Вы тут

У Мірскім замку прайшоў квэст «Бітва за Мір» і яхтавая рэгата «Адзін вецер для ўсіх»


Новыя князі таямнічага вострава Тартуга, які знаходзіцца недзе ў акіяне, былі каранаваныя на выхадных... у Мірскім замку, дзе адбылася «Бітва за Мір» — турнір, па выніках якога і вызначыліся найлепшыя правіцелі, якія цяпер будуць захоўваць незлічоныя скарбы вострава. Падобны квэст, які завяршыўся рэгатай радыёкіраваных мадэляў яхт «Адзін вецер для ўсіх» на замкавым возеры, тут ладзілі ўпершыню.


Кароны — ва ўдзельнікаў з Оршы

Найвышэйшая задача правіцеляў вострава — захоўваць праўдзівую гісторыю, на якую ўвесь час замахваюцца ворагі, з якімі вось ужо пяць стагоддзяў змагаюцца ў Міры. І цяпер гэта задача ляжа на плечы новых князёў — пераможцаў адмысловага квэсту, у якім удзельнічалі 14 дзяцей.

— Мы ўжо крыху стаміліся і вырашылі, што наспеў час перадаць кароны камусьці з вас, таму вы павінны прайсці выпрабаванні, каб стаць новымі правіцелямі, — такі наказ далі ўдзельнікам турніру цяпер ужо былыя князь і княгіня, распачынаючы турнір. — Вам давядзецца праявіць адвагу і мужнасць, кемлівасць і спрытнасць. А ў працэсе яшчэ і збіраць манеты, папаўняючы скарбніцу княства.

Удзельнікаў папярэдзілі, што турнір — справа сур'ёзная, таму за падказкі ад бацькоў змагары за карону будуць штрафавацца. Затое падказкі можна набыць за манеты. На шляху выпрабаванняў малых чакалі гістарычныя персанажы і галаваломкі ўнутры і звонку замка, а арыенцірам на шляху да перамогі служылі выявы карон.

11 заданняў турніру былі самыя розныя: падлічыць вежы замка, напісаць назву прадметаў па малюнках, дамаляваць карціну, прадэманстраваць меткасць і ўменне запамінаць.

Пераможцам турніру сярод хлопчыкаў стаў 13-гадовы Глеб Маркачэўскі з Оршы, які атрымаў карону і быў прызначаны першым новым князем вострава. Хлопчык расказаў, што для яго гэта хвалюючая падзея.

— Мы спецыяльна прыехалі паўдзельнічаць у турніры і паглядзець замак, дзе я ніколі не быў. Потым будуць і іншыя князі, удзельнікі квэсту, але я першы.

Новая княгіня — 9-гадовая Ульяна Ермачэнка — таксама прыехала з Оршы і ў Мірскім замку ўпершыню. Яна лічыць, што заданні турніру былі не толькі на веды, але і «на ўдачу» — пашанцуе адшукаць і здагадацца, як выканаць задачу, ці не.

— Ехалі спецыяльна на турнір, і падчас спаборніцтваў я ніводнай манеты не патраціла, усё зрабіла сама. Цяпер адчуваю, што я ўжо не звычайная дзяўчынка, а асаблівая — першая новая княгіня!

Цікава, што «князь» і «княгіня» вучацца ў адной школе, але паміж сабой да «каранацыі» не былі знаёмыя. Цяпер ім давядзецца наладжваць стасункі, каб разам упраўляць востравам да таго часу, пакуль не з'явяцца новыя правіцелі Тартугі. І першым княжацкім указам стала правядзенне рэгаты на возеры.

Адзіны вецер для ўсіх

У плаванне адправіліся пяць адважных капітанаў — гадаванцаў мінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па водных відах спорту. Радыёкіраваныя судны выправіліся ў воднае падарожжа пад моцным ветрам, які нахіляў мадэлі і намагаўся збіць з курсу. Адна яхта нават не здолела дайсці да фінішу — настолькі складанымі аказаліся выпрабаванні прыроды.

Аднак юныя капітаны змагаліся заўзята і імкнуліся прайсці абазначаны маршрут без памылак. Двум яхтам нават прыйшлося счапіцца на вадзе ў незапланаваным «паядынку». Самым спрытным і ўдачлівым стаў Кірыл Лук’яненка, які атрымаў кубак чэмпіёна вострава Тартуга з прысваеннем тытула найлепшага капітана 2023 года з рук князя Глеба і княгіні Ульяны.

— Я займаюся толькі пару месяцаў, і мадэлі мы робім самі. Было цяжка з-за ветру, але ж наперадзе яшчэ шмат выпрабаванняў, — падзяліўся ўражаннямі найлепшы капітан.

Пры такім моцным ветры дзеці яшчэ ні разу не запускалі яхты, таму гэта сапраўды было складана, пацвердзіў Юрый Ермакоў, трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па водных відах спорту:

— Усе сённяшнія капітаны займаюцца ўсяго некалькі месяцаў. Цяпер яны ў спартыўным лагеры штодня трэніруюцца на Камсамольскім возеры. Сёлета гэтыя мадэлі бадай што ўпершыню былі спушчаны на ваду, і гэта наш праект, які можна лічыць найлепшым на прасторы былога СССР. Да кожнага тыпу ветру трэба рыхтаваць свае ветразі. А на яхтах цяпер камплект ветразяў, які не разлічаны пад такі моцны вецер, таму дзеці ўдвая малайцы, што справіліся.

Мадэлі, якія ўдзельнічалі ў рэгаце, — міжнароднага класа RG65, і ў свеце праходзяць чэмпіянаты з гэтым класам суднаў. Хаця ў Беларусі такі кірунак пакуль не вельмі развіты, мадэлі вельмі зручныя для дзяцей, бо важаць каля кілаграма, і ім не патрэбны дадатковыя сродкі для транспарціроўкі. Да таго ж яхта мае добрыя хадавыя якасці.

Скончыліся ўрачыстасці і спаборніцтвы выступленнем удзельнікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі «Шатландская пяхота», якія з'яўляюцца асабістай гвардыяй Мірскага замка.

Здзіўляць і задавальняць

Турнір «Бітва за Мір» і рэгата на возеры сталі пробным крокам на шляху далейшага ўдасканалення «разыначак» і прапануемых прыгод у Мірскім замку і развіцця сучасных тэхналогій. Налета на возера спусцяць дзевяць палепшаных копій судна «Чорная жамчужына» з фільма «Піраты Карыбскага мора». Мадэлі выраблены ў маштабе 1:36 Уладзімірам Шэндаравым, апантаным энтузіястам, які з'яўляецца таксама аўтарам праекта «Бітва за Мір». І гэта будзе ўжо сапраўдная рэгата, паабяцаў Аляксандр Лойка, дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір»:

— Гэтыя радыёкіруемыя караблі ўдасканаленыя ў тым сэнсе, што на іх можна выходзіць на ваду нават праз інтэрнэт (з сайта Tortuga.by) з любога пункта свету і пры тым анлайн бачыць рух карабля. Так што ў перспектыве мы, думаю, зробім і міжнародныя гонкі сусветнага ўзроўню. Наш комплекс займае 26 гектараў, кожны з якіх мы стараемся асвоіць так, каб было цікава наведвальнікам. Каб турыст заставаўся тут не на паўдня, каб бавіў час, гледзячы на мерапрыемствы, што ў нас адбываюцца. Турнір «Бітва за Мір» таксама стаў адметным спаборніцтвам на гістарычную тэму, дадаўшыся да іншых цікавінак, якія мы ладзім, каб здзіўляць і задавальняць турыстаў.

На гэтых выхадных, дарэчы, у Мірскім замку пройдзе чарговае мерапрыемства — «Музычныя вечарыны».

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.