Вы тут

Што людзі пішуць. У Маларыцкім раёне з’явіўся... крыж Ефрасінні Полацкай


Пад абярэгам бурштыну

Добрая навіна: у нас на Маларытчыне з'явіўся... крыж Ефрасінні Полацкай. Дакладней, вядома ж, копія, зробленая рукамі брыгадзіра ўчастка раслінаводства «Ляхаўцы» ААТ «Макраны» С. К. Бурштынам.


У раёне Сцяпан Канстанцінавіч вядомы тым, што на другім паверсе ўласнага дома стварыў прыватны краязнаўчы музей. Плошча яго каля 60 кв. м. На іх размешчаны больш за дзве тысячы экспанатаў, размеркаваных па чатырох асноўных раздзелах: «Ваенная гісторыя», «Этнаграфія», «Летапіс калгаса», «Гісторыя маёй сям'і». Апроч таго, нядаўна музейшчык завяршыў работу над ілюстраванай гісторыяй аграгарадка Макраны, якую назваў «Ці павінна зямля калгасу?», а цяпер працуе над стварэннем новага раздзела «Бурштынавы цуд». Пачэснае месца ў гэтай экспазіцыі і зойме копія крыжа, які быў выраблены ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам па замове прападобнай ігуменні Ефрасінні Полацкай і быў страчаны ў час Другой сусветнай вайны.

...Задума стварыць яшчэ адну копію беларускай святыні (першую, у поўны памер, вырабіў брэсцкі ювелір-эмальер Мікалай Кузьміч) у Сцяпана Бурштына ўзнікла даўно, а ўмацавалася пасля паездкі ў Полацк, у Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр.

Аднак з чаго было пачынаць? Сцяпан Канстанцінавіч спадзяваўся на дапамогу Усявышняга, вывучаў кнігі і артыкулы, якія ўдавалася адшукаць у мясцовай бібліятэцы ды інтэрнэце, і паступова прыходзіў да думкі, што аснову копіі крыжа зробіць з драўніны дуба. Яна, па-першае, мае прыгожую афарбоўку і тэкстуру, па-другое, шчыльная і пругкая, добра захоўваецца — нават у зямлі і пад вадой...

А ўпрыгожыць крыж Сцяпан Бурштын вырашыў, вядома ж, бурштынам, калекцыю якога збіраў дзесяцігоддзямі. Жадаючы зрабіць прыемнае, вырабы з гэтага мінералу Сцяпану Канстанцінавічу дарылі ўсе.

— Бурштын — гэта зацвярдзелая смала хвойных дрэў, — гаворыць калекцыянер. — У старажытнасці яе лічылі жывой, раілі ў якасці абярэгаў насіць падарожнікам і вайскоўцам.

Для аздобы копіі крыжа Сцяпан Бурштын падабраў камяні жоўтага і чырвонага колераў, якія збіраў не адзін год. Да дубовай асновы вырашыў прымацоўваць з дапамогай універсальнага клею В-7000. Перад пачаткам работы ўзяў благаславенне ў настаяцеля мясцовага храма іерэя Сергія Капанькі. Да работы прыступіў з малітвай 23 сакавіка.

Копія крыжа мае такія ж памеры, як арыгінал: вышыня 51,8 см, даўжыня верхняй папярочкі — 14 см, ніжняй — 21,2 см, таўшчыня — 2,5 см. Пасярэдзіне крыжа знаходзіцца распяцце, над ім — выява Божай Маці. Па баках ніжняй папярочкі злева — паясная выява Божай Маці з Ісусам Хрыстом на руках, справа — выява Божай Маці, у верхнім канцы крыжа — паясная выява Ісуса Хрыста, які ў руках трымае Біблію. Выявы Божай Маці, Ісуса Хрыста і на бакавой паверхні копіі.

Для захоўвання твора Сцяпан Канстанцінавіч набыў адмысловы шкляны футляр. Побач з ім размясціў дзве іконы прападобнай Ефрасінні Полацкай. Такім чынам стварылася свайго роду бажніца...

Музей Сцяпана Бурштына, які пачынаўся з таго, што старыя «непатрэбныя» рэчы гаспадар не выкідваў, а заносіў на другі паверх дома, адкрыты для ўсіх. На экскурсіях пабывала нямала школьнікаў, прыязджалі краязнаўцы з Брэста і Пінска, госці з Расіі, Польшчы, Германіі і Украіны.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара


«Людзі раней былі разумнейшыя: жаніліся і жылі...»

Дрэнны ў мяне характар: калі бачу, што на дарозе нехта галасуе, просіць падвезці, абавязкова спынюся, падбяру. А потым, здаралася, падчаплю нейкі вірус, перахварэю ці буду перажываць за чужога, зусім незнаёмага мне чалавека, які па дарозе раптам адкрые сваю душу.

Таццяна вось расказала, што вырасла ў вёсцы, у вельмі дружнай, працавітай сям'і, добра скончыла школу, пайшла працаваць, зарабляць свае першыя грошы і вопыт, шукаць кахання і шчасця.

З першым ёй, здаецца, пашчасціла, бо кахала сама і была каханай, выйшла замуж, нарадзіла дачушку, а вось шчасця пры гэтым амаль не мела, бо муж, мякка кажучы, выпіваў, і тады месца ў хаце не было нікому. Жонка з дзіцем начавала то ў сваім гумне, то ў чужым, сыходзіла да бацькоў, і, паверыўшы чарговым абяцанням, вярталася, зноў уцякала, падавала на развод, і ён такі адбыўся. Таццяна з дачкой пераехала ў іншы горад, знайшла новую работу, а з гадамі — і новага надзейнага спадарожніка жыцця. Ягор быў непітушчы, старэйшы за яе, рана аўдавеў, дарослыя дзеці жылі асобна. Ён — адзін... Прапанаваў пераехаць і жыць разам. Дом, маўляў, вялікі...

Упершыню ўбачыўшы яго, Таццяна зразумела, што не было там не толькі гаспадыні, але і гаспадара: дах працякаў, вокны гнілыя, сцены ды столь дваццаць гадоў нефарбаваныя...

А таму, згадзіўшыся на пераезд, Таццяна замкнула сваю невялічкую кватэру і, што называецца, закасала рукавы: узялася за капітальны рамонт, за 20 «сотак» задзірванелай зямлі, за гаспадарку. У хуткім часе на закінутым раней падворку з'явіліся куры і гусі, потым трусы і козы. На вялікім прысядзібным участку чаго толькі не цвіло і не расло. Ягор стаў жыць як у бога за плячыма. Трэба нешта зрабіць? «Танечка, давай ты, бо ты ж маладзейшая», «... Ты спрытнейшая», «...Цябе хутчэй паслухаюць». І Таццяна ішла — усюды. Адзінае...

На пачатку сумеснага жыцця Ягор не раз заводзіў размову аб тым, што трэба схадзіць у ЗАГС, узаконіць адносіны. А яна ўсё адкладвала: то няёмка было перад дарослай дачкой, то часу бракавала ды і шлюб, казала, гэта не штамп у пашпарце. Яшчэ паспеюць, маўляў...

Яна меркавала, а Бог размяркоўваў: не паспелі... Хоць у тыя трагічныя хвіліны ўсё зрабіла правільна. Ды і хуткая прыехала амаль адразу...

Таццяна цяжка перажывала страту! А яшчэ цяжэй — тое, што пачалося потым, калі мужавы дзеці сказалі, што яна ў гэтым доме ніхто, што ёй нічога не належыць...

— Дык трэба ж у суд! — казала я сваёй выпадковай спадарожніцы.

— Я хацела і нават збіралася, — уздыхнула жанчына, — а потым... Ведаеце, у мяне характар не той: мне чым сведак збіраць ды нешта даказваць, прасцей яшчэ раз пачаць спачатку. Ну сапраўды — кватэра ёсць, работа ёсць. Зяць з дачкой, калі што, дапамогуць...

— Дай бог! — пажадала я грамадзянскай удаве. А потым доўга думала, што раней людзі былі разумнейшыя: жаніліся і жылі.

Цяпер усё часцей спачатку жывуць (гадамі, а то і дзесяцігоддзямі, а потым застаюцца ні з чым, як тая казачная баба — каля свайго разбітага карыта. Ці не пра такіх Канстанцыя Буйло пісала:

Маладосць!

Ты маеш дзён багата,

Ты іх, бесклапотная,

не лічыш.

Толькі старасць разумее

страту:

Мала — ды ні ў кога

не пазычыш.

Т. МІКЛАШЕВІЧ

Мінскі раён


Хто такі абібок?

Месяцы два таму, напрадвесні, можна сказаць, да нас у двор забег сямігадовы сусед і пахваліўся, што яго тата павесіў шкварчэўню (?). Гэта — як ён сказаў — спецыяльны дамок для «шпакоў і скварцоў». Новае і, згадзіцеся, цікавае слова. Я назбірала іншых:

Пратэктар — той, хто робіць пратэкцыю.

Вілачнік — гаспадар вілы.

Акуліст — паляўнічы на акул.

Карпункт — месца кары.

Прырода — акушэрка, бабка-павітуха.

Абібок — баксёр.

Гадзіннік — змеялоў.

Засек — кат з сякерай.

Падкоўдранік — аматар паспаць.

Нябожчык — атэіст.

Кнігавыдавец — бібліятэкар.

С. ВАРОНІНА

Быхаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.