Вы тут

Пасадзіць сваё дрэва


Працоўны дэсант Брэсцкага аблвыканкама на чале з губернатарам на пасадку лесу накіраваўся ў Мухавецкае лясніцтва Брэсцкага лясгаса. А перад гэтым удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з работай гандлёвай пляцоўкі названага лясгаса, якая нядаўна распачала работу, дарэчы, першая ў рэгіёне.


Пляцоўка адкрылася ў студзені і ўжо выклікала цікавасць з боку як прадстаўнікоў будаўнічага бізнесу, так і простых грамадзян. Тут можна набыць усё, каб узвесці зруб новага дома, альбо купіць гатовыя лазню, альтанку, арэлі, нават кошыкі. Шмат яшчэ якой прадукцыі прапануюць без пасрэднікаў. І ўсё гэта зроблена з драўніны, што расце ў нашых лясах.

Менавіта каб лясы раслі, а на месцы планавых высечак узнімаліся новыя дзялянкі, праводзяцца падобныя кампаніі. У 35-м квартале Мухавецкага лясніцтва каля вёскі Закій быў падрыхтаваны фронт работ. Тут працоўная брыгада абласнога выканкама і высадзіла сеянцы хваёвых парод. Надвор'е было цёплае, сонечнае. Старшыня аблвыканкама падзяліўся сваімі ўражаннямі з журналістамі:

— Добра, што нашы землі выкарыстоўваюцца рацыянальна, і сёння мы робім уклад, каб пакінуць будучым пакаленням прыгожую краіну з зялёнымі лясамі, — сказаў Юрый Шулейка. — Садзіць лес стала добрай традыцыяй. Брастаўчане бяруць удзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» з 2007 года. І з кожным годам удзельнікаў становіцца больш. Падлічана, што за гэты час валанцёрамі высаджана 29 мільёнаў штук пасадачнага матэрыялу на плошчы 6,8 тысячы гектараў. Удзел у акцыі ўзяло каля 88 тысяч чалавек. Такія мерапрыемствы становяцца святам.

Акцыі штогод праводзяцца і ў гарадах, калі мы садзім ліпы, каштаны, бэз. Гэта таксама своеасаблівы тыдзень лесу для ўпрыгожання гарадоў, — заўважыў губернатар.

— Пасадка дрэва — вельмі сімвалічная акцыя, — працягнуў гаворку старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ. — Калі садзіш дрэва, тым самым працягваеш жыццё, бо карані — гэта мінулае, ствол — сучаснасць, а крона — будучае. Ва ўсім тым вялікі сэнс. Таму асабліва важна, калі сюды прыходзяць людзі з калегамі па рабоце, з аднадумцамі і сябрамі па грамадскай арганізацыі, прадстаўнікі пакаленняў адной сям'і. Лясгасы даюць магчымасць паўдзельнічаць у добрай справе кожнаму. А папрацаваць разам на свежым паветры — гэта ж асаблівае задавальненне.

Гэтай вясной у Брэсцкай вобласці запланавана пасадзіць лес на плошчы 2,6 тысячы гектараў. Падчас акцыі, якая працягнецца да 23 красавіка, добраахвотнікі засадзяць прыкладна 1,5 тысячы гектараў. Пры выбары лакацый перавагу аддавалі дзялянкам паблізу населеных пунктаў, каб людзям было зручна дабірацца. Многія ж прыходзяць цэлымі сем'ямі, з дзецьмі, унукамі.

— Летась на гэтую пару ў рамках Тыдня лесу мы пасадзілі каля тысячы гектараў, а сёлета ўжо ёсць паўтары тысячы, — сказаў генеральны дырэктар Брэсцкага лесагаспадарчага аб'яднання Анатоль ЛЕВАНЮК. — Гэта не значыць, што ў нас не хапае людзей, рэсурсаў. Мы і самі справіліся б з такім аб'ёмам работ. Але ж акцыя дае магчымасць прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да праблемы захавання і аднаўлення лясоў. Калі чалавек пасадзіў сваё дрэва, ён па-іншаму будзе ставіцца да лесу наогул, з большымі любоўю і павагай. У Год міру і стваральнай працы, думаю, пасадзіць дрэва — асабліва ганарова.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.