Вы тут

Лукашэнка: Нам будзе што сказаць народам Беларусі і Расіі на Вышэйшым дзяржсавеце


Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшла ў падмаскоўным Нова-Агарове. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмеркавалі пытанні эканомікі, абароны і бяспекі, якія на сёння ў роўнай ступені важныя.


Мы ведаем, куды ісці і што рабіць

«Усё, аб чым мы дамаўляліся з вамі ў свой час, зусім нядаўна, месяцы тры таму, па абароне і бяспецы, беларускі бок 100 % выканаў па мінулым годзе. І нават больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на пачатку сустрэчы.

Ёсць рух і ў мікраэлектроннай прамысловасці: «Мы перажывалі з вамі, што сапраўды недзе вельмі завязаныя былі на імпарт. Вось праз тыдзень у мяне якраз нарада ў тым ключы, пра што мы гаварылі ў Сочы з Вамі. Мы мікраэлектронную прамысловасць — тое, што было ў Саюзе, як Вы сказалі, — захавалі. З расіянамі дамовіліся — тымі кампаніямі, якія таксама ад Саюза засталіся. І сёння спецыялісты кажуць: «Не хвалюйцеся, перадайце Уладзіміру Уладзіміравічу, мы выканаем усё неабходнае». Ну, трошкі габарыты будуць большыя, але ў найбліжэйшы час... Мы ведаем, куды ісці і што рабіць. Гэта самае галоўнае. Людзі разумеюць».

«З імпартазамяшчэннем мы рушылі. Не скажу, што вырашылі ўсе пытанні, але рушылі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што па выніках 2022 года Расія і Беларусь маюць беспрэцэдэнтны абарот таварамі і паслугамі: «$50 млрд. Каля $44 млрд, як Вы сказалі, па таварах. І яшчэ паслугі».

«Пасол мне па дарозе дакладваў, прыемна мяне здзівіла, што вашыя кампаніі на больш за $ 300 млн замовілі ў нашых айцішнікаў прадукту. Заплацілі больш за $ 300 млн. Усе крычалі: «Вось, з Беларусі разбегліся, у Расіі сышлі і іншае...» Толькі ў Беларусі замовілі у Расіі на 300 мільёнаў і заплацілі. А калі ўзяць айцішнікаў расійскіх — там некалькі мільярдаў долараў. Так што нават тут «міралюбівым» краінам не атрымалася нас так заціснуць, што лепшыя розумы, як яны казалі, збеглі з нашых краін. Значыць, імпартазамяшчэнне ўсё-ткі прасоўваецца», — сказаў Прэзідэнт.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў Беларусі дзякуючы намаганням улад змаглі захаваць прадпрыемствы, створаныя яшчэ ў савецкія гады, і вывесці іх на новы ўзровень развіцця. «Вынікамі гэтага развіцця мы разам можам сёння скарыстацца. Больш за тое, аб'ядноўваючы намаганні, мы ствараем нейкую сінергію. З аднаго боку — вашы магчымасці ў сферы прамысловасці, з другога боку — патрэбы нашага рынку і дадатковыя намаганні з боку расійскіх прадпрыемстваў, інжынераў, нават навуковай школы. Усё гэта складваецца вельмі эфектыўна па некаторых галінах. Мы спадзяёмся на добры вынік як для Беларусі, так і для Расіі», — заявіў Прэзідэнт Расіі.

«Учора, дарэчы, глядзеў вашу прэс-канферэнцыю. Я падзяляю вашы пазіцыі і падыходы», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Ключавыя моманты вырашаны

Аляксандр Лукашэнка на перагаворах паведаміў свайму расійскаму калегу, што саюзныя праграмы з Расіяй, якіх усяго налічваецца 28, ужо выкананы на 80 працэнтаў.

«Паглыбляемся, усё робім для таго, каб неяк пераадолець тыя бар'еры, якія нам штучна ствараюць. Я не гавару знарок аб харчаванні. Мы забяспечылі харчовую бяспеку. Не кажу пра тое, што людзі павінны быць апрануты. Мы гэта зрабілі па ўсіх напрамках. Таму станоўчыя зрухі прыстойныя. Нам будзе што сказаць народам Беларусі і Расіі на Вышэйшым дзяржаўным савеце», — адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін, рэагуючы на сказанае, падкрэсліў: «Ну і не толькі сказаць, але, мне здаецца, і разам з калегамі намеціць шляхі далейшага развіцця».

«Абсалютна. 28 праграм, якія мы намецілі з вамі, пад 80 працэнтаў ужо выкананы, — сказаў у працяг тэмы Аляксандр Лукашэнка. — Але там, вы адзначалі гэта ў Піцеры, гуманітарныя (пытанні. — «Зв».) у нас у асноўным засталіся. А вось мытныя, падатковыя — мы законы прынялі».

«Ключавыя моманты вырашаны», — пагадзіўся Прэзідэнт Расіі. «Так, ключавыя вырашаны», — пацвердзіў кіраўнік беларускай дзяржавы. Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым выказаў упэўненасць, што ўсё гэта, безумоўна, «будзе рабіць нашу эканоміку яшчэ больш канкурэнтаздольнай».

«Вы калісьці ў ЕўрАзЭС паставілі пытанне аб кааперацыі ў галіне авіябудавання. Дык вось я вам павінен далажыць, што беларусы робяць для МС-21 (расійскі сярэднемагістральны вузкафюзеляжны пасажырскі самалёт. — «Зв».) і Superjet 100 (расійскі блізкамагістральны вузкафюзеляжны пасажырскі самалёт. — «Зв».). да тысячы камплектуючых. У нас тры заводы. Два ваенныя і адзін грамадзянскі. Яны раней былі рамонтнымі. Сёння ўжо вырабляюць камплектуючыя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ў Беларусі гатовы выйсці на вытворчасць самалёта Су-25 «пры адпаведнай невялікай тэхналагічнай падтрымцы Расійскай Федэрацыі».

Наладзілася супрацоўніцтва і паміж прадпрыемствамі, якія раней лічылі адно аднаго канкурэнтамі. Гэта, у прыватнасці, МАЗ і КАМАЗ. «У нас заўсёды, памятаеце, КАМАЗ, МАЗ — нейкая цяганіна была. А зараз і канкурэнцыі ніякай. Мы выпускаем тавары для КАМАЗа — камплектуючыя, КАМАЗ робіць для нас. Калі сышлі асобныя кампаніі (заходнія. — Зв.), вось так працуюць. І рынку хапае», — канстатаваў беларускі Прэзідэнт.

Разам з тым, паводле яго слоў, яшчэ ёсць над чым працаваць. Пэўныя праблемныя моманты ёсць у пытаннях кааперацыі.

У парадку дня сустрэчы лідараў Беларусі і Расіі былі таксама пытанні ўмацавання Саюзнай дзяржавы, рэалізацыя саюзных праграм. «Яны адпрацаваны нашымі калегамі ва ўрадзе. Гэта стварае ўмовы, базу для таго, каб рухацца наперад па развіцці нашай кааперацыі, перш за ўсё, вядома, у эканамічнай сферы», — дадаў Уладзімір Пуцін.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.