савета прафілактыкі.

— Калі будуць выяўлены крытэрыі сацыяльна небяспечнага становішча сям'і, то савет прафілактыкі вымушаны звяртацца ў абласны каардынацыйны савет аб прызнанні непаўналетніх тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — дадала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Светлагорскага райвыканкама.

Службовая асоба звярнула ўвагу, што дакладна адсочваецца сітуацыя з пражываннем другога дзіцяці ў гэтай сям'і.

— Мама чатырохгадовай дзяўчынкі цяпер знаходзіцца з сынам ў бальніцы ў Гомелі. Таму папрасіла пакінуць дачку пад наглядам прабабулі.. Супрацоўнікі дзіцячага сада пацвердзілі, што ўмовы пражывання ў жанчыны добрыя, дзяўчынцы добра з родным чалавекам. Але з дарослым абавязкова было агаворана правіла, што дзяўчынка працягне наведваць дзіцячы сад і будзе пад наглядам педагогаў, — канстатуе Наталля Кендыш.

«Космасам пасланы»

Дазнацца, як сям'я перажывае тое, што здарылася, атрымалася ад бабулі маці хлопчыка. Наталля Уладзіміраўна дома, у Светлагорску, — той чалавек, які з нецярпеннем чакае вяртання сваіх дарагіх дзяцей. Яна просіць не ўказваць імёны яе ўнучкі і праўнукаў, якія аказаліся ў цэнтры навін аб надзвычайным здарэнні ў Светлагорску. Бабуля марыць, каб хутчэй усё скончылася і забылася як страшны сон.

— Хлопчык наш — проста космасам пасланы, — не можа стрымаць хвалявання жанчына.

Яна ад усёй іх сям'і перадае нізкі паклон медыкам, што вельмі хутка прыехалі і аказалі дапамогу малому на месцы здарэння.

— Дзякуй вялікі гомельскім урачам, якія хутка адрэагавалі, правялі кансіліум у Светлагорску і перавялі яго ў вобласць. Мы вельмі ўдзячная ўсім медыкам, — дадае Наталля Уладзіміраўна. — Хачу падзякаваць таксама супрацоўнікам дзіцячага садка ў Светлагорску, куды ходзіць мая праўнучка. Яны нас вельмі падтрымалі. Малая наведвае садок і жыве цяпер са мной. Яна вельмі перажывала за браціка пасля таго, што здарылася. Усё паўтарала: «Ён, выпаў, выпаў, бабуля!». Цяпер сястрычка, дзякуй богу, супакоілася, стала спаць спакойна, гуляць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.