Вы тут

Максім Лужанін: «Набліжаецца „вождизм“ часін РАППа...»:


... Цытата зусім з іншай нагоды, чым уся астатняя размова на адну тэму, падказаную зваротам добра вядомага пісьменніка ў ЦК КПБ... Цытата наступная: «Я песціў пачуцці святыя,/ Як мог, я бярог іх, бядак, — / А пеліся песні не тыя ,/ Мо тыя, ды, можа, не так. / І, можа, яны не па модзе./ Ўсё ж цешу сябе да пары:/ Я жыў з краем родным у згодзе/ І шчыра з людзьмі гаварыў». І аўтар верша, ён прыведзены цалкам, — таксама вядомы ў беларускай паэзіі творца. Пра яго і не меней цікавых, роўных яму па таленту, грамадзянскай нераўнадушнасці, маральнай, духоўнай трываласці паэтаў светлай памяці літаратуразнавец Генадзь Праневіч сказаў: «... яны, як ніхто, аб’ездзілі ўздоўж і ўпоперак усё Палессе, уведалі культуру, мову, звычкі і норавы мясцовых людзей, славутыя мясціны і краявіды роднага краю, з якімі зрасліся душою, які стаў часткаю іх уласнай біяграфіі». І далей: «Тут іх зямныя і духоўныя карані, гэтая зямля дала ім усё: бацькоўскі дом і сяброў, жыццёвыя сілы і творчае натхненне, ашчаслівіла каханнем, вызначыла сэнс жыцця. А галоўнае — зрабіла відушчым сэрца, без чаго немагчыма ўявіць сабе сапраўднага паэта...» 


«Я песціў пачуцці святыя...», — гэтыя словы народжаны сардэчным прызнаннем, душэўнай шчырасцю і адкрытасцю ў свядомасці берасцейскага шукальніка слоў Міхася Рудкоўскага. Ці дазволіў бы яму мастацкі талент, ці дазволіла б яму грамадзянскае сумленне пісаць у ЦК ці ў іншыя інстанцыі, каб нешта патрабаваць, каб шукаць уяўную справядлівасць, пры гэтым закранаць чужыя інтарэсы, даваць характарыстыку ці хутчэй — выносіць вердыкт..?

Міхась Рудкоўскі (1936 — 1991), які нарадзіўся ў вёсцы Востраў Ганцавіцкага раёна, пражыў 55 гадоў, выдаў дзевяць кніг. Дзявятая — «Гарынь» — ужо пасля смерці, у 1992-м... Яшчэ адзін зборнік — «Да пребудешь ты в мире всегда» — у перакладзе на рускую мову...

Максім Лужанін (1909 — 2001; сапраўдныя імя, імя па бацьку і прозвішча — Аляксандр Амвросьевіч Каратай), які быў адзначаны за творчую працу ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» (двойчы), Дружбы народаў, пражыў болей 91 года. Яго паэзія і проза выходзіла ў Выбраных творах у 2-х тамах, у Зборах твораў у 3-х і 4-х тамах. Выдадзена некалькі дзясяткаў кніг Максіма Лужаніна. У яго перакладах на беларускую мову пабачылі свет «Жыццё Кліма Самгіна» М. Горкага, «Гора ад розуму» А. Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М. Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А. Радзішчава, «Маладая гвардыя» А. Фадзеева і іншыя творы рускіх, украінскіх, польскіх пісьменнікаў. Цікавасць у чытача і сёння выклікае кніга М. Лужаніна «Колас расказвае пра сябе», якая вытрымала некалькі выданняў. Паэт, празаік, драматург перакладчык, кінасцэнарыст некаторы час працаваў асабістым сакратаром народнага песняра Беларусі Якуба Коласа... Здавалася б, шчаслівае творчае жыццё...

А 4 снежня 1984 года 75-гадовы літаратар піша ліст тагачаснаму першаму сакратару Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Мікалаю Мікітавічу Слюнькову: «Паважаны Мікалай Мікітавіч! 

Не магу змаўчаць пра свае трывогі. Ваша добрая заклапочанасць справамі літаратуры абавязвае быць шчырым. 

Неяк А. Т. Твардоўскі гаварыў мне: „Цяжка будзе вам, хлопцы, без старых. Баюся, што вы зараз пачнеце штучна дадаваць вагі літаратуры. Навошта? Ёсць жа сапраўдная важкасць — Колас і Купала. Іх не на адзін ваш век хопіць, каб падтрымліваць славу Беларусі. А там, глядзіш, калі не штурхацца лакцямі і дапамагаць усім, хто прабівае дарогу да сонца, з’явіцца і пераемнік. Дастойны“. 

Сапраўды, Я. Колас, а затым А. Куляшоў, І. Мележ стваралі ў пісьменіцкім асяроддзі мікраклімат патрабавальнасці, адказнасці за друкаванае слова: друкаваць нешта шэрае было немагчыма — саромеліся і сачыніцель і рэдактары. Было на каго раўняцца па сціпласці, спагадлівасці, увазе да працы паплечніка па пяру...»

Што ж, і ў гэтым ёсць пазіцыя... Праўда, болей, чым Колас, Куляшоў, Мележ, аўтарытэтаў Лужанін у айчыннай літаратуры не разгледзеў. Гэта падштурхоўвае да думкі, што такім аўтарытэтам аўтар звароту ў ЦК бачыў сябе самога. Так гэта ці не, не будзем усё ж спрачацца... 

Чытаем далей ліст у ЦК: «... Пераемнікаў, вартых нашых сяброў, якія пайшлі з жыцця, тых, хто бачыў літаратуру ў цэлым, жыў ёю, прадбачыў рух і яе развіццё, — ды дзе там! — не відаць. А атмасфера патрабавальнасці стала знікаць. Пасыпаліся пухлыя раманы, нават у вершах, па якасці не вышэй школьных сачыненняў. Чытач прагаласаваў супраць: упалі тыражы, тут шмат віны — за Кнігагандлем. Таленавітай кнізе „Пяць струн“ вызначана 5 000 экз., а бездапаможнай „Восені пасярод вясны“ — 30 000! Рамесныя вырабы N... N... N... дасягаюць сотні тысяч. 

Аўтарытэт літаратуры падае, калі на першае месца паўстаюць клопаты не пра літаратуру ў сабе, а турботы пра сябе і для сябе. Ёсць аб чым задумацца сённяшняму сакратарыяту Саюза пісьменнікаў. Традыцыі самавыдання, самаўсхвалення, нецярпімасці да крытыкі ўзыходзяць да часін праўлення П. Броўкі і І. Шамякіна, які ўзурпіраваў права кіраўніка арганізацыі, балазе, што з М. Танкам як кіраўніком можна было не лічыцца...»

Такія лісты з адрасаваннем у самыя высокія інстанцыі крыху бянтэжаць. Заўсёды задаешся пытаннем, а што ж за імі стаіць? Пошук праўды? Жаданне даць вартую ацэнку чужым творам ці чужым паводзінам? А мо ўсё прасцей — паспрабаваць вырашыць свае пытанні..? 

«Здавалася б, варта здабываць урокі. Аднак, усе сённяшнія сакратары Саюза, ледзьве паспеўшы пазнаёміцца з кабінетам, пагналіся за лаўрамі. Шматкратна забалаціраваны Н. Гілевіч з уступленнем на пасаду адразу дабіўся прэміі, акрамя двух ардэноў за чатыры гады, ды і двух званняў — прафесара і заслужанага дзеяча навукі...» Як быццам, нічога не значыць папярэдні адрэзак часу ў жыцці і творчасці будучага народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча?.. Да працы ў СП БССР, куды ён перайшоў у 1980 годзе, Ніл Сымонавіч дваццаць гадоў аддаў выкладанню на філфаку БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю...

З ліста М. Лужаніна, які, пэўна ж, і прэтэндаваў на ролю старэйшыны, «старога», па вызначэнню Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага: «Дарэчы, у спісе нядаўна ўзнагароджаных два сакратары, сярэдняй рукі перакладчык, які толькі што атрымаў прэмію, прычым за другое выданне „Песні пра зубра“, амаль неапераная журналістка. А за бортам — гвардзейская шарэнга выдатных празаікаў і паэтаў. 

На літаратурныя вечары ў Дом літаратара не ходзяць. Няўжо ў паўтарамільённым горадзе не знаходзіцца паўтысячы аматараў літаратуры? Проста аб прыцягненні аўдыторыі ніхто не турбуецца. Вечары вядуць адныя і тыя самыя асобы, абавязкова сакратары, быццам гэта аснова поспеху. Ды і на сустрэчы з гасцямі і на ўсялякія абмеркаванні тыя, хто не абцяжараны пасадамі, не запрашаюцца. 

Ад нядбайнасці і няздольнасці пісьменніцкія сустрэчы наганяюць аскоміну. Па бюро прапаганды аўтары выступаюць па тры (!), а то і болей разоў у дзень, г.зн., халтураць, губляючы гонар літаратара». 

Сабраўшы ў адным лісце ўсё разам, пераскокваючы з аднае тэмы на другую, аўтарытэтны, здавалася б, пісьменнік, які праз усе гады імкнуўся да сцвярджэння пэўных ідэалаў у сваіх мастацкіх твораў, сумбурна агучвае ўласныя крыўды. Магчыма, яны — і частка грамадскай думкі яго, як, дарэчы, і тых самых сакратароў, каго ён крытыкуе... Яны, сакратары, прыйшлі ў Саюз, былі выбраны на з’ездзе, на якім, відавочна, на выбары ўплываў і голас Аляксандра Амвросьевіча. Прыйшлі ў Саюз, Дом літаратара, каб нешта зрабіць вартае, годнае, быць лепшымі, чым папярэднікі... 

І толькі у другой частцы ліста Максім Лужанін пераходзіць непасрэдна да літаратуры, літаратурнага працэса... «Крытыка нават у лепшай сваёй частцы трусіць — пасада, уплывы, адзначаючы недахопы, прозвішчаў не называе, і атрымліваецца, быццам няма ні дрэнных кніг, ні малаталенавітых аўтараў. Не выкрываюцца нават далёкія тлумачэнні пра гуманізм, пакаранасць, ролю і масштаб Кастрычніка. Праца асобных аўтараў у ЛіМе асвятляецца або замоўчваецца па манавенню рукі Гілевіча (сакратар) Гілевічам-малодшым (нам. рэдактара). 

Члены сакратарыята (Н. Гілевіч асабліва) штогод выдаюць па 4-5 кніг у мясцовых і маскоўскіх выдавецтвах з выцясненнем з іх планаў болей моцных аўтараў. 

Набліжаецца „вождизм“ часін РАППа, вядзецца барацьба за беспярэчнасць меркаванняў і паводзін з аднаго боку парторга, з другога — сакратарыята. У выніку — дробная валтузня, прыдзіркі, штурханні лакцямі адзін аднаго і навакольных. Адчуў на сабе: спачатку штуршкі як быццам выпадковыя, з прабачэннямі, пасля — болей унушальныя, а зараз выштурхалі ліку кандыдатаў на рэспубліканскую прэмію (падкрэслена аўтарам ліста — К. Л.)...» 

Зразумела, чаму і ліст напісаны кіраўніку рэспублікі...

І яшчэ — словы Максіма Лужаніна: «Прадчуваю новыя штуршкі, відаць, пад уздых. Ці вытрымаю, прайшоўшы па зямлі 75 гадкоў? Дыхаць становіцца дрэнна, а мне трэба завяршаць кнігу. 

Прабачце, адхіліўся на асабістае. 

Хацелася б, каб існуючыя заганы ў пісьменніцкай арганізацыі не перараслі ў болей пачварныя. 

З вялікай павагай Максім Лужанін». 

Першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў накладвае рэзалюцыю: «т. Кузьміну А.Т. Прашу Вас даць ацэнку становішча і далажыць прапановы...»

Дакладная запіска першаму сакратару носіць болей грунтоўны характар. У ёй — не проста ацэнка выкладзеных прэтэнзій у лісце старога і, як яму асабіста падаецца, «недаалаўрэачанага» літаратара. Выкладзены болей шырокі аналіз, падымаецца гісторыя пытання... Відаць, што па даручэнні Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна адпаведны аддзел ЦК працу прарабіў сур’ёзную. Ніводнае з узнятых пытанняў не засталося без адказу. І з самага пачатку — ацэнка звароту Лужаніна... "Па Вашым даручэнні разгледжаны пытнні, узнятыя ў лісце на Ваша імя пісьменнікам т. Лужаніным-Каратаем А.А. (Максімам Лужаніным). 

Гарачлівы тон ліста, безапеляцыйныя негатыўныя характарыстыкі асобных літаратараў, суб’ектыўныя ацэнкі становішча спраў ў пісьменніцкай арганізацыі паказваюць, што аўтарам у многім рухала асабістая крыўда на Камітэт па Дзяржаўных прэміях БССР у вобласці літаратуры, мастацтва і архітэктуры, які забалаціраваў яго кандыдатуру, вылучаную на саіскальніцтва прэміі. 

На наш погляд, было б няправільным пагадзіцца з тым, што ў Саюзе пісьменнікаў БССР пануе нездаровая абстаноўка. У цэлым літаратурны працэс развіваецца нармальна, пра што сведчыць высокая адзнака дасягненняў беларускай літаратуры на ўсесаюзным узроўні. 

Што датычыць сакратарыята праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, то, сапраўды, у яго рабоце маюць месца недахопы і пралікі. Аднак, усе асноўныя накірункі дзейнасці кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі знаходзяцца пад пільным кантролем партарганізацыі СП БССР, Партызанскага райкама КПБ г. Мінска, Мінскага гаркама КПБ, аддзела культуры ЦК КПБ. 

Праявы асабістай нясціпласці з боку асобных кіраўнікоў былі прадметам сур’ёзнага абмеркавання ў сакратара ЦК КПБ па ідэалагічнай рабоце, а таксама ў аддзеле культуры ЦК КПБ. Разам з тым, трэба зазначыць, што М. Лужанін падае недакладныя звесткі. Тав. Гілевіч Н. С. быў абраны першым сакратаром праўлення пісьменніцкай арганізацыі ў кастрычніку 1980 года, а званне прафесара яму было прысвоена ў 1978 годзе, заслужанага дзеяча навукі — у красавіку 1980 года. На сусіканне Дзяржаўнай прэміі БССР ён быў вылучаны таксама ў пачатку 1980 года. Ордэнам Дружбы народаў т. Гілевіч Н. С. узнагароджваўся ў 1981 годзе да 50-годдзя з дня нараджэння. Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ён атрымаў у сувязі з 50-годдзем стварэння Саюза пісьменнікаў СССР, як і ўсе ўдастоеныя ўзнагарод, па прадстаўленні Саюза пісьменнікаў СССР. Пры ўзнагароджваннні тт. Чыгрынава і Семяжонава І. І. ўлічваліся высокія вынікі іх творчай працы, а таксама тое, што сёлетні год для іх быў юбілейны (адпаведна — 50 і 70 гадоў). 

Праца бюро прапаганды мастацкай літаратуры абмяркоўвалася на партыйным сходзе, прэзідыўме і сакратрыяце Саюза пісьменнікаў БССР. Па нашай рэкамендацыі ў 1982 годзе ўмацавана кіраўніцтва бюро прапаганды. Гэта бюро, на вялікі жаль, з’яўляецца гаспадарча-разліковай арганізацыяй, мае план выступленняў пісьменнікаў, які даводзіцца Усесаюзным бюро прапаганды мастацкай літаратуры. За апошнія тры гады беларускімі пісьменнікамі зроблена 45 тысяч выступленняў у працоўных калектывах, арганізацыях, школах, ВНУ, воінскіх часцях: з іх 25 тысяч ганарарных, а 20 тысяч шэфскіх (бясплатных). Пры такім аб’ёме выступленняў часам пакутуе якасны бок справы. 

Не мае Аляксандр Амвросьевіч рацыі і ў тым, што літаратуруныя вечары ў Доме літаратара вядуць толькі сакратары Саюза пісьменнікаў БССР. За апошні час у ролі вядучых вечароў выступалі В. Быкаў, Р. Барадулін, В. Вітка, А. Лойка, А. Вольскі, У. Паўлаў, М. Гамолка і многія іншыя. Шырокае кола пісьменнікаў рэгулярна запрашаецца на сустрэчы з гасцямі і на абмеркаванні, у тым ліку і М. Лужанін..." 

Вельмі важны аспект — праца газеты пісьменнікаў «Літаратура і мастацтва». Выданне даволі часта крыткуецца на розных этапах свайго развіцця, сваёй гісторыі. Прычыны зразумелыя — не пра таго напісалі, не на тым узроўні ўзнялі тую ці іншую тэму, забыліся пра юбілей паэта ці празаіка... Часам крытыка носіць канструктыўны характар, а часцей выказваецца ў форме неабгрунтаваных, даволі суб’ектыўных прэтэнзій. З адным можна пагадзіцца: праца газеты, журналістаў, публіцыстаў, якія працуюць у рэдакцыі, альбо з’яўляюцца пазаштатнымі аўтарамі «Літаратуры і мастацтва», заўсёды навідавоку... 

«... Ёсць, несумненна, недахопы ў працы газеты „Літаратура і мастацтва“, нашай літаратурна-мастацкай крытыкі: кампліментарнасць, у асобных выпадках нізкі прафесійны ўзровень. Аднак, гэта не дазваляе рабіць высновы, што газета і ўся крытыка ў цэлым няправільна асвятляе сучасны літаратурны працэс. Праграма работы па далейшым павышэнні ідэйна-мастацкага ўзроўню і баявітасці літаратурна-мастацкай крытыкі вызначана на рэспубліканскай нарадзе крытыкаў, праведзенай у 1983 годзе па інціыятыве ЦК КПБ. У дзейнасці аддзелаў крытыкі газет і часопісаў ёсць прыкметны зрух у станоўчы бок». 

І яшчэ адна даволі важная тэма... З дакладной запіскі: «Як ужо адзначалася, мы звярталі ўвагу сакратароў праўлення Саюза пісьменнікаў БССР на іх празмерную актыўнасць у выданні сваіх твораў. 

Лічым, што тав. Лужаніну няма падстаў для скаргі на няўважлівыя адносіны да яго з боку выдавецтваў. За 5 гадоў выдадзены яго наступныя творы: 

1. 1980 год — «Збор твораў, том 2;

кніга паэзіі „Галасы над выраем“;

2. 1981 год — „Збор твораў“, том 3 і 4;

3. 1982 год — кнігі „Песні леснічоўкі“; 

„Сустрэчы“;

4. 1983 год — кніга паэзіі „Паразмаўляй са мной, зямля“;

5. 1984 год — кніга паэзіі „Когда рождался новый мир“...» Кароткае адступленне. Хто з беларускіх пісьменнікаў выдаў Зборы твораў у 4 тамах, акрамя народных паэтаў і народных пісьменнікаў?.. Хаця і з народных у некаторых толькі чатыры тамы і выдадзены — як, напрыклад, у Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна. А народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава — толькі Выбраныя творы ў трох тамах... Чатырохтомнікамі прадстаўлена творчасць Янкі Маўра, Івана Пташнікава, Аляксея Кулакоўскага, магчыма, яшчэ некага. Але доўгі пералік не атрымаецца. 

З дакладной запіскі: «...На суісканне Дзяржаўнай прэміі БССР М. Лужанін вылучаўся чатыры разы: у 1976, 1978, 1982 і 1984 гадах. Для таго, каб суіскальніку была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР, неабходна набраць дзве трэці галасоў членаў Камітэта, якія ўдзельнічаюць у тайным галасаванні. 

У 1976 годзе на секцыі літаратуры Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (гэта першы этап галасавання) з 9 прысутных членаў за яго кандыдатуру пададзена 3 галасы, супраць — 6 галасоў. 

У 1978 годзе на пленарным пасяджэнні Камітэта з 46 прысутных пададзена галасоў: за — 28, супраць — 18 (не набраў дзве трэці). 

У 1982 годзе на секцыі літаратуры Камітэта з 10 прысутных пададзена галасоў: за — 3, супраць — 7. 

У 1984 годзе на пасяджэнні прэзідыўма праўлення Саюза пісьменнікаў БССР кандыдатура М. Лужаніна атрымала галасоў: за — 7, супраць — 9 і не была вылучана на суісканне Дзяржаўнай прэміі БССР. Паўторна кандыдатуру М. Лужаніна вылучыла выдавецтва „Мастацкая літаратура“ На пасяджэнні секцыі літаратуры Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР суіскальнік ізноў не набраў неабходнай колькасці галасоў: за — 3, супраць — 6. 

Аднак прэзідыўм Камітэта прыняў рашэнне ўсё ж унесці кандыдатуру М. Лужаніна ў спісы для тайнага галасавання на пленарным пасяджэнні Камітэта. Вынікі гэтага галасавання: з 41 прысутнага за — 16, супраць — 25. 

У склад Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры акрамя вядомых пісьменнікаў уваходзяць лепшыя прадстаўнікі ўсіх відаў мастацтва, і абвінавачваць іх агульна ў суб’ектывізме, асабістай непрыязні да М. Лужаніна было б няправільна». 

У запісцы нават не згадваецца, за якія творы вылучаўся Максім Лужанін да прысуджэння Дзяржаўнай прэміі... Намінантаў на Дзяржаўную прэмію і іншыя звычайна дастаткова шмат. І часам не атрымліваюць пісьменнікі прэмію за творы досыць важкія, знакавыя. Але назвы твораў застаюцца не толькі ў бібліяграфіі, але і ў памяці чытачоў, да іх звяртаюцца і праз многія гады... 

А. Кузьмін (і адпаведна — сапраўдныя аўтары ці аўтар дакладной запіскі) прыводзіць прыклад, калі галасаванне ўсё ж абыйшлі... «З часу ўсталявання Дзяржаўных прэмій БССР вядомы толькі адзін выпадак, калі ў выглядзе выключэння, без папярэдняга вылучэння і без галасавання на Камітэце па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, прысуджалася прэмія. У 1968 годзе такім чынам была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа народнаму пісьменніку Беларусі т. Лынькову Міхаілу Ціханавічу за раман „Векапомныя дні“. 

Меркавалі б, што ў дадзеным выпадку прымаць рашэнне Бюро ЦК КПБ аб прысуджэнні Дзяржаўнай прэміі БССР т. М. Лужаніну насуперак пазіцыі Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры няма дастатковых аргументаў. 

А. Кузьмін». 

Гэта першая кніга, якую складаў,

Быццам зроду ніколі пяра не трымаў,

Ні трывог,

Ні растайных дарог 

не было.

Нібы ў вочы снягамі жыццё не мяло. 

 

Гэта першая кніга,

Якую складаў,

Быццам рынула крыга,

Пайшоў ледастаў. 

З рэк юнацтва ляціць неапераны сон,

Неразменены век, дзе наперадзе ўсё: 

Хмары ўсе, 

Мары ўсе, 

Моры ўсе, 

Зоры ўсе, 

Цалкам свет —

Не хачу па драбку, пакрысе!

Цалкам свет — 

І з бусламі на кожнай страсе

 

Скрозь усюды пабуду і словам прайду,

Перамыю руду,

Залацінку знайду, — 

гэтыя радкі Максім Лужанін змясціў у «Дні паэзіі 1965»... «Нібы ў вочы снягамі жыццё не мяло...» Мяло... Хапала ў жыцці, творчай біяграфіі Максіма Лужаніна і навальніц, і бураў, і снежных завалаў, іншых драматычных, няпростых выпрабаванняў. Ён быў шукальнікам новых вобразаў, мастацкіх сімвалаў, імкнуўся рабіць адкрыцці... Шмат пісаў, шмат перакладаў, часта вельмі востра выступаў на сходах, розных паседжаннях. Быў і застаўся чалавекам XX стагоддзя. Але быў і застанецца назаўсёды эпізод са зваротам у ЦК Кампартыі, была крыўда, што не здолеў падняцца да адзнакі Дзяржаўнай прэміяй БССР... І ад гэтага ведання многія творчыя ўдачы, яркія радкі чамусьці мізарнеюць, падаюцца штучнымі, прыдуманымі, а не перажытымі ў сумленным супрацьстаянні з часам. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.