Вы тут

Пераможцы конкурсу «Хатынь вачыма дзяцей» наведалі Палац Незалежнасці


Звыш 1500 юных мастакоў з усёй Беларусі прынялі ўдзел у патрыятычным конкурсе малюнкаў «Хатынь вачыма дзяцей», які ў сакавіку абвясціў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Па ініцыятыве Прэзідэнта з 20 лепшых работ дзяцей і моладзі зладзілі экспазіцыю, якую размясцілі ў Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці, а аўтараў лепшых малюнкаў запрасілі сюды на экскурсію.


Паглядзець, дзе працуе кіраўнік краіны і дзе адбываюцца найбольш значныя для рэспублікі сустрэчы і ўрачыстасці, прыехала больш за 100 чалавек: пераможцы і лаўрэаты конкурсу разам з бацькамі і педагогамі.

Самы малодшы ўдзельнік — першакласнік Арцемій Сальнікаў з Баранавіч, які добра малюе, удзельнічаў ужо не ў адным конкурсе. А яшчэ ён ведае напамяць верш “Барадзіно”. Маці Ксенія ўпэўнена, што ўдзел у творчых спаборніцтвах развівае дзіця:

першакласнік Арцемій Сальнікаў з Баранавічаў

— Я бачу па сыне, што ўдзел у конкурсах станоўча ўплывае на яго развіццё, таму мы не адмаўляемся ад магчымасці ў іх удзельнічаць. Над задумкай карціны працавалі ўсёй сям’ёй. На малюнку — два разарваныя чорна-белыя здымкі са званамі.

Разваліны спаленай вёскі адлюстравала ў сваёй карціне, якая атрымала дыплом 3-й ступені па Брэсцкай вобласці, Марыя Шкут, вучаніца 8 «А» класа сярэдняй школы № 2 г. Ляхавічы. На малюнку  хлопчык, якога абдымае маці, і абодва яны плачуць.

Марыя Шкут, вучаніца 8 «А» класа сярэдняй школы № 2 г. Ляхавічы

— Падчас работы над малюнкам я адчувала жаль да ўсіх людзей, сваякі якіх загінулі ў Хатыні, і пастаралася перадаць праз малюнак горыч маці і сына, якія згубілі ў гэтай вёсцы свайго бацьку. Радасць ад перамогі ў конкурсе вялікая, бо я нават не разлічвала прайсці на абласны этап, не кажучы пра прызавое месца, — падзялілася эмоцыямі дзяўчына.

Лізавета Жур, 11-класніца сталічнай школы № 128, заняла другое месца ў конкурсе ва ўзроставай катэгорыі 16-18 гадоў. Яна намалявала карціну вугалем, што сімвалізуе жах, горыч і трагедыю Хатыні.

Лізавета Жур, 11-класніца сталічнай школы № 128

— На малюнку — дзяўчынка Соня, якая ацалела ў гэтым пекле. Над дзіцём — прывід яе маці, якая аберагае дачку. Дзяўчынка застался зусім адна ў лесе пасля перажытых жахаў, і яе эмацыйны стан перадае пачуцці ўсіх людзей, якія перажылі жах вайны. Аднак на палатне ёсць надзея, якая адлюстравана ў выглядзе пацеркі з парваных караляў, — расказала пра малюнак педагог школы Вольга Белавус.

8-гадовая Ганна Гулак, вучаніца Гарадзішчанскай пачатковай школы Мінскага раёна, падзялілася, што Палац Незалежнасці вельмі моцна ўразіў яе, хаця яна шмат разоў бачыла яго па тэлебачанні:

8-гадовая Ганна Гулак, вучаніца Гарадзішчанскай пачатковай школы ў Мінскім раёне

— У сваёй карціне я хацела паказаць эмоцыі, якія ў час вайны перажывалі людзі, і мама абяцала, што мы абавязкова з’ездзім у Хатынь. Я лічу, што памяць пра тыя часы павінна быць у кожнага ў сэрцы.

Дзве гадзіны экскурсіі праляцелі незаўважна, па бляску вачэй зразумела, што наведвальнікі ўражаны веліччу будынка: безліч пакояў, вялікія плошчы, прыгожае аздабленне... І, вядома, музей падарункаў.  Як мінімум адзін экспанат з выставы атрымае сталую прапіску ў музеі. Гэта карціна «Голас Хатыні», створаная да конкурсу навучэнцамі гімназіі – каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, якія пасля наведвання Хатыні вырашылі стварыць агульнае палатно. Аўтарства сімвалічна належыць 75 чалавекам — па колькасці загінулых. Адзін са стваральнікаў карціны Глеб Арказаў, студэнт 2-га курса гімназіі – каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка падзяліўся ўражаннямі:

Карціна «Голас Хатыні» навучэнцаў гімназіі-каледжа імя Ахрэмчыка

— 80-годдзе трагедыі Хатыні — важная дата для кожнага беларуса. Нашы рабяты на месцы рабілі замалёўкі, з якіх паэтапна выбудоўвалася адзіная карціна. Асноўныя кампазіцыйныя моманты ўзгаднялі і злучалі ў адно цэлае настаўнікі. І нам вельмі прыемна, што наша карціна будзе ў музеі. У Палацы Незалежнасці вельмі прыгожа — усё бліскучае, мармуровае, ззяючае.

Напрыканцы экскурсіі госці пагулялі па зімнім садзе і палюбаваліся экзатычнымі раслінамі, а перад ад’ездам паглядзелі невялікі фільм пра Палац Незалежнасці. 

Ірына СІДАРОК 
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.