Вы тут

Героі тыдня — гімнасты, дзюдаісты і веласіпедысты


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны.


Фота: БелТА.

Героі тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на адкрытым чэмпіянаце Расіі па лыжных гонках і біятлоне, які прайшоў у Іжэўску. Бронзавым прызёрам спрынтарскай гонкі на 7,5 кіламетра стаў беларус Васіль Шапцябой, які выступае з атлетам-лідарам Дзмітрыем Будзіловічам. Бронзавы медаль у гонцы на 12,5 кіламетра сярод юнакоў прынеслі біятланіст Кірыл Ражкін і атлет-лідар Мікіта Маслоўскі. На мінулым тыдні ў Ханты-Мансійску прайшоў адкрыты чэмпіянат Расіі па лыжных гонках і біятлоне сярод асоб з паражэннем апорна-рухальнага апарату, на якім прадстаўнікі Беларусі заваявалі пяць узнагарод: тры залатыя і дзве сярэбраныя.

Медалі тыдня. У Хабараўску завяршыліся міжнародныя спаборніцтвы па дзюдо памяці Васіля Ашчэпкава. У турніры ўзялі ўдзел спартсмены з Арменіі, Індыі, Манголіі, Сербіі, Таджыкістана, Расіі і Беларусі. Атлеты разыгралі медалі ў 14 вагавых катэгорыях. У беларускай каманды — пяць медалёў. Сярэбранымі прызёрамі турніру сталі Ксенія Даніловіч (у вазе да 52 кг) і Ульяна Мінянкова (да 57 кг), бронзавымі прызёрамі — Яна Макрэцкая (да 63 кг), Дар'я Канцавая (да 78 кг) і Ягор Кухарэнка (звыш 100 кг). Гэты турнір стаў першым стартам у серыі Russіan Judo Tour, наступным этапам розыгрышу будзе Кубак губернатара Чалябінскай вобласці, які пройдзе 24 і 25 чэрвеня.

Лічба тыдня. Дзевяць медалёў заваявалі беларусы на міжнародных спаборніцтвах па веласпорце на трэку Sіlk Road Namangan ІІ, якія адбыліся ва Узбекістане. Турнір прайшоў пад эгідай Міжнароднага саюза веласіпедыстаў (UCІ), удзел у ім узяло больш як 60 спартсменаў з Беларусі, Узбекістана, Расіі, Казахстана і Ганконга. Двухразовым пераможцам «Шаўковага шляху Намангана» стаў беларус Раман Цішкоў. Спачатку ён перамог у омніуме, а затым у пары з Дзянісам Мазурам выйграў мэдысан.

Таксама «золата» турніру дасталася беларусам Раману Раманаву (гонка па ачках) і Караліне Бірук (скрэтч). Караліна Бірук стала трохразовым бронзавым прызёрам турніру: у омніуме, у гонцы з выбываннем і ў мэдысане ў тандэме з Анастасіяй Колесавай. Анастасія Колесава таксама заваявала сярэбраны медаль у асабістай гонцы на вылет. Яшчэ адным беларускім мультымедалістам стаў Дзяніс Мазур, які заваяваў «серабро» ў гонцы з выбываннем і «бронзу» ў скрэтчы.

Турнір тыдня. Беларускія біятланісты выступілі на адкрытым чэмпіянаце Расіі. У мужчынскай эстафеце Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Ілья Аўсеенка і Антон Смольскі занялі трэцяе месца. Каманда «Беларусь-2» у складзе Сцяпана Данілава, Паўла Бялько, Аляксандра Кошына і Івана Тулаціна заняла 7-е месца сярод 15 калектываў. Лідар мужчынскай зборнай Антон Смольскі стаў сярэбраным прызёрам гонкі з масавым стартам.

Поспех тыдня. У Екацярынбургу прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы «Гульні выкліку легендаў». У мужчынскіх спаборніцтвах Мікіта Парфяновіч у практыкаваннях на кані заваяваў «золата», у вольных практыкаваннях, а таксама на брусах і перакладзіне — бронзавыя медалі. Даніла Грыгарчук стаў бронзавым прызёрам на кольцах і ў апорным скачку. У юніёрскіх спаборніцтвах Багдан Ільінкоў у практыкаваннях на перакладзіне заваяваў «золата» і «бронзу» ў практыкаваннях на кані, кольцах, апорным скачку і брусах. Антон Калтунчык заняў трэцяе месца ў вольных практыкаваннях і перакладзіне.

Аб'ява тыдня. Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі настольнага тэніса (ІTTF) падтрымаў рашэнне МАК аб допуску спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў у якасці нейтральных атлетаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба ІTTF. «Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі настольнага тэніса ўхваляе нядаўнюю заяву Міжнароднага алімпійскага камітэта адносна статусу спартсменаў з расійскім або беларускім пашпартам у міжнародных спаборніцтвах. Настольны тэніс мае вялікую гісторыю аб'яднання людзей, нават калі палітычныя сувязі былі яшчэ больш кволыя, узводзіць масты, якія вядуць да лепшага паразумення паміж народамі, і адчыняе дзверы для ўмацавання міру, чаго не могуць зрабіць ізаляцыя і падзел.

Стаўпом алімпійскага руху была і застаецца аўтаномія, якой павінны валодаць спартыўныя арганізацыі. Яны нясуць аднаасобную адказнасць за прыняцце рашэння аб тым, якія гульцы могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, зыходзячы з іх спартыўных дасягненняў, а не па палітычных матывах або з-за іх пашпартоў. Адзначаючы гэта, ІTTF падтрымлівае допуск гульцоў з Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў па настольным тэнісе, якія арганізоўваюцца Міжнароднай федэрацыяй настольнага тэніса, але на строгіх умовах нейтралітэту. Калі яны будуць выкананы, беларускія і расійскія спартсмены змогуць выступаць на турнірах ужо ў маі. Яны не возьмуць удзел у чэмпіянаце свету ў ПАР з 20 па 28 мая, паколькі кваліфікацыя на яго ўжо завершана», — адзначаецца ў заяве.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.