Вы тут

Як правільна фармаваць перац. Чатыры простыя этапы


Аб фармаванні кустоў варта задумацца яшчэ на этапе высадкі расады: схема пасадкі перцу ў цяпліцы можа сур'ёзна паўплываць на гэты працэс. Акрамя таго, пажадана прадумаць канструкцыю шпалераў для высакарослых сартоў, у якіх кожная шкілетная галінка падвязваецца асобна.


Фота: pixabay.com

ЭТАП ПЕРШЫ — выдаленне кароннага бутона

Да пэўнага моманту перац расце ў адно сцябло, але пры дасягненні вышыні 15-20 см (у залежнасці ад сорту) пачынае разгаліноўвацца, утвараючы некалькі галін. На месцы разгалінавання фарміруецца першы кветкавы бутон, які называюць каронным.

Яго для лепшага галінавання і развіцця куста варта выдаліць.

ЭТАП ДРУГІ — выдаленне лішніх парасткаў

Часцей за ўсё расліны фармуюць у дзве-тры галінкі, пакідаючы наймацнейшыя з тых, якія сфарміраваліся са скрыжавання з каронным бутонам. Астатнія прышчыпваюць — гэта значыць, абразаюць пункт росту, верхавіну.

Як правіла, да згаданага моманту на кусце ўтворыцца ўжо 10—12 лістоў. Астатнія галінкі першага парадку называюць шкілетнымі, яны і будуць складаць куст.

Шкілетныя галінкі неўзабаве пачынаюць галінавацца гэтак жа, як асноўнае сцябло, утвараючы «відэльчык», у цэнтры якога фарміруецца бутон.

З такімі разгалінаваннямі паступаем аналагічна: пакідаем наймацнейшыя, а слабыя прышчыпваем вышэй ад кветкавай пупышкі і першага ліста.

Для даведкі. Пакідаць адзін ліст на галінках, якія выдаляюцца, трэба абавязкова, бо ён сілкуе размешчаную пад ім завязь будучага плода.

З кожным наступным разгалінаваннем паступаем гэтак жа, прышчыпваючы слабыя галінкі над першым лістком.

На кожным разгалінаванні з'явяцца кветкавыя бутоны, а пасля завязі. Іх пакідаюць, а тыя, што вырастаюць у міжвузеллі, выдаляюць. Усяго на адным кусце дастаткова пакінуць 15-25 пладоў.

ЭТАП ТРЭЦІ — выдаленне бясплодных галінак і ніжніх лістоў

Варта перыядычна аглядаць куст і выяўляць бясплодныя галінкі, выдаляючы іх. Яны ўтворацца ніжэй ад таго месца, дзе разгалінуецца галоўнае сцябло.

Там жа варта выдаляць і лісты, якія ніяк не ўдзельнічаюць у сілкаванні завязяў, але зацяняюць пасадкі і высмоктваюць з расліны сокі.

Парада. Адначасова з такім мерапрыемствам выдаляйце з куста пашкоджаныя і хворыя лісты, дзе б яны ні раслі. Цана пытання — здароўе ўсёй расліны.

Важна памятаць, што ўтварэнне завязяў, рост і паспяванне пладоў залежаць у першую чаргу ад асвятлення. Калі расліне бракуе святла, нават пры багатым цвіценні плады могуць не завязацца.

Таму па меры росту трэба будзе абразаць усё лішняе лісце:

Лісце на асноўным сцябле абразаюць, калі плод з першага разгалінавання дасягне тэхнічнай спеласці (адпаведнага сорту памеру і формы).

Калі вырастуць плады на другім разгалінаванні, выдаляюць лісты, размешчаныя пад ім.

Увага! За адзін раз можна зразаць не больш за два лісты!

Аналагічна паступаюць з лістамі пад усімі астатнімі пладамі, якія спеюць. Але апошняе выдаленне трэба зрабіць прыкладна за паўтара месяца да заканчэння сезона і канчатковай уборкі ўраджаю. На гэты час расліну варта пакінуць у спакоі.

ЭТАП ЧАЦВЁРТЫ — прышчыпка шкілетных галін

Калі на кусце ўтварылася дастатковая колькасць пладоў, паскорыць іх рост дапамагае прышчыпванне пунктаў росту на асноўных галінах. Расліна перастае расці і траціць сілы на новыя завязі, поўнасцю накіроўваючы іх на ўжо існуючыя.

Гэты працэс таксама павінен быць ажыццёўлены за паўтара месяца да меркаванага заканчэння вырошчвання перцу.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.