Некаторыя падзеі так доўга чакаеш, а яны так хутка праходзяць. Адна з іх — чэмпіянат свету па футболе ў Катары. 28 дзён праляцелі хутка, падарыўшы спартыўным аматарам незабыўныя эмоцыі. Чэмпіянат яшчэ да яго пачатку называлі самым сенсацыйным. Самае цікавае з мундыяля — у алфавіце «Звязды»
Трыўмфатарам чэмпіянату свету — 2022 стала зборная Аргенціны. І гэта трэцяя перамога аргенцінскай зборнай на планетарным першынстве. Аргенцінская зборная па футболе — другая каманда ў гісторыі чэмпіянатаў, якой удалося заваяваць галоўны трафей, пацярпеўшы паражэнне ў першым матчы. Аргенцінцы сталі другой камандай у гісторыі чэмпіянатаў свету, якая заваёўвала Кубак свету на трох розных кантынентах: у Паўднёвай Амерыцы (ЧМ-1978 у Аргенціне), Паўночнай Амерыцы (ЧМ-1986 у Мексіцы) і ў Азіі (ЧМ-2022 у Катары).
У Катары адразу два аргенцінскія футбалісты — Ліянэль Месі і Анхель ды Марыя — уступілі ў сімвалічны «Падвойны залаты клуб» — да алімпійскага «золата» 2008 года яны дадалі медалі найвышэйшай пробы чэмпіянату свету.
Букмекеры, журналісты і аматары чакалі прыгожай гульні, а, можа, і сенсацый ад зборнай Бразіліі. Яны і стартавалі так, што некаторыя спецыялісты катэгарычна заявілі: «У цяперашняй Бразіліі канкурэнтаў няма». Але харваты абыгралі бразільцаў у 1/4 фіналу. Сёлета каманда Бразіліі можа спраўляць сумны юбілей — 20 гадоў без перамог.
Галоўны трэнер зборнай Нідэрландаў — самы старэйшы трэнер гэтага мундыяля. Вопытны спецыяліст змагаецца з анкалагічным захворваннем. Яго падапечныя дайшлі да 1/4, дзе ў напружаным матчы ўступілі Аргенціне ў пасляматчавай серыі адзінаццаціметровых. «Гэта быў мой апошні спектакль, хаця я і выглядаю як бог. Я вярнуўся ў нацыянальную каманду толькі дзеля краіны», — сказаў 71-гадовы коуч і папрасіў перавесці яго развітальны маналог на арабскі.
На чэмпіянаце свету 2018 года дзеючая наймацнейшая зборная Еўропы, каманда Германіі, не змагла выйсці з групы. Гэта стала сенсацыяй, і усе чакалі, што немцы возьмуць рэванш на чэмпіянаце свету — 2022. Але нічыя ў гульні з Іспаніяй, паражэнне ў матчы з Японіяй і слабая гульня прывялі зборную Германіі толькі на трэцяе месца ў групе. Надзея на рэванш адкладваецца на хатні чэмпіянат Еўропы 2024 года.
На гэтым чэмпіянаце свету дзейнічаў новы прынцып падліку дабаўленага часу. Калі раней звыкла было бачыць адну-дзве і тры-чатыры экстрахвіліны, якія арбітр дадаваў да кожнага з таймаў, кіруючыся прыблізнай ацэнкай паўзаў у гульні, то на чэмпіянаце свету ў Катары ўсё змянілася. Цяпер другі рэзервовы арбітр замяраў усе паўзы ў гульні — колькі секунд было выдаткавана на замены, святкаванне галоў, аказанне дапамогі гульцам і іншыя прыпынкі гульні, а затым паведамляў галоўнаму арбітру, колькі хвілін варта дадаць да тайма. Такім чынам FIFA вырашыла змагацца з зацяжкамі часу, а гледачы сталі сведкамі галоў. Напрыклад, менавіта на дадатковых хвілінах матчу гулец зборнай Ірана Мехдзі Тарэмі рэалізаваў пенальці ў вароты зборнай Англіі ў матчы групавога этапа.
Стэфані Фрапар стала першай у гісторыі жанчынай, якая працавала ў якасці галоўнага суддзі на матчы чэмпіянату свету па футболе. Яна адпрацавала матч заключнага тура ў групе Е, у якім Германія перамагла Коста-Рыку з лікам 4:2.
Ліянэль Месі стаў першым футбалістам у гісторыі чэмпіянатаў свету, які двойчы атрымаў «Залаты мяч» лепшага гульца турніру. На ЧС — 2014 ён быў прызнаны лепшым, нягледзячы на паражэнне аргенцінцаў у фінале ад зборнай Германіі. У свае 35 гадоў Месі стаў самым узроставым уладальнікам «Залатога мяча». Папярэднім лідарам быў Зінедзін Зідан, які атрымаў гэтую ўзнагароду на ЧС-2006 у 34 гады.
Ізноў Месі. Пасля перамогі на чэмпіянаце свету колькасць падпісчыкаў аргенцінца ў інстаграме вырасла да 402 мільёнаў. Вялікую колькасць лайкаў сабрала фатаграфія, дзе Ліянэль спіць разам з кубкам.
Суровая краіна-гаспадыня мундыяля забараніла продаж піва на трыбунах, абмяжоўвала свабоду самавыяўлення «прасунутых» фанатаў, негатыўна ставілася да вельмі адкрытага адзення ў жанчын. Не парадавала і зборная-гаспадыня. Катарскія футбалісты адразу ўстанавілі два-антырэкорды: праігралі ўсе тры матчы і прапусцілі сем мячоў. Дагэтуль ні адна зборная так дрэнна на дамашнім чэмпіянаце не выступала.
Ім стаў 21-гадовы паўабаронца зборнай Аргенціны Энца Фернандэс. У сямі матчах гэтага чэмпіянату свету гулец забіў адзін гол і зрабіў адну дзейсную перадачу. Свой адзіны гол на турніры Фернандэс забіў у матчы групавой стадыі супраць зборнай Мексікі, які быў вырашальным для каманды Аргенціны пасля сенсацыйнага пройгрышу зборнай Саудаўскай Аравіі ў матчы першага круга. Другім дзейсным дзеяннем Энца Фернандэс адзначыўся ў заключным матчы групавога этапа супраць зборнай Польшчы, аддаўшы пры ліку 1:0 на карысць зборнай Аргенціны галявую перадачу на Хуліяна Альварэса, які зрабіў лік 2:0 і забяспечыў «бела-блакітным» выхад у 1/8 фіналу.
Узгадваючы чэмпіянат свету 2022 года, усе будуць успамінаць аргенцінца Ліянэля Месі. Увесь свет назіраў неверагодны фінальны акорд яго міжнароднай кар’еры. У кожным матчы на катарскіх стадыёнах Месі быў не проста капітанам, ён быў лідарам сваёй каманды. Гулец паказаў бліскучую статыстыку: ён адзін з пяцёркі лепшых асістэнтаў (па 3 галявыя перадачы) і другі ў рэйтынгу бамбардзіраў з 7 дакладнымі ўдарамі. Ліянэль Месі ўстанавіў рэкорд па колькасці дзейсных дзеянняў: 11 галоў і дзевяць галявых перадач на мундыялях. Ён стаў першым футбалістам, які забіў ва ўсіх стадыях на адным чэмпіянаце свету. Месі пабіў рэкорд па колькасці матчаў, згуляных на чэмпіянаце свету, — 26 разоў ён выходзіў на поле. Месі пабіў рэкорд свайго вялікага суайчыніка Дыега Марадоны па колькасці матчаў, згуляных за зборную Аргенціны, — 26 матчаў супраць 21. Месі — абсалютны рэкардсмен «бела-блакітных» па колькасці забітых мячоў на чэмпіянатах свету — 13. Ліянэль Месі — першы футбаліст, які мае на сваім рахунку галявыя перадачы на пяці розных чэмпіянатах свету — 2006, 2010, 2014, 2018, і цяпер 2022. Капітан аргенцінскай зборнай таксама пабіў рэкорд легендарнага Пеле — правёў пяць галявых перадач у плей-оф чэмпіянатаў свету, у Пеле іх чатыры. Акрамя таго, Леа абышоў Марадону і Батыстуту па колькасці галоў на мундыялях, забіўшы ва ўсіх матчах плэй-оф сваёй зборнай на турніры, Леа мае зараз на рахунку 11 мячоў — абсалютны рэкорд для «бела-блакітных».
На матчах чэмпіянату свету ў Катары пабывалі 3 млн 404 тыс. 252 балельшчыкі. Па наведвальнасці турнір у Катары стаў трэцім за ўсю гісторыю правядзення сусветных першынстваў, паведамілі ў Міжнароднай федэрацыі футбола. Чэмпіянат свету — 2022 па наведвальнасці пераўзыходзяць толькі сусветныя першынствы 1994-га ў ЗША (яго наведалі 3 млн 568 тыс. 567 аматараў) і 2014 года ў Бразіліі (яго паглядзелі 3 млн 441 тыс. 450 чалавек).
Галоўнай сенсацыяй паўфінальнай стадыі турніру стаў удзел зборнай Марока. Яны занялі першае месца ў групе з двума прызёрамі ЧС-2018 — Харватыяй і Бельгіяй. Яны абыгралі дзве еўрапейскія моцныя каманды — Іспанію (па пенальці) і Партугалію (у асноўны час). Зборная Марока — першая афрыканская і арабская зборная, якая дайшла да паўфіналу чэмпіянату свету! Характэрна, што галоўны трэнер Валід Рэдрагі ўзначаліў нацыянальную зборную толькі за пару месяцаў да мундыяля, у верасні 2022 года.
Футбольным аматарам надоўга запомніцца гора Раналду на чэмпіянаце свету—2022. Форварад пасварыўся з трэнерам, прысеў на лаўку і правёў у плэй-оф усяго 62 хвіліны. Ён не дапамог партугальскай зборнай перамагчы Марока, а пасля пройгрышу сыходзіў са стадыёна са слязьмі на вачах. Няглядзячы на тое што яго каманда вельмі рана выляцела з турніру, Раналду ўпісаў сваё імя ў гісторыю чэмпіянату свету. Сёлета ён далучыўся да футбалістаў, якія выступалі на пяці чэмпіянатах свету. А яшчэ Крыштыяну Раналду стаў першым футбалістам, які забіваў галы на пяці чэмпіянатах свету (у 2006, 2010, 2014, 2018 і 2022 гадах) пасля таго, як рэалізаваў пенальці.
Тое, што гэты чэмпіянат будзе цікавым паказала сустрэча Аргенціна — Саудаўская Аравія ў першым матчы групавога турніру. У гэта было немагчыма паверыць, але перамагла каманда Саудаўскай Аравіі! Аргенцінцы потым выйгралі два матчы, выйшлі з групы і дайшлі да фіналу, а футбалісты зборнай Саудаўскай Аравіі, нягледзячы на дастойную гульню супраць Мексікі і Польшчы, занялі толькі чацвёртае месца. Але з песні слоў не выкінеш — менавіта гэта каманда стварыла першую сенсацыю мундыяля.
Галоўны трэнер зборнай Аргенціны Ліянэль Скалоні стаў другім у спісе самых маладых настаўнікау у гісторыі футбола, які прывёў сваю зборную да заваявання Кубка свету. Скалоні 44 гады, і ён саступае толькі свайму суайчынніку Сесару Луісу Менаці, які ў 1978 годзе ва ўзросце 39 гадоў прывёў сваю каманду да перамогі.
Чэмпіянат свету ў Катары пабіў рэкорд па прэміяльных. Агульны прызавы фонд склаў 440 мільёнаў долараў (на 40 млн больш, чым у Расіі-2018). Трыумфатар разбагацеў на 42 млн долараў. Фіналіст заслужыў 30 млн, а бронзавы прызёр — 27 млн. Чацвёртая каманда суцешылася 25 млн.
Для зборнай Францыі чэпіянат свету — 2022 таксама стаў асаблівым. Форвард Аліўе Жыру стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі французскай каманды. У матчы супраць Польшчы ён забіў свой 52 гол за зборную. А ў чвэрцьфінале супраць зборнай Англіі Аліўе давёў колькасць сваіх галоў да 53. Галоўнай зоркай французаў, безумоўна, был Кіліян Мбапэ. У 23-гадовым узросце ён ужо мае на сваім рахунку 9 мячоў у 11 матчах усяго на двух чэмпіянатах свету. Гэта ўжо больш, чым змаглі забіць легенды французскага футбола Цьеры Анры (6 мячоў) і Зінедзін Зідан (5 мячоў) за ўсю сваю кар’еру. Адзінымі футбалістамі, якім атрымоўвалася забіць большую колькасць галоў (6) на адным чэмпіянаце свету ва ўзросце да 24 гадоў былі Пеле, Марыё Кемпес і Хамес Радрыгес.
Менавіта дзякуючы Мбапе фінальны матч перайшоў у авертайм. Да 80-й хвіліны матчу французы ўступалі аргенцінцам, але дубль Кіліяна Мбапе за дзве хвіліны дазволіў французам зраўняць лік. У дадатковы час Ліянэль Месі зноў вывеў «бела-блакітных» наперад, але ўсё той жа Мбапе зноў зраўняў лік з адзінаццаціметровага. У выніку ўсё вырашыла серыя пенальці, у якой больш дакладнымі аказаліся аргенцінцы. Мбапе стаў першым гульцом у гісторыі чэмпіянатаў свету, які ў фінале зрабіў хет-трык, але пры гэтым не стаў чэмпіёнам. 23-гадовы французскі форвард выйграў «Залатую буцу», стаўшы лепшым бамбардзірам турніру.
Зборную Харватыі на чэмпіянаце свету мала хто лічыў фаварытам. Але яны змаглі заняць сваё месца на п’едэстале. Харваты абыгралі японцаў, віртуозных бразільцаў, а ў матчы за бронзу разабраліся з галоўнай сенсацыяй чэмпіянату — мараканцамі.
Нападаючы зборнай Камеруна Венсан Абубакар забіў адзіны мяч сваёй каманды ў пераможным матчы супраць зборнай Бразіліі, ад радасці падчас святкавання гола зняў майку, за што атрымаў жоўтую картку і быў выдалены з поля. Ён стаў першым гульцом, які забіваў і быў выдалены ў адным і тым жа матчы, з часоў фіналу чэмпіянату свету 2006 года, у якім гэта адбылося з Зінедзінам Зіданам.
Валійскі галкіпер Уэйн Хенэсі стаў першым гульцом на чэмпіянаце, якому была паказана чырвоная картка, за сутыкненне з нападаючым зборнай Ірана Мехдзі Тарэмі. Суддзя спачатку паказаў валійцу жоўтую картку, але потым замяніў яе на прамую чырвоную. Хенэсі стаў трэцім варатаром у гісторыі чэмпіянатаў свету, які атрымаў чырвоную картку.
Не ўсе матчы чэмпіянату свету збіралі аншлагі на стадыёнах. Мясцовых жыхароў футбол не захапіў, а недружалюбная палітыка Катара і высокія цэны ў гэтай краіне засмуцілі многіх еўрапейцаў. Шэйхі знайшлі выйсце: яны нанялі людзей з ліку мігрантаў, якім раздалі набор маек каманд-удзельніц з тым, каб яны хадзілі са стадыёна на стадыён і запаўнялі пустыя месцы, ствараючы патрэбны антураж для прыгожай тэлекарцінкі.
Чэмпіянат Еўропы —2020 года ледзь не пачаўся трагедыяй. У матчы адкрыцця Данія — Фінляндыя ў канцы першага тайма хаўбек гаспадароў Крысціян Эрыксен страціў прытомнасць у выніку сардэчнага прыступу і быў на валасінку ад смерці. Дактары выратавалі яму жыццё. Звычайна пасля такога заканчваюць са спортам. Але датчанін ужо праз восем месяцаў вярнуўся на поле і разам са сваёй камандай адправіўся ў Катар, дзе правёў усе гульні без замен і быў адным з лепшых. У фінал каманда Даніі, праўда, не трапіла. Але гэта той самы выпадак, калі ўдзел ужо перамога.
«Самураі» сталі героямі яшчэ адной сенсацыі ў Катары — перамаглі каманды Германіі і Іспаніі. Праўда, свой максімальны вынік на чэмпіянатах свету яны не пераўзышлі. У 1/8 фіналу ў серыі пасляматчавых пенальці ўступілі Харватыі. Але перамог над іспанцамі і немцамі, першага месца ў групе хапіла, каб дома іх сустракалі як нацыянальных герояў.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?