Вы тут

Жыхары аграгарадка Магілёўскага раёна занепакоеныя пераменамі ў іх гаспадарцы


Аграгарадок Сухары знаходзіцца недалёка ад Магілёва. У даволі вялікім населеным пункце знаходзіцца і цэнтр сельсавета. Здавалася б, праблемы з развіццём у «прыгарадным» (каля абласнога цэнтра) паселішчы ўзнікаць не павінна. Аднак у Сухарах не ўсё так проста. Праблема— у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Дакладней, у яго рэфармаванні.

Спачатку, звярнуўшыся ў карпункт «Звязды», праблему агучыў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ТАА «Сухары Агра» Мікалай Валюжэніч. Ён паведаміў, што таварыства абанкруцілася і практычна спыніла сваё існаванне. Тое, што ад яго засталося, новы інвестар перафармаціраваў. У выніку частка былых работнікаў вымушана ездзіць на работу ў іншы населены пункт за больш як 30 кіламетраў. Жыхары Сухароў занепакоеныя: няма работы на месцы — якое ж жыццё? У роспачы яны напісалі ліст у самую высокую інстанцыю. Карэспандэнту «Звязды», якая прыехала разбірацца ў сітуацыі, адразу паказалі яго копію.


«Мы, жыхары вёсак Сухары, Харошкі, Зарэсце Сухарэўскага сельсавета звяртаемся з просьбай аб аднаўленні нашай гаспадаркі ТАА «Сухары Агра». Гэта наша жыццё. Мы падтрымліваем пазіцыю наконт таго, што калі знішчым вёску, загубім краіну. Юрыдычна прадпрыемства яшчэ ёсць, а фактычна ўсе рахункі заблакіраваныя. Інвестар, ён жа і заснавальнік, ТАА «МагілёўПрадукт», купіў гаспадарку на ўмовах захаваць яе вытворчасць і як мінімум 30 працоўных месцаў. Але ў выніку на працягу трох дзён 1337 галоў БРЖ (буйной рагатай жывёлы) было вывезена, а 78 асноўных работнікаў вымушаны ездзіць на работу ў Магілёў, вёску Грыбаны, аграгарадок Раманавічы. Цяпер працягваецца вываз тэхнікі, кінуты нядрэнныя жывёлагадоўчыя памяшканні з сучасным даільным абсталяваннем у аграгарадку Сухары, вёсках Харошкі, Малое Бушкава, Ходнева, а таксама збожжаток, збожжасклады, мехдвор і г. д.» Гэта — сціслы варыянт калектыўнага ліста на дзвюх старонках.

Днямі ў Сухарах з такой нагоды адбыўся сход з удзелам усіх зацікаўленых. Але пытанні засталіся. Газета не прэтэндуе на ролю апошняй інстанцыі, мы толькі далі магчымасць выказацца абодвум бакам.

«Хочам, каб вёска жыла»

З аўтарамі звароту Мікалаем Валюжэнічам, Васілём Котавым і Леанідам Барсуковым сустракаемся на тэрыторыі Сухарэўскага сельсавета. Усе яны — былыя работнікі гаспадаркі, займалі не апошнія пасады, карыстаюцца аўтарытэтам у сваіх землякоў. Той жа Мікалай Валюжэніч у свой час быў галоўным аграномам тады яшчэ калгаса «Камуністычны маніфест», пэўны час працаваў старшынёй Сухарэўскага сельсавета.

Ён расказвае, што праблемы пачаліся з 2012 года пасля акцыянавання СВК і далучэння яго да агракамбіната «Прыдняпроўскі», які ўжо на той момант быў закрэдытаваны. На руках суразмоўніка — вынікі асноўных эканамічных паказчыкаў з 2012 да 2018-га. Мяркуючы па іх, яшчэ пяць гадоў гаспадарка дэманстравала рэнтабельнасць больш за 7 %.

— «Прыдняпроўская» птушкафабрыка ў выніку закрэдытавала і нашу гаспадарку, — канстатуе Мікалай Дзмітрыевіч. — Сёння няўзброеным вокам відаць, што яна ледзь дыхае. Дзяржава будавала аграгарадок, укладвала грошы, а цяпер гэта ўсё можа згаснуць. Людзям трэба шукаць работу дзесьці на баку, рана ўставаць, ісці на прыпынак, ехаць за дзясяткі кіламетраў працаваць, позна вяртацца. Яшчэ адзін аўтобус вязе нашых людзей у ААТ «Магілёўскі лянок», да якога таксама не адзін дзясятак кіламетраў. Людзей да сямі раніцы забралі, пасля 18.00 прывезлі, а калі жыць? Калі сваёй гаспадаркай займацца, дзецьмі?

Аўтары звароту перажываюць, што працэсы перабудовы сталі адбівацца і на аграгарадку. Апошнія дамы для спецыялістаў узводзіліся тут у 2007 годзе, а новыя гаспадары пра развіццё населенага пункта нават гаворкі не вядуць.

Васіль Васілевіч, былы галоўны ветурач гаспадаркі, наракае, што з населенага пункта з'язджаюць шматдзетныя сем'і. Іх дзеці растуць на асфальце і да зямлі жадання вяртацца не маюць...

— Душа баліць за гэту гаспадарку, — з горыччу кажуць ветэраны працы. — Калі гаспадарка была, людзі хадзілі на работу, з работы, на абед, з абеду. Жыццё кіпела. Цяпер — пустэча. Летам яшчэ дачнікі прыязджаюць, а зімой ідзеш па цэнтральнай вуліцы — і цішыня. Як на могілках.

— Вось нас на сход сабралі і супакойваюць, што ўсё добра, усе пры рабоце, — уздыхае Мікалай Валюжэніч. — Але мы жадаем, каб работа была ў нас, а не дзесьці ў Раманавічах. Столькі памяшканняў засталося — фермы, даільныя залы... Хай там будуць свінні, каровы, нават птушкі — толькі б людзей ад нас нікуды не звозілі. Каб Сухары жылі, каб дамы будаваліся, дзеці ў садок і школу хадзілі. А раслінаводства, якім яны тут плануюць займацца, гэта не вытворчасць. Для пастаяннага абслугоўвання тут людзі не патрэбныя. А мы хочам, каб вёска жыла. Цаліну ўзнімалі і будавалі, сёння наша цаліна — беларуская вёска...

«Хочам, каб гаспадарка працавала рэнтабельна»

Новы этап жыцця ў ТАА «Сухары Агра» пачаўся з мінулага года, калі таварыства з абмежаванай адказнасцю «МагілёўПрадукт» купіла кантрольны пакет акцый згаданай арганізацыі і птушкафабрыкі ў Раманавічах. Абодва суб'екты гаспадарання ўваходзілі калісьці ў склад агракамбіната «Прыдняпроўскі», пасля банкруцтва якога атрымалі статус асобных юрыдычных асоб і пэўны час чакалі інвестараў. Маладое прыватнае прадпрыемства, якое іх купіла, спецыялізуецца на аптовым гандлі прадуктамі харчавання і сельгаспрадукцыі, а таксама займаецца развіццём птушкагадоўлі і раслінаводствам. На момант продажу ТАА «Сухары Агра» тут працавала каля 50 чалавек і ўтрымлівалася больш за 1300 галоў буйной рагатай жывёлы.

— Летась, калі інвестар набываў птушкафабрыку ў Раманавічах, была ўмова забраць і «Сухары Агра», — расказвае дырэктар ТАА «Сухары Агра» Аляксандр Семянкоў. — Абедзве гаспадаркі былі выстаўлены на продаж. Калі б птушкафабрыку не купілі, яна б распрадавалася па частках — зямля, памяшканні. Што датычыцца «Сухары Агра», то яно не мела прыбытку, а памер яго доўгу на сённяшні дзень складае мільён рублёў. Тэхніка патрабавала рамонту, жывёла — кармоў, мы і тое, і другое забяспечылі. Для жывёлы куплялі камбікармы, сянаж, сілас. Адкармілі да 580—680 кілаграмаў і перадалі агракамбінату «Усход». Гэтая перадача юрыдычна аформленая і ўзгодненая з мясцовымі ўладамі. Калі жывёла выбыла, работнікам прапанавалі работу на птушкафабрыцы ў Раманавічах. Некаторыя пажадалі працаўладкавацца ў суседніх гаспадарках, нехта паехаў у горад працаваць. Але большасць пагадзілася ездзіць на работу ў Раманавічы. Аўтобус забірае людзей з Зарэсця, Сухароў і праз Магілёў вязе да работы. Зарплата там у 1,5 раза вышэйшая, завозяць, прывозяць — што яшчэ трэба? Работнікам, якім заставалася да пенсіі некалькі месяцаў, афармлялі пенсіі, выдавалі дапамогу. Усе задаволеныя.

Суразмоўнік сцвярджае, што перспектыў у гаспадаркі наогул не было. Яна ўпэўнена ішла на дно.

— «Энерганагляд» папярэдзіў, што ферма ў Сухарах старая і небяспечная для людзей — адсутнічаў зазямляючы контур, — прыводзіць ён аргумент. — На гэта ёсць судовае прадпісанне. Каб зрабіць зазямленне, трэба было спачатку заказаць праектную дакументацыю, якая каштуе прыкладна 20-30 тысяч рублёў, а потым праводзіць усе неабходныя работы, якія занялі б не адзін месяц. Не лепшая сітуацыя па фермах у Ходневе і Харошках, якія былі закрытыя яшчэ да продажу таварыства. Працавалі толькі ў Малым Бушкаве, дзе «Дзяржплемпрадпрыемства» арандуе плошчы, і да нядаўняга часу тут — у Сухарах. Што датычыцца астатніх пабудоў, то яны будуць або выкарыстоўвацца, або здавацца ў арэнду. Інвестар не зацікаўлены, каб плошчы пуставалі. Цяпер на мехдвары ў Сухарах некалькі камбайнаў і трактароў, астатнія перагналі ў Раманавічы на рамонт.

Што чакае гаспадарку ў перспектыве? Аляксандр Семянкоў тлумачыць, што будзе развівацца раслінаводства. Да канца года плануецца таксама пашырыць дзейнасць птушніка ў найбліжэйшых да Сухароў Кісяльках. І там будуць створаны дадатковыя працоўныя месцы. Ці вернецца калі-небудзь жывёлагадоўля ў Сухары, суразмоўнік пакуль не загадвае. Але калі і вернецца, яе трэба будзе арганізоўваць з нуля. Бо ў тым выглядзе, якая ферма цяпер, яе нельга выкарыстоўваць. І рэканструяваць бессэнсоўна. Перспектывы залежаць ад фінансаў.

Сцэнарый для вёскі

На тэрыторыі сельсавета сёння зарэгістраваны 841 чалавек, 500 з іх жывуць непасрэдна ў Сухарах. Яшчэ да набыцця інвестарам гаспадаркі тут было на ўліку 48 не прызнаных занятымі ў эканоміцы людзей. І, як сцвярджае выконваючы абавязкі старшыні Сухарэўскага сельсавета Аляксандр Зінькевіч, іх больш не стала.

— Калі ў тутэйшых узніклі пытанні з працаўладкаваннем, мы пачалі супрацоўнічаць з кіраўніцтвам птушкафабрыкі ў Раманавічах, адкрытага акцыянернага таварыства «Магілёўскі лянок», аграфірмы «Кадзіна», — расказвае ён. — Хто хоча працаваць, працуе. Вядома, раней больш зручна было, але ж узнікла вось такая сітуацыя. На сёння пытанняў з працаўладкаваннем былых супрацоўнікаў гаспадаркі няма. Існуе падвоз людзей да месца работы і дамоў. Вядома, свая гаспадарка — лепш. Але добра ўжо тое, што яна не знікла, зямля апрацоўваецца, Раманавічы тэхнікай падтрымліваюць. Жыццё працягваецца.

Аднак тутэйшых чамусьці ўсё гэта не супакойвае. Мікалай Валюжэніч запрашае на экскурсію па Сухарах. Ён — аматар-краязнавец і можа гадзінамі расказваць пра Сухары.

Аграгарадок сапраўды прывабны для жыцця. Чысты раён, рэчка, возера ў восем гектараў, лес з грыбамі ды ягадамі, дарожная сетка — жыві і радуйся. На вуліцы Маладзёжнай двухпавярховікі, пабудаваныя па чарнобыльскай праграме, — сюды пасля аварыі прыехалі перасяленцы. Яны і сёння не пустуюць. На участках каля дамоў завіхаюцца людзі, са школы ідуць дзеці. Школа таксама двухпавярховая, дагледжаная. Сёння тут вучыцца, па словах майго гіда, 70 дзяцей. Яшчэ 20 наведваюць дзіцячы садок, які функцыянуе асобна. Чыста, прыгожа, дагледжана. У невялічкім парку стаяць трэнажоры для заняткаў спортам. Працуе некалькі крамаў, ёсць клуб, амбулаторыя, ФАП, аптэка, прыгожы храм ХІХ стагоддзя. Ферма, з-за якой перажываюць ветэраны гаспадаркі ў Сухарах, на ўскрайку населенага пункта. Звонку сапраўды выглядае прыстойна. Але прыкметы запусцення ўжо відаць...

Зрэшты, галоўнае, каб гэты пусты будынак не стаў пачаткам апусцення самой вёскі. Будзем спадзявацца, што інтарэсы яе жыхароў і людзей, якія прыйшлі сюды як гаспадары, усё ж супадуць у пэўным яшчэ не крытычным пункце.


Генадзь Давыдаў, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама:

— Наконт інвестараў, якія прыйшлі, скажу, што гэта людзі талковыя, дзелавітыя, у іх ёсць планы, яны ведаюць, чаго хочуць, і ідуць да сваёй мэты. На сённяшні дзень зямля ўжо прыгледжана. Аднавіць тыя пабудовы, што існуюць у ТАА «Сухары Агра», сёння даражэй, чым пабудаваць новыя. Сэнсу няма ўкладаць туды такія грошы. Работу ўсім прапанавалі. Дарэчы, з пяці механізатараў, якія там працавалі, толькі ў аднаго былі правы на кіраванне тэхнікай. Аўтары звароту ўзнімаюць пытанне, што трэба будаваць дамы, тады людзі вернуцца ў калгас. Але гэта не так. Шмат прыкладаў, калі новыя дамы ёсць, а працуюць у гаспадарцы лічаныя людзі. Нядаўна размаўляў з выпускнікамі школ раёна, і толькі адзін хлопец сказаў, што будзе паступаць у сельскагаспадарчую ВНУ. А без моладзі вёска — не вёска. Вось праблема, над якой трэба працаваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Магілёўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.