Вы тут

Прагрэсіўныя акуляры і начныя лінзы для новага зроку


Як адбілася лічбавая эпоха на нашым зроку? Што такое прагрэсіўныя акуляры? Чаму спецыялісты ўсё часцей рэкамендуюць начное нашэнне лінз? Гутарым пра гэта з доктарам медыцынскіх навук, прафесарам кафедры афтальмалогіі БелМАПА Вікторыяй Красільнікавай.


— XXI стагоддзе кардынальна змяніла нашу паўсядзённасць — яе ўжо немагчыма ўявіць без кампутара і разнастайных гаджэтаў. Ці адзначаеце вы, Вікторыя Леанідаўна, што новая рэальнасць вельмі негатыўна адбілася на зроку сучаснікаў? 

— Не, я не стала б рабіць такія высновы. Маштабаў эпідэміі сітуацыя не набыла. Як ні дзіўна, прырода прыкладна гэтак жа, як раней, размяркоўвае працэнт людзей з міяпіяй, дальназоркасцю, касавокасцю, астыгматызмам. Рост рознага роду парушэнняў зроку тлумачыцца павелічэннем працягласці жыцця, старэннем насельніцтва. Але разам з тым нельга не прызнаць — гаджэты не дадалі сучаснікам здароўя. Калі празмерна доўга глядзець зблізку на экран смартфона, планшэта, ноўтбука і г.д., развіццё міяпіі непазбежна. Сёння ўжо 50 % школьнікаў пакутуе на анамаліі рэфракцыі. Новая лічбавая рэальнасць прывяла да большай гіпадынаміі, а яна паскарае старэнне арганізма.

— Калі адмовіцца ад гаджэтаў немагчыма, што трэба ўлічваць пры іх выбары, каб мінімізаваць рызыкі для зроку?

— Чым больш гаджэт, тым менш нагрузка на нашы вочы. Таму лепш аддаць перавагу не смартфону, а планшэту. Пры чытанні трэба выбіраць буйны шрыфт. І яшчэ важна замацаваць, стабілізаваць гаджэт.

Не праміргаць глаўкому

— Ці праўда, што з узростам катаракта развіваецца ва ўсіх без выключэння і адрозненне толькі ў яе стадыі?

— Памутненне і зацвярдзеласць хрусталіка пасля 40 гадоў пачынаецца ва ўсіх, але гэта не значыць, што катаракта непазбежная. Ёсць шчасліўцы, якія дажываюць да 90 гадоў, не маючы істотных праблем са зрокам. А ёсць прыклады, калі ў 30-гадовых з’яўляюцца змены ў хрутсаліку, і гэта можа прывесці да развіцця катаракты.

— Любая катаракта паспяхова лечыцца? Якія метады пры гэтым дыягназе найбольш эфектыўныя?

— Сёння можна вярнуць зрок пацыенту незалежна ад стадыі катаракты. Залаты стандарт сучаснай медыцынскай дапамогі пры такім дыягназе — замена ўласнага хрусталіка штучным. Калі гэта захворванне не спалучаецца з іншай паталогіяй сятчаткі, павышэннем унутрывокавага ціску, памутненнем рагавіцы, то пасля лячэння вастрыня зроку можа стаць нават вышэй, чым была.

— Чаму пры глаўкоме не заўсёды атрымоўваецца выратаваць ад слепаты?

— Поспех у лячэнні глаўкомы перш за ўсё залежыць ад таго, у якой стадыі яна выяўляецца. Небяспека гэтага захворвання ў тым, што яно пачынаецца паволі, і на ранніх стадыях часам ніяк сябе не выяўляе — ні балючымі адчуваннямі, ні паразай зрокавага нерва. І так можа працягвацца да 10 гадоў. Таму надзвычай важна ўсім рэгулярна кантраляваць унутрывокавы ціск (галоўны сіндром глаўкомы) пасля 40 гадоў. Ранняя дыягностыка дазваляе больш паспяхова з ёй справіцца.

— Што часта прыводзіць да развіцця глаўкомы?

— Адзін з галоўных фактараў — узроставыя змены ў воку. Верагоднасць глаўкомы ўзрастае, калі яна суправаджаецца анатамічнай схільнасцю да яе развіцця, спадчыннасцю, міяпіяй.

— Якія метады выкарыстоўваюцца для лячэння глаўкомы? Ад чаго залежыць іх эфектыўнасць?

— Калі дыягназ ставіцца на ранніх этапах развіцця, то глаўкома добра стабілізуецца прызначэннем кропель, якія зніжаюць унутрывокавы ціск. Ёсць прэпараты, якія адначасова падтрымліваюць зрокавую функцыю, нармалізуюць унутрывокавы ціск, паляпшаюць нейрапратэкцыю. Пры незапушчаных стадыях імі трэба карыстацца рэгулярна і пажыццёва. На жаль, калі глаўкому дыягнастуюць на позніх этапах, і ўжо ёсць змены не толькі вастрыні зроку, але і звужэнне яго палёў, то мы не можам вярнуць страчаныя функцыі, а толькі запавольваем прагрэсаванне захворвання. Ужыванне лазернага або хірургічнага метадаў лячэння залежыць ад формы глаўкомы (першасная адкрытакутная, закрытакутная, другасная), стадыі яе развіцця, магчымасцей кампенсацыі. Калі няма паразы зрокавага нерва, яго валокнаў, а таксама сятчаткі, то ў хірургічным умяшанні неабходнасці няма. Цяжэй за ўсё дыягностыцы і лячэнню паддаецца глаўкома з нармальным унутрывокавым ціскам.

— З якімі захворваннямі органаў зроку сучасная медыцына пакуль не спраўляецца ці спраўляецца дрэнна?

— З прыроджанай паталогіяй, звязанай з парушэннямі функцый сятчаткі і зрокавага нерва. Паступова генетычная тэрапія развіваецца, ствараюцца прэпараты новага пакалення, якія дазваляюць стабілізаваць ці палепшыць зрокавыя функцыі, але пакуль яны яшчэ неверагодна дарагія і масавага прымянення не атрымалі. 

— Ці заўсёды на вастрыню зроку ўплывае цукровы дыябет?

— Практычна заўсёды. Але зноў жа — калі выявіць дыябетычную рэтынапатыю на ранніх стадыях, яе можна стабілізаваць з дапамогай прэпаратаў, не даводзячы справу да хірургіі. Таму незалежна ад тыпу дыябету пацыенты абавязкова павінны праходзіць рэгулярныя агляды ў афтальмолагаў.

Прагрэсіўныя акуляры, начныя лінзы, лазер — як абраць спосаб карэкцыі зроку

— Ці можна казаць, што акуляры як метад карэкцыі зроку сёння ўжо выбіраюць значна радзей, аддаючы перавагу лінзам і лазернай карэкцыі?

— Спосаб карэкцыі зроку выбіраюць пасля візіту да афтальмолага і правядзення неабходных даследаванняў, каб высветліць паказанні і супрацьпаказанні. Акуляры па-ранейшаму вельмі запатрабаваны. Многія аддаюць перавагу менавіта ім, лічачы, што гэта яшчэ і модны сучасны аксэсуар. Сёння ёсць ужо прагрэсіўныя акуляры, якія дазваляюць добра бачыць і ўдалячынь, і зблізку, і на сярэдняй адлегласці: пераход ад адной зоны да іншай у іх плыўны, яны максімальна камфортныя, напрыклад, для пацыентаў, якія пакутуюць адначасова і на блізарукасць і на дальназоркасць. Акуляры застаюцца выдатнай альтэрнатывай лінзам, якія не ўсім могуць быць рэкамендаваны.

— Якія ёсць супрацьпаказанні і паказанні для нашэння кантактных лінзаў?

— Катэгарычна забаронена выкарыстанне кантактных лінзаў пры траўмах вока, пры хранічных захворваннях павекаў, частых кан’юктывітах, сіндроме «сухога» вока, дыстрафічных захворваннях рагавіцы і г.д.. Не падыходзяць лінзы для плавання, паколькі павялічваюць рызыку інфекцыйных захворванняў вачэй у выпадку траплення ў іх мікраарганізмаў. Ёсць людзі з непераноснасцю лінзаў, ёсць тыя, хто проста не хоча за імі даглядаць. Але калі розніца паміж адным і іншым вокам больш за тры дыёптрыі, для карэкцыі лепш падыходзяць лінзы. 

— Ці дакладна, што начныя лінзы больш эфектыўныя, чым дзённыя, для карэкцыі зроку?

— Артакераталагічныя лінзы (арталінзы) лічацца сёння самым прагрэсіўным спосабам карэкцыі, які прыраўноўваецца да рэфракцыйных (лазерных) метадаў. Для кожнага пацыента іх падбіраюць індывідуальна. За ноч яны пераразмяркоўваюць эпітэліяльны пласт рагавіцы, і яе крывізна змяняецца. Раніцай чалавек здымае лінзы, і на працягу дня можа выдатна абыходзіцца без іх, не адчуваючы дыскамфорту. Асабліва такія лінзы падыходзяць дзецям — у сілу іх нежадання насіць акуляры, а таксама з-за рухомасці, якая павышае рызыку траўматызацыі, калі акуляры разбіваюцца.

— Лазерная карэкцыя дазваляе цалкам адмовіцца ад акуляраў і лінз?

— Любы спосаб карэкцыі зроку не выключае развіцця паталогіі. Правільна абраны метад можа на час спыніць працэс, але пэўныя правілы жыцця, паводзін пацыенты ў любым выпадку павінны выконваць, каб захворванне не прагрэсавала.

— Усім блізарукім людзям рэкамендуюць выконваць зрокавую гімнастыку. Але асабіста я не ведаю нікога, хто б такім шляхам пазбавіўся ад акуляраў.

— Зрокавая гімнастыка дае вынік толькі пры ўмове рэгулярнага працяглага выканання практыкаванняў. У адваротным выпадку ўстойлівага поспеху чакаць не даводзіцца.

Прафілактыка парушэнняў органаў зроку 

  • Выключыць гіпадынамію. Займацца фітнесам, рабіць зарадку, гуляць на свежым паветры. Пры наяўнасці праблем са зрокам, перш чым запісвацца ў секцыю, трэба пракансультавацца са спецыялістам. Кожны від спорту мае пэўныя паказанні і супрацьпаказанні.
  • Выконваць рэжым працы і адпачынку. Працуючы за кампутарам, рабіць рэгулярныя невялікія перапынкі.
  • Не чытаць ў транспарце, а таксама лежачы. 
  • Старанна арганізаваць сваё працоўнае месца. Вельмі важна забяспечыць добрую асветленасць. Найбольш спрыяльная для зрокавай працы — натуральная асветленасць. Штучнае асвятленне павінна быць раўнамерным, не ствараць на працоўных паверхнях рэзкія цені і блікі. Настольную лямпу трэба размяшчаць злева (для леўшуноў — справа). Аптымальная магутнасць лямпы складае 60-80 ват.
  • Рацыянальна і разнастайна харчавацца: звяртаць увагу на баланс бялкоў, тлушчаў і вугляводаў; на наяўнасць дастатковай колькасці гародніны і садавіны, а таксама прадуктаў, багатых вітамінамі А, Е і С. Пры неабходнасці, па прызначэнні афтальмолага дапаўняць сілкаванне сінтэтычнымі вітамінамі.
  • Выконваць псіхічную раўнавагу. Стрэсы — сур’ёзны вораг нашых вачэй.
  • Паўнавартасна высыпацца (не менш за 8 гадзін).

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.