Вы тут

У ліпені ў выдавецтве «Звязда» пабачаць свет пяць новых кніг


Выдавецкі дом «Звязда» штомесяц выпускае ад пяці да васьмі кніг, адрасаваных розным катэгорыям чытачоў. Сярод навінак — дзіцячая літаратура, слоўнікі, мастацкія і філакартычныя альбомы, проза і паэзія, зборнікі публіцыстычных артыкулаў. 


Фота: pixabay.com

Вось і ў ліпені пабачаць свет некалькі кніг, падрыхтаваных у Выдавецкім доме «Звязда». Сярод іх — калектыўны зборнік паэзіі «Жаўрукі над Палессем». Пад адной вокладкай укладальнік старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп сабраў лепшыя творы аўтараў, чыя паэзія і зараз з’яўляецца ліхтаром у свет пачуццяў, чалавечых трывог і перажыванняў: Сымона Блатуна, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Верамейчыка. Усе творцы нарадзіліся на Гомельшчыне, іх талент выпеставаны на берагах Сожа і Дняпра, але ўсе яны прыналежныя да шырокай і шматабсяжнай беларускай нацыянальнай літаратуры. Асобную ролю ў выхаванні патрыёта сваёй Айчыны адыгрываюць вывучэнне рэгіёна, яго культуры, лёсаў сваіх землякоў. Менавіта даследчыкам такога характару на Гродзеншчыне з’яўляецца педагог па адукацыі і гадах, аддадзеных настаўніцтву, музейны работнік, руплівы краязнаўца Святлана Кошур. У «Звяздзе» пабачыць свет кніга яе нарысаў «Праз паціну часу: сцежкамі Свіцязянскай зямлі». Нарысы, сабраныя ў гэтым выданні, несумненна, будуць цікавыя самым розным колам чытачоў. 

Не часта зараз выдаюцца кнігі ў галіне літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства. У ліпені пабачыць грунтоўная манаграфія доктара філалагічных навук Валерыя Максімовіча «Эстэтыка творчасці Максіма Багдановіча». Кніга адрасавана настаўніцтву, выкладчыкам і студэнтам ВНУ. Асобны творчы праект Выдавецкага дома «Звязда» і Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі — альманах «Дзвіна. Віцебшчына літаратурная». У кнізе будуць прадстаўлены творы сучасных паэтаў і празаікаў Віцебшчыны. 

А таксама ў ліпені да чытача прыйдзе кніга беларускіх легендаў і паданняў «Дзяўчына з замчышча». Фальклорная спадчына беларусаў, як сведчаць многія кнігі апошніх дзесяцігоддзяў, працягвае па-ранейшаму цікавіць сучаснага чытача. 

У бліжэйшых планах «Звязды» — выданне новых кніг Алены Стэльмах, Міхася Пазнякова, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Уладзіміра Мазго, Алеся Бадака, Сяргея Клімковіча, Рагнеда Малахоўскага, Віктара Шніпа, Андрэя Караля і іншых сучасных беларускіх пісьменнікаў і публіцыстаў. Новыя выданні будуць прэзентаваны ў інтэрнэт-прасторы, сацыяльных сетках, найперш у тэлеграм-канале «Кніжны клуб Звязды», а таксама на старонках літаратурна-мастацкіх выданняў краіны: у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць». Сачыце за гэтымі медыйнымі і лічбавымі рэсурсамі — і вы будзеце ведаць усё пра кніжныя праекты Выдавецкага дома «Звязда», своечасова зможаце замовіць навінкі. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.