Вы тут

«Гелікон-Опера» ўдзельнічае ў Калядным оперным форуме Вялікага тэатра


І гэта дзіва, якое стала магчымае, дзякуючы міжнародным кантактам кіраўніцтва нашага тэатра — іх вынік аказаўся імклівым. 30 верасня генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава і мастацкі кіраўнік тэатра «Гелікон-Опера» Дзмітрый Бертман падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве і тады ж дамовіліся пра выступленне маскоўскага калектыву на Калядным оперным форуме ў Мінску ўжо сёлета. Усяго два месяца мінула — і вось 13 снежня адкрыццё форуму операй Чайкоўскага «Яўген Анегін», у пастаноўцы якой традыцыя сустракаецца з сучаснасцю.


— Я працую ў сферы тэатра 28 гадоў, і не ведаю менеджэра, які б за два месяцы мог бы арганізаваць паўнавартасныя гастролі паўнавартаснай трупы на сцэне Вялікага тэатра. Усё склалася вельмі хутка. І напэўна, дапамагалі нябесныя сілы. Але і на зямлі рашэнні прымаліся вельмі імкліва тымі, хто вырашыў падтрымаць нашы гастролі, — адзначае перад паказам у Мінску першы намеснік генеральнага дырэктара-мастацкага кіраўніка тэатра «Гелікон-Опера» Уладзімір Гарохаў. — Дзякуючы хуткім рашэнням, мы паказваем у Мінску самы крэатыўны, самы авангардны «Яўген Анегін», які існуе ў свеце. Усё, што звязана з «Геліконам», усё, што звязана з іменем Дзмітрыя Бертмана. — гэта заўсёды крэатыўна. З операй «Яўген Анегін» розныя рэжысёры твораць рознае: то пераносяць яго ў розныя эпохі, то робяць з герояў розных злодзеяў. У нас самая авангардная пастаноўка — Канстанціна Станіслаўскага 1922 года. Мы яе цалкам аднавілі, нават дэкарацыі і касцюмы паводле эскізаў, па фотаздымках. Такім чынам адноўлена аблічча таго самага спектакля, што стварыў Станіслаўскі. Існуюць дзённікі яго асістэнтаў, паводле якіх можна было аднавіць рэжысуру і вобразы герояў. Звярніце ўвагу на вобразы артыстаў хору — у кожнага ёсць свая роля, бо Станіслаўскі не ставіўся да хору фармальна. Гэты спектакль складаецца са шматлікіх яскравых вобразаў. І хачу асабліва падзякаваць калектыў Вялікага тэатра Беларусі за цудоўны аркестр, які бездакорна выконвае музыку Чайкоўскага.

— Калі я ехаў у Вялікі тэатр Беларусі, то разлічваў на высокі ўзровень аркестра, але рэальнасць перасягнула чаканні, — прызнаецца дырыжор Валерый Кір’янаў.

— Дасведчаныя музыканты, якія рэагуюць на самую дробную просьбу ці ледзь заўважны жэст дырыжора. Справа ў тым, што опера «Яўген Анегін» асаблівая не толькі ў нашай пастаноўцы, але наогул у творчасці Чайкоўскага. Нездарма яе называюць «лірычныя сцэны». Яна самая камерная, самая чыстая, самая адкрытая і шчырая па эмоцыях і іх выказванню. У музыцы ўсё гэта ёсць. Каб выконваць Чайкоўскага, трэба яго твор прапусціць праз сэрца і трохі паглядзець углыб музыкі. І важна знайсці кантакт з аркестрам — каб узнікла «хімія». І калі разумееш, што ўсё працуе, можна выходзіць на сцэну.

Калі з самім тэатрам «Гелікон-Опера» беларуская публіка знаёміцца толькі сёлета, то асобных яе салістаў ужо ведае і любіць. Напрыклад, Івана Гынгазава, які з задавальненнем прыязджае ў Мінск. Яшчэ і таму, што ён мае беларускія карані — адсюль яго бабуля. Сёлета Івана Гынгазава мы ўбачым у пастаноўцы нашага тэатра оперы «Турандот», дзе ён выканае партыю Калафа, якую выконвае з 2017 года. І браў удзел у розных пастаноўках. А ў беларускай «Турандот» ёсць фінал, які не ўсе тэатры выконваюць.

— Пастаноўка яскравая, пампезная, адпавядае таму, што павінна быць у гэтым спектаклі, — адзначае Іван Гынгазаў. — Мне наогул прыемна вяртацца ў тыя тэатры, дзе я ўжо спяваў. Таму што ўжо ўсіх ведаю — і касцюмераў, і грымёраў, і артыстаў, і спевакоў хору. Я з усімі ў кантакце, усе мне пішуць, а я ўсім адказваю. І мне блізкая беларуская зямля, у мяне вельмі шмат сяброў-беларусаў, з якімі я спяваў. У Мінску мінулы раз быў вельмі цёплы прыём публікі, і цяпер я гэтага чакаю.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.