Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Наш шлях ва Украіне — гэта шлях міру


Сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі працягваюцца. Кіраўнік дзяржавы даў інтэрв’ю прадстаўнікам кітайскіх сродкаў масавай інфармацыі. З беларускім лідарам размаўлялі Лу Цзіньбо, кіраўнік карэспандэнцкага пункта інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа» ў Беларусі і Лу Тунтун, карэспандэнт Медыякарпарацыі Кітая, вядучая праграмы «Размова лідараў».


Вядучай тэмай размовы сталі беларуска-кітайскія адносіны, іх гісторыя і перспектыва. Журналісты цікавіліся, як развіваецца супрацоўніцтва ў сферы гандлю і эканомікі, якія значныя сумесныя праекты рэалізуюцца, у тым ліку і індустрыяльны парк «Вялікі камень» і БНБК, якія новыя магчымасці адкрывае ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях». Беларускі лідар падзяліўся сваім меркаваннем наконт глабальных геапалітычных працэсаў. Увагу ўдзялілі і канфлікту ва Украіне і магчымасці мірнага ўрэгулявання.

Журналісты спыталі, як Аляксандр Лукашэнка ацэньвае ролю Кітая ў вырашэнні міжнародных праблем. Ён адказаў проста — ніводная праблема ў свеце не можа вырашацца без удзелу КНР. «Кітай стаў глабальнай краінай са сваёй глабальнай палітыкай. Я ведаю, сёння-заўтра Сі Цзіньпін выступіць з заявай або прамовай наконт канфлікту ва Украіне. Прашу звярнуць увагу, што гэта такі незвычайны для кітайскай палітыкі крок. Кітайцы заўсёды акуратныя, асцярожныя. Туды, куды не трэба, яны не лезуць. Калі яны разумеюць, што гэта не дасць чаканага, патрэбнага выніку, яны таксама не стануць рабіць у гэтым напрамку захады», — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, калі Кітай вырашыў агучыць сваю пазіцыю такім чынам, з вуснаў найвышэйшай службовай асобы — Сі Цзіньпіна, гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы. «І калі гэтае пасланне, якое прагучыць з вуснаў лідара Кітая, не будзе пачута тымі, каму яно будзе адрасавана, гэта таксама будзе мець сур’ёзныя наступствы. Таму я, проста забягаючы наперад, раю тым, каму будуць адрасаваны словы Сі Цзіньпіна, прыняць іх сур’ёзна і зрабіць пэўныя крокі. Гэта будзе сур’ёзны голас дзеля міру ў гэтым рэгіёне, — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што заява Старшыні КНР будзе накіравана не на канфрантацыю, у адрозненне ад нядаўняга выступлення Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Кіеве. Ён падкрэсліў, што гэта выступленне стане вянцом міралюбівай палітыкі Кітая. «Я на сто працэнтаў перакананы. Інакш проста быць не можа. Гэта ўзор міралюбівай палітыкі», — сказаў беларускі лідар. Ён акцэнтаваў увагу, што Беларусь прытрымліваецца такой жа пазіцыі. «Наш шлях ва Украіне — гэта шлях міру. Кітайцы прытрымліваюцца гэтага ж шляху. На сто працэнтаў перакананы, што і расіяне схільныя да таго, каб спыніўся гэты канфлікт. Усё за амерыканцамі — рабіце канкрэтныя крокі да міру — і мір будзе. У аснове гэтага ўсяго вузла сёння апынуўся Кітай. Яшчэ раз раю паслухаць, што скажа Сі Цзіньпін з нагоды гэтага канфлікту. Найуважлівым чынам, таму што гэтая заява Кітая — гэта новы крок, арыгінальны крок, які будзе мець сур’ёзныя наступствы у свеце», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка выказаўся і наконт кітайскага цывільнага паветранага шара, збітага нядаўна амерыканцамі. «Вы цудоўна разумееце сітуацыю ў свеце. Кітаю спакойнага жыцця не будзе. Галоўны сапернік Злучаных Штатаў Амерыкі — гэта Кітай. Амерыканцы гэтага і не ўтойваюць. Сумна, што яны сышлі нават да дробязі. Яны па-амерыканску арганізавалі шоу: напружвалі, напружвалі сваё грамадства, каб усе бачылі, якая „небяспека“ ад гэтага кітайскага аб’екта. І калі 300 млн чалавек, амерыканцаў, былі сканцэнтраваны на гэтым аб’екце, яны яго збілі. Для чаго? Выбары хутка. Паказаць свой гераізм», — адзначыў ён. Праўда, як заўважыў Прэзідэнт, потым ўсе разабраліся, што гэта быў проста недружалюбны крок у адносінах да Кітая. «Кітайцы адразу заявілі, што гэта цывільны шар. Можна было разам разабрацца, што гэта такое. Не, дэманстратыўна яго знішчылі. Гэта вельмі недружалюбны крок», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Не застаўся без увагі журналістаў і Прэзідэнта і нядаўні візіт Джо Байдэна ў Кіеў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта падзея стаіць у адным шэрагу з інцыдэнтам з кітайскім паветраным шарам. Ён таксама назваў гэта дробязным, непрыстойным крокам Пры гэтым, беларускі лідар заўважыў, што паважае Джо Байдэна як Прэзідэнта і яго рашэнне наведаць Кіеў: «Малайчына ён. Сеў, паехаў, спытаў дазволу ў Расіі або папярэдзіў Расію, але тым не менш паехаў», — сказаў ён. Але, па словах беларускага лідара, гэта неарыгінальны ход, такі візіт з амерыканскага боку ўжо быў не так даўно. «Навошта? Выбары прэзідэнцкія. Джо Байдэн, хоча на кані вайны прыскакаць у гэту выбарчую кампанію. Вось тут дакладна не атрымаецца. Я гэта ведаю добра», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі бок гатовы адказаць у ваенным плане ў выпадку агрэсіі. Прытым, сур’ёзна гатовы адказаць. «Гэтую пазіцыю мы давялі не толькі да Украіны, але і да англічан, ЗША. Спадзяюся, у мяне будзе магчымасць, мы паінфармуем і французаў (усё- ткі ядзерная дзяржава) аб нашай пазіцыі. Мы гатовы да таго, каб абараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Мы не жадаем вайны. Мы хочам, каб тут усё было мірна, каб нашыя людзі мірна, спакойна жылі і супрацоўнічалі з тымі, хто з намі хоча супрацоўнічаць», — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што жыхары Беларусі — вельмі міралюбівыя людзі, якія ведаюць, што такое вайна. «Мы ў апошняй вайне страцілі трэць свайго насельніцтва. У чужой фактычна вайне. Так атрымлівалася, што Напалеон у Расію ішоў праз нас — туды і назад, — знішчыў Беларусь. Першая сусветная вайна — тэатр ваенных дзеянняў быў тут Другая сусветная вайна (для нас Вялікая Айчынная) — тэатр ваенных дзеянняў у асноўным у Беларусі. Мы не хочам ніякай вайны», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што канфлікт ва Украіне быў непазбежны і яго першапрычыны ляжаць не ў Расіі. «Так, мы гаворым аб прычынах гэтага канфлікту, але вялікае бачыцца на адлегласці, як у нас гавораць. І для таго, каб ацаніць прычыны гэтага канфлікту, павінен прайсці пэўны час. Гэта чыста ў кітайскім стылі — ніколі не трэба спяшацца. Прыйдзе час, мы расставім усе кропкі над „i“. Але я абсалютна згодны з Прэзідэнтам Пуціным, які гаворыць аб тым, што першапрычыны не ляжаць у Расіі», — сказаў ён. Прэзідэнт нагадаў, што здзекі з рускамоўных, з рускай мовы былі і да 2014 года, і ўсё гэта нагняталася заходнімі дзяржавамі. «Натуральна, ні адна краіна, ні Амерыка, ні Кітай, не дазволілі б здзекавацца са сваіх суайчыннікаў. З люде , якія гавораць проста на рускай мове і жывуць па рускіх звычаях, прымаюць рускую культуру. Тым больш абразы з боку Украіны даходзілі да самога Прэзідэнта Расіі і ўсяго расійскага кіраўніцтва. Там цэлы клубок», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб заявах былых кіраўнікоў Германіі і Францыі Ангелы Меркель і Франсуа Аланда, якія, як яны самі прызналіся, выкарыстоўвалі мірныя Мінскія пагадненні выключна, каб выйграць час для ваеннай падрыхтоўкі Украіны. «Прычына там — у 2014-2015 гадах. Тут, у Мінску, былі прыняты Мінскія пагадненні. Нармальныя дагаворы, і Украіна падпісала гэтыя дагаворы. Трэба было ісці гэтым шляхам. І сёння — гарантыя — Данбас быў бы украінскім і кіраваўся б з Кіева. Ужо даўно усякія шурпатасці былі б забытыя. Маскі сарваныя, карты адкрытыя. Вось вам і ўся прычына, і ўся задума», — канстатваў ён. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, і ў Расіі не ўсе з разуменнем успрынялі дзеянні кіраўніцтва краіны. «Я заўсёды расіянам гавару: «Не спяшайцеся, прыйдзе час, і вы ацэніце, хто мае рацыю, хто вінаваты. Некаторыя ў Расіі кажуць: „Ведаеце, Расія паспяшалася, пачаўшы гэтую ваенную аперацыю“. А я скажу, што яна была непазбежная. Канфлікт ва Украіне быў непазбежны. Калі б Расія не апярэдзіла гэтую вайну з боку Украіны (цяпер зразумела, хто быў зацікаўлены ў гэтай вайне і хто яе пачаў), не апярэдзіла дзеянні Украіны, ды і ўсяго Захаду з тэрыторыі Украіны, наступствы былі б больш цяжкімі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Не засталася без увагі і тэма санкцый пытанне. Беларускі лідар канстатаваў, што санкцыйны ціск ні да чаго не прывядзе. «Яны там у эканамічным плане пачынаюць паскудзіць. Межы закрылі для перамяшчэння грузавікоў. Самі сабе стрэлілі ў нагу. Мы і так у Заходнюю Еўропу не вельмі перамяшчаемся. А вось з тэрыторыі Еўрасаюза праз Польшчу ў Кітай, Казахстан, іншыя напрамкі вельмі шмат перамяшчалася аўтатранспарту, чыгуначнага транспарту. Гэта выгадна ім было. Іх вадзіцелі ехалі ў Кітай, Казахстан, у Расію. Цяпер яны не паедуць. Калі мы са свайго боку закрыем мяжу, то тысячы, тысячы людзей пазбавяцца працы», — сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адзін прыклад — закрыццё Літвой магчымасці для перавалкі беларускіх грузаў у іх портах гэтай краіны. «Прытым там наша ўласнасць. Яна закрыла порты для нашых грузаў. Ну што — страцілі мільёны долараў. Мы знайшлі іншыя порты і пастаўляем сваю прадукцыю. І мінулы год у нас быў у фінансавых адносінах лепшы, чым папярэднія гады. Таму вось гэтыя санкцыйны рэжым і ціск эканамічны ні да чаго не прывядуць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Летась у Самаркандзе нашы лідары вырашылі павысіць узровень двухбаковых адносін да ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства. Прэзідэнт падрабязна расказаў пра развіццё адносін паміж Кітаем і Беларуссю. Ён вельмі дасведчаны чалавек. Лічбы паказваюць, што ў напружаны час індустрыяльны парк „Вялікі камень“ дынамічна развіваецца. У нашых краін ёсць агульная мова, і нашы погляды аднолькавыя. Бо ўсе мы хочам, каб краіна стабільна развівалася. Як сказаў Прэзідэнт, мы, кітайскі народ, не спяшаемся, мы хочам, каб усё было стабільна. Я паўтара года працую ў Беларусі, і я бачу, што ваша палітыка падобная да кітайскай. І мы таксама хочам, каб Беларусь была краінай, якая стабільна развіваецца. У гэтым мы знайшлі агульную мову». — у размове з беларускімі калегамі падкрэсліў Лу Цзіньбо.


Агенцтва «Сіньхуа» з’яўляецца афіцыйным інфармацыйным агенцтвам урада Кітайскай Народнай Рэспублікі. Лічыцца самым уплывовым інтэрнет-рэсурсам у Кітаі. Навінавыя паведамленні ў мультымедыйным фармаце выходзяць кругласутачна на васьмі мовах, у тым ліку і на рускай. Па розных ацэнках, аўдыторыя «Сіньхуа» вагаецца ад 800 млн да 1 млрд чытачоў. «Сіньхуа» заключыла пагадненні аб абмене інфармацыяй з інфармацыйнымі агенцтвамі і іншымі СМІ больш як з100 краін свету, у тым ліку з беларускім інфармацыйным агенцтвам БелТА. Публікацыі на беларускую тэматыку ў першую чаргу датычацца беларуска-кітайскага парадку навін і, як правіла, маюць канстатуючы характар.

Медыкарпарацыя Кітая («CGT») — адзін з найбуйнейшых медыякангламератаў у свеце. Створаны ў 2018 годзе. Медыя-рэсурсы CGT даступны ў 143 краінах. Ахоп аўдыторыі складае больш за 1 мільярд чалавек у Кітаі і за мяжой. Вяшчанне вядзецца кругласутачна на пяці мовах, у тым ліку рускай. Беларускія тэмы ў асноўным асвятляюцца нейтральна і пазітыўна. Інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі запланавана для тэлепраекта «Размова лідараў» — штотыднёвай 30-хвіліннай праграмы на канале навін «CCTV» (выходзіць па пятніцах).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.