Вы тут

Мяса, арэхі, шпінат: рацыён «жалезнага» здароўя


Жалеза ў нашым арганізме адказвае за клетачнае дыханне і метабалізм. Гэты важны мікраэлемент уваходзіць у склад гемаглабіну, з якога складаюцца клеткі крыві — эрытрацыты. Менавіта яны дастаўляюць кісларод дакладна па прызначэнні: да органаў і тканак. Жалеза таксама адыгрывае важную ролю ў халестэрынавым абмене, падтрыманні імунітэту.


Фота: pixabay.com

Наш арганізм гэты каштоўны мікраэлемент самастойна не выпрацоўвае. Таму важна, каб у рацыёне ён прысутнічаў у дастатковай колькасці. Асабліва маюць патрэбу ў жалезе жанчыны дзетароднага ўзросту, паколькі рэгулярна губляюць гэта рэчыва падчас «крытычных» дзён. Па ацэнках спецыялістаў, мужчынам дастаткова атрымліваць з ежай 10 мг жалеза штодня, жанчынам трэба 15-18 мг, а падчас цяжарнасці 20 мг.

У якіх прадуктах змяшчаецца?

Жалезам багата чырвонае мяса, прычым змяшчаецца мікраэлемент там у гемавай форме і лёгка засвойваецца. Катлеты з ялавічыны ці свініны, вяндліна і каўбасы, мяса труса і бараніна папоўняць запасы жалеза ў арганізме. Багатыя жалезам сэрца, ныркі жывёл, асабліва шмат яго ў печані. Каштоўная крыніца жалеза — вустрыцы і іншыя малюскі, якія да таго ж нізкакаларыйныя і не ўтрымоўваюць халестэрыну, а таксама арэхі. 

Ёсць лідары па частцы ўтрымання мікраэлемента і сярод гародніны — гэта шпінат, брокалі, а сярод садавіны — яблыкі, гранат, разынкі. Досыць жалеза ў жытнім хлебе, грэчцы. Цёмны шакалад таксама можа дапамагчы насыціць арганізм жалезам. І, вядома, гематаген — салодкія пліткі з альбумінам, якія можна набыць у аптэках.

Як выяўляецца дэфіцыт?

Пастаяннае пачуццё стомленасці, галавакружэнне, адсутнасць апетыту, сухасць і бледны колер скуры, выпадзенне валасоў, ломкасць пазногцяў і незагойныя трэшчынкі ў кутках вуснаў могуць сігналізаваць аб дэфіцыце жалеза. А яшчэ людзі, якія пакутуюць ад недахопу жалеза, схільныя да частых прастуд і іншых інфекцый.

Чым выкліканы нізкі ўзровень жалеза ў арганізме? Часцей за ўсё — недахопам у рацыёне прадуктаў, якія гэты мікраэлемент утрымліваюць. Прычынай у жанчын могуць быць моцныя менструацыі, страта крыві ў выніку аперацыйных умяшанняў, траўмаў і т.д. Часам жалеза ў ежы дастаткова, але яго ўсмоктванне парушана. Гэта здараецца з-за некаторых захворванняў страўніка і кішэчніка.

Чым дапамагчы?

Калі ў вас няма сур’ёзных захворванняў ЖКТ, а дэфіцыт жалеза выкліканы толькі незбалансаваным харчаваннем, дастаткова змяніць яго характар, каб палепшыць сітуацыю. Дапамагчы могуць вітамінна-мінеральныя комплексы. Каб жалеза засвойвалася, у вашым рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць вітаміны А, С, Е, а таксама групы В, асабліва В12. Перш чым прымаць дабаўкі з жалезам, неабходна параіцца з доктарам.

Аліна ТОМІНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.