Вы тут

На Клімаўшчыне рэалізавалі праект, які дасць штуршок развіццю раёна


На мінулым тыдні ў Магілёўскай вобласці адбылася знакавая падзея — у Клімавіцкім раёне адкрыўся свінагадоўчы рэпрадуктар. Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. На адкрыцці шмат гаварылася пра тое, што новы аб'ект стане важкім укладам у развіццё краіны і забеспячэнне яе харчовай бяспекі. А яшчэ — адпраўным пунктам для росту паказчыкаў усяго раёна і новай старонкай яго існавання. Ігар Сергеенка адзначыў, што аб'ект пабудаваны з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій і па апошнім слове навукі і тэхнікі. З гэтым рэпрадуктарам у раёне звязваюць шмат планаў і перспектыў.


Паўднёвы ўсход Магілёўшчыны — на асаблівым кантролі ў Прэзідэнта. Выйшла некалькі ўказаў, дзейнічае дзяржпраграма. І вельмі знамянальна, што такое сучаснае прадпрыемства аграрнай галіны з'явілася менавіта ў адным з такіх раёнаў.

Год таму Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу перад кіраўнікамі райвыканкамаў рэалізаваць не менш як адзін інвестыцыйны праект у кожным раёне краіны. «Вялікі, малы, але каб людзі бачылі нейкі рух і атрымалі працоўныя месцы», — падкрэсліў беларускі лідар. У Клімавічах з гэтым заданнем справіліся. Заказчык рэпрадуктара — Клімавіцкі КХП. Фінансаванне свінакомплексу ажыццяўлялася згодна з Указам Прэзідэнта «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». У аб'ект укладзена болей чым 70 мільёнаў рублёў з абласнога бюджэту і крэдытных рэсурсаў Банка развіцця.

Дырэктар ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіль Захарэнка лічыць сімвалічным тое, што такі перадавы аб'ект з'явіўся менавіта ў Клімавічах — раёне, дзе Прэзідэнтам было прынятае рашэнне аб развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны. Па ініцыятыве і з удзелам губернатара Анатоля Ісачанкі ў раёне з'явілася яшчэ адно новае прадпрыемства — «Клім-агра», якое займаецца вытворчасцю збожжа і будзе забяспечваць рэпрадуктар кармамі.

Філіял КХП «Клім-агра» створаны на базе вытворчага ўчастка «Сосны» ў вёсцы Хацень, дзе сёння ўтрымліваецца болей чым 20,6 тысячы свіней. У будучыні ён стане адкормачнай базай рэпрадуктара. Пад засеў сельскагаспадарчых культур раён выдзеліў прадпрыемству дадатковыя зямельныя плошчы — каля 5 тысяч гектараў.

— Мы засеялі азімыя і яравыя культуры — ячмень, авёс, кукурузу, рапс — у справу пайшло спрэс элітнае і суперэлітнае насенне, — расказвае намеснік дырэктара КХП «Клім-агра» Людміла Маскалёва. — Закуплялася яно ў аўтарытэтных беларускіх вытворцаў. Частку будучага ўраджаю плануем пакінуць на пасеў. Астатняе пойдзе на перапрацоўку. Задача стаіць з новага года забяспечаць сябе камбікармамі цалкам.

Свінагадоўчы комплекс уяўляе сабой некалькі дзясяткаў пабудоў і збудаванняў на плошчы 24 гектары ў раёне вёскі Гразівец. Магутнасць вытворчасці — каля 100 тысяч парасят у год. На наступным тыдні рэпрадуктар прыме першую партыю племянных свінаматак. Плануецца, што да канца месяца на прадпрыемстве будзе каля 900 галоў.

Рэпрадуктар разлічаны на 3600 свінаматак і 74 кныры. Парасяты будуць гадавацца на рэпрадуктары да 80 дзён, потым адправяцца на адкормачную базу. Цяпер, дарэчы, вядзецца яе рэканструкцыя. Маладняк будзе знаходзіцца на адкорме да 190 дзён, а потым паступіць на мясакамбінат.

Што датычыцца начыння рэпрадуктара, то гэта цалкам сучасны аб'ект, тут укаранёны электроннае чыпіраванне парасят, аўтаматызаваная падача вады і кармоў, сістэмы адводу сцёкаў і арашэння. Сістэма мікраклімату забяспечвае падачу паветра патрэбнай тэмпературы. Нават падлога для маленькіх жывёл з падагрэвам. І ніякіх табе непрыемных пахаў.

— На аб'екце ўстаноўлены аўтаматычныя сістэмы вентыляцыі і газавыдалення, — кажа начальнік рэпрадуктара Ігар Далькоў. — Датчыкі адразу ж спрацуюць, калі будуць нейкія перавышэнні па загазаванасці. Уключыцца прыточная вентыляцыя, і паветра хутка ачысціцца. Па праекце прадугледжана спецыяльнае абсталяванне для змывання гною. У памяшканнях, дзе будуць знаходзіцца свінні, падлога рашэцістая, унізе знаходзяцца ванны.

Па чысціні, жартуюць супрацоўнікі, рэпрадуктар не саступае медыцынскай установе. І гэта не занадта вялікае перабольшванне.

— У нас і павінна быць не менш стэрыльна, — кажа суразмоўнік. — Па дарозе ў працоўную зону работнік праходзіць прапускны пункт, душавую з дзвюма распранальнямі, у адной пакідае сваё звычайнае адзенне, а ў другой апранаецца ў спецыяльны рабочы касцюм. Такім жа чынам вяртаецца назад. Спецадзенне мыецца непасрэдна на рэпрадуктары. Для гэтага тут ёсць дзве прамысловыя пральныя машыны і прасавальны станок.

Памяшканні комплексу аснашчаны бактэрыцыднымі лямпамі і азанатарамі, якія абеззаражваюць паветра. Для правядзення ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў прадугледжана выкарыстанне генератараў гарачага і халоднага туману. Яны ў свінагадоўлі прымяняюцца не толькі для санітарнай апрацоўкі памяшканняў, але і для аэразольнай вакцынацыі вялікага пагалоўя жывёл, што, як сцвярджаюць спецыялісты, вельмі эфектыўна.

Ігар Далькоў запэўнівае, што ўсе начынне рэпрадуктара прадумана да дробязяў. Шмат працэсаў ажыццяўляецца аўтаматычна з дапамогай камп'ютарных праграм, без непасрэднага ўдзелу чалавека. Праектам прадугледжаны спецлабараторыі, пункт асемянення, нават спецыяльныя электрамабілі для перамяшчэння кныроў. Для жывёл тут наогул усе ўмовы. Напрыклад, пры перавышэнні тэмпературы ў памяшканні, дзе яны ўтрымліваюцца, уключыцца сістэма арашэння, і пальецца прыемны трапічны дожджык.

Для Клімавіч з насельніцтвам болей чым 16 тысяч чалавек рэпрадуктар — гэта яшчэ і магчымасць атрымаць годную работу. З уводам у дзеянне рэпрадуктара створана каля 100 новых працоўных месцаў. І вакансій на сёння няма. Рэпрадуктар знаходзіцца недалёка ад горада, але праблем з дастаўкай работнікаў не існуе. У КХП ёсць транспарт, які будзе адвозіць людзей на работу і назад у горад.

Улічваючы, што аснашчэнне на комплексе перадавое, рэгулярна праводзіцца вучоба. У найбліжэйшы час тут чакаюць спецыяліста з жодзінскага навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі, які правядзе лекцыі для аператараў.

У ліку тых, хто будзе працаваць на новым рэпрадуктары, выпускнік тутэйшага аграрнага каледжа Валянцін Шляхценка. Хлопцу ўсяго 22 гады, але сярод калег ён лічыцца вельмі перспектыўным работнікам. Два гады таму ён прыйшоў працаваць па размеркаванні на Клімавіцкі КХП звычайным асемянатарам, але хутка яго здольнасці ацанілі і прызначылі загадчыкам пункта штучнага асемянення.

— Вучыўся на заатэхніка, і па меры таго, як даведваўся пра асаблівасці гэтай прафесіі, з'яўлялася цікавасць, — кажа ён. — Крыху не хапіла балаў да чырвонага дыплома. Працай задаволены, зарплатай таксама. І з вольным часам праблем няма. Ёсць калі і адпачыць, і сваімі справамі пазаймацца.

Хлопец прызнаецца, што яму імпануе працаваць на такім сучасным прадпрыемстве, як свінагадоўчы рэпрадуктар. Разумее, што спатрэбяцца і новыя веды. Таму ў перспектыве разглядае магчымасць паступлення ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках на факультэт біятэхналогіі і аквакультуры.

Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама па эканамічных пытаннях Галіна Зубарава адзначае, што новы аб'ект сапраўды вельмі перспектыўны.

— Для раёна гэта не толькі працоўныя месцы, але і далейшае развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, — кажа яна. — Рэпрадуктар — яшчэ толькі першы этап. У планах — пашырэнне дзейнасці: будаўніцтва адкормачніка і забойнага цэху, што дазволіць зрабіць цыкл замкнёны і павысіць эфектыўнасць вытворчасці свініны не толькі на тэрыторыі раёна, але і ў краіне ў цэлым. Гэта для нас самае галоўнае. Укладзены вялікія грошы, і яны павінны прыносіць аддачу.

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Дзмітрый Хайноўскі канстатуе, што новы аб'ект прарыўны, яго ўсяляк трэба развіваць і ўдасканальваць.

— Наш праект адзін з найбуйнейшых на тэрыторыі вобласці, — падкрэслівае ён. — Пры выхадзе на поўную магутнасць ён будзе забяспечваць вытворчасць прыблізна каля 100 тысяч маладняку ў год. Фактычная адгрузка будзе складаць да 800 галоў у дзень.

Мы і прадпрыемства «Клім-агра» стварылі для таго, каб забяспечваць рэпрадуктар уласнымі камбікармамі і зрабіць прадукцыю больш таннай і канкурэнтаздольнай. Для таго каб забяспечыць пагалоўе рэпрадуктара, неабходна парадку 9-10 тысяч тон збожжа. Гэтага хопіць на год для вытворчасці камбікармоў. З улікам таго, што пад «Клім-агра» перададзена 5 тысяч гектараў зямлі, аб'ёмы рэальныя.

Для раёна свінагадоўчы рэпрадуктар — гэта паступленне падаткаў, плюс валавыя паказчыкі прадукцыі. Пасля рэпрадуктара ёсць магчымасць адкарміць да 47 тысяч галоў. Яшчэ лепш, калі будзе наладжана і паглыбленая перапрацоўка. Атрымаецца цалкам замкнёны цыкл — ад моманту атрымання парасят да выхаду гатовай прадукцыі на рынкі. Плюс паралельна раён плануе развіваць гандаль. Перспектывы аптымістычныя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота: БелТА

Клімавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.