Вы тут

Парамонава: Каб адчуваць сябе каралевай, побач павінен быць мужчына


Марына Парамонава ўпэўнена: каб адчуваць сябе каралевай, побач павінен быць дастойны каханы мужчына. Але насіць карону, бясспрэчна, вельмі прыемна.


«Краса Беларусі»

Для «Алесі» пераможца II Рэспубліканскага конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «Краса Беларусі — 2022» 33-гадовая мінчанка Марына Парамонава не чужы чалавек.

У рэдакцыі нашага часопіса яна пачынала сваю працоўную біяграфію. Затым паспела паспрабаваць сябе ў розных якасцях (у трэці дэкрэтны водпуск адыходзіла з пасады вядучага спецыяліста ўпраўлення маркетынгу на буйным прадпрыемстве), стала шматдзетнай мамай і вось нядаўна ўдастоілася прэстыжнага тытула.

— Калі даведалася пра «Красу Беларусі — 2022», вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе. Гэта падарыла мне мора эмоцый, знаёмстваў, зносін, — дзеліцца Марына, — і новы вопыт. Я выйшла са звыклай сямейнай абстаноўкі на шырокую публіку, паказала свае таленты. І яшчэ раз пераканалася: мацярынства не перашкода для самарэалізацыі.

Паводле слоў маёй суразмоўніцы, конкурс унёс у яе будні святочную «ноту» і яшчэ больш з’яднаў сям’ю. Муж Пётр не толькі падтрымаў Марыну маральна, але на працягу 9 дзён, пакуль яна рыхтавалася да выступлення, цалкам узяў на сябе бытавыя турботы і клопат аб дзецях. Іх у сям’і чацвёра: 12-гадовы Уладзіслаў, 9-гадовыя двайняты Марыя і Ксенія і аднагадовы Раман.

— Я рада, што ў мяне вялікая сям’я, што ніколі не бываю адна, — дзеліцца са мной эмоцыямі суразмоўніца. — Для кагосьці гэта мінус, а для мяне — адназначна плюс. Зусім не разумею прыхільнікаў чайлдфры. Дзеці — наш працяг, яны раскрываюць нас, дораць адчуванне паўнаты жыцця.

Безумоўна, мацярынства — сур’ёзная праца. Але гэта і радасць, і крыніца сіл. Ксюша, гледзячы на маму, вырашыла: у яе, калі вырасце, таксама будзе шмат дзяцей і яна таксама стане «каралевай». А старэйшы сын цяпер нярэдка звяртаецца да Марыны: «Наша краса».

Шчасце — тут

— Усё, што ні робіцца, — да лепшага. Любы вопыт карысны, калі рабіць правільныя высновы і не баяцца ісці далей, — лічыць Марына Парамонава. — У гэтым мяне пераканала жыццё, і сёння я як блогер імкнуся падтрымаць іншых жанчын, якія апынуліся ў складанай сітуацыі і якім, магчыма, не хапае цвёрдасці, каб зачыніць адны дзверы і адчыніць для сябе іншыя. Расстанне, развод — гэта, вядома, драматычныя падзеі для кожнай пары. Але, на мой погляд, калі ў людзей не атрымліваецца выбудаваць гарманічныя адносіны, то лепш па-добраму развітацца і паспрабаваць здабыць іх з іншым чалавекам. І дзеці ў гэтым — не перашкода. І з трыма, і з чатырма дзецьмі можна знайсці дастойнага мужчыну.

Марына ведае, пра што кажа. У другі шлюб яна ўступала, маючы траіх дзетак. Перш чым звязаць свой лёс з Пятром, пераканалася, што паміж ім, яе сынам і дочкамі — поўнае ўзаемаразуменне і сімпатыя. Чацвёртае дзіця ў гэтай сям’і чакалі з нецярпеннем.

— Дзеці — вялікая адказнасць, яны павінны быць жаданымі і любімымі, — перакананая Марына. — Безумоўна, трэба свядома падыходзіць да іх нараджэння, улічваць, ці зможаце іх выхаваць, нармальна забяспечыць, даць адукацыю. А што датычыцца іншых цяжкасцяў, то «свая ноша не цягне». Пасля «загартоўкі» двайнятамі мяне ўжо цяжка чымсьці спалохаць. У другім дэкрэтным самая вялікая складанасць была ў тым, што рукі ўсяго дзве, а маленькіх дзяцей трое, прычым старэйшаму Уладу — тры гады. Але я з сям’і вайскоўца. З дысцыплінай і арганізаванасцю ў мяне поўны парадак.

Вядома, Марыне дапамагалі і дапамагаюць. Яе бацька Мікалай Уладзіміравіч бярэ ўнукаў летам на дачу і далучае да фізічнай працы. Мама Тамара Пятроўна, калі трэба, адвязе Ксюшу і Машу ў студыю выяўленчага мастацтва ці на заняткі эстраднымі танцамі. Свёкры Марыя Яфімаўна і Уладзімір Аляксеевіч таксама заўсёды рады падставіць плячо. І Дзіяна, старэйшая сястра Марыны, прыйдзе на выручку. Але сужэнцы спраўляюцца ў асноўным самі, стараючыся не напружваць сваякоў.

— Да шлюбу з Пятром я, як цяпер думаю, празмерна кантралявала дзяцей: урокі, заняткі ў гуртках і секцыях, — прызнаецца Марына. — З падачы мужа мы пачалі прывучаць дзяцей да большай самастойнасці, і вынікі адчувальныя. Пры неабходнасці дапамагу старэйшым з рускай і беларускай мовамі, а Пеця — з англійскай і матэматыкай, але ўвогуле яны засвоілі: урокі — зона іх адказнасці, мы ўмешваемся, толькі калі папросяць.

І Улад, і дзяўчынкі ўмеюць гатаваць, і з Ромам, калі папрашу, дапамогуць. Марына прызнаецца: стараецца слухаць і чуць дзяцей, унікаць у іх запыты і жаданні. Вось Улад нядаўна пракалоў вуха і надзеў завушніцу. Яна прыняла гэта спакойна, як факт, калі яму так падабаецца. Сын ад прыроды вельмі актыўны, дапытлівы, яму нічога не страшна, ён усё хоча паспрабаваць. Займаўся кікбоксінгам і змешанымі адзінаборствамі, зараз хоча пайсці на бокс.

— Мне заўсёды хацелася мець з дзецьмі такія ж цёплыя, даверныя адносіны, як у бацькоўскай сям’і, — распавядае Марына. — Жыць цікава, актыўна, насычана.

Яна і сёння разам з мамай і старэйшай сястрой у вольны час наведвае квізы па савецкіх фільмах. З мужам і дзецьмі ў выхадныя традыцыйна наладжвае сямейныя прагляды дома. А яшчэ яны любяць настольныя гульні. А яшчэ (у залежнасці ад сезону) — катацца на каньках або роліках. А яшчэ... Спакой ім толькі сніцца.

Сакрэт гармоніі

— Галоўная ўмова паспяховага шлюбу, на мой погляд, — гэта каханне і ўзаемапавага, — заўважае Марына Парамонава. — Важная блізкасць светапоглядаў, інтарэсаў і памкненняў. Яшчэ мне даспадобы, што мы з мужам не дзелім абавязкі на «твае» і «мае», мужчынскія і жаночыя. Не хапае ў мяне часу або сіл — Пеця пасля працы становіцца каля пліты і гатуе вячэру, каб пакарміць сям’ю. У яго цэйтнот — я памыю машыну. Мы давяраем адно аднаму: муж адпускае мяне сустрэцца з сяброўкамі, я яго — на карпаратыў. Як жанчыне мне падабаецца чуць ад мужа, што я «прыгожая, таленавітая, і ў цябе ўсё атрымаецца», — гэта надае ўпэўненасці.

Гэта праўда, каб адчуваць сябе каралевай, карона зусім не абавязковая. Трэба, каб побач быў той, хто ставіцца да цябе як да каралевы. Тады на ўсё знойдуцца час і сілы. Каб гадаваць чацвярых дзяцей, спраўляцца з бытам, штодня рабіць зарадку, сачыць за прычоскай і манікюрам, весці блог, займацца англійскай мовай. І, — хто ведае? — быць можа, нарадзіць яшчэ аднаго малога!

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіву Марыны Парамонавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.