Беларусь разлічвае ў 2023 годзе амаль у два разы нарасціць аб’ёмы паставак прадуктаў харчавання ў Кітай. Аб гэтым у Пекіне расказаў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, перадае БелТА.
Па выніках 2022 года Беларусь паставіла ў Кітай прадуктаў харчавання на суму звыш $500 млн. «Гэта рост больш як на 40 працэнтаў. Але гэта ўсё роўна не тыя лічбы. Кітай — вялікая краіна. І хоць мы шэсць апошніх гадоў істотна дабаўляем, але гэта ўсё роўна не тыя лічбы. На гэты год мы паставілі амбіцыйную задачу падысці да $900 млн. Думаю, мы з ёй справімся», — заявіў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Ігар Брыло расказаў, што ў Кітаі ў гэтыя дні ў яго адбыліся плённыя сустрэчы па розных напрамках, у тым ліку з калегамі ў профільным ведамстве. «Амаль дзве гадзіны ў нас прадаўжалася сустрэча. Мы абгаварылі ўсе нашы бягучыя пытанні, у прыватнасці, па далейшым узаемадзеянні ў розных галінах сельскай гаспадаркі», — сказаў ён.
У пераліку дакументаў да падпісання ў ходзе дзяржаўнага візіту Прэзідэнта ёсць і мемарандум, які датычыцца развіцця супрацоўніцтва па лініі Мінсельгасхарча.
Адбылася таксама сустрэча ў Галоўным мытным упраўленні КНР, што звязана з планамі павялічыць асартымент прадаваемай на кітайскім рынку беларускай прадукцыі. «На сёння мы прадаём ялавічыну, малако сухое і неразведзенае, мяса птушкі. Я прывёз дакументы на адкрыццё прадпрыемстваў (для паставак. — Заўвага БелТА) па прадукцыі, якая прайшла тэрмічную апрацоўку. Гэта датычыцца мяса птушкі і ялавічыны. Мы прывезлі дакументы на адкрыццё па нашай кансерваванай прадукцыі. І для нас вельмі важная дзіцячая, гамагенізаваная прадукцыя. Гэта другі блок пытанняў», — расказаў Ігар Брыло.
Трэці — гэта наш стратэгічны напрамак — развіццё Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і будаўніцтва «БНБК-3». Ён прадугледжвае арганізацыю вытворчасці вітамінаў, амінакіслот, прадуктаў крухмальнай, глюкознай вытворчасці. Гэта дасць магчымасць наладзіць выпуск прынцыпова новых як для Беларусі, так і для ўсіх краін СНД прадуктаў — вітамінаў (В2, В12, С) і новых відаў амінакіслот (валін, лейцын, ізалейцын).
«У Кітаі з’явілася некалькі гадоў таму дзяржаўнае агенцтва па інвестыцыях, якое ўзяло на сябе ролю мадэратара ўсіх такіх інвестыцыйных праектаў. Мне ўдалося сустрэцца з кіраўніцтвам гэтага агенцтва. Больш за дзве гадзіны праводзілі перагаворы, — адзначыў Ігар Брыло. — Іх хвалявала пытанне, куды будзе рэалізавана наша прадукцыя. У прыватнасці, вітаміны. Мы дэталёвым чынам расклалі па палічках кожную краіну, куды Беларусь будзе прадаваць. Дамовіліся, што літаральна сёння мы ім даём паўнацэнную інфармацыю з расшыфроўкай кожнага кілаграма, кожнай краіны. Вельмі вялікі пазітыўны настрой у мяне на тое, што „БНБК-3“ у нашай краіне будзе будавацца. Гэта вялікія інвестыцыі».
Акрамя таго, з кітайскімі партнёрамі падпісаны два дакументы адносна развіцця вытворчасцей у сферы АПК на тэрыторыі Беларусі. «У прыватнасці, для Мінскай і Магілёўскай абласцей. Будзе будавацца найбуйнейшы ў Беларусі свінагадоўчы комплекс на 300 тыс. галоў — у Мінскай вобласці. Гэта добры, вельмі важны для нашай краіны праект. І будзем мадыфікаваць нашу мясную жывёлагадоўлю на базе Магілёўскай вобласці. Перш за ўсё — будаўніцтва асобнага забойнага цэха. Будзе будавацца каля тысячы легкаважных навесаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы парод абердзін-ангускай або лімузін. Пакуль прыярытэт кітайцаў стаіць на абердзін-ангускай. Даволі ёмістая размова і добрыя намеры былі падпісаны. Гэта ўжо такая дарожная карта супрацоўніцтва канкрэтна Міністэрства сельскай гаспадаркі са сваімі калегамі з Кітая», — сказаў Ігар Брыло.
Прадукцыя адпаведных прадпрыемстваў спачатку будзе пастаўляцца на ўнутраны рынак, але ён і так даволі насычаны. Таму ёсць добры патэнцыял для экспартных паставак у тым ліку ў Кітай. «У нас цяпер у Беларусі каля 2,8 млн галоў свіней. Мы забяспечваем паўнацэннае харчаванне сваіх людзей. Ніякай вялікай ролі экспарт у КНР з гэтага буйнога свінакомплексу для нашых спажыўцоў не адыграе. Гэта, наадварот, будзе добрая валютная выручка», — адзначыў міністр.
Што датычыцца гадоўлі буйной рагатай жывёлы, то ў гэтым плане важна, што ў Беларусі прыйдзе новая парода, якая будзе канкурыраваць з існуючымі тэхналогіямі. «Гэта вельмі нядрэнны крок. Таму я звязваю з гэтым праектам толькі станоўчыя эмоцыі», — сказаў Ігар Брыло.
Прэв’ю: БелТА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.