Вы тут

Мільён пунсовых руж. Пачым кветкі для закаханых?


Напрадвесні можна і трэба прызнавацца ў каханні. Расказаць пра свае пачуцці гэтымі днямі магчыма нават без слоў, прамоўленых услых. Але наўрад ці гэта магчыма без кветак. У якую суму яны абыдуцца гэтым лютым?


Хоць апошнім часам кветкі — дарагое задавальненне, прадаўцы спадзяюцца на высокія продажы. Ды наракаюць, што з кожным годам выручка ў «лёсавызначальныя» для «кветкавых пунктаў» дні года ўсё ніжэйшая. Быў час, калі за адзін дзень — 14 лютага або 8 сакавіка — на продажы кветак можна было зарабіць суму, роўную «айцішнай» зарплаце за месяц. Але сёння ў людзей ёсць на што траціць грошы і акрамя «празмернасцяў» накшталт кветак. І ўсё ж, усё ж...

Пра рыцарства і крэатыў

Уласна кажучы, у прадаўцоў кветак падрыхтоўка да свят — закаханых і, вядома ж, 8 Сакавіка — пачынаецца з першымі днямі апошняга месяца зімы. Спачатку закупляецца дэкор — стужачкі і скрыначкі, «валянцінкі» і паштоўкі, а таксама тэматычная ўпаковачная папера адразу на тры святы (бо на 23-га лютага мужчынам таксама часам уручаюць букеты). І ўжо цяпер, за некалькі дзён да 14-га, у кветкавыя крамы пачынаюць наведвацца закаханыя.

— Галоўнае свята для нас, вядома ж, 8 Сакавіка. Але і 14 лютага — важны дзень, — дзеліцца Карына, якая гандлюе кветкамі ў павільёне аднаго з гандлёва-забаўляльных цэнтраў сталічнага Сухарава.

Яна распавядае, што на 8 Сакавіка выручка дасягаецца колькасцю (няма такога мужчыны, які не заклапаціўся б набыццём хоць бы самых сціплых кветак у гэты дзень). Але купляюць часцей за ўсё цюльпаны, а яны адчувальна таннейшыя за ружы. З аднаго боку, цюльпаны — сімвал вясны і Міжнароднага жаночага дня, з другога — ахапак цюльпанаў выглядае больш выйгрышна за тры ружы, а абыдзецца больш танна. Так-так, і закаханыя мужчыны часцяком думаюць меркантыльна. Кінуць да ног каханай «мільён пунсовых руж» гатовы далёка не кожны.

А вось на Дзень закаханых выручка дасягаецца якраз якасцю: у гэтае свята часцей выбіраюць усё ж ружы (або дарагія букеты). І дораць іх больш шчыра — не таму, што «такая традыцыя» (як часам бывае ў Міжнародны жаночы дзень — цешчы, калегам жаночага полу і гэтак далей), а сапраўды «па закліку сэрца».

— Самы стандартны варыянт — тры ружачкі, — кажа суразмоўца. — Але бываюць і выключэнні. У мінулым годзе, напрыклад, адзін мужчына якраз у Дзень закаханых купіў у мяне 47 руж — па ліку гадоў сваёй каханай. У мяне ў канцы дня столькі не было — прыйшлося «займаць» у суседкі.

Занадта шмат кветак на адным пункце ніколі не бывае, бо гэта далікатны тавар, кажа суразмоўніца. Яна распавядае, што ў будні не знаходзіць «гаспадароў», і трапляе ў смецце каля 15 % ад кожнай партыі кветак, прывезенай на гандлёвы пункт. Гэта звычайныя «выдаткі вытворчасці» кветкавага бізнесу (кошт для пакупніка, дарэчы, фарміруецца з улікам і такога фактару).

— Гэта быў прыгожы жэст! — успамінае леташняга «аптовага пакупніка» Карына. — Мы з калегамі нават пазайздросцілі яго жонцы. Прыгадаўся яшчэ адзін выпадак, праўда, ён не мае дачынення ні да Дня Валянціна, ні да Міжнароднага жаночага дня. Мужчына, ужо ва ўзросце, купіў 17 руж на дзень нараджэння жонкі, а на паштоўцы пры нас напісаў (ручкі не было — у нас папрасіў): «Тебе опять 17 лет. Каждый твой день рождения хочет прибавить, а я скажу «нет!». Ну памятаеце, гэта радок са старой песні. Таксама добра прыдумаў! Заўсёды прыемна, калі мужчына праяўляе творчы падыход, не проста робіць птушачку дзяжурным «букецікам у цэлафане». На шчасце, нашы мужчыны ўсё яшчэ застаюцца рыцарамі, умеюць заляцацца да жанчыны і кветкі каханым дарыць не перасталі.

Хто ты, Валя?

«Валянцінкі» — яшчэ адзін артыкул даходу кветкавых кіёскаў 14 лютага. Каштуюць папяровыя «сэрцайкі» сёлета ў сярэднім ад 2 да 2,5 рубля, «валянцінкі» ручной работы — 3,5-5 рублёў у залежнасці ад складанасці дэкору. Дарэчы, калі самому святу шмат стагоддзяў, то «валянцінкі» з прызнаннямі — традыцыя адносна нестарая (пік папулярнасці папяровых сэрцайкаў з любоўнымі прызнаннямі ў Еўропе прыпадае на XVІІІ стагоддзе). Дзень закаханых упершыню пачалі святкаваць у Англіі ў раннім сярэднявеччы, пішуць гісторыкі, і тады «валянцінкі» адно аднаму людзі яшчэ не пісалі — у тыя часы нават сярод арыстакратыі ўменне чытаць і пісаць лічылася дзівацтвам. Так што, першымі «валянцінкамі» былі пернікі і піражкі ў форме сэрцайкаў. У Заходняй Еўропе Дзень Святога Валянціна адзначаюць з XІІІ стагоддзя, у Амерыцы — з 1777 года. У Савецкім Саюзе, дзе, як вядома, былі «первым делом самолеты, ну а девушки — потом», Дзень закаханых з'явіўся толькі ў пачатку 1990-х.

Хто такі заступнік закаханых Святы Валянцін — незразумела. 14 лютага каталіцкая царква шануе памяць адразу трох святых Валянцінаў: Валянціна Рымскага, Валянціна — біскупа Церні, а таксама Валянціна з рымскай правінцыі Афрыка. І гістарычных фактаў пра ўсіх трох амаль не захавалася. Але рамантычныя легенды з лішкам запаўняюць недахоп інфармацыі. Па адной з самых распаўсюджаных, у ІІІ стагоддзі нашай эры Рым вёў шматлікія войны, і імператар выдаў указ аб забароне сваім салдатам ствараць сем'і. Уладар палічыў, што сямейны чалавек у баі будзе берагчы сваё жыццё, думаць не аб вайсковай славе, а аб жонцы і дзецях. Але святар Валянцін меркаваў, што Бог ёсць любоў, і праводзіў абрад вянчання для кожнай пары, у кім бачыў сапраўдныя пачуцці, за што і прыняў пакутніцкую смерць, стаўшы нябесным заступнікам закаханых.

Аб перавагах пакупнікоў

Букет на Дзень Валянціна можна «прачытаць» — мая суразмоўніца тлумачыць, што менавіта ў гэты дзень пакупнікі часам пытаюцца ў прадаўцоў аб забытай «мове кветак». Не ўсе, вядома, гатовыя адказаць, але вось Карына — можа.

— Напрыклад, архідэі ў дар азначаюць «самая любімая». Я заўсёды раю фаленопсісы — яны таннейшыя за іншыя архідэі і даўгавечныя ў зрэзцы. А сябру жанчыне, якая проста падабаецца (напрыклад, калезе), варта падарыць альстрамерыі, яны — сімвал сяброўскай любові.

Хрызантэмы — сімвал вернасці і раскажуць, што каханне не згасла пасля многіх гадоў сумеснага жыцця, тлумачыць суразмоўніца. Астры сімвалізуюць шчырасць пачуццяў. А ружы, і гэта агульнавядома, — сімвал любові гарачай, асабліва чырвоныя. Сімволіка белых руж — чысціня намераў. Менавіта белыя і чырвоныя ружы — самыя запатрабаваныя кветкі і на Дзень закаханых, і на 8 Сакавіка (прычым чырвоныя часцей, чым белыя), кажуць прадаўцы. Хоць 14 лютага таксама часта мужчыны выбіраюць для каханых ружовыя ружы розных адценняў.

— Сёлета чамусьці «пайшлі» ружы крэмавых і жоўтых тонаў, — кажа Карына. — Раней жоўтыя ружы лічыліся «веснікамі расстання», цяпер ніякіх негатыўных асацыяцый не выклікаюць — проста яркі, жыццярадасны букет. На фоне нашай шэрані надвор'я яны выглядаюць сапраўды вельмі радасна. У мінулыя гады тыя ж крэмавыя ружы не былі моцна запатрабаваныя. Можа быць, гэта звязана з моднай цяпер гамай у вопратцы? Пад светлы кажушок крэмавыя ружы — сапраўды вельмі прыгожа.

А наогул, рознага роду нестандартныя варыянты (аранжавыя, цёмна-бардовыя або двухколерныя ружы) у асноўным выбіраюць дзяўчаты (прадаўцы распавялі, што яны на 14-га таксама часта набываюць кветкі — для мамы, бабулі, часам — для сястры або блізкай сяброўкі). Мужчыны ж аддаюць перавагу класіцы — букет чырвоных руж, звычайна тры ці пяць штук, без дэкору.

— Ці ўжо адразу бяруць гатовую фларыстычную кампазіцыю, — кажа суразмоўца.

Некаторыя думаюць, што букет фларысты складаюць з некандыцыйных «рэшткаў», але прадаўцы сцвярджаюць, што гэта не так: у букет заўсёды ідуць найлепшыя, самыя буйныя кветкі, каб ён стаяў даўжэй і выглядаў даражэй.

— Рэшткі ў букеты дадаваліся гадоў 15 таму, — тлумачыць Карына. — Цяпер вельмі прыдзірлівыя пакупнікі, цэны на кветкі высокія, канкурэнцыя вялікая. Каб ваш букет купілі, ён павінен выглядаць багата. І важна, каб з яго на наступны дзень не давялося выцягваць кветкі, якія завялі — інакш пакупнік да вас больш не вернецца.

Ружы, вядома, пакупнікам падабаюцца высокія: стройныя, на доўгай ножцы. Але ў прадаўцоў — сваё меркаванне:

— Сэнс плаціць за высокае сцябло ёсць, толькі калі вы дорыце адну ружу (дарэчы, нядрэннае рашэнне, бо адна прыгожая, пышная ружа ў дар з мовы кветак перакладаецца як «ты мая адзіная»). Калі руж вы плануеце падарыць хоць бы тры ці пяць, навошта плаціць за «ножку»? Ружы з больш кароткімі сцёбламі лепш выглядаюць у вазе, і несці іх у руках больш зручна. Але гэта пытанне прэстыжу: з 1990-х лічыцца, што доўгія ружы — гэта дорага-багата. Яны сапраўды даражэйшыя, але ж не ў гэтым справа...

Зрэшты, прадаўцы кажуць, што маладое пакаленне далёкае ад стэрэатыпаў і думае іншымі катэгорыямі. Напрыклад, любіць дарыць каханым дзяўчатам рамонкі. Гэта, аказваецца, дастаткова распаўсюджаны запыт.

— Таму я заўсёды заказваю рамонкавую хрызантэму — у яе суквецце па форме падобнае на рамонак лугавы. Букет з 7—9 галінак выглядае міла і пяшчотна. І ў зрэзцы яна даўгавечная.

Ужо запатрабаваныя цюльпаны (у асноўным светлых колераў), хоць, вядома, пік іх продажаў прыйдзецца на 8 Сакавіка. А яшчэ часам просяць дадаць у букет гваздзічкі (праўда, не чырвоныя, а ружовыя, фіялетавыя, белыя). У старэйшага пакалення — тых, каму 40—45 гадоў і больш — гваздзік асацыіруецца ў асноўным з кветкамі, якія ўскладаюць да помнікаў (і купляюць на пахаванне). Маладое пакаленне свабоднае і ад гэтага стэрэатыпу — для іх гваздзік не мае ніякай ідэалагічнай афарбоўкі — проста далікатная і пяшчотная кветка, якая ўпрыгожыць букет. На мове кветак, дарэчы, гваздзік — сімвал вернасці ў каханні, і сёння ў продажы ёсць шмат яго разнавіднасцяў. Напрыклад, многім падабаецца гваздзік Шабо (ён расце пухнатымі «кусцікамі» і дорыць пяшчотны пах).

— Я, дарэчы, сама люблю гваздзікі, часам купляю галінку Шабо дадому, каб прыемна стаяла ў вазе, — кажа Карына.

Адкуль такія цэны?

Буйныя ружы, якія прадаюць сёння ў кветкавых кіёсках, прыехалі ў Беларусь у асноўным з Калумбіі, Кеніі і Эквадора. У залежнасці ад вышыні і памеру бутона каштуюць трапічныя ружы паслядоўна: 5.50, 6.50, 7.50, 8 рублёў за штучку і 10 рублёў — самыя буйныя. Вялікі сёння выбар і беларускіх руж: на вакзале, напрыклад, імі гандлюе цэлы шэраг кіёскаў. Можна знайсці па 2.40 (трэба заўважыць, што з мінулага года цэны практычна не выраслі), буйнейшыя каштуюць 3 рублі за кветку. Нашы паўночныя ружы маюць невялікія бутоны, адрозніваюцца тонкімі сцёбламі, затое не «б'юць па кішэні». Але, у прынцыпе, па выніку выходзіць «тое на тое» — бо айчынныя ружы добра выглядаюць у кампазіцыі ад 10 штук, а паўднёвых, буйных, можна купіць і тры штучкі, каб букет выглядаў эфектна.

У крамы і гандлёвыя павільёны кветкі прыязджаюць пакаваннямі. Набываюць іх у буйных аптавікоў, якія, уласна, і закупляюць тавар у замежных вытворцаў. Крамы плацяць за партыю прыкладна ў два разы вышэй першапачатковай закупачнай цаны: аптавікі закладваюць у гэтую суму транспарціроўку, мытныя выдаткі, фітасанітарны кантроль. Акрамя таго, рознічныя прадаўцы дадаюць уласны невялікі працэнт — і гэта ўжо цана для нас з вамі. Шлях айчынных руж да пакупніка карацейшы, адпаведна, і цэны ніжэйшыя. Прадаўцы кажуць, што на святы нацэнка не павышаецца: яны зарабляюць толькі на павелічэнні продажаў. Але ў закупцы напярэдадні 14 лютага і аж да сярэдзіны сакавіка кветкі традыцыйна становяцца даражэйшымі.

— Хоць аб'ектыўна зараз цэны на кветкі не сказаць, каб вельмі высокія. Пагадзіцеся, на фоне цаны, напрыклад, таго ж кілаграма свініны ружачка каштуе не так і шмат, — кажа «суседка» і калега Карыны Валянціна.

Імпартныя ружы — у залежнасці ад вышыні — на сёння (напярэдадні Дня закаханых), як ужо гаварылася, у сярэднім абыдуцца пакупніку ад 5.50, хрызантэмы — па 11 рублёў за галінку, гваздзікі і цюльпаны — па 3.50 (апошнія можна знайсці і па 2.50 за кветку), архідэя фаленопсіс — таксама 7 рублёў за галінку. Спыняючы выбар на фларыстычнай кампазіцыі (букеце або кошыку), будзьце гатовыя расстацца з сумай ад 50, але хутчэй за ўсё — 65—68 рублёў. Букет з беларускіх руж (21 кветка колеру залацістага шампанскага) будзе каштаваць у межах 52 рублёў.

Вядома, параўнанне цэн на кветкі з прадуктамі харчавання не зусім карэктнае: ежа — фізічная надзённая патрэба, а кветкі — хутчэй, патрэба духоўная. Але ж не хлебам адзіным жывы чалавек, пераконваюць прадаўцы кветак. Іншы раз «спажытак духоўны» важны не менш за яго.

Жыве кветка па-рознаму, архідэя ў зрэзцы можа прастаяць і тры тыдні, хрызантэма — два. Ружы гарантавана пратрымаюцца тыдзень, хоць пра калумбійскія прадаўцы кажуць: «Гэтыя стаяць два тыдні мінімум». Зрэшты, усё залежыць ад догляду. У вазу з хрызантэмамі, напрыклад, вады трэба наліць на траціну, цюльпаны таксама ваду не любяць — наліваем яе толькі да лісцікаў. А вось ружа мае патрэбу ў вялікай колькасці вады: ёй неабходна цэлая ваза. Можна дадаць у ваду дзве чайныя лыжкі цукру (на літр) або растварыць аспірын — гэта падоўжыць ружам жыццё. І, вядома, любыя кветкі любяць прахалоду — так бутоны раскрываюцца больш павольна.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.