Вы тут

Банкі змяняюць умовы абмежаванняў па некаторых аперацыях


Апошнім часам усё часцей сталі актыўна дзейнічаць метадам кардынгу розныя фінансавыя ашуканцы. Як вядома, самыя распаўсюджаныя спосабы крадзяжу сродкаў з банкаўскіх картак (кардынг) заснаваныя на псіхалагічных метадах пераканання, падману або запалохвання кліентаў. Больш за 80% з усіх выпадкаў прыпадае на аперацыі, якія звязаныя з сацыяльнай інжынерыяй. Найбольш папулярны сярод махляроў тэлефонны фішынг — так называюць працэс выманьвання персанальных даных у банкаўскіх кліентаў.


Фота: pexels.com

З карткі на картку абавязкова з лімітам

«Беларусбанк» улічыў узрослыя рызыкі і пачаў дзейнічаць на апярэджанне. У найбуйнейшым банку нашай краіны з 17 ліпеня пашыраны пералік аперацый, па якіх устаноўлены ліміт сумы транзакцый па картках у суткі. Цяпер абмежаванне будзе распаўсюджвацца і на аперацыі ў сэрвісах з МСС-кодам 6538 (грашовыя пераводы з карткі на картку). Па картках Клуба «Аксаміт» абмежаванне складае 400 рублёў у суткі, па іншых дэбетавых картках банка — 3 тысячы рублёў у суткі.

У банку нагадваюць, што гэты ліміт усталяваны ў банкаўскіх, фінансавых, тэлекамунікацыйных, камп’ютарных, інфармацыйных сэрвісах (МСС-коды: 4812, 4813, 4814, 4816, 4829, 4899, 4900, 6012, 6050, 6051, 6211, 6540). Дадзеныя абмежаванні накіраваны на абарону кліентаў і мінімізацыю выпадкаў крадзяжу ашуканцамі грашовых сродкаў з іх рахункаў шляхам атрымання ад уладальнікаў картак інфармацыі для ўваходу ў дыстанцыйныя сэрвісы.

Разам з тым дадзенае сутачнае абмежаванне ўладальнік рахунку можа адмяніць. Для гэтага неабходна патэлефанаваць у кантакт-цэнтр па тэлефоне 147 або напісаць пісьмовую заяву ва ўстанове банка. Больш падрабязна аб абмежаваннях па аперацыях з выкарыстаннем плацежных картак можна азнаёміцца на афіцыйным сайце банка.

Дадаткова паклапаціцца аб абароне грашовых сродкаў кліенты могуць і самастойна ў інтэрнэт-банкінгу і М-банкінгу з дапамогай сэрвісу «Onlіne-ліміты». Ён дазваляе ўсталёўваць абмежаванні па картках: ліміты па зняцці наяўных, аперацыях у інтэрнэце і арганізацыях гандлю і сэрвісу. Акрамя гэтага, цяпер у сэрвісе з’явіцца магчымасць рабіць забарону на прагляд астатку па рахунку, да якога аформлена картка.

А так больш бяспечна

Роўна з сярэдзіны чэрвеня гэты банк прапанаваў сваім кліентам больш бяспечны метад пераводу грошай — праз сістэму імгненных плацяжоў. Гэта сэрвіс, які дазваляе ажыццяўляць пераводы ў беларускіх рублях паміж кліентамі розных банкаў па нумары тэлефона. Сэрвіс даступны для кліентаў, якія маюць бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак без выкарыстання банкаўскай плацежнай карткі. Пры адсутнасці такога рахунку маецца магчымасць адкрыць яго ў сістэме «Інтэрнэт-банкінг» у рэжыме анлайн.

Для адпраўкі пераводу неабходна наяўнасць звестак аб нумары мабільнага тэлефона атрымальніка і назве банка, у якім адкрыты бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак атрымальніка. Ва ўкладцы «Плацяжы і пераводы» выберыце «Імгненны плацеж» — «Перавод сродкаў» і запоўніце неабходныя рэквізіты. Плата за перавод складзе 1,5% ад сумы, мінімум 1 рубель. Для атрымання пераводаў неабходна прывязаць нумар мабільнага тэлефона і бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак. Для гэтага трэба перайсці ва ўкладку «Плацяжы і пераводы» — «Імгненны плацеж» — «Рэгістрацыя».

Можна застрахавацца

З 15 чэрвеня кліентам «Беларусбанка» стаў даступны яшчэ адзін спосаб дыстанцыйнага афармлення дагавораў добраахвотнага комплекснага страхавання банкаўскіх рахункаў «Фінансы пад абаронай». Цяпер гэта можна зрабіць на сайце belarusbank. by. Акрамя таго, паслуга па-ранейшаму аказваецца праз інтэрнэт-банкінг, а таксама ў аддзяленнях банка пры атрыманні плацежнай карткі.

«Фінансы пад абаронай» — унікальны прадукт, які не мае аналагаў на рынку. Аформіўшы гэтую страхоўку, можна атрымаць кампенсацыю ў выпадку неправамернага спісання грошай з рахунку, адкрытага ў «Беларусбанку», пакрыць сродкі за перавыпуск згубленай карткі, а таксама пакрыць выдаткі, у тым ліку судовыя, за незаконна аформлены крэдыт. Дагавор заключаецца на 1 год і дзейнічае ў любой краі-
не свету.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.