Вы тут

Луцкі: Інфармацыйная вайна папярэднічае гарачай фазе супрацьстаяння


На тэрыторыі Савецкага раёна сталіцы, дзе знаходзіцца вялікая колькасць навучальных устаноў, у тым ліку ВНУ, і жыве каля 12 тысяч маладых людзей, прайшла сустрэча намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Луцкага з ідэалагічным актывам. Мерапрыемства было прысвечана актуальнай сёння тэматыцы — інфармацыйнай бяспецы. Інфармацыйныя пагрозы, развіццё тэхналогій, інфармацыйная палітыка — пра гэта і іншае ішла размова з кіраўнікамі прадпрыемстваў і рэктарамі ВНУ. Ігар Луцкі падкрэсліў, што ідэалагічны актыў мусіць быць гатовы да любых інфармацыйных атак і іх адбіцця. Прычым важна не «сядзець у абароне», а весці наступальную інфармацыйную работу.


Фота: БелТА.

— Сучасны малады чалавек атрымлівае шмат інфармацыі, спектр яе шырокі, у тым ліку на псіхіку ўдзейнічаюць фэйкі і ўкіды. Як правіла, маладыя людзі адразу прымаюць рашэнні, не ўдумваючыся і не аналізуючы, не пацвярджаючы тую ці іншую інфармацыю з розных крыніц, — сказаў Ігар Луцкі, адзначыўшы, што менавіта моладзь сёння самая ўразлівая катэгорыя ў плане інфармацыйнага ўздзеяння.

Ужо нікога не здзіўляе выкарыстанне ўсемагчымых метадаў маніпулявання грамадскім меркаваннем. Распаўсюджваецца практыка мэтанакіраванага інфармацыйнага ціску, які наносіць істотную шкоду нацыянальным інтарэсам.

— Кіраўнік дзяржавы справядліва адзначыў, што нашы каштоўнасці не ўпісваюцца ў сістэму глабалісцкага светаўпарадкавання, бо супярэчаць каштоўнасцям тых, хто ў гэтай сістэме мае намер дамінаваць. Мы падвяргаемся інфармацыйнаму ўздзеянню не таму, што з'яўляемся карыстальнікамі інфармацыі, а таму, што нашы апаненты імкнуцца разбурыць наш духоўны пачатак, нашы традыцыі, прынцыпы, каштоўнасці. Гарачая вайна сёння ідзе на адлегласці ўсяго 300 кіламетраў ад нас, а гібрыдную вайну, яе інфармацыйную частку, мы ўсе на сабе адчуваем, — падкрэсліў Ігар Луцкі.

Як вядома, інфармацыйныя войны — не «вынаходніцтва» сённяшняга дня. Яшчэ ва ўмовах «халоднай вайны» ўрады многіх краін намагаліся ўплываць на нашу тэрыторыю. Але калі ў той час можна было дакладна кантраляваць сваё інфармацыйнае поле, то пачынаючы з 1990-х гадоў сітуацыя істотна змянілася.

— Сёння амаль сцёрты дзяржаўныя межы ў плане распаўсюджання інфармацыі, 2/3 насельніцтва планеты «накрыта» адзіным інфармацыйным полем. Адбываецца штогадовы прырост карыстальнікаў, якія ўжываюць гэтую інфармацыю, — распавёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Такое шырокае распаўсюджанне інфармацыйных тэхналогій прывяло да таго, што сучасныя канфлікты, якія адбываюцца на тэрыторыі розных дзяржаў, цяпер спалучаюць розныя віды супрацьборстваў і валодаюць камбінаваным уздзеяннем на насельніцтва. Інфармацыйна-тэхналагічнае ўздзеянне — адно з такіх.

— Можна не заходзіць на тэрыторыю іншай дзяржавы, а здалёк змяняць грамадска-палітычную абстаноўку ў любой з краін. Гэта і называецца інфармацыйнай вайной. А яна практычна папярэднічае ваеннаму супрацьстаянню. Мы бачым на прыкладзе Украіны, і гэта амаль класічная схема. Цягам васьмі гадоў ішла дэтальная інфармацыйная апрацоўка насельнітцва, разбураліся нашы славянскія каштоўнасці. Сёння мы бачым вынік такога інфармацыйнага ўздзеяння, — падкрэсліў Ігар Луцкі.

Ён дадаў, што сама па сабе інфармацыйная бяспека — не толькі элемент інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння. Яна распаўсюджваецца і на эканамічныя інтарэсы. Размова ідзе пра кіберпагрозы і кібератакі на інфрастурктуру нашай дзяржавы ў тым ліку.

Ігар Луцкі нагадаў і якім быў уплыў на наша насельніцтва да 2020 года, калі ў краіне працавалі шматлікія праплачаныя заходнімі дзяржавамі СМІ. Але краіна выстаяла. Цяпер у нас з'явілася новая форма журналістыкі — аўтарская. І дзяржаўныя СМІ дапамагаюць сурпацьстаяць у нябачнай інфармацыйнай вайне. А вось у сучасных сродках камунікацыі — сацсетках, тэлеграм-каналах — работы яшчэ дастаткова, адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.