Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдалося нас зламаць


Шырокі спектр пытанняў ў шырокім коле абмеркавалі ў Доме Урада. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне Савета міністраў. На парадку дня вынікі эканомікі за 2022 год і рашэнне актуальных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2023 год. Вынікі мінулага года і планы на бягучы год акрэслілі члены ўрада, Адміністрацыя Прэзідэнта, кіраўнікі найважнейшых дзяржарганізацый і органаў, губернатары, кіраўніцтва сістэмаўтваральных банкаў.


Адкрываючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра дамову ацаніць працу эканомікі па выніках мінулага на паседжанні Савета Міністраў у фармаце канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мы пражылі складаны 2022 год. Нас, як вядома, спрабавалі ціснуць па ўсіх накірунках. Пад удар трапілі практычна ўсе ключавыя экспартныя галіны, 40 працэнтаў нашых традыцыйных рынкаў збыту, транспартна-лагістычныя калідоры, сістэма банкаўскіх разлікаў.

«Будзе эканоміка — астатняе мы вырашым»

«Цалкам зразумела: гэта не проста жаданне паралізаваць беларускую эканоміку. Гэта планамерная спроба пазбавіць звычайных людзей сродкаў да існавання. Як вынік — выклікаць сацыяльны выбух, які паставіў бы пытанне аб тым, ці застанецца на палітычнай карце свету такая дзяржава, як наша. Як і раней, з усёй адказнасцю заяўляю: застанецца. І будзе толькі мацнейшай. Ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдалося нас зламаць, як і не ўдавалася дагэтуль», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, у такой няпростай сітуацыі галоўнай задачай для прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанка, для ўрада, ды і для ўсёй вертыкалі ўлады было забяспечыць эфектыўную працу эканомікі, стабільнасць сацыяльна-працоўнай сферы і падтрымаць узровень дабрабыту насельніцтва.

«Усё грунтуецца на эканоміцы. Усякая бяспека, барацьба з беспілотнікамі, бандытамі, тэрарыстамі — усё ў эканоміцы. Будзе эканоміка — усё астатняе мы вырашым», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт нагадаў, што на працягу года неаднаразова праводзіліся нарады, выпрацоўваліся папераджальныя і кампенсуючыя меры, ацэньваліся іх дзейснасць, знаходзіліся вокны магчымасцей. «Такім чынам, атрымалі каласальны досвед развіцця нават у такіх беспрэцэдэнтных умовах. Таму можна з упэўненасцю казаць, што іспыт на эканамічную ўстойлівасць мы вытрымалі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт, спыніўся на асобных, найбольш крытычных момантах, якія патрабуюць асаблівай увагі.

«Цэны павінны быць справядлівымі»

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы экспертныя групы, якія каардынавалі памочнікі Прэзідэнта ў абласцях, у студзені правялі паўторны маніторынг работы эканомікі ў рэгіёнах. «З першай праверкі і канкрэтызацыі задач прайшло прыкладна паўгода — дастатковы тэрмін, каб рабіць высновы. І я бачу, што сітуацыя ў параўнанні з летняй палепшылася, няхай і не нашмат. Але пры гэтым паўнавартаснай антысанкцыйнай перабудовы, на жаль, яшчэ не адбылося. Пакуль адны кіраўнікі шукаюць і знаходзяць магчымасці эфектыўна працаваць, другія занялі адкрыта чакальную пазіцыю ў надзеі на лепшыя часы. А трэція ўвогуле вырашылі, што іх хата з краю, і спадзяюцца выключна на дапамогу дзяржавы. Я вельмі рад, што такіх зусім няшмат», — сказаў Аляксанжр Лукашэнка. 

Ён нагадаў, што ў жніўні перад урадам у чарговы раз ставілася задача аднаўляць аб’ёмы інвестыцый з прыярытэтам стварэння вытворчасцей імпартазамяшчальных, арыентаваных на экспарт, якія працуюць на мясцовай сыравіне. «Тым не менш, паводле дакладаў я бачу, што новых прадпрыемстваў практычна няма. А інвестыцыі, асабліва ў рэгіёнах, — гэта развіццё населенага пункта, працоўныя месцы, годныя заробкі. Тое, што кожнаму дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні», — заўважыў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што праз два з паловай гады трэба будзе даваць справаздачу перад народам за выкананне пяцігадовай праграмы. «Калі яе сарваць, ніводнаму простаму працаўніку не патрэбныя будуць апраўданні аб няпростых часах і драконаўскіх санкцыях. Не вайна ж ідзе на трэрыторыі Беларусі. Таму для ўрада павелічэнне колькасці працоўных месцаў і даходаў насельніцтва павінна стаць ключавым маркерам пры рэалізацыі мэт, пастаўленых на 2023 год», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Як заўважыў Прэзідэнт, у снежні выйшлі на рост рэальнай заработнай платы і нават захавалі дынаміку ў пачатку гэтага года. Але, па яго словах, гэта не заслуга якасных змен у эканоміцы. Гэта вынік карэкціровак цэнавай палітыкі. Плюс у статыстыку дадалася выплата традыцыйных карпаратыўных бонусаў па выніках года. «Трэба думаць, дзе браць рэзервы, каб рост заробкаў не спыняўся», — даручыў Аляксандр Лукашэнка. 

Асаблівая ўвага — барацьбе з інфляцыяй. Цэны беларускі лідар назваў пытаннем нумар адзін. Ён падкрэсліў, што такога ўсплёску, які адбыўся мінулай восенню, больш дапусціць катэгарычна нельга. «Якімі жадаеце спосабамі — манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі, — але дамагайцеся, каб, як дамовіліся, трымаць калідор у 7 — 8 працэнтаў. Гэтая лічба павінна быць чырвонай лініяй, яе павінен разумець бізнэс, вытворца і гандаль. Інакш меры будуць прыняты самыя жорсткія. Беззаконня мы не дапусцім. Цэны павінны быць справядлівымі. Пры гэтым не менш важная ўмова — паўнацэнны асартымент на прылаўках магазінаў. Прадукты харчавання, медыкаменты, тавары паўсядзённага попыту і для гаспадарча-бытавых патрэб — усяго павінна быць у дастатку. У прыярытэце — ад айчыннага вытворцы», — адзначыў Прэзідэнт. Таму, па яго словах, першачарговая задача МАРГ, Мінсельгасхарча, Белдзяржхарчпрама, мясцовых органаў улады — забяспечыць бесперабойныя пастаўкі тавараў, у тым ліку харчовых, на ўнутраны рынак краіны. Усё, што не спажываюць беларусы — на экспарт. 

«Праводзьце работу з падпарадкаванымі арганізацыямі ў частцы перагляду і зніжэнні выдаткаў. Навядзеце тут парадак — будзеце паспяхова працаваць нават у самым жорсткім рэгуляванні. І людзі нас зразумеюць і будуць задаволеныя. Кожную хвіліну памятайце: усе сацыяльныя абавязацельствы па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі павінны быць выкананы безумоўна. Гэта сацыяльны кантракт улады з народам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт назваў, якія напрамкі былі і застаюцца прыярытэтнымі. Гэта павышэнне зарплаты бюджэтнікаў і вайскоўцаў, падтрымка сем’яў з дзецьмі і пенсіянераў. «Як, увогуле, і было ў 2022 годзе, калі на гэтыя мэты выдзелілі 32 мільярды рублёў — на 3 мільярды больш, чым у 2021-м. Як бы ні было цяжка, на гэта грошы дзяржава павінна знайсці», — заявіў ён.

«Адгаворкі больш не пройдуць»

Павышаная ўвага — будаўнічай галіне. Па словах Прэзідэнта, гэта датычыцца і вялікіх незавершаных аб’ектаў, у прыватнасці кінутых міжнароднымі банкамі, і, вядома, будаўніцтва жылля, у тым ліку арэнднага, з магчымасцю перадачы ва ўласнасць асобным катэгорыям грамадзян пры выкананні пэўных умоў. 

«Міністр архітэктуры адказвае за кожны квадратны метр і аб’ёмы будаўнічамантажных работ. Кантралюйце. Адгаворкі, як „мы спрабавалі, але зноў не змаглі“, больш не пройдуць. Усе абавязацельствы дзяржавы па стварэнні інфраструктуры ў рэгіёнах, дадзеныя на Усебеларускім народным сходзе, заяўленыя ў праграме пяцігодкі, таксама павінны быць выкананы няўхільна. Рэсурсы на гэта ўраду неабходна адшукваць сумесна з Нацыянальным банкам. За само будаўніцтва інфраструктуры адказваюць аблвыканкамы і Мінбудархітэктуры», — паставіў задачы кіраўнік дзяржавы.

«Паспяховасць экспартнай стратэгіі залежыць ад транспартнай работы»

Яшчэ адна найважнейшая задача для нашай адкрытай эканомікі — рост экспарту. Аляксандр Лукашэнка прызнаў: аб’ектыўна, пакуль не ўдалося паўнавартасна кампенсаваць усе страты. «Як мне дакладваюць, на рынкі дружалюбных краін пераарыентавана каля 80 працэнтаў. Так што сітуацыя не драматычная. Але! Усё, што не дабралі ў мінулым годзе, мы павінны папоўніць у гэтым», — заявіў ён. 

Беларусь значна нарасціла тавараабарот з галоўным стратэгічным партнёрам — Расіяй. Павялічаныя пастаўкі ў фізічных аб’ёмах і маецца высокая маржынальнасць. Аднак, як адзначыў Прэзідэнт, і тут ёсць нявырашаныя праблемы. У прыватнасці, з праходжаннем прадукцыі беларускай дрэваапрацоўкі па тэрыторыі Расіі. А ад гэтага залежыць беларускі экспарт у трэція краіны. «На пляцоўцы ЕАЭС ці па іншых каналах, але пытанні лагістыкі павінны быць вырашаны максімальна аператыўна і эфектыўна. Паспяховасць экспартнай стратэгіі залежыць ад наладжанай транспартнай работы», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт накіроўвае на тое, што ў 2023 годзе асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць развіццю перавозак праз марскія порты, прадоўжыць работу па выбудоўванні эфектыўных транспартна-лагістычных ланцужкоў ва ўсходнім напрамку. «Нам патрэбны новыя маршруты для пашырэння гандлю, неабходна далейшае абнаўленне транспартнай інфраструктуры», — упэўнены ён. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сумесна з расійскімі калегамі трэба ўзмацніць работу па адмене дазвольнай сістэмы на ўсе віды аўтаперавозак грузаў і нерэгулярных перавозак пасажыраў. На працягу 2023 даручана забяспечыць доступ айчынных кампаній да выканання кабатажных перавозак на тэрыторыі Расіі. «Усё, што трэба было ад мяне, — зроблена. Трэба некалькі невялікіх крокаў і праблема будзе вырашана», — упэўнены ён. 

«Кітай — гэта пункт апоры ў Азіяцкім рэгіёне»

Па словах беларускага лідара, сярод дзяржаў далёкай дугі галоўным стратэгічным партнёрам застаецца Кітай. Ён падкрэсліў, што «мы салідна завязаліся» — наладжаны сувязі з Расіяй, Кітаем, Іранам, з Індыяй міністр замежных спраў актыўна вядзе работу. «Мы павінны выйсці на асноўныя таварныя групы па гандлі. І нам дастаткова. А тут яшчэ і Эміраты, і ў Афрыцы ідуць добрыя тэндэнцыі. Нават на перспектыву ёсць над чым працаваць», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што нельга адмаўляцца ад таго, што побач Еўропа. Па яго словах, некаторыя еўрапейскія краіны катэгарычна не прымаюць дзеянні палякаў на мяжы з Беларуссю. Менш за ўсё ад гэтага пакутуе беларускі бок. А церпяць краіны Усходу, Кітай, асабліва Казахстан, паколькі транзіт праз Беларусь зараз — самы аптымальны і зручны. І Еўропе трэба з гэтым лічыцца. 

Па словах Прэзідэнта, санкцыі — гэта час магчымасцяў, асабліва для нашай краіны. Ён заклікае асвойваць новыя рынкі, пакуль яны свабодныя: «Па ўсёй краіне цягаем гэтыя выставы Акадэміі навук і іншыя, паказваем, якія мы вялікія, якія ў нас напрацоўкі і распрацоўкі. Так асвойвайце іх зараз, пакуль рынкі свабодныя».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з Кітаем працуем пакуль няважна. Па яго словах, рынак там велізарны, а мы губляем мільёны нават па звыклай наменклатуры. «Такое недапушчальна, таму што Кітай для нас сёння — гэта кропка апоры ва ўсім вялікім Азіяцкім рэгіёне, — канстатаваў ён — І там адбыліся вельмі сур’ёзныя зрухі. І я гэта бачу па сваім сябру Сі Цзіньпіну, што трэба вызначацца. З Захадам ім рабіць няма чаго, сварыцца яны не хочуць, кітайцы людзі асцярожныя, але Яны (захад. — Зв.) іх ужо дасталі. Вызначыўся сур’ёзны пералом. І калі паспеем, калі спаць не будзем — нам Расіі і Кітая дастаткова. Астатняе — на выраст».

Па словах беларускага лідара, гатоўнасць да супрацоўніцтва ў кітайцаў — каласальная. Па выніках яго нядаўняга візіту ў Пекін заключаны амаль 40 кантрактаў на 3,5 мільярда долараў. «Цяпер не згубіце час з-за бясконцых прапрацовак і ўзгадненняў — чытай цяганіны. Усе службовыя асобы аб гэтым папярэджаны», — заявіў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што неабходна не толькі нарасціць таварны паток, але і ўзяць тэхналогіі, стварыць у сябе перадавыя вытворчасці. «Трэба выціснуць максімум і аднавіць актыўнасць кітайскіх бізнесменаў на нашай тэрыторыі, павялічыць у некалькі разоў кітайскія інвестыцыі. Цікавасць да Беларусі ў Паднябеснай вялізная.», — упэўнены ён. 

«Над кожнай пазіцыяй трэба працаваць максімальна аператыўна»

Асобна Прэзідэнт звярнуўся да Міністэрства замежных спраў: «Бесперапынна даводзьце да дзелавой супольнасці ў кожнай краіне знаходжання дыпмісій пазіцыю, што Беларусь — адкрыты, сумленны і міралюбны партнёр. Сур’ёзныя бізнесмэны, у адрозненне ад шматлікіх заходніх палітыкаў, — разумныя і прагматычныя. Яны гатовы да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і нават зараз шукаюць магчымасці аднаўлення старых бізнес-сувязей і стварэння новых. Трэба нефармальна падыходзіць да рашэння пытанняў у дадзенай сітуацыі. Адзін ручаек, які вы асвоіце, выльецца ў вялізную раку», — заўважыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка параіў не абмяжоўвацца адкрыта варожымі нам ЗША і Еўропай, хаця і гэтыя рынкі нельга пакідаць без увагі. Па яго словах, нашы гандлёвыя інтарэсы, наш новы патэнцыял менавіта ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі. Беларускі лідар падкрэсліў, што ўступленне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, узмацненне ўзаемадзеяння з краінамі АСЕАН ужо адчыніла Беларусі дзверы на найбольш перспектыўныя рынкі.

«Ды і Еўразійскі эканамічны саюз павінен павялічваць сваё значэнне як адзін са значных цэнтраў рэгіянальнага ўзаемадзеяння. Хоць размовы пра рабоце па ліквідацыі існуючых бар’ераў і абмежаванняў, калектыўным рэагаванні на заходнія санкцыі ўжо набілі аскому, але актуальнасці не страчваюць. Над кожнай пазіцыяй трэба працаваць. Прычым максімальна аператыўна», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

У 2022 годзе на рэкордным для Беларусі ўзроўні склалася паступленне валютнай выручкі на чыстай аснове. Па словах кіраўніка дзяржавы, прырода гэтага відавочная — спрыяльная экспартная кан’юнктура і, што чакана, імпарт абсталявання і тэхналогій, які прыпыніўся. «Такі дэфіцыт і адкладзены попыт можа нам адгукнуцца ў бліжэйшыя гады павышэннем ціску на валютны рынак. Таму мы проста абавязаны забяспечыць сябе тэхналогіямі», — канстатаваў ён.

«Прадпрыемствы павінны працаваць на імпартанезалежнасць краіны»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя, якая склалася, паднесла магутны ўрок таго, як нівеліраваць санкцыйны ціск. «Усе найлепшыя беларускія розумы — навукоўцы і канструктары — павінны працаваць ужо не проста на імпартазамяшчэнне, а на імпартанезалежнасць краіны. Акадэмія навук, Камітэт па навуцы і тэхналогіях, спецыялісты вытворчасцей, у анлайн-рэжыме адпрацоўвайце кожную „белую пляму“. Раскладайце запатрабаванні рэальнага сектара да апошняй гайкі, далучайце малы бізнес», — заклікаў ён. Па словах беларускага лідара, гэта рэальная нагода і стымул для ўзбуйнення і маштабавання невялікіх вытворчасцей. Ён заклікае: усюды, дзе замена імпартнага рацыянальная, ствараць і ўкараняць сваё, беларускае. Але не метадам сляпога капіравання, а з палепшанымі характарыстыкамі. 

«Залежнасць ад заходніх тэхналогій і камплектуючых трэба мінімізаваць на працягу двух-трох гадоў. Плюс неабходна максімальна паскорыць рэалізацыю імпартазамяшчальных праектаў з Расіяй. Гэта вытворчасці, якія проста крытычна патрэбны абедзвюм краінам. Асабліва — мікраэлектроніка. Расія мае вострую патрэбу ў гэтай прадукцыі. Мне паведамляюць, што на працягу апошніх месяцаў пастаўкі туды айчыннай мікраэлектронікі выраслі ў некалькі разоў. Але спыняцца нельга. Нам неабходна заваяваць і ўтрымаць на будучыню расійскі рынок. А ў перспектыве асвоіць і новыя рынкі», — сказаў Прэзідэнт.

Нафтаперапрацоўка, калійная, тытунёвая галіны пацярпелі ад санкцый значна больш, чым іншыя. Мэта аднаўляць аб’ёмы вытворчасці і шукаць альтэрнатыўныя рынкі для гэтай запатрабаванай у свеце прадукцыі застаецца актуальнай і на 2023 год. А у цэлым па прамысловым сектары задачы такія: усе несанкцыйныя галіны павінны дадаць па 4 — 5 працэнтаў у вытворчасці і выйсці на максімальны ўзровень загрузкі магутнасцяў.

«Трэба выводзіць наш аграрны сектар на новы ўзровень»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што тыя галіны, якія спрацавалі добра, таксама не спачываюць на лаўрах, а шукаюць магчымасці палепшыць вынік. Размова перш за ўсё аб нашай сельскай гаспадарцы. У мінулым годзе быў атрыманы сапраўды рэкордны ўраджай і рэкордная экспартная выручка. Але ў асноўным за кошт раслінаводства. 

«У бягучым годзе падцягваем жывёлагадоўлю. Трэба выводзіць наш аграрны сектар на новы ўзровень. Умовы спрыяльныя: ураджайнасць добрая, забяспечанасць кармамі няхай і не да 100 працэнтаў, але павысілі. Хаця, як мне дакладваюць, у палове раёнаў краіны пакуль не ў стане спыніць скарачэнне пагалоўя жывёлы. Збярыце ўсе сілы ў кулак і навядзіце жалезную вытворчую дысцыпліну. Тут усё залежыць толькі ад дысцыпліны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што кожны год Камітэт дзяржаўнага кантролю піша і пра праблему са стабілізацыйнымі фондамі: дрэнныя ўмовы захоўвання, нізкая якасць прадукцыі, выбаркі няма. «Вядома, не будзе попыту і выбаркі, калі да сярэдзіны зімы ўсё завяла і згніло. Пытанне да губернатараў. Хто дае ацэнку ўмовам, у якіх захоўваецца прадукцыя? — запытаў кіраўнік дзяржавы — Але гэта толькі адзін бок медаля. Як у гэты ланцужок убудаваны гандлёвыя сеткі? Мы напружваем аграрыяў, каб забяспечыць насельніцтва якаснымі айчыннымі прадуктамі па прымальных цэнах, а ў гандлю нават няма абавязацельстваў рэалізаваць тое, што вырашчана на роднай зямлі. Губернатары, вазьміцеся за дадзенае пытанне з усёй сур’ёзнасцю», — даручыў ён.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што аграрны комплекс у цэлым неабходна выводзіць па новы ўзровень. Рэзервы ў нас ёсць.Трэба больш актыўна праводзіць меліярацыю і па поўнай уключаць у сельгасабарот гэтыя землі, падтрымліваць іх у належным стане. «Як ніколі прыняты аб’ёмы меліярацыйных работ і прафінансаваныя. Увосень рэспубліканскі семінар правялі. Усё там расклалі па палічках — бяры і рабі. І не дай бог гэтыя ўгоддзі ў кагосьці зноў ператворацца ў балоты ці зарастуць. Старшыні выканкамаў адкажуць асабіста», — папярэдзіў ён. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наперадзе пасяўная кампанія. Ён падкрэсліў, што правесці яе трэба проста бездакорна, на самым высокім узроўні. Бо прадукты харчавання зараз — гэта залатая жыла. Па словах беларускага лідара, цэны шалёныя, такіх ніколі не было: «І, магчыма, не будзе. Таму ўжо сёння думайце, дзе будзем захоўваць прадукцыю, калі яе трэба будзе захоўваць да вясны наступнага года». 

Рэнтабельнасць і рост прыбытку — галоўныя крытэрыі

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна зніжаць стратнасць у дзяржсектары. У сістэме Мінбудархітэктуры стратныя больш за 40 працэнтаў арганізацый, у «Беллегпраме» — чвэрць, у «Беллеспаперапраме» — кожная пятая. Доля стратных камунальных арганізацый у Магілёўскай вобласці ў 2 разы вышэйшая, чым у астатніх рэгіёнах. Прэзідэнт назваў гэта недапушчальным. 

«Ёсць прыбытак — значыць, прадпрыемства працуе нармальна. Таму рэнтабельнасць і рост прыбытку павінны стаць галоўнымі крытэрыямі для адзнакі эфектыўнасці работы кіраўніка любога ўзроўню. Асаблівую ўвагу трэба надаваць дысцыпліне разлікаў. Я ўжо не раз падкрэсліваў: не будзе парадку з даўгамі — не будзе нармальна функцыянаваць эканоміка. А воз і цяпер там. Прычым самыя вялікія праблемы — якраз у аграрнага сектара, якому дзяржава аказвае вялізную падтрымку», — адзначыў ён. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што скорасць прыняцця эканамічных рашэнняў важная ў любой галіне эканомікі. Як паказаў маніторынг па рэгіёнах, прадпрыемствам жыццёва неабходна магчымасць самім прымаць рашэнні. Зарэгламентаваныя ўмовы, у якіх яны сёння працуюць, тармозяць увесь працэс. «А мы, калі жадаем развівацца і далей, павінны працаваць ва ўмовах эканамічнай мабілізацыі. Таму максімальна спрасціце ўсе працэдуры — ад закупак да выдачы сертыфікатаў гатовай прадукцыі», — заклікаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прапрацаваць і да 1 мая ўнесці прапановы па разняволенні рэгіёнаў і прадпрыемстваў. «Няхай губернатары (максімум — губернатары) прымаюць усе рашэнні, не трэба цягнуць іх наверх, на Прэзідэнта», — сказаў ён.

Банкаўская сістэма не павінна быць дзяржавай у дзяржаве

Згодна з вынікамі маніторынгу, прадпрыемствы, асабліва ў рэгіёнах, крытыкуюць і работу банкаўскай сістэмы. Кіраўнік дзяржавы назваў дзве асноўныя прэтэнзіі. Першая — недастатковая дапамога банкаў у пошуку маршрутаў плацяжоў (скардзяцца нават на кульгавую кансультацыйную падтрымку). Другая — зацягнутыя тэрміны разгляду крэдытных заявак (пры гэтым часта банкі нават не турбуюць сябе інфармаваннем суіскальніка аб выніку). Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што банкаўская сістэма не павінна быць дзяржавай у дзяржаве. Таму Нацыянальнаму банку была пастаўлена задача вельмі простая і ясная: стварыць адзіны цэнтр садзейнічання прадпрыемствам у праходжанні плацяжоў. «Рацыянальна уважліва перагледзьце працэдуру фінансавання. Прадпрыемствы не могуць чакаць тыднямі і месяцамі, пакуль іх заяўку ўхваляць або загорнуць. Банкаўская сістэма павінна генераваць аптымальныя па тэрмінах і кошце рэсурсы для задавальнення плацежаздольнага попыту на крэдыты», — заявіў Прэзідэнт

Нешта выпусцім зараз — потым будзе цяжка нагнаць

«Кожны наш крок сёння павінен быць вывераны і пралічаны. Усе павінны бачыць далягляд і дзейнічаць стратэгічна. Тады 2023 год стане яшчэ адным крокам нашага развіцця. Нешта выпусцім зараз — потым будзе цяжка наганяць», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт вярнуўся да таго, аб чым казаў у пачатку, — да экспертнай групы, якая ў рэгіёнах аналізавала работу нашых прадпрыемстваў і нашай эканомікі. Потым матэрыялы былі перададзены ў Акадэмію навук, і там спецыялістамі былі абагульнены. «З мікраўзроўню быў выведзены на макраўзровень. Атрымаўся аб’ёмны добры матэрыял. Яго неадкладна трэба распаўсюдзіць у райвыканкамы, спецыялістам, няхай яны паглядзяць, на што звярнуць увагу», — даручыў ён.

Таксама Аляксандр Лукашэнка вярнуўся да яшчэ аднаго важнага пытання. «Я ўжо не першы год працую. У мяне ў гэтым плане нюх і інтуіцыя звярыныя. Спачатку крычалі: „санкцыі, усё цяжка“. А зараз супакоіліся — усё добра. Не добра. Самае страшнае — супакоіцца. Нельга супакойвацца. Я вас прасіў — дайце эканоміку. Урад, губернатары, уся вертыкаль улады — дайце эканоміку. Усе астатнія пытанні мы вырашым», — сказаў ён. Ён заклікаў усіх мабілізавацца і працягваць тое, што рабілі ў пачатку мінулага года, калі нас аглушылі санкцыямі і мы пачалі выкарасквацца. «Не было шчасця, няшчасце дапамагло. Кожны павінны на сваім месцы круціцца ў гэтай сітуацыі. Ведаем, куды ісці. Калі нешта не атрымліваецца — дакладвайце. Справімся з гэтым становішчам», — заўважыў беларускі лідар. Ён таксама заклікаў прадстаўнікоў кожнай сферы працаваць крэатыўна, па-сучаснаму. І самае галоўнае — пазбягаць фармалізму. 

«Тэмпература па шпіталі нядрэнная»

Аб рабоце эканомікі ў 2022 годзе, выніках гэтай работы і бягучых праблемах з пункту гледжання лічбай далажыла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. Заслухаўшы даклад, Прэзідэнт заўважыў, што зніжэнне ВУП прыкладна на 4 працэнты — гэта шмат. «Калі б гэта быў 1-1,2% — і палітычна, і з усіх бакоў гэта было б больш-менш. Чатыры працэнты — гэта вы проста няправільна зразумелі тое, што я вам казаў: вы з Нацыянальным банкам спыніліся ў канцы трэцяга квартала — чацвёртым. Трэба ў гэтым годзе гэта ўсё аднаўляць і пераўзыходзіць. Не забывайце, на гэта мы звернем сёлета асаблівую ўвагу, у цэлым быццам недзе добра, а колькі прадпрыемстваў, колькі тысяч людзей працуюць няважна «Тэмпература па шпіталі нядрэнная, а колькі там, у „склепе“, людзей з нізкімі паказчыкамі мы маем у эканоміцы? Таму схавацца за агульныя, сярэднія лічбы не атрымаецца», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што склады перапоўнены вырабленай тэхнікай. Міністры і кіраўнікі прадпрыемстваў пераконваюць, што гэта «запас» і іншае. «Гэты запас — гэта вымыванне абаротных сродкаў. Гэта змярцвелыя грошы на складзе. І потым, што значыць запас? Мы ж да ўзроўню мінулага года і мінулых гадоў лічым. І ў дынаміку гэта рост. Навошта гэты рост? Апраўданняў быць не можа», — падкрэсліў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, апраўданняў быць не можа і ў тым, што тычыцца адказнасці за падзеж скаціны. «Хлопцы, мужыкі, губернатары, гэта вам дорага абыдзецца. Ніхто вас угаворваць больш не будзе. Побач ці наперадзе будзе міністр стаяць. Ён у нас доктар, ветурач. Вы галавой адкажаце разам з губернатарамі», — заявіў ён. 

Сваю адзнаку вынікам 2022 года даў і старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. З дакладам выступіў і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр. Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да тэмы кантролю цэн: «Не мы павінны камандаваць. Вось першы крок зрабілі, па галаве надавалі — зразумелі палітыку дзяржавы: справядлівыя цэны. А далей яны самі павінны па вашых правілах, якія вы выпрацавалі, устанаўліваць цэны. Мы не адрэгулюем ім цэны. Няма планавай эканомікі, як у Савецкім Саюзе». Па словах Прэзідэнта, неабходна даводзіць пэўную планку, знаходзіць аптымальны варыянт, каб, з аднаго боку, не завышаліся цэны, а з другога — не стварыць дэфіцыту тавараў. Ён лічыць правільным, калі самі вытворцы і гандаль будуць устанаўліваць цэны. Але пры гэтым павінна быць тая самая планка, усталяваная правіламі дзяржаўнага рэгулятара, якую нельга перасягнуць. 

«Урад працуе ў рэальных умовах»

Як адзначыў у сваім дакладзе прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, у рабоце рэальнага сектара эканомікі мабілізацыйны падыход 2022 года сябе апраўдаў. А вынікі студзеня 2023 года сведчаць аб тым, што ключавыя галіны эканомікі адаптаваліся да існуючых умоў. «Мінпрам спрацаваў на ўзроўні 104,9 працэнта, „Беллегпрам“ — 105,5 працэнта, „Белнафтахім“ — 102, 5 працэнтаў „Белдзяржхарчпрам“ — 124,9 працэнта. Паводле аператыўных даных, індэкс фізічнага аб’ёму прамвытворчасці за 2 месяцы павялічыўся яшчэ на 2,3 працэнтнага пункта і склаў 98,2 працэнта. У цэлым па студзені зніжэнне ВУП тэхнічна абумоўлена высокай базай студзеня 2022 года па асобных галінах. Такая ж тэндэнцыя будзе назірацца па выніках лютага. У сакавіку выйдзем на тэмпы вышэйшыя за 100 працэнтаў», — прывёў лічбы прэм’ер. 

Прэзідэнт звярнуў увагу ўрада, што трэба арыентавацца ў тым ліку і на высокую базу мінулых перыядаў, а не на тое, што страцілі ў 2022 годзе. «Нам трэба дабаўляць, ды яшчэ і як дабаўляць», — адзначыў ён.

Раман Галоўчанка заўважыў, што ўрад працуе ў рэальных умовах і ведае, чым жыве кожнае прадпрыемства: «Напрыклад, мы абавязаны па году вырабіць 50 тысяч трактароў, 850 тысяч халадзільнікаў, 6800 грузавікоў, 4,3 млн шын і гэтак далей. Такіх таварных груп 43. Іх доля ў дабаўленай вартасці прамысловасці — 20%. Аналагічны падыход і па экспарце». «Год толькі пачаўся. Першы квартал мы будзем бачыць у красавіку», — заўважыў Прэзідэнт.

Таксама кіраўнік урада далажыў, што ўвесь мінулы год Урад адпрацоўваў даручэнне Прэзідэнта аб рэалізацыі ў бягучай пяцігодцы ў кожным раёне як мінімум аднаго інвестпраекта. Кожны раён мог самастойна распрацаваць і ўнесці праект для рэалізацыі на сваёй тэрыторыі. «Шчыра кажучы, работа гэта ішла цяжка. Ініцыятывы ад многіх раёнаў не дачакаліся. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне дырэктыўна даводзіць да іх праекты, якія, на наш погляд, маглі быць рэалізаваны на гэтых тэрыторыях. Напрыклад, у Пінскім раёне — асваенне радовішча базальтаў і туфаў, Буда-Кашалёўскім — вытворчасць упакоўкі для захоўвання малочнай прадукцыі, Акцябрскім — стварэнне экспартна арыентаваных прадуктаў харчавання і гэтак далей. У выніку сфарміраваны пералік — 129 інвестпраектаў па прынцыпу „адзін раён — адзін праект“. Яго агульны кошт 4,3 мільярды беларускіх рублёў, аб’ём інвестыцый на 2023 год — 1,2 мільярды беларускіх рублёў. Акрамя таго, запланавана рэалізацыя 51 імпартазамяшчальнага праекта», — расказаў Раман Галоўчанка. 

Прэм’ер-міністр назваў ключавыя задачы для выканання ўстаноўленых параметраў эканамічнага развіцця. Ён падкрэсліў, што гэтыя задачы вынікаюць з задач, якія Прэзідэнт паставіў ў Пасланні беларускаму народу 2022 года. Кіраўнік урада нагадаў іх. Першая — забяспечыць устойлівую работу прадпрыемстваў. Другая — зрабіць усё, каб просты чалавек не адчуў на сабе негатыўных наступстваў знешняга ціску.

Задач, выкананне якіх прывядзе да дасягнення ўстаноўленых параметраў эканамічнага развіцця ў 2023 годзе, — тры. «Першая — устойлівая работа рэальнага сектара эканомікі. Другая — праактыўная інвестыцыйная палітыка дзяржавы. Трэцяя — вырашэнне найбольш важных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва: даходы, ЖКГ, дарогі, ахова здароўя і гэтак далей», — расказаў Раман Галоўчанка. 

Усюды павінен быць гаспадарскі падыход

Прэзідэнт на сацыяльную сферу звярнуў асаблівую ўвагуў. «Вось, гавораць, ахова здароўя, школы мы тут пабудуем і гэтак далей. Ведаеце, у нас няма нейкай крытычнай сітуацыі ў ахове здароўя і ў адукацыі», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такіх сацыяльных аб’ектаў у краіне ўжо дастаткова пабудавана, і самае галоўнае зараз — завяршыць тыя, што пачатыя. І самае галоўнае — усюды навесці належны парадак. 

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што будаваць і развіваць школы ў ў населеных пунктах ніжэй аграгарадкоў не трэба. Больш мэтазгодна арганізаваць падвоз дзяцей з невялікіх навакольных вёсак ва ўстанову адукацыі ў аграгарадку, дзе ў поўнай меры будзе забяспечана ўся неабходная адукацыйная база. 

Падсумоўваючы размову па сацыяльнай тэматыцы, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай і паставіў задачу сур’ёзна ацаніць стан спраў у гэтай сферы. «Вы ведаеце гэту сферу. Трэба нам гэту сацыялку і тое, што ў яе ўваходзіць, сур’ёзна паглядзець, аб’ектыўна. Не сам урад ацаніць павінен, а стварыць групу людзей», — сказаў ён. 

Працягваючы тэму рэгіянальнага развіцця, беларускі лідар падкрэсліў, што зараз архіважная задача — гэта дарогі. Ён заўважыў, што дамоўленасці выкарыстоўваць больш цэменту для будаўніцтва і рэмонту дарог не ўсюды выконваюцца належным чынам. У развіцці рэгіёнаў Прэзідэнт жорстка патрабуе прытрымлівацца гаспадарскага падыходу. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паўтарыў, што дзяржава будзе забяспечваць жыллём сем’і ваенных і шматдзетных. «Па пяць, па трое, чацвёра дзяцей — давайце ім пабудуем жыллё. Яны ж галоўную праблему для нас вырашаюць. Таму так, трэба будаваць жыллё і не перабраць, каб людзі і свае грошы ўкладвалі. Абавязкова трэба не перабраць тут, — сказаў ён. Пра становішча ў сацыяльнай сферы далажыў і намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Гаворка ішла пра аховую здароўя, адукацыю, сферы культуры і спорту. 

«Трэба ўшчыльняцца»

Прэзідэнт звярнуў увагу на інстытуты павышэння кваліфікацыі, якія працуюць сёння пры амаль пры кожным міністэрстве і ведамстве. «Калі мы хочам павысіць нейкую кваліфікацыю, ну давайце на базе дзейных універсітэтаў гэта рабіць. Навошта асобна ствараць структуры ды іх фінансаваць? Прачніцеся, куды вы марнуеце грошы. Вядома, у вас не хопіць ні настаўнікаў, ні ўрачоў, таму што яны адцягненыя. Давайце на базе універсітэтаў прыцягваць туды на тыдзень. Мы павінны да іх прыйсці распавесці, што адбываецца зараз. Можа, якія-небудзь новыя тэхналогіі з’явіліся, ім трэба пра гэта расказаць і паказаць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Гэта пытанне разглядалася на прыкладзе інстытута павышэння кваліфікацыі, які дзейнічае пры міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Інстытут невялікі — каля 60 чалавек, ён займаецца распрацоўкай адпаведных дакументаў па ахране працы і павышэнню кваліфікацыі службовых асоб. Як адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, галіна шматпланавая, шматпрофільная. У год павышаюць кваліфікацыю работнікаў па ўсіх напрамках ад 1,5 тыс. да 1,8 тыс. чалавек. Гэта, напрыклад, спецыялісты па сацыяльнай рабоце, па рэабілітацыі, якія асвойваюць новыя падыходы ў сацыяльнай рэабілітацыі. На гэта Прэзідэнт заўважыў, што павышаць кваліфікацыю трэба не ў кабінетах міністэрства, а ва ўстановах, дзе гэтую рэабілітацыю праводзяць. Таксама Ірына Касцевіч адзначыла, што інстытут павышэння кваліфікацыі пры міністэрстве неабходны, каб навучыць маладых спецыялістаў працаваць з праграмнымі комплексамі, напрыклад, для разліку пенсій. Гэта сур’ёзны пласт работы. «Мы ўжо летась падыходзілі да гэтага пытання — як не страціць магчымасці павышэння кваліфікацыі, таму што гэта вельмі важна. Як гэта зрабіць з эканоміяй для бюджэту, мы над гэтым працуем. Ёсць пэўныя ідэі, і мы гэта зробім. «Мы ўжо летась падыходзілі да гэтага пытання — як не страціць магчымасці павышэння кваліфікацыі, таму што гэта вельмі важна. Як гэта зрабіць з эканоміяй для бюджэту, мы над гэтым працуем. Ёсць пэўныя ідэі, і мы гэта зробім», — паабяцала міністр. 

Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года разабрацца з пытаннем такіх інстытутаў ва ўсіх галінах. «Трэба ўшчыльняцца», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

Трэба дзейнічаць!

Падводзячы вынікі пасяджэння, Прэзідэнт заўважыў, што мінулы год з улікам складанасцяў прайшлі цярпіма. «Мы ачухаліся. Галаву ў рукі ўзялі, разумеем, якім шляхам ісці, бачым, што трэба рабіць. Таму гэты год, я проста папярэджваю членаў урада — за эканоміку. Нават не нагружаю вас у плане бяспекі, абароны, тое, што ўрад павінен рабіць. Але вы павінны эканоміку зрабіць, чаго б гэта нам ні каштавала. Кожны ў сваёй сферы, на сваім месцы. Вы гэта павінны разумець і з гэтага зыходзіць», — заклікаў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе ведаюць, што трэба рабіць. Таму трэба пачынаць дзейнічаць. Трэба шукаць кірункі працы і дзейнічаць, каб не было ніякай цяганіны. Патрэбны вынік. 

У тэму

У размове з журналістамі міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў назваў мінулы 2022 год складаным. Па яго словах, беспрэцэдэнтныя санкцыі, уведзеныя да нашай краіны, вядома, паўплывалі на развіццё эканомікі. Таму кіраўніком дзяржавы былі пастаўлены дзве канкрэтныя зразумелыя задачы: эканоміка і прадпрыемствы павінны працаваць, а насельніцтва не павінна адчуваць санкцыі. 

«Мяркую, што ўрад і органы мясцовай улады гэтыя задачы вырашылі. Па-першае, палепшыўся фінансавы стан арганізацый. Рэнтабельнасць па выніках года склала восем працэнтаў, гэта максімум за апошнія дзесяць гадоў. Па-другое, зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў, знізілася даўгавая нагрузка. Урад мэтанакіравана на працягу ўсяго мінулага года адпрацоўваў пытанні павышэння дабрабыту насельніцтва. Заработная плата ўжо ў снежні аднавіліся і нават прырасла на 0,6 працэнтных пункта — гэта рэальная заработная плата. Пенсіі ў снежні — рост плюс 9 працэнтаў. Хацеў бы адзначыць, што летась мы атрымалі максімальна рэкорднае станоўчае сальда па знешнім гандлі — 4.3 мільярды долараў ЗША. Такога не было ў гісторыі. Гэта дало магчымасць забяспечыць стабільнасць на фінансавым і валютным рынку. Эксперты пасля прыняцця санкцый ацэньвалі, што падзенне эканомікі Беларусі будзе мінімум на 20 працэнтаў. Па выніках года мы маем 4.7. Гэта сведчыць аб тым, што ўрад і мясцовыя органы ўлады прынялі максімум намаганняў, каб знівеліраваць уплыў знешняга ціску», — расказаў Аляксандр Чарвякоў.

Міністр падкрэсліў, што ў 2023 годзе беларуская эканоміка таксама працуе ва ўмовах санкцый. І сёння напрамую ці ўкосна ўсе галіны падвяргаюцца санкцыйнаму ціску. «У гэтых умовах эканоміка дэманструе аднаўленчую дынаміку. Мы бачым, што нашы асноўныя галіны, прамысловасць кожны месяц будзе прырастаць. Пазітыўны ўплыў на працу прамысловасці аказвае машынабудаванне, харчовая прамысловасць, мікраэлектроніка. У нас аднавілася будаўнічая галіна. Калі ацэньваць эканоміку па першым квартале, то мы бачым, што аднаўленчая дынаміка працягнецца. Наша ацэнка ў першы квартал ВУП складзе каля 98 працэнтаў і вышэй. І далей ужо будзе аднаўленчы рост», — адзначыў ён.

Па словах міністра эканомікі, прадпрыемствы скарысталіся адчыненым акном магчымасцяў, якое з’явілася на рынку: «Мы практычна 80 працэнтаў страт на знешніх рынках недружалюбных краін аднавілі. Таму я б абазначыў асноўныя напрамкі, па якіх мы будзем рухацца, каб і далей нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і аднаўляць эканоміку. Першае — пераход на ўсходні вектар, азіяцкі рынак добра ўспрымае беларускую прадукцыю. Толькі за студзень мы павялічылі аб’ёмы паставак у азіяцкія краіны ўдвая. Доля ўзрасла з 12 працэнтаў у студзені мінулага года да 26 працэнтаў у аб’ёме экспартнай выручкі. Другое — гэта Кітай, вельмі важны для нас рынак, і мы тут будзем актыўна працаваць. Асноўная задача прадпрыемстваў — заняць тыя нішы, асабліва на расійскім рынку, з якога сышлі замежныя кампаніі. Ключавой мэтай застаецца імпартазамяшчэнне. Мы дэталёва адпрацоўваем гэты напрамак».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.