Вы тут

Круглянскія школьнікі прыходзяць у храм, каб паглядзець на зорнае неба


Падлеткаў вабіць загадкавае мігаценне далёкіх зорак, якія яны разглядаюць праз аб'ектыў царкоўнага тэлескопа. У прыход круглянскага храма Святой Тройцы яны прыходзяць разам са сваёй настаўніцай фізікі Палінай Трыфанавай на заняткі па астраноміі.


Гэты прыход наогул руйнуе ўсе стэрэатыпы ва ўяўленні пра храмы ў глыбінцы. Часцей за ўсё думаюць, што ў невялікім населеным пункце і царква бедная, і паства нешматлікая. Але ў Круглым ўсё наадварот. Храм распісваюць вядомыя беларускія мастакі, насельніцтва актыўна наведвае духоўна-асветніцкі цэнтр, які тут функцыянуе, пры ім, дарэчы, і збіраюцца мясцовыя аматары астраноміі. Для невялікага Круглага, дзе, як жартуе настаяцель храма протаіерэй Генадзь Кажаноўскі, у асноўным жылі адны атэісты, гэта дасягненне.

Але так было не заўсёды. Храм Святой Тройцы знаходзіцца на месцы, дзе ў пачатку XІX стагоддзя стаяў іншы — у гонар Святых бяссрэбранікаў Кіра і Іаана. Пабудаваны той быў па загадзе сяброўкі і паплечніцы расійскай імператрыцы Кацярыны Вялікай і тутэйшай апякункі — княгіні Кацярыны Дашкавай. На жаль, ад былой царквы засталіся толькі ўспаміны, а цяперашняя пабудаваная ў кастрычніку 2005 года. З дапамогай тагачаснага кіраўніка ПМК 266 Мікалая Патрончыка, які ўжо пайшоў з жыцця, побач з храмам і з'явіўся духоўна-асветніцкі цэнтр, куды сёння дзеці бегаюць глядзець у тэлескоп. А вернікі з удзячнасцю ўспамінаюць Мікалая Васільевіча, які дапамог храму і з праектна-каштарыснай дакументацыяй, і з будаўнічым матэрыялам.

Сёння якіх тут толькі гурткоў па інтарэсах няма! Адны шыюць, другія вяжуць, трэція збіраюць з траў наборы лячэбнай гарбаты, чацвёртыя мыла вараць... Дачка бацюшкі Анастасія Блашко ўзяла абавязкі па каардынацыі дзейнасці цэнтра на сябе. А яшчэ вядзе ў школе № 1 факультатыўныя заняткі па прадмеце «Асновы духоўнасці і патрыятызму». Яна — дыпламаваны тэолаг, закончыла БДУ.

Дарэчы, тэлескоп з'явіўся менавіта дзякуючы дзейнасці цэнтра. Бо тая прадукцыя, якая ствараецца ў яго сценах, часткова ідзе на продаж. «Сабралі грошы і купілі, — усміхаецца на маё здзіўленне свяшчэннік. — Самі зарабілі. На продажы той жа гарбаты, мыла і сувеніраў. Круглянскім дзецям гэты тэлескоп патрэбны».

Тэлескоп у прыхадской маёмасці не адзін. Другі, па словах матушкі Алены Кажаноўскай, падарылі прыхаджане. «Ён яшчэ савецкі, прасцейшы ва ўжыванні, але Месяц і бліжэйшыя зоркі таксама нядрэнна набліжае», — удакладняе яна.

З храмам круглянцы дзеляцца каштоўнымі рэчамі таму, што прыход і іх падтрымлівае. На сайце праваслаўнай абшчыны пазначаны тэлефон, па якім звяртацца, калі патрэбная матэрыяльная дапамога. Тут ужо стала традыцыяй дабрачынная акцыя «Калядны падарунак», калі храм дапамагае тым, хто трапіў у цяжкае становішча. Што датычыцца тэлескопа, на які царква таксама не пашкадавала грошай, то гэта прылада аказалася запатрабаваная ў маштабах горада. Такога няма ў школах раёна.

— У яго можна ўбачыць амаль усе нашы планеты, — кажа Анастасія. — Можам глядзець на каметы, сузор'і, зацьменні. Калі было сонечнае зацьменне, дзеці хвілін 40 глядзелі ў неба. Зарапад у жніўні амаль тыдзень быў, дзяўчынкі не давалі хлопцам падступіцца, усё жаданні загадвалі. Відовішча вельмі прыгожае. Калі падключыць камеру, можна здымаць. Некаторыя дзеці ўмудраюцца рабіць фота на тэлефон. Падносяць яго да вочка тэлескопа і здымаюць. Наогул, калі нешта цікавае адбываецца на небе, дзеці з настаўніцай прыходзяць і назіраюць. Калі трэба, дык і ноччу. У іх па школьнай праграме адно дзённае назіранне, другое — начное.

Летась заняткі праводзіліся па пятніцах на працягу дзвюх гадзін. Плюс — калі нейкія незвычайныя з'явы ў небе. Прыходзілі навучэнцы 1-й і 2-й гарадскіх школ, а таксама ўсе ахвотныя, у тым ліку дарослыя. Школьнікі складалі карты зорнага неба, вылічвалі, у якім месцы сузор'е павінна быць у пэўны дзень. Сёлета ў графік работы гуртка прыйшлося ўнесці карэктывы, бо настаўніца больш загружана ў школе. Але калі на небе намячаецца якая-небудзь падзея, юныя астраномы зноў тут.

— Гэта планетарны тэлескоп, больш прызначаны для разгляду планет, — кажа настаўніца фізікі Круглянскай школы № 1 Паліна Трыфанава. — Але ён сучасны, можна настроіцца на любую зорку па каардынатах. Школьны не дазваляе гэтага зрабіць. Магу аўтарытэтна пацвердзіць, што прыходскія тэлескопы лепшыя ў раёне. Таму і заняткі там адбываюцца. Два гады запар мы рэгулярна збіраліся ў духоўна-асветніцкім цэнтры і назіралі розныя цікавыя з'явы.

Па словах настаўніцы, лепш за ўсё ў тэлескоп бачны Месяц. І фота вельмі добрыя атрымліваюцца, супастаўныя з тымі, што ў падручніку. Дзеці самі выразалі фрагменты зорнага неба, рабілі карты і вучыліся з імі працаваць. Астраномію вывучаюць у 11-м класе, але на заняткі збіраліся сямікласнікі і нават вучні пятых класаў. І яны ўжо навучыліся працаваць па картах зорнага неба. Разам з настаўніцай шукалі праз тэлескоп зоркі, якія павінны быць бачныя ў гэтым паўшар'і днём, але не вельмі ўлоўныя, калі пра іх не ведаць. Ноччу, асабліва калі неба яснае, ад яго вачэй не адвесці. Тыя ж Касіяпея і Палярная зорка добра бачныя над храмам, а яшчэ сузор'е Малой Мядзведзіцы.

— Гурток запатрабаваны, мы абавязкова будзем і надалей працаваць, — абяцае настаўніца. — Летась стабільна займаліся па пятніцах. Цяпер у мяне вялікая нагрузка ў школах, і мы прыходзім сюды, калі ёсць нагода. Дзеці ўвесь час просяць: давайце ўжо збяромся! Пасля заняткаў мы чай у трапезнай пілі, было вельмі ўтульна. Дзецям падабаецца. Таму, хоць і радзей, але назіранні за зорным небам працягваюцца.

Пакуль нечага надзвычайнага ў небе назіраць не даводзілася. Але падлеткі ў захапленні ад зацьмяна-пераменных зорак, яны мяняюць бляск і мільгаюць. Быццам іншаземныя цывілізацыі перадаюць прывітанне. Школьнікі самастойна штудзіравалі крыніцы інфармацыі, каб даведацца, чаму такое адбываецца.

Настаўніца сведчыць: круглянскія дзеці любяць астраномію і перамагаюць у раённых алімпіядах, удзельнічаюць у рэспубліканскай гульні-конкурсе «Арыёнчык». І ў гэтым ёсць заслуга настаяцеля праваслаўнага прыхода.

У храме маюцца і іншыя цікавінккі. Напрыклад, дзіцячы аналой вышынёй 80 сантыметраў. Маладыя маці гэта вельмі ацэньваюць, бо не трэба падымаць дзіця, яно само дацягнецца, каб ушанаваць ікону. Дзіцячы аналой зрабіў начальнік Круглянскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шчытнікаў, за што яму ў храме вельмі ўдзячныя. Такога вы, хутчэй за ўсё, нідзе у краіне больш не ўбачыце. На дзіцячым аналоі ляжыць ікона «Благаславенне дзяцей», якую для храма напісаў вядомы магілёўскі мастак Аляксандр Росінаў.

А яшчэ ў круглянскім Свята-Троіцкім храме ўкаранілі традыцыю, якую прывезлі з Брэстчыны, са Столінскага раёна — сваімі рукамі робяць вялікія, да двух метраў, свечкі. Толькі там — калядныя, а тут — велікодныя.

У духоўна-асветніцкім цэнтры 25 дзяцей наведваюць нядзельную школу, а дарослых прыходзіць у некалькі разоў болей. Дарэчы, калі дзеці праходзяць 10-гадовы курс праграмы па прадмеце «Духоўна-маральная культура», ім даецца спецыяльны дыплом. Падчас вучобы яны чытаюць на царкоўнаславянскай мове, даведваюцца пра асновы праваслаўнай веры. Дзяўчынкі навучаюцца шыць, вышываць, вязаць, хлопчыкі знаёмяцца з ваеннай гісторыяй, медыцынай, асновамі бяспечнай жыццядзейнасці. Ёсць невялікі харавы калектыў, які спявае на службах і ўдзельнічае ў фестывалях. А маршрут па памятных праваслаўных мясцінах Кругляншчыны, які распрацавалі для конкурсу «Маршрутамі памяці», заняў другое месца ў краіне.

А яшчэ тут стварылі тэатр ценяў. На Вялікдзень паказалі прэм'еру, яна ўсім спадабалася. На Каляды тэатр парадуе гледачоў гісторыяй «Нараджэнне Хрыстова». Падрыхтоўка праведзена грунтоўная: 12-гадовая Вара Белавус так спрытна кіруе кардоннымі фігурамі, што яны літаральна ажываюць у яе руках.

На Каляды любы зможа паназіраць за зорным небам. Нездарма вестку, што Хрыстос нарадзіўся, чалавецтва атрымала менавіта ад зор.

— Тая Віфлеемская зорка, якая калісьці вяла вешчуноў, дагэтуль таямніца для чалавецтва, — кажа Анастасія. — Было шмат спрэчак наконт таго, што гэта магло быць. Калі мы чытаем біблейскую гісторыю, складваецца ўражанне, што і пастухі, і вешчуны прыйшлі адначасова. Але з пункту гледжання гісторыі — гэта не так. Насамрэч пастухі прыйшлі адразу, а вешчуны прыкладна праз тры гады. За адну ноч яны не маглі дайсці. Тым больш што жылі не ў адным месцы. Калі яны ўбачылі на небе тую з'яву, зразумелі, што прадказанні збыліся, на зямлю прыйшоў Збавіцель.

Ёсць версія, што гэта была камета Галея, якая перыядычна вяртаецца да Сонца. Іншыя лічаць, што ў момант нараджэння Хрыста маглі быць бачныя планеты Сатурн, Юпітар, Марс, якія падобныя на буйныя зоркі. Яркае нябеснае цела было, але якое — людзі не ведаюць. Тады тэлескопаў не было. Космас — жывы, у ім ўсё рухаецца па сваёй траекторыі...

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.