Вы тут

Узнагароджанне пераможцаў творчага спаборніцтва


Літаратурны конкурс «Старэйшыя мае, мне з вамі добра», прысвечаны сям’і, часопіс «Алеся» і Саюз пісьменнікаў Беларусі абвясцілі ў студзені гэтага года. А сёння ў Мемарыяльнай зале Доме літаратара адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў творчага спаборніцтва, у якім прынялі ўдзел 66 аўтараў з розных куткоў нашай краіны.  


Сям’я – тэма, на якую кожнаму, бадай, ёсць што сказаць. А бацькоўскі дом – тое месца, да якога ляцім у думках як у шчаслівыя, так і ў складаныя часы. У вершах і прозе, якія аўтары дасылалі ў часопіс на працягу конкурснага перыяду, багата шчырых радкоў, прысвечаных роднаму гнязду, блізкім людзям, сямейным традыцыям. Са старонак гэтых твораў паўстаюць вобразы продкаў, якімі ганарацца беларусы, пранікнёна апяваецца важнае для кожнага чалавека пачуццё сувязі з вытокамі – Бацькаўшчынай, малой радзімай.  

Дыпломы аўтарам найбольш цікавых твораў уручыў намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота. Ён падкрэсліў важнасць тэмы конкурсу, бо сям’я – гэта тое, на чым трымаецца кожны з нас і наша грамадства. Аляксей Іванавіч адзначыў і той факт, што ўсе шасцёра перможцаў – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акрамя дыпломаў, аўтары найлепшых твораў атрымалі прызы – іх уручыла намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Алеся» Алена Брава.

 

У намінацыі «Найлепшы паэтычны твор» 1-е месца заваявала паэтэса, перакладчыца, журналіст Алена Басікірская з Мінска з вершам «Сямейная гісторыя. Дыптых» (твор апублікаваны ў чэрвеньскім нумары «Алесі»). Пасля заканчэння БДПУ ім. М. Танка Алена Басікірская выкладала беларускую мову і літаратуру ў школе на Глыбоччыне. Працавала карэспандэнтам у раённай газеце «Міёрскія навіны». Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Цяпер – спецыяльны карэспандэнт Выдавецкага дома «Беларусь сегодня». Аўтар кніг «Споведзь», «Песня мая душэўная», «Пераспевы». Нядаўна ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла яе новая кніга «Мая зямля — яна мая да скону».

На 2-м месцы сярод паэтаў – Генрых Тарасевіч, таксама жыхар сталіцы, з вершам «Бацькам». Наш лаўрэат – кандыдат сельскагаспадарчых навук, удзельнік ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Сярод месц яго працы – Інстытут глебазнаўства і аграхіміі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пабачылі свет яго паэтычныя кнігі «Прадчуванне вясны», «Адлюстраванне душы», «Носьбіт», «Рэфлексія шчырасці».

Людміла Круглік з Дзяржынска – уладальніца дыплома і прыза за 3-е месца ў згаданай намінацыі (верш «Родны»). Людміла Круглік піша на беларускай і рускай мовах. Аўтар 8 паэтычных зборнікаў, у тым ліку «Весенняя лазурь», «Пацеркі імгненняў», «Знічкі лістапада». У 2018 годзе выйшаў яе зборнік вершаў «Осенний бал ветров». Снончыла Брэсцкі педагагічны інстытут, па спецыяльнасці выкладчык рускай мовы і літаратуры. Працавала Людміла Круглік выхавацелем у дзіцячых садках, у гімназіі №1 г. Дзяржынска, дзе кіравала тэатрам «Чарадзеі».

У намінацыі «Найлепшы празаічны твор» перамагла Алёна Беланожка з Магілёва яе апавяданне «Сукенка» апублікавана ў чэрвеньскім нумары часопіса. Алёна Беланожка працуе вядучым рэдактарам у Магілёўскай абласной філармоніі. Пісьменніцу ведаюць як аўтара апавяданняў, іранічных дэтэктываў. У Выдавецкім доме “Звязда” пабачылі свет яе кнігі прозы «Чамадан з кракадзілавай скуры», «Зорка Ракхігархі». Алёна Беланожка выдатна валодае майстэрствам апавядальніка. Дададзім, што твор пісьменніцы «Завушніцы» ўвайшоў у тройку пераможцаў літаратурнага конкурсу апавяданняў «Звязды» за мінулы год.

На 2-месцы сярод аўтараў празаічных твораў – Ірына Тулупава з Мінска з апавяданнем «Парадаксальнае рэнамэ». Ірына Тулупава больш за трыццаць гадоў працавала ў практычнай журналістыцы: на Беларускім радыё, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ды іншых выданнях. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро». Аўтар празаічнай кнігі «Шчасце на парозе тваім», зборнікаў паэзіі «Чую і адгукаюся…», «Шукаю і знаходжу».

Эсэ «Абдымаю малітвамі» Таццяны Цвірко з Клецка ўганаравана 3-м месцам. Таццяну Цвірко ведаюць як паэтэсу, але піша яна і празаічныя замалёўкі, апавяданні – як бачым, не без поспеху. Таццяна Цвірко скончыла Нясвіжскае педагагічнае вучылішча і філалагічны факультэт БДУ імя Леніна. Працавала ў Клецкім дзіцячым доме №1, узначальвала яслі-сад у вёсцы Даматканавічы. Аўтар кніг «Ясачка долі маёй», «Вершам прарасту…».

Творы ўсіх пераможцаў конкурсу неўзабаве з’явяцца на старонках «Алесі». А тыя, хто гэтым разам не трапіў у спіс лаўрэатаў, няхай не засмучаюцца: на іх літаратурным шляху, упэўнена, яшчэ будуць дасягненні і перамогі.

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.