Вы тут

Праходзіць выстаўка мастачкі Настассі Балыш


Заслаўская мастачка Настасся Балыш прывезла ў Пружаны выстаўку «Гасцёўня Юзафа Крашэўскага». Прысвячэнне зусім невыпадковае — знакаміты ў ХІХ стагоддзі пісьменнік, гісторык і этнограф паходзіў са старадаўняга роду, карані якога былі на Пружаншчыне.


Менавіта тут у бацькоўскай сядзібе Ігнацы Юзаф і захапіўся літаратурай і наогул культурай. Таму, калі Настасся Балыш збіралася на выстаўку ў Пружаны, то згадала асобу, якая натхнялася гэтымі мясцінамі, і напісала партрэт «Ростані Юзафа Ігнацыя Крашэўскага». Бо месца мае значэнне, нават калі чалавек можа шукаць шчасця ў іншых землях, рэалізоўваецца і атрымлівае поспех недзе, але так ці інакш застаецца прывязаны да сваёй зямлі. Тут варта звярнуць увагу і на іншых асоб з беларускай гісторыі, пра якіх вырашыла нагадаць аўтар выстаўкі. 

Насамрэч у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» можна ўключыцца ў гістарычную плынь. Гэтаму спрыяе атмасфера будынку (перыяду другой паловы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя), яму пасуюць творы, якія звяртаюць да жыцця знакамітых асоб беларускай гісторыі і культуры розных перыядаў. Людзі з нашага мінулага натхнілі мастачку з Заслаўя і прыцягнулі ўвагу мясцовых жыхароў — наведвальнікаў урачыстай і вельмі цёплай імпрэзы. Бо адчуванне мастацкіх работ узмацнілі музычныя творы, якія прагучалі як прысвячэнні Юзафу Крашэўскаму. Так і было калісьці ў старадаўніх сядзібах, дзе збіраліся суседзі, госці, каб памузіцыраваць і атрымаць эмоцыі ад зносін і прыемнага баўлення часу. Пра гэта шмат магла б распавесці кандыдат мастацтвазнаўства і даследчыца музыкі Святлана Немагай — і яна здолела ажывіць мінулае праз гісторыі з жыцця знаных асоб, што сталі героямі мастацкіх твораў. Уражанне падмацавалі спевы ў выкананні лаўрата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік, якая, прынамсі, выканала песню «Звон вечара» на словы Юзафа Крашэўскага. Настрой шляхетнага салону з шаноўнымі гасцямі панаваў у «Пружанскім палацыку» 3 сакавіка. Але выстаўка толькі пачала сваю работу, і кожны наведвальнік пабачыць тут творы Настассі Балыш: жывапісныя палотны, ілюстрацыі, графіку. А таксама можа зразумець сутнасць праекту па стварэнні стыкерпакаў «Шляхетная гаворка». Натхняючыся мінулымі эпохамі, асветнымі ідэямі асоб, якія вякамі стваралі адметную культуру, нашы сучаснікі могуць лепш разумець гісторыю і традыцыі сваёй радзімы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.