Вы тут

Народжаны для неба. Гісторыя легендарнага лётчыка Барыса Лунца


Партызанскі аэрадром на востраве Зыслаў Любанскага раёна дзейнічаў да чэрвеня 1944-га, калі Любаншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цяпер тут знаходзіцца шырока вядомы мемарыяльны комплекс «Востраў Зыслаў», узведзены ў 1969-м па праекце архітэктара Георгія Заборскага. Да гэтых мясцін маюць непасрэднае дачыненне газеты «Звязда» і «Чырвоная змена», якія друкаваліся падчас фашысцкай акупацыі непадалёку — у вёсцы Дварэц. 


Менавіта на гэты аэрадром, якому летась, дарэчы, споўнілася 80 гадоў з дня стварэння, прыляталі самалёты з Вялікай зямлі. Савецкія лётчыкі далёкай авіяцыі ўнеслі значны ўклад у перамогу над фашыстамі. Яны дастаўлялі на партызанскія аэрадромы боепрыпасы, зброю, лекі, прадукты харчавання, забіралі на Вялікую зямлю параненых, жанчын і дзяцей. Дзякуючы ім партызаны на акупаваных тэрыторыях былі цесна звязаны з тылам і фронтам.

Лётчыкі далёкай авіяцыі здзяйснялі палёты да партызан на самалётах розных мадэляў, у тым ліку і на транспартным самалёце Лі-2. Самалёт быў надзейны, эканамічны, перавозіў ваенныя грузы, пасажыраў, удзельнічаў у начных бамбардзіроўках. Адзін з такіх самалётаў устаноўлены на адкрытай пляцоўцы побач з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Мы папрасілі старшага навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі партызанскага руху музея Уладзіміра Грыгор’ева расказаць нам пра лёс пілотаў, у тым ліку і Барыса Лунца, жыццёвы і баявы шлях якога ён даследаваў.

Уладзімір Уладзіміравіч падвёў нас да раздзела экспазіцыі, прысвечанага лётчыкам, якія здзяйснялі рэйды ў глыбокі тыл ворага. Тут змешчаны групавы здымак экіпажа Лі-2, камандзірам якога быў Герой Савецкага Саюза Барыс Лунц. Легендарны лётчык — у першым радзе ў цэнтры разам з баявымі таварышамі. У фондах музея таксама ёсць фотаздымкі адважнага аса 1943 і 1945 гадоў.

— Барыс Рыгоравіч Лунц, савецкі лётчык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза, гвардыі маёр. Нарадзіўся 8 мая 1908 года ў Дрэздэне (Германія), куды яго бацькі вымушаны былі эмігрыраваць з Расійскай імперыі па палітычных матывах. У Дрэздэне прайшло ранняе дзяцінства хлопчыка. Затым яго жыццё было звязана з Расіяй, Савецкім Саюзам, — расказвае Уладзімір Грыгор’еў. — Барыс Лунц быў прафесіяналам, мужным і настойлівым чалавекам. Ён не баяўся выконваць палёты ў любое надвор’е, нават самае неспрыяльнае, не баяўся небяспечных сітуацый. Часта яму даводзілася весці самалёт усляпую, але ён дзякуючы вопыту і майстэрству выконваў заданне. Барыса Рыгоравіча паважалі таварышы па зброі, партызаны, камандаванне. А яго прозвішча стала для іх паролем.

— Уладзімір Уладзіміравіч, чаму тэмай вашага даследавання з’яўляецца баявы шлях менавіта Барыса Лунца? — пацікавілася ў яго.

— Усе ведаюць праслаўленых лётчыкаў Валянціну Грызадубаву, Аляксандра Мамкіна, іншых асаў савецкай авіяцыі. Пра іх шмат напісана. Лунц — Герой Савецкага Саюза, а пра яго жыццё вядома мала. Ён жа, як і іншыя лётчыкі, рызыкаваў жыццём, дастаўляючы грузы на партызанскія аэрадромы, якія ўяўлялі сабой саматужныя пляцоўкі. Напрыклад, востраў Зыслаў быў з усіх бакоў аточаны лясамі і балотамі. Там партызаны і мясцовыя жыхары з дапамогай падручных сродкаў зрабілі пляцоўку для пасадкі самалётаў. Давялося выкарчоўваць дрэвы і хмызняк, рыхтаваць месца для пасадачнай паласы. Пасля адлёту савецкіх лётчыкаў аэрадром трэба было замаскіраваць, каб не заўважыў вораг.

Па ўспамінах Барыса Лунца, яго вельмі ўразіў зыслаўскі аэрадром. Грунтовыя воды тут падыходзілі блізка да паверхні, але месца было даволі роўным, дастатковай плошчы. Гэты аэрадром лётчыкі называлі «Альбінск», па найменні бліжэйшай вёскі.

— Хаця аэрадром быў у цэлым прыдатным для пасадкі самалётаў, авіятарам трэба было быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі, — расказвае Уладзімір Грыгор’еў. — У чэрвені 1943 года на аэрадром прыляцеў Лі-2 пад камандаваннем баявога сябра Барыса Лунца — беларуса Івана Грышакова. Зваротным рэйсам ён павінен быў забраць параненых і дзяцей на Вялікую зямлю. Ішоў моцны дождж, вада падтапіла ўзлётную паласу. Калі самалёт пачаў падымацца, то зачапіў калодзежны журавель, атрымаў моцныя пашкоджанні, але дзякуючы прафесіяналізму пілотаў удала прызямліўся на падмаскоўным аэрадроме. Партызаны думалі, што самалёт разбіўся. Іх змрочныя прагнозы развеяў Лунц, які прыляцеў на востраў наступным рэйсам.

У складаных сітуацыях неаднойчы аказваўся і сам Барыс Лунц. Аднойчы экіпаж атрымаў заданне даставіць на партызанскую пляцоўку, што знаходзілася непадалёку ад вёскі Гарэлец у раёне Пухавіч, зброю і медыкаменты, і забраць цяжкапараненага камандзіра брыгады «Беларусь» Мікалая Пакроўскага. Але з-за непагадзі і нізкай воблачнасці давялося заначаваць у партызан. На наступную ноч надвор’е не палепшылася, але экіпаж усё роўна вырашыў ляцець. Самалёт падняўся ў неба з 20 раненымі на борце, у іх ліку быў і камбрыг. 

Фашысцкія знішчальнікі нюхам чулі, што перад імі вопытны лётчык. Яны часта ганяліся за Лунцам, але дарэмна, збіць самалёт не ўдавалася. Экіпаж умела манеўраваў, зніжаў баявую машыну да 300 метраў, ішоў некаторы час ламаным курсам, а затым набіраў вышыню 1000 метраў і працягваў палёт. 

— У 1943 годзе Барыс Лунц для выканання задання камандавання прыляцеў на аэрадром Харпунь, які знаходзіўся на поўдні Палесся. Як сведчаць успаміны і ўзнагародны ліст лётчыка, яму неабходна было забраць на борт сакратара ЦК Камуністычнай партыі Украіны Дзям’яна Каротчанка і начальніка Украінскага штаба партызанскага руху Цімафея Строкача. У той час ішлі баі народных мсціўцаў з фашыстамі. Самалёт удала ўзляцеў і праз 200 кіламетраў прызямліўся на востраве Зыслаў. Тут перачакаў небяспечны для палётаў светлы час сутак, — распавёў Уладзімір Грыгор’еў. — У пачатку верасня 1943 года Барыс Лунц дастаўляў боепрыпасы і лекі на партызанскі аэрадром паблізу Ушачаў Віцебскай вобласці. Каля Полацка яго заўважыў і атакаваў варожы «месер». Самалёт Лунца быў пашкоджаны, але здолеў даць адпор ворагу і даляцець да месца прызначэння на адным рухавіку.

У якасці далёкага бамбардзіроўшчыка Барыс Лунц удзельнічаў і ў налётах на буйныя чыгуначныя вузлы — Курск, Арол, Вязьма, Ржэў, Смаленск, бамбіў пераправы на рацэ Дон, жывыя сілы і калоны тэхнікі ў сталінградскім напрамку. Ён прайшоў шлях ад простага лётчыка да камандзіра эскадрыллі, гвардыі маёра. Да ліпеня 1943 года авіятар 323 разы вылятаў на баявыя заданні, у тым ліку 229 — ноччу. Экіпаж знішчаў ваенныя і прамысловыя аб’екты, жывую сілу і тэхніку, дастаўляў правіянт, зброю, высаджваў дэсантныя групы, эвакуіраваў параненых.

— Уладзімір Уладзіміравіч, магчыма, падчас даследавання вы адшукалі новыя факты пра лётчыкаў далёкай авіяцыі?

— Цікава, што грузы дастаўляліся партызанам і такім спосабам. Да самалёта з дапамогай троса прымацоўваўся планер, які знешне нагадваў самалёт, але не меў рухавіка, толькі руль і крылы. Планер служыў як бы прычэпам да самалёта, куды змяшчаліся грузы, пасажыры. Калі падляталі да месца прызначэння, планер адчапляўся ад вядучага і планіраваў, куды трэба. У большасці выпадкаў партызанскія аэрадромы не былі прыстасаваны для таго, каб забраць планер назад, таму іх пакідалі ў партызан.

— Што з імі рабілі? Прыстасоўвалі для сваіх мэт?

— Відаць, іх знішчалі, каб не трапілі ворагу.

— Уладзімір Уладзіміравіч, як склаўся лёс Барыса Лунца у мірны час?

— Доўгі час Барыс Лунц працаваў лётчыкам-выпрабавальнікам. Ён дасягнуў значных вынікаў, у жніўні 1964 года яму было прысвоена званне «Заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР». Пасля выхаду на пенсію Барыс Рыгоравіч Лунц жыў у Маскве. 5 лютага 1997 года памёр, пахаваны на маскоўскіх Кунцаўскіх могілках.

Даўно няма з намі слаўнага авіятара. Але яго баявыя і працоўныя подзвігі ніколі не будуць забытыя. У мемарыяльным зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны яго імя высечана залатымі літарамі, — падкрэсліў Уладзімір Грыгор’еў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ 

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.