Вы тут

Студэнты ГрДУ ім. Я. Купалы распрацуюць сайт па мемарыялізацыі памяці ахвяр генацыду ў гады ВАВ


Студэнты ўніверсітэта распрацуюць сайт з інтэрактыўнай картай, на якой будуць адлюстраваны ўсе пахаванні і месцы, дзе загінулі савецкія воіны і мірныя грамадзяне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Такая інфармацыя прагучала на прымеркаваным да 80-годдзя Хатынскай трагедыі круглым стале «Сёстры Хатыні на Гродзеншчыне», што адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Я. Купалы, перадае БелТА.


Удзел у мерапрыемстве прынялі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў, выкладчыкі і студэнты ВНУ. Тэмы выступленняў тычыліся не толькі трагедыі Хатыні, але і падобных лёсаў вёсак Гродзенскай вобласці.

«Разам з пракуратурай Гродзенскай вобласці мы праводзім работу па ўстанаўленні памятных месцаў, месцаў спалення, генацыду беларускага народа на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Хлопцы прымаюць непасрэдны ўдзел у расследаванні гэтых крымінальных спраў. Тут ёсць месца для гісторыкаў, перакладчыкаў, юрыстаў, журналістаў. Таму праект „Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі“ — вялікі міждысцыплінарны праект, які ў Год гістарычнай памяці, а цяпер у Год міру і стварэння мае вельмі вялікі выхаваўчы патэнцыял», — сказала рэктар ГрДу ім. Я. Купалы Ірына Кітурка.

Работа студэнтаў у гэтым кірунку пачалася яшчэ ў 2021 годзе, з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа, адзначыла рэктар. «У нашым архіве захоўваецца шмат дакументаў на нямецкай мове перыяду акупацыі. Таму першымі ў працу ўключыліся студэнты-перакладчыкі, якія перакладалі гэтыя дакументы і працягваюць да гэтага часу. Цяпер ужо студэнты-гісторыкі, юрысты ўключыліся ў працу. На круглым стале прагучаць іх даклады, падрыхтаваныя за некалькі месяцаў працы над праектам “Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі", — дадала Ірына Кітурка.

Ва ўніверсітэце створана студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя, дзе маладыя людзі займаюцца даследаваннем Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і фактаў генацыду беларускага народа. Дарэчы, ва ўніверсітэце дзейнічае яшчэ адзін тэматычны праект пад назвай «Заходняя Беларусь: вайна пасля вайны», які тычыцца даследавання дзеянняў бандфармаванняў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

«У гэтыя дні ўся Беларусь успамінае трагічныя падзеі 80-гадовай даўніны — спаленне Хатыні. Трагедыя Хатыні паказала ўсяму свету сутнасць фашызму і нацызму. І мы павінны памятаць пра гэтыя страшныя старонкі нашай гісторыі. Хатынь адгукаецца болем у сэрцах не толькі таго пакалення, якое было сведкам тых страшных падзей, але і ў сэрцах цяперашняга пакалення. Мы як прадстаўнікі студэнцтва робім усё магчымае, каб захаваць памяць пра тыя падзеі», — распавёў студэнт ГрДу ім. Я. Купалы Мікіта Ляўковіч. Будучы гісторык адзначыў, што шэраг праектаў ВНУ, а таксама праца ў навукова-даследчай лабараторыі дапамагаюць выкрываць таямніцы, засакрэчаныя на працягу доўгіх гадоў. «Каб зразумець усю праблематыку пытання, нам трэба капнуць яшчэ глыбей, даследаваць яшчэ больш, каб адкрыць новыя імёны, прозвішчы ўдзельнікаў тых падзей, усіх памагатых, якія знішчалі Беларусь і беларускае насельніцтва», — сказаў Мікіта Ляўковіч.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.