Вы тут

«Не ўпусціце сваю зямлю, іншай у вас не будзе»


Учора вечарам пяць тысяч выпускнікоў ВНУ сустрэліся з кіраўніком дзяржавы на рэспубліканскім свяце «На крылах мары». На мерапрыемства таксама былі запрошаны высокія госці — вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, рэктары ВНУ.


Вітаючы ўдзельнікаў свята, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў такім фармаце ў самым цэнтры сталіцы выпускны праводзіцца ўпершыню.

«Дазвольце павіншаваць вас з вялікім святам. З адзіным у жыцці святам, якое ніколі не паўторыцца», — сказаў Прэзідэнт. Ён прызнаўся, што, падыходзячы да месца правядзення свята, адчуў выключную атмасферу. «І гэту атмасферу робіце вы — сваёй маладосцю і прыгажосцю. А як інакш? Вашу эйфарыю лёгка зразумець. За плячыма напружаныя гады вучобы, залікаў, іспытаў, бяссонных начэй (маю на ўвазе ночы, праведзеныя з падручнікам). А заўтра — новае жыццё. Таму сёння весяліцеся. А заўтра да новых поспехаў. Вы будзеце выхоўваць, вучыць, лячыць, будаваць дамы, развіваць тэхналогіі, ствараць шэдэўры мастацтва і многае іншае. Будзеце аберагаць мір, забяспечваць нацыянальную бяспеку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што момант сур’ёзны яшчэ і тым, што з заўтрашняга дня ў руках маладых людзей, у кожнага маладога выпускніка, маладога чалавека будзе часцінка нашай Радзімы. «А разам мы будзем трымаць нашу краіну, нашу Радзіму ў нашых руках. І, як я раніцай сёння ўзнагароджаным ужо сказаў: глядзіце, гэта ўжо ваша адказнасць. Не ўпусціце сваю зямлю, іншай у вас не будзе. Дзе б вы ні былі, дзе б ні вучыліся далей, дзе б вы ні працавалі. Гэта ваша. І сваё нікому не аддавайце», — заклікаў маладых людзей Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што хутка выпускнікі на сваё першае працоўнае месца раз’едуцца па розных кутках Беларусі. «І чым меншы будзе гэты куток, тым больш прыкметнымі вы будзеце, тым большы будзе ваш уклад у гісторыю роднай краіны. Нашай утульнай, прыгожай, чыстай Беларусі, якую мы ўсе любім! Але думаць аб гэтым і ўсё планаваць будзеце заўтра. Якія надзеі мы — Прэзідэнт, вашы бацькі і педагогі — на вас ускладаем, я сказаў сёння раніцай, калі ўзнагароджваў самых лепшых з вас», — падкрэсліў беларускі лідар, дадаўшы, што яго словы датычацца і ўсіх дзясяткаў тысяч беларускіх выпускнікоў.

«Рабіце ўсё своечасова. Рабіце сёння тое, што павінны рабіць. Заўтра вы гэта не зробіце, таму што розныя праблемы, турботы. Вас захлісне жыццё. Бурнае, шалёнае, часам ашалелае жыццё. І мы яго пражываем разам з вамі, часам не разумеючы, што адбываецца. Таму трэба рабіць усё своечасова. Запомніце, гэта галоўнае. Цяпер я проста шчыра радуюся таму, што ёсць магчымасць падарыць нашай моладзі гэтае свята ў Мінску і ў іншых кутках краіны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што галоўны выпускны краіны гэтым разам праводзіцца ў новым фармаце. Ён заклікаў выпускнікоў не судзіць строга, калі першы раз нешта не ўдасца. У наступныя гады свята стане лепшым. «Вы ўжо не будзеце выпускнікамі, але я хачу вас запрасіць і ў наступным годзе, і потым разам са сваімі дзеткамі-выпускнікамі прыходзіць сюды і разам з імі святкаваць. Атрымаць уражанні, якія запомняцца на ўсё жыццё. Знайсці новых сяброў, а можа быць, і сустрэць свой лёс. Хоць, магчыма, вы ўжо ўсе сюды прыйшлі са сваім лёсам. Вы малайцы, у вас усё наперадзе.Заставайцеся заўсёды на хвалі імкнення да поспеху, захоўвайце сваю ўпартасць у дасягненні мэт. І няхай гэтыя мэты будуць высокімі і высакароднымі», — пажадаў Прэзідэнт.

Ён яшчэ раз паўтарыў сваю параду: «Пры любых абставінах (вы бачыце, разумныя людзі, што робіцца ў свеце) беражыце сваё, нікому не аддавайце яго, памнажайце яго. Як бы ні было складана і цяжка, беражыце. Страціце — потым не знойдзеце, не папоўніце. Не вернеце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля выступлення кіраўніка дзяржавы на сцэну выйшлі самі выпускнікі. Ад імя гасцей свята і ўсіх выпускнікоў краіны яны ўручылі Прэзідэнту памятны падарунак. Ён сімвалізуе кансалідацыю беларускага народа, захаванне і ўмацаванне ідэй міру ў Беларусі, стваральнай працы як галоўных умоў развіцця дзяржавы. Потым Аляксандр Лукашэнка разам з выпускнікамі адправіўся на назіральную пляцоўку да набярэжнай Свіслачы, каб паглядзець водна-агнявое шоу.

У Год міру і стваральнай працы галоўнай тэмай свята абрана легендарная птушка шчасця, якая сімвалізуе дабрыню і мір. Па легендзе, яе пяро дарыць удачу таму, хто яе знайшоў.

Свята каля Палаца спорту працягвалася да апоўначы. У праграме былі выступленні зорак беларускай эстрады, мастацкіх калектываў, дыджэяў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.