Вы тут

Беларусы даведаліся імёны першых супернікаў на Australian Open


Стартуе першы ў новым сезоне турнір «Вялікага шлема». Свежыя, бадзёрыя пасля адпачынку тэнісісты з усіх куткоў свету з’едуцца ў Аўстралію, каб паказаць сваё майстэрства і разыграць галоўны трафей турніру. А тэнісным аматарам ён пакажа, на каго ў гэтым сезоне варта звярнуць асаблівую ўвагу. Карацей, як Australian Open сустрэнеш, так сезон і правядзеш.


Арганізатары турніру, у адрозненне ад сваіх англійскіх калег, не адхілілі беларускіх і расійскіх тэнісістаў ад удзелу. Таму беларусы, няхай і ў нейтральным статусе, але ў Аўстраліі выступяць. Пятая ракетка свету Арына Сабаленка першы матч правядзе супраць Тэрэзы Марцінцавай (73-ы нумар рэйтынгу WTA) з Чэхіі. Тыдзень таму на турніры ў аўстралійскай Адэлаідзе Арына абыграла чэшку Лінду Наскову і заваявала першы тытул у гэтым сезоне. Аляксандра Сасновіч (38-ы нумар рэйтынгу WTA) у першай гульні сустрэнецца з яшчэ адной прадстаўніцай Чэхіі Брэндай Фрухвіртавай (135-ы нумар рэйтынгу WTA), а Вікторыя Азаранка (25-ы нумар рэйтынгу WTA) — з прадстаўніцай ЗША Сафіяй Кенін (280-ы нумар рэйтынгу WTA). Адзіны прадстаўнік Беларусі ў мужчынскім турніры Ілля Івашка (25-ы нумар рэйтынгу АТР) першы матч правядзе супраць нідэрландца Боцік Ван де Зандшульпа (34-ы нумар рэйтынгу АТР). Яшчэ адзін беларус Ягор Герасімаў не прайшоў кваліфікацыю Australian Open.

На аўстралійскім турніры тэнісісты будуць змагацца не толькі з супернікамі, але і з тэмпературай паветра. Спёка даўно стала адной з візітных картак Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Паветра часам праграецца вышэй за 40 градусаў. Існуюць нават спецыяльныя правілы, якія абмяжоўваюць гульні на адкрытых кортах. Пры экстрэмальнай тэмпературы рэферы можа прыняць рашэнне закрыць дах над кортам, працуе спецыяльная сістэма кандыцыянераў.

Аднак спёка і моцныя супернікі не перашкаджалі беларускім тэнісістам станавіцца пераможцамі Australian Open. Першай была легендарная Наталля Зверава. На Адкрытым чэмпіянаце свету яна перамагала пяць разоў: у 1993, 1994 і 1997 гадах станавілася трыўмфатарам у парным разрадзе, у 1990-м і 1995-м — у змешаным парным разрадзе. Прычым у 1997 годзе легендарная беларуская тэнісістка перамагла ў пары з легендай швейцарскага тэніса Марцінай Хінгіс. Вікторыя Азаранка — першая і пакуль адзіная (можа, адзіная да 2023 года?) беларуская тэнісістка, якая выйгравала Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі ў адзіночным разрадзе. У фінале чэмпіянату 2012 года яна абыграла расійскую тэнісістку Марыю Шарапаву. Гэта быў першы адзіночны тытул «Вялікага шлема» ў кар’еры Вікторыі. На наступны год Вікторыя зрабіла «залаты дубль» — зноў перамагла на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў адзіночным разрадзе. У 2021 годзе сярод трыўмфаратаў Australian Open зноў была беларуска — Арына Сабаленка ў пары з бельгійкай Элізе Мерценс сталі лепшымі ў парным разрадзе. Гэты трыумф дазволіў Арыне заняць першае месца ў парным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Дарэчы, у той год у адзіночным разрадзе Арына Сабаленка дайшла да чацвёртага раўнда, дзе сустрэлася з Серэнай Уільямс. Вопытная амерыканка аказалася мацнейшай. Беларускія тэнісісты на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі пакуль не перамаглі. Найлепшы вынік у 2007-м паказаў Максім Мірны, які ў парным разрадзе разам са шведам Ёнасам Б’ёркманам і ў змешаным парным разрадзе з Вікторыяй Азаранка дайшлі да фінала. Але ў вырашальных матчах пацярпелі паражэнне.

Матчы асноўнай сеткі першага турніру «Вялікага шлема» пройдуць з 16 па 29 студзеня. Месца правядзення не мяняецца з 1998 года. Australian Open праходзіць на кортах Мельбурн-парка.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.