Вы тут

Маскі, пілінгі, скрабы, алей і вітамін В. Дзевяць правілаў догляду вуснаў


Прыгожыя вусны — мара многіх жанчын. Каб вашы вусны заўсёды выглядалі маладымі і прывабнымі, зусім не абавязкова ўколваць у іх розныя рэчывы. Дастаткова правільна даглядаць вусны. Мы сабралі дзевяць асноўных правіл і рэкамендацый касметолагаў, якія дапамогуць захаваць прывабнасць і пругкасць вашых вуснаў надоўга.


Фота: pixabay.com

  • 1 Беражыце ад сцюжы і сонца

Галоўным правілам догляду вуснаў павінна стаць абарона ад уздзеяння экстрэмальных кліматычных умоў. Улетку старанна ахоўвайце вусны ад пякучых прамянёў сонца, узімку — ад ледзянога ветру. Для гэтага летам карыстайцеся бальзамамі з SPF-фільтрамі, зімой перад выхадам на мароз нанясіце на вусны гігіенічную памаду. Якасная тлустая дэкаратыўная памада таксама абароніць вусны ад трэшчынак і лушчэння.

  • 2 Алеі — найлепшыя сябры вуснаў…

Далікатная скура вуснаў любіць раслінныя алеі — сланечнікавы, аліўкавы і іншыя. З іх дапамогай можна здымаць з вуснаў касметыку. Увільгатняйце вусны на ноч некалькімі кроплямі алею шы, алею з вінаградных костачак. Можна таксама выкарыстоўваць для гэтай мэты сметанковы алей ці мёд.

  • 3 ...а найгоршы вораг — цыгарэта

Тонкая скура вуснаў пазбаўлена тлушчавай праслойкі, таму старэе хутчэй: з’яўляюцца сухасць і бледнасць, дробныя маршчынкі, трэшчынкі. Усе гэтыя з’явы шматкроць паскараюцца, калі вусны кантактуюць са шкоднымі рэчывамі, якія вылучаюцца пры курэнні. Адмоўцеся ад цыгарэт.

  • 4 Здаровыя зубы — прыгожыя вусны

Сачыце за станам... зубоў і дзёснаў. Так-так, усё дакладна! Любы стаматолаг пацвердзіць: некаторыя захворванні поласці рота і зубоў, у прыватнасці парадантоз, маюць прамы ўплыў на вонкавы выгляд і здароўе вуснаў.

  • 5 Піце ваду і ўвільгатняйце паветра

Калі ў нашым арганізме бракуе вадкасці, скура становіцца сухой. Тое ж адбываецца і з вуснамі. Не забывайце часцей піць ваду (не гарбату ці каву), папаўняючы водна-шчолачны баланс. Перасушанае цэнтральным ацяпленнем паветра шкодзіць не толькі скуры твару і слізістым, але і вуснам. Карыстайцеся дома ўвільгатняльнікам паветра.

  • 6 Не аблізвайце вусны

Гэтым вы не дадасце ім вільготнасці. Такая звычка, наадварот, прывядзе да сухасці і лушчэння вуснаў, асабліва калі аблізваць іх на ветры і холадзе ці пад пякучым сонцам.

  • 7 Вітаміны групы В

Сачыце за тым, каб у вашым рацыёне было дастаткова вітамінаў і мікраэлементаў. Для прыгажосці і здароўя скуры вуснаў асабліва важныя вітаміны групы В. Уключыце ў свой рацыён ялавічную печань, яйкі, шпінат, грэчку, аўсянку, бабовыя.

  • 8 Змагаемся з трэшчынкамі

Калі з’явіліся трэшчынкі ў кутках вуснаў (заеды), разбярыцеся ў прычынах гэтай з’явы. Калі справа ў перасушанасці вуснаў, такі дэфект лёгка выправіць, выкарыстоўваючы, напрыклад, бальзам з пчаліным воскам. Калі прычына — недахоп вітамінаў, дастаткова скарэктаваць рацыён або прымаць вітамінна-мінеральныя комплексы. Аднак трэшчынкі ў кутках вуснаў могуць сігналізаваць аб некаторых захворваннях ЖКТ, алергіі ці інфекцыях — тады вырашыць праблему дапаможа доктар.

  • 9 Маскі, пілінгі, скрабы

Маскі, якія ўвільгатняюць і сілкуюць, любіць скура не толькі твару, але і вуснаў. Можна купіць гатовыя касметычныя вырабы ці скарыстацца рэцэптамі нашых мам і бабуль. Тлусты тварог, перамяшаны з вяршкамі, нанясіце на вусны на 10-15 хвілін. Рабіце пілінг вуснаў сумессю аўсянай мукі і кефіру, можна таксама пацерці вусны палавінкай вінаградзіны.

Аліна ТОМІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.