Вы тут

Учора ў фае Вялікага тэатра Беларусі адкрылі выставу твораў Аляксандра Касцючэнкі


Ён быў галоўным мастаком тэатра, на сцэне дагэтуль ідуць спектаклі з яго сцэнаграфіяй. Напрыклад, опера «Царская нявеста», якую давалі ўвечары, падмацавала ўражанне ад яго работ, што размясціліся ў фае. Такім чынам тэатр аддзячыў і ўзгадаў Аляксандра Касцючэнку, які мог бы 9 лютага святкаваць 65-годдзе...


У памяць пра яго сёння ўвечары адбудзецца паказ балета «Ганна Карэніна», над сцэнічным афармленнем якога ён таксама працаваў як мастак. Між іншым, гэта апошняя яго праца. 

З творчасцю Аляксандра Касцючэнкі сустракаліся прыхільнікі розных беларускіх тэатраў — ён працаваў у Музычным тэатры, Тэатры імя Максіма Горкага, рабіў сцэнаграфію для спектакляў Купалаўскага тэатра ў Мінску і Коласаўскага ў Віцебску, супрацоўнічаў з Маладзёжным тэатрам. 

Галоўным мастаком Вялікага тэатра Беларусі Касцючэнка стаў у 2009-м. А ў 2017-м яго праца над пастаноўкай оперы Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда» была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Паколькі мастак у тэатры — частка вялікай каманды, якая працуе над пастаноўкай, то складана яго творчасць адасобіць, вылучыць у асобную лінію, бо ёсць творчая задача, прадугледжаная аўтарамі і рэжысёрам. Дарэчы, макет сцэны да оперы «Царская нявеста» створаны Аляксандрам Касцючэнкам, змешчаны на выставе дзеля таго, каб мы зразумелі, як паўстаюць спектаклі, над якімі задачамі працуюць мастакі. А лепш зразумець творцу якраз і дапамагае выстава яго жывапісных прац. Ён жа меў выдатную мастацкую адукацыю — скончыў славутую «Глебаўку», а пасля Тэатральна-мастацкі інстытут. Творчасць была таксама важнай часткай яго жыцця. Працы, што прадстаўлены на выставе, розныя па жанры (ад нацюрмортаў да твораў філасофскай тэматыкі), але іх аб’ядноўвае прага жыцця і святла. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.