Вы тут

«Думы мае, думкі, летуценні мае...»


«...Думы мае, думкі, кусачыя пчолкі, крылатыя птушкі, лятучыя болкі! Дзе згубілі джала, дзе страцілі крылкі, дзе дажджом зляцелі?

Хто пакалечыў вас? Хто, які злоснік скрывіў вас без жалю, на шкоду, у дрэнны бок, на адзін бок?

Паўзуць бяскрылыя, памоклыя, змораныя па пустой дарозе ў сівым пыле...

Чаму не джыгастыя?

Думы мае, думкі, летуценні мае...»

Пісьменнік-мысляр, творца, які ўзняў узровень беларускай псіхалагічнай прозы да сусветнага ўзроўню, разважаў пра дзве душы беларуса і родныя карэнні, Максім Гарэцкі, загінуў у досыць маладым веку... Асуджаны на смерць несправядліва, без віны. Але спадчына яго настолькі вялікая, глыбокая, што яшчэ на вякі дасць падставу для роздуму беларусам. Сёння, з нагоды 130-годдзя класіка, мы запрасілі да дыскусіі аб ім на старонках «Звязды» вядомых навукоўцаў. У гаворцы бяруць удзел дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван САВЕРЧАНКА, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі доктар філалагічных навук Яўген ГАРАДНІЦКІ, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі доктар філалагічных навук Ганна КІСЛІЦЫНА, загадчык аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі НАН Беларусі доктар філалагічных навук Валерый​ МАКСІМОВІЧ, архівіст, філолаг Ганна ЗАПАРТЫКА, загадчык кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат навук, дацэнт Ганна БУТЫРЧЫК.


Які твор Максіма Гарэцкага для вас самы значны і чаму?

І. Саверчанка: На маю думку, ім з'яўляюцца «Скарбы жыцця». У чарнавым варыянце твор меў красамоўную назву «Лебядзіная песня». У замалёўцы «Бачу я поўную хату людзей...» Гарэцкі сфармуляваў ідэю бясконцасці жыцця. Пісьменнік прытрымліваўся глыбока народнага стаўлення да смерці, якую належыць сустракаць без адчаю, як праяву натуральнага колазвароту часу і падзей. Навела «Гарматы грукаюць...» адлюстроўвае неўпарадкаванасць зямнога жыцця, вайсковае сутыкненне народаў, што паслужыла прычынай бясконцых людскіх трагедый. Запаветную надзею Гарэцкага на сапраўднае адраджэнне беларускага народа, яго выйсце ў шырокі свет утрымлівае замалёўка «Радзіўся я ў балоце...» У мікранавеле «Светач жыцця майго...» пісьменнік выказаў нясцерпны боль і невымоўную крыўду з-за таго, што быў пазбаўлены магчымасці вольна тварыць, належным чынам бараніць матчыну мову і родную зямлю: «Светач жыцця майго гарэў цьмяна. Ваканіцы волі мае былі зачынены глуха... Пасохлую ніву маю тапталі, дратавалі, з гора майго кпілі. Была нязносная мне крыўда... Скарбы мае, скарбы бясцэнныя! Што з вамі робяць! Як жа мне жыць...»

Г. Запартыка: «Камароўская хроніка». Прыклад сакралізацыі памяці пра свой род, сям'ю, эпоху і яе «малых» герояў, незаўважных і непрыкметных для «вялікай» гісторыі і навукі аб ёй. Цэнтрам яго сусвету была Малая Багацькаўка — мілая родная вёсачка на Магілёўшчыне. Гэта не проста літаратурны твор, жанр якога канчаткова вызначаны як аповесць, гэта крыніца, ці нават збор крыніц, па сацыяльнай гісторыі грамадства за паўтары стагоддзі. Да таго ж і аўтабіяграфічная крыніца. Алесь Адамовіч называў гэты твор эпапеяй-дзённікам.

Я. Гарадніцкі: Для мяне найбольш адметны твор Максіма Гарэцкага — гэта «Лявоніус Задумекус». Гэты твор, які аўтар пісаў у надзвычай складаных жыццёвых абставінах, пакуль што не ацэнены па-сапраўднаму. Звычайна звяртаюць увагу на яго незавершанасць. Аўтар папросту не меў магчымасці «перабяліць» чарнавік. І ўсё ж самая форма аповеду ў гэтым творы, яго нелінейнасць, фрагментарнасць, свабодная спалучанасць асобных сцэн, уражанняў і медытацый, паказвае на свядомае выкарыстанне менавіта такога спосабу структурнай арганізацыі. Аповед вядзецца героем пераважна ў будучым часе, толькі зрэдку ў асобных мясцінах перамяжоўваючыся звыклым для празаічнага дыскурсу мінулым часам. Гэта зрушвае і міфалагізуе малюнак рэальнасці, надае ёй містэрыяльную значнасць.

В. Максімовіч: У творах Гарэцкага моцна выяўлены канфлікт, светапогляднае супрацьстаянне, высокі накал драматызаванага пачуцця. Чалавек змушаны рабіць свой выбар. І «На імперыялістычнай вайне» — самы, як на мой погляд, паказальны твор. Ды драматызм яго — толькі як сюжэтастваральная аснова. Ідэя ж твора — у пропаведзі ідэі мірнай, чалавекалюбнай, у закліку спыніць назаўсёды цывілізацыйныя калатнечы, войны, канфлікты і ўсім разам займацца стваральнай працай.

Г. Кісліцына: Прасцей сказаць, які твор самы любімы, самы перачытваны. Гэта, безумоўна, «Скарбы жыцця». Я добра помню, як мяне накрыла эмоцыямі пасля першага прачытання. Мяркуецца, што празаік пісаў яго ў 1932—1935, 1937 гг., таму зразумела, што весялосці ад яго чакаць не даводзіцца. Але не прыналежныя беларускім аўтарам горкая іронія, сарказм, спецыфічны чорны гумар пры апісанні шакавальнай рэчаіснасці, дзе правяць баль гвалт і несправядлівасць, робяць гэты твор абсалютна адметным па інтанацыі. Вусцішнасць «Скарбаў жыцця» цалкам катарсічная! Прызнаюся, што я б ніколі не разгадала самастойна ўсе сімвалы і алегорыі, зашыфраваныя ў гэтым творы, таму яшчэ раз хочацца падзякаваць літаратуразнаўцам, якія парупіліся над яго публікацыяй і тлумачэннем.

Г. Бутырчык: Не думаю, што буду надта арыгінальнай, калі пачну з аповесці «Дзве душы». Праз гэты твор арганічна прарастае значная частка праблематыкі ўсёй беларускай літаратуры, у прыватнасці, трагічная гісторыя беларуса-мысляра, беларуса-думанніка, які дбае пра духоўнае адраджэнне бацькаўшчыны. Невыпадкова Ігнат Канчэўскі — аўтар знакамітай кнігі «Адвечным шляхам. Даследзіны беларускага светагляду» імя галоўнага героя, Ігнат Абдзіраловіч, узяў сабе за псеўданім. Не магу не згадаць выспу Патмос, у якой Максім Гарэцкі бачыў ратунак і збавенне, крыніцу душэўнай раўнавагі і прытулак для выгнанніка. Выспай Патмос пісьменнік назваў творчую працу, вынікі якой падведзены ў філасофска-алегарычных і ў значнай меры спавядальных «Скарбах жыцця».

Што ў асобе Максіма Гарэцкага самае адметнае, што магло б паслужыць падставай для міфатворчасці?

І. Саверчанка: Ён з'яўляецца ўзорам самаадданага служэння Беларусі, сімвалам ахвярнай і бескарыслівай працы. Варта прасачыць станаўленне творчай асобы Максіма Гарэцкага, узнавіць яго светабачанне на розных этапах жыцця, рэканструяваць уздзеянне на яго творчасць нацыянальнай міфалогіі і традыцыйнай беларускай культуры.

Я. Гарадніцкі: Паўставанню феномена Максіма Гарэцкага спрыялі, на маю думку, дзве акалічнасці: рана абуджанае і няўхільнае нацыянальнае ўсведамленне, якое вяло да самаадданага служэння ідэі духоўнага адраджэння народа, і неспатольная прага мастацкага самавыяўлення. Не можа не здзіўляць і не захапляць ягонае мужнае трыванне, адданасць роднаму стваральнаму слову ў любых, нават найгоршых жыццёвых абставінах!

Г. Запартыка: Радкі ўспамінаў Андрэя Сухога: «Ласкавасць, чуласць, пранікнёнасць гарнулі да яго людзей. Ён меў вялікі дар чалавечнасці, крыштальнай людской дабраты»; Веры Маслоўскай: «Любіў Максім Гарэцкі жартаваць, смяяцца. Вельмі ахвочы быў да песень і не раз спяваў з курсантамі». Быў вельмі сціплы. Усё гэта і ёсць адметным ў асобе Максіма Гарэцкага, але ці можа яно служыць падставай для міфатворчасці? А вось яго шляхі-дарогі — многае да канца не даследавана. Варта запісаць на гэты рахунак месяцы яго лячэнне пасля ранення ў віленскім шпіталі, дзе «працавала міласэрнаю сястрою і клала пад падушкі «Нашу Ніву» нябожчыца Цётка», яго фізічныя пакуты і жыццё, каб лячыцца, у Маскве, Магілёве, Жалезнаводску, «прыпынкі» ваеннаабавязанага: Пскоў, Старая Руса, Гомель, Жлобін, Асіповічы, «пешшу з Урэчча да Слуцка», пасля Паўлаўскае вучылішча і накіраванне ў 1916 годзе ў Іркуцк, куды захоча адведацца ў 1926 годзе. І гэта толькі частка «таямніц» Максіма Гарэцкага.

В. Максімовіч: Само слова «міфатворчасць» у дадзеным кантэксце, як думаецца, мае не вельмі станоўчую канатацыю. Сэнс яго неяк міжволі звязваецца са значэннем выдуманасці, змістыфікаванасці, падманнасці. Тыпу, давайце сканструюем нейкую кідкую фішку, абставім яе як след рознымі доказамі, дадзім ёй пэўную назву і пусцім у вялікі свет. Галоўнае — каб было праўдападобна. У выпадку з Гарэцкім нічога выдумваць, падтасоўваць не трэба. Гэта вялікі чалавекалюб і праўдалюб, знаўца чалавечай душы, міратворац, які стаіць на варце чалавечай духоўнасці, чысціні, маральнасці.

Г. Кісліцына: Я часта паўтараю, што не можа быць нічога цікавейшага за праўду. Бо лёс Гарэцкага, лёс яго сваякоў, іх узаемаадносіны — гэта суцэльны раман. Напрыклад, шмат хто ведае гісторыю трагічнай смерці яго сястры Ганны, але мала хто ведае, напрыклад, што пасля яе смерці скончыў жыццё самагубствам яе каханы. Больш за тое, па яго смерці сябры выдалі невялікую кнігу, яму прысвечаную (ведаю, што адзін асобнік захоўваецца ў Пецярбургскай публічнай бібліятэцы). Нямногія чыталі перапіску Максіма Гарэцкага з жонкай, а, між тым, гісторыя іх кахання магла б стаць асновай для любоўнага рамана. Ну і факт таго, што з успамінаў Галіны Максімаўны Гарэцкай нарадзілася «Блакадная кніга» Алеся Адамовіча і Данііла Граніна мне здаецца фенаменальным, бо ёсць сведчаннем таго, што ад сапраўднага таленту загараецца новы талент, хоць шляхі такой творчай пераемнасці не адразу відавочныя.

Г. Бутырчык: На мой погляд, міфалагічным локусам, месцам з'яўляецца востраў Патмос — месца творчасці і сама творчасць — востраў, на якім збіраюцца аlter ego пісьменніка, як на ўзроўні псеўданімаў, якія ён у розныя часы выкарыстоўваў (Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус), так і на ўзроўні герояў-думаннікаў (Іганат Абдзіраловіч, Лявоніус Задумекус).

Аналізуючы беларускі менталітэт, Максім Гарэцкі звяртаўся да сакральна-містычнага... Наколькі актуальны сёння яго падыход?

І. Саверчанка: Феномен беларусаў як асобнай еўрапейскай нацыі з глыбокай гісторыяй і вялікай культурай дагэтуль як след не раскрыты. Сто гадоў назад Максім Гарэцкі і іншыя беларускія адраджэнцы першымі паспрабавалі разгадаць таямніцу беларусаў, выявіць асаблівасці менталітэту нацыі, паказаць яе духоўны патэнцыял. На пачатку творчага шляху Гарэцкі звярнуўся да мастацкага асэнсавання фантастычных і загадкавых з'яў. Адно з яго ранніх апавяданняў мела красамоўную назву — «Патаёмнае» (1913). Твор пачынаецца сцэнай вяселля, якое паступова трансфармуецца ў дзіўную містэрыю. Пісьменнік даводзіў, што жыццём кіруе таямнічая сіла, а паміж рэальным і нерэальным светам не існуе трывалай мяжы. Філасофія пантэізму, жывой прыроды яскрава выявілася ў апавяданні «Цёмны лес» (1913). Прырода на старонках апавядання адухаўляецца: глухая пушча — «ракоча»; лісцейкі на бярозах — «гамоняць»; вецер — «злуецца». Такім чынам, Гарэцкі феномен беларусаў вытлумачыў асаблівымі адносінамі людзей з прыродай і навакольным асяроддзем.

Я. Гарадніцкі: Адна з асноўных тэм Максіма Гарэцкага — рэфлексія беларускага інтэлігента, выхадца з гушчы народнай, адносна свайго месца ў гістарычным працэсе фармавання нацыі, ягоныя адчуванні пэўнай раздвоенасці паміж адданасцю «родным карэнням» і выкананнем прызначанай яму місіі. Герой Гарэцкага не заўсёды можа прыняць народныя погляды і ўяўленні, пазначаныя прымхамі і страхамі. Аднак ён бачыць у гэтым таксама і адметную паэзію, сведчанне духоўнага жыцця народа, пошукаў адказу на таямніцы і загадкі быцця. Таямнічае, загадкавае, містычнае, па вялікім рахунку, звязвае героя-інтэлігента і героя «з народу», паказвае на іх генетычную блізкасць.

Г. Бутырчык: Сакральна-містычнае — важны складнік нацыянальнай ментальнасці, нацыянальнага вобразу свету, цікавасць да фальклору, да народнай міфалогіі будзе заставацца нязменнай праз стагоддзі, гэта — «роднае карэнне». Мы бачым, як «патаёмнае» Максіма Гарэцкага прарастае ў творах Уладзіміра Караткевіча, напрыклад. Сакральна-містычнае фарміруе сістэму каштоўнасцяў народа. Сакралізацыя гісторыі, сакралізацыя бацькаўшчыны.

Г. Запартыка: Максім Гарэцкі жыў сярод носьбітаў нацыянальнага сакральна-містычнага: народных вераванняў, песень і легенд. Яго брат згадваў: «Часта расказваў ён нам, меншым, казкі, страшныя апавяданні, пераважна выдуманыя самім». А пасля былі захапляльныя эпізоды ў яго творах, дзе апавядалася пра сны, дзівосных музыкаў, здані. Наколькі актуальны сёння яго падыход? Я б сказала — магчымы. Жанр фэнтэзі набыў папулярнасць і не страчвае сваей пазіцыі. Думаю, што ў беларускай міфалогіі больш чым дастаткова для яго сюжэтаў.

В. Максімовіч: Гарэцкі не проста так звяртаўся да сакральна-містычнага. Гэта быў своеасаблівы прыём, які даваў яму мажлівасць бліжэй падступіцца да разгадкі нацыянальнага менталітэту, акрэсліць адметнасці беларускага духу, рысы характару беларуса. Ці ж гэта дрэнна? А чаму не актуальна сёння? Мы заўсёды праяўляем увагу да чагосьці загадкавага, інтрыгоўнага, казачнага, містычнага, імкнёмся знайсці яго разгадку. Такім чынам мы разгадваем (ці робім спробу разгадаць) і саміх сябе. Сённяшняя лацінаамерыканская літаратура таксама адметная сваім зваротам да міфа, што зрабіла ёй сусветную славу (згадаем таго ж Борхеса). У асобных творах Гарэцкага фантазійны элемент набывае адзнаку стылю, пісьменніцкай канцэпцыі, звязанай з пэўным філасофскім падтэкстам. За прыгодніцкімі або дэтэктыўнымі гісторыямі таксама стаіць свая філасофія. Ці не праўда?

Г. Кісліцына: Усё ж як навуковец я стаю на матэрыялістычных пазіцыях і бачу ў гэтай цікаўнасці да містыкі перш за ўсё праяву часу з яго модай на пострамантызм, сімвалізм, экспрэсіянізм.

Як вы расцэньваеце дзейнасць Максіма Гарэцкага як навукоўца?

І. Саверчанка: Яго пяру належыць унікальная «Гісторыя беларускай літаратуры», а таксама шэраг артыкулаў па гісторыі і тэорыі літаратуры. Гарэцкі ўсебакова асэнсаваў літаратурны працэс на беларускіх землях ад XІ да XX ст. Ён сістэматызаваў багатую пісьмовую спадчыну паводле жанраў, родаў і літаратурных стыляў, вызначыў асноўныя мастацка-эстэтычныя здабыткі, прапанаваў уласную перыядызацыю літаратуры і акрэсліў уклад асобных творцаў у развіццё беларускага мастацкага слова.

Я. Гарадніцкі: Найперш, канешне, згадваюцца ягоныя літаратуразнаўчыя і літаратурна-крытычныя працы. У гэтым Гарэцкі працягваў традыцыю, закладзеную Максімам Багдановічам. Але не забудзем таксама, што Гарэцкі зрабіў немалы ўнёсак і як лінгвіст, і як фалькларыст, збіральнік народных духоўных скарбаў. Разумеючы, як шмат чаго не стае для развіцця маладой нацыянальнай культуры, ён працаваў на розных дзялянках. Разважаў пра значэнне тэатральнага мастацтва і сам ствараў наватарскія п'есы («Антон», «Жартаўлівы Пісарэвіч»).

Г. Запартыка: Максім Гарэцкі быў выдатным педагогам, літаратуразнаўцам, фалькларыстам, мовазнаўцам. Яго літаратуразнаўчыя працы ўпершыню стваралі нацыянальную літаратурную панараму. На яго «Гісторыі» выхоўвалася новае пакаленне настаўнікаў, школьныя праграмы напаўняліся імёнамі і творамі нацыянальнай літаратуры. У 1920-я гады ён быў адным з тых літаратуразнаўцаў і крытыкаў, якія з увагай ставіліся да маладога літаратурнага пакалення.

В. Максімовіч: Першая канцэптуальная «Гісторыя беларускай літаратуры» доўгі час была адзіным падручнікам для школ і ВНУ. Ён склаў «Хрэстаматыю беларускай літаратуры. ХІ век — 1905 год», склаў і выдаў «Руска-беларускі слоўнік» (разам з братам), «Маскоўска-беларускі слоўнічак», іншыя лексікаграфічныя працы. Яшчэ было зроблена шмат фальклорных запісаў, выдадзена зборнікаў, дадзена аб'ектыўная ацэнка тагачаснаму літаратурнаму працэсу. Аб аўтарытэце Гарэцкага-навукоўца сведчыць і той факт, што навукоўцы пазнейшых часоў бессаромна прысвойвалі сабе яго першаадкрыцці, канцэптуальныя высновы, карыстаючыся спецфондамі. І ніхто не спасылаўся на першакрыніцы, бо Гарэцкі быў рэпрэсіраваны, а пазней і расстраляны.

Г. Кісліцына: Ён рэальна быў пачынальнікам, а быць першым — гэта і адказнасць, і цяжар. Табе няма на каго спаслацца, няма з кім дыскутаваць, няма каго аспрэчваць. Ты як Бог, які стварае Зямлю, павінен паклапаціцца пра ўсіх, не маючы ўзору перад вачыма. Я бясконца цаню тое, што ён зрабіў, і зрабіў якасна, застаючыся пры гэтым выдатным стылістам!

Г. Бутырчык: Варта адзначыць і дзейнасць Максіма Гарэцкага як фалькларыста, які ад сваёй маці Ефрасінні Міхайлаўны запісаў песні і выдаў іх асобнай кніжкай «Народныя песні з мелодыямі» разам з Ягоравым. Народнай паэзіі, дарэчы, прысвечаны матэрыял у «Гісторыі беларускай літаратуры». Дасканалае веданне беларускага фальклору адчуваецца і ў апавяданнях пісьменніка, дзе «патаёмнае» — частка мастацкага ўніверсуму творцы. Перакладчыцкая дзейнасць таксама можа разглядацца як навуковая, асабліва калі размова ідзе пра пераклад «Слова аб палку Ігаравым», якое ў беларусаў з'явілася практычна адрачасова ў двух перакладах — Гарэцкага і Купалы.

Як бы вы апісалі прынцыпы філасофіі Максіма Гарэцкага?

І. Саверчанка: Максім Гарэцкі — унікальны пісьменнік-інтэлектуал, сапраўдны нацыянальны мысліцель. Ён з'яўляецца аўтарам геніяльнай аповесці «Дзве душы» (1918—1919), у якой выдатна ўвасобілася сацыяльная філасофія пісьменніка. Ён выступае за адраджэнне Беларусі, за сацыяльную справядлівасць, абараняе правы працоўных, патрабуе развіцця нацыянальнай адукацыі і культуры. Смела асуджае паноў-рэнегатаў, якія не падтрымлівалі палітычнай самастойнасці Беларусі. Гарэцкі зусім не схільны ідэалізаваць працоўны люд і мужыкоў. У аповесці менавіта сяляне забіваюць жонку пана Абдзіраловіча, пакінуўшы немаўля сіратой. Сяляне спалілі сядзібу Абдзіраловічаў, а сялянскі хлопчык Таўкач, у рукі якога трапіў альбом панскай сям'і, па-дзікунску распраўляецца з фотаздымкамі. У адрозненне ад павяхоўных прапагандыстаў-агітатараў, Гарэцкі якраз указваў на тое, што ў віхуры падзей для чалавека няма нічога пэўнага, зразумелага і яснага, усё надзвычай хістка і пераменліва, цьмяна і непрадказальна. Пры гэтым на старонках аповесці Гарэцкі аб'ектыўна паказваў, што пераход беларускай інтэлігенцыі на бок бальшавікоў — гэта лагічны вынік іх жыццёвага досведу, плён глыбокіх унутраных пошукаў.

Я. Гарадніцкі: Асноўныя праблемы, якія закранаюцца ў ягоных творах, гэта суадносіны калектыўнай і індывідуальнай свядомасці, нацыянальная ідэнтычнасць і менталітэт, чалавек і гісторыя, чалавек у экстрэмальных умовах, чалавек у пошуку духоўнай апоры.

Г. Запартыка: Ужо ў самых першых літаратурных спробах гучыць: «Я не хачу трываць! І не вытрываю. Бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю!» Ён быў шчырым ва ўсім — любіў радзіму да самазабыцця, любіў сям'ю, любіў сваю Багацькаўку і раптам: «Багацькаўка! Мая мілая і ўмесце тым пастылая Багацькаўка! Люблю я цябе з тваім садком, ляском... Люблю тваіх мілых, слаўных, вясёлых дзетак, тужлівых старычкоў і вясёлых пявунняў-дзевак. Ненавіджу тваю гразь, непрытульнасць. Скарэй нада набрацца сілухны і пачаць варушыць камяні»... — гэта з прадмоўкі-прысвячэння да «Хрэстаматыі беларускай літаратуры». А таму, што не ўмеў хлусіць, у тым ліку і сабе самому. «Думаць сэрцам» было яго галоўным прынцыпам.

В. Максімовіч: З творчасцю Гарэцкага звязана найперш устаноўка на экзістэнцыялізацыю духоўнага свету героя нацыянальнай літаратуры. Яна праявіла сябе ў пакутлівых роздумах героя Гарэцкага — самарэфлексаванага, удумлівага, з вострай рэакцыяй. Трагізм рэальнасці — у немагчымасці дасягнення героем паўнавартаснай рэалізацыі, ён адчувае горыч адрынутасці, асуджанасці на адзіноту. Канфлікт героя ўспрымаецца перадусім як канфлікт яго з самім сабой. Асаблівае месца ў творчай спадчыне пісьменніка займаюць дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне». Ён паспрабаваў выявіць надзвычай складаны комплекс пачуццяў чалавека на вайне, дзе ў супярэчлівым адзінстве перапляліся свядомае і падсвядомае, рацыянальнае і ірацыянальнае, нізкае і высокае, гуманнае і антыгуманнае. Пісьменнік задаецца пытаннем пра асабістую адказнасць чалавека за здзейсненае. Згодна з яго мастацкай канцэпцыяй, не можа быць ніякага апраўдання віны, зробленаму выбару, асабліва калі гэта тычыцца лёсу іншага.

Г. Кісліцына: Разглядаць яго творчасць у рэчышчы філасофіі экзістэнцыялізму, безумоўна, слушна. Але я б, напэўна, назвала больш шырокае паняцце — антрапацэнтрызм. З аднаго боку, Гарэцкі ставіць патрэбы чалавека мярылам усяго, што адбываецца, з другога — гэты самы чалавек часцяком у яго творах супадае з самім аўтарам. Чалавек у Гарэцкага — не ўладар сусвету, але і сусвет, які не ўлічвае яго пачуццяў, страхаў, жаданняў, мараў, ігнаруе прыватнае, — антыгуманны і чужы. Гэтае пачуццё безабароннасці чалавека перад тварам гістарычных падзей — асноўны нерв яго творчасці.

Г. Бутырчык: Відавочна, што паводле сутнасці сваёй яго філасофія экзістэнцыяльная, бо ставіць пытанні чалавечага існавання: што такое жыццё і смерць? у чым сэнс чалавечага існавання? што ёсць чалавек? якой чалавек бачыць сваю будучыню? як пераадолець страх? і г. д. Адметнасць у тым, што, гаворачы ад імя сваіх герояў (а большасць твораў пісьменніка — аўтабіяграфічная), пісьменнік думае за Беларусь. Яго экзістэнцыялізм, так бы мовіць, нацыяцэнтрычны, беларусацэнтрычны. Невыпадкова адзін з першых псеўданімаў Максіма Гарэцкага — Максім Беларус. Два важныя філасофскія пытанні сфармуляваны назвамі твораў «Што яно?» і «За што?» (пазней «Ціхая плынь»). Мне падаецца, што ў гэтыя два пытанні змяшчаецца творчасць, ды і жыццё Максіма Гарэцкага.

Адпаведна яго значнасці ці вядомы і пазнавальны Гарэцкі сёння і што зрабіць для папулярызацыі яго творчасці?

І. Саверчанка: Аб значнасці твораў класіка нацыянальнай літаратуры, іх мастацкіх і эстэтычных вартасцях несумненна неабходна даходліва расказваць школьнікам на ўроках літаратуры, а таксама знаёміць студэнтаў філалагічных і іншых факультэтаў у адпаведных курсах і лекцыях.

Я. Гарадніцкі: Нельга сказаць, што Максіму Гарэцкаму як класіку нацыянальнай літаратуры не ўдзяляецца годнай увагі. Але не магу і сцвярджаць, што створанае гэтым вялікім майстрам знайшло ўрэшце адэкватнае і канчатковае асэнсаванне. Значным крокам была б экранізацыя некаторых ягоных твораў. Давайце памарым і ўявім фільм, зняты паводле таго ж «Лявоніуса Задумекуса» у авангардным стылі. Але для гэтага наш кінематограф меў бы выпрацаваць адпаведную мастацкую мову.

Г. Запартыка: І вядомы, і пазнавальны. Школьная моладзь вывучае яго творы, у тэатрах ставяцца спектаклі, ствараюцца фільмы. Але гэта толькі драбніцы. Мы не маем вартага нацыянальнага фільма пра падзеі Першай сусветнай вайны. Але ж мы маем творы Максіма Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне», «На этапе» і іншыя — поўныя драматызму той эпохі. А ўвасабленне тэмы не менш таленавітае, чым «На Заходнім фронце нічога новага» Э.- М. Рэмарка. А па творы апошняга колькі ўжо было экранізацый? А «Віленскія камунары»? Юрка Гаўрук успамінаў: «Максім Іванавіч пачаў расказваць мне пра новы свой твор «Віленскія камунары»... Ён спытаў у мяне: «Як вы думаеце, ці мне лепш пісаць раман, ці рабіць сцэнарый?» Яго надзвычайна цягнула яшчэ да кіно». Вось так. Можа прыйшоў час звярнуць увагу кінематаграфістаў на мастацкія творы Максіма Гарэцкага? Ды і сама постаць яго, драматычныя калізіі яго жыцця варты сцэнарыя і экранізацыі.

В. Максімовіч: Даўно прыспеў час выдаць поўны збор твораў Максіма Гарэцкага. Гэта сапраўды была б знакавая падзея. Праходзяць штогод Гарэцкія чытанні. Была раней прапанова распрацаваць турыстычныя маршруты па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка з наведваннем Літаратурнага музея на яго радзіме, але, падаецца, яна так і засталася нерэалізаванай. Варта было б праводзіць літаратурныя конкурсы сярод празаікаў пад знакам ушанавання постаці гэтага слаўнага сына Беларусі.

Г. Кісліцына: Цалкам не супадаюць значнасць зробленага Максімам Гарэцкім, маштаб яго асобы, вядомыя на сёння акалічнасці яго лёсу з тым, як яго творчасць прадстаўленая ў СМІ, у падручніках, у кінематографе і тэатры. Што зрабіць? Прадставіць належным чынам, не да юбілейных датаў, а для сучаснікаў і нашчадкаў, бо яго жыццё і дзейнасць ёсць фенаменальнай з'явай беларускай культуры.

Г. Бутырчык: Мне падаецца, што, нягледзячы на тытанічную працу беларускага літаратуразнаўства, беларусы недаравальна мала ведаюць пра Максіма Беларуса, Лявоніуса Задумекуса, Максіма Гарэцкага. Знаёмства ў лепшым выпадку абмяжоўваецца школьнай праграмай. Сталае кола чытачоў класічнай беларускай літаратуры, на жаль, па-ранейшаму застаецца невялікім. Хочацца верыць, што юбілейныя мерапрыемствы, у тым ліку і наша дыскусія абудзяць цікавасць да творчасці пісьменніка і жаданне адкрыць для сябе новыя творы аўтара апавяданняў «Роднае карэнне» і «Літоўскі хутарок», запісак «На імперыялістычнай вайне», аповесці «Дзве душы».

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.