Вы тут

Таямніцы фонду Аляксандра Ельскага


Аляксандр Ельскі — пісьменнік, публіцыст, краязнавец, збіральнік даўніны і стваральнік музея, выдатны гаспадар-аграрнік, жыў у в. Замосце на Ігуменшчыне, што ў сучасным Пухавіцкім раёне. Нарадзіўся 16 чэрвеня 1834 года ў суседніх Дудзічах у сям'і харунжага Ігуменскага павета Карла Ельскага і Людвікі Штайнберг. Пачатковую адукацыю атрымаў у нямецкай школе ў Ласдэнэне — цяпер г. Красназнаменск Калінінградскай вобласці. Відавочна, што там жылі блізкія сваякі, якія і прынялі пад апеку Аляксандра. Класічную гімназію юнак скончыў у Мінску ў 1852 годзе, пасля чатыры гады быў на вайсковай службе, удзельнічаў у Крымскай вайне. У чыне паручніка выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў спадчынным фальварку ў в. Замосце. У 1858 г. пабраўся шлюбам з Аленай Каланчынскай, з якой меў сына Яна і дачку Аляксандру. У Мінскай губерні быў вядомым гаспадаром: вялікую ўвагу ўдзяляў культуры земляробства, меліярацыі глебы, догляду лесу, развядзенню рыбы, а таксама заклаў парк, сад і пабудаваў цагельню. З 1861 года быў міравым суддзёй другой акругі Ігуменскага павета, у 1882—1887 — членам апякунскага камітэта пры рэальным вучылішчы ў Мінску, а з 1901 г. — ганаровым куратарам павятовага Таварыства ўзаемастрахоўкі ад пажару.

Літаратурна-публіцыстычная дзейнасць Аляксандра Ельскага была надзвычай плённай. Вядома, што ён супрацоўнічаў больш чым з 20 перыядычнымі выданнямі, напісаў звыш 10 тысяч гісторыка-краязнаўчых артыкулаў пра Беларусь. Удзельнічаў у археалагічных з'ездах у Вільні ў 1893 г. і Рызе ў 1896 г. А ў 1864 г. заснаваў у Замосці краязнаўчы музей, які меў надзвычайную папулярнасць сярод вучоных таго часу. Замасцянская калекцыя Аляксандра Ельскага налічвала звыш 60 карцін вядомых беларускіх і заходнееўрапейскіх мастакоў, 2000 гравюр, калекцыі фарфору, шкла, слуцкіх паясоў, каля 20 тысяч аўтографаў і дакументаў выдатных дзеячаў літаратуры, мастацтва, навукі, дзяржаўных і ваенных дзеячаў. Асобна варта згадаць замасцянскую бібліятэку, якая пад канец жыцця пісьменніка налічвала больш як 10 тысяч кніг. Каштоўнасць яе складалі старадрукі, літоўска-беларускія хронікі, энцыклапедыі, вопісы архіваў, багатыя матэрыялы па беларусістыцы і многае іншае.

Аляксандр Ельскі памёр 10 верасня 1916 года. Пахаваны на радзіме, у в. Дудзічы. Яго багатыя музейныя калекцыі і бібліятэка па волі лёсу раскіданы па многіх сховішчах суседніх краін, а магчыма, і далёкіх. А ў Беларусі толькі 30 адзінак з яго дваццацітысячнай калекцыі. І шлях іх вяртання быў незвычайны.


Архіўныя рэаліі

31 ліпеня 1962 года Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР (сучасны Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва) прыняў на захоўванне ад Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці «дакументальныя матэрыялы асабістага фонда беларускага пісьменніка і публіцыста А. К. Ельскага» разам з усімі ўліковымі дакументамі да яго. Даволі працяглы час фонд быў недаступны для шырокага выкарыстання. Толькі ў 1976 годзе прайшла яго навукова-тэхнічная апрацоўка. Тытульны ліст навастворанага вопісу інфармаваў карыстальніка аб тым, што перад ім фонд асабістага паходжання. Адлюстроўвалася гэта і ў яго назве «Ельскі Аляксандр Карлавіч (1834—1916) — этнограф, гісторык, пісьменнік, перакладчык, даследчык беларускага фальклору». Уласна вопіс налічваў 30 адзінак захоўвання, якія былі заключаны ў раздзелы: «Лісты да А. К. Ельскага», «Лісты розных асоб да розных асоб», «Дакументы розных асоб», «Дакументы аб грамадскай дзейнасці А. К. Ельскага». Зразумела, што многія даследчыкі гісторыі культуры і літаратуры дзевятнаццатага стагоддзя сталі звяртацца да «асабістага фонду Аляксандра Ельскага». Але спадзяванні на інфарматыўныя крыніцы аб жыцці і дзейнасці аднаго з яго яркіх прадстаўнікоў былі дарэмнымі. Іх выпадковасць і малазначнасць у гэтых адносінах была відавочная.

У 1999 годзе Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры была арганізавана навукова-практычная канферэнцыя «Універсітэты Ельскіх», прымеркаваная да 165-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Ельскага. Па выніках гэтай канферэнцыі быў выдадзены зборнік матэрыялаў «Дзеля блізкіх і прышласці». Пры знаёмстве з артыкуламі зборніка, здзівіла тое, што пра асабісты фонд Ельскага і яго дакументы ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ніводзін аўтар не згадваў. Дык што за дакументы захоўваюцца ў архіве? І няўжо няма ў фондзе Ельскага хаця б адзінай крыніцы, на якую варта было б звярнуць увагу, даследуючы яго жыццё і дзейнасць?

Сакрэты «Справы фонду»

Першыя крокі да разгадкі таямніцы дапамаглі зрабіць дакументы «Справы фонду», якая і ўтрымлівае згаданыя вышэй уліковыя дакументы. У нашым выпадку гэтая справа адлюстравала не толькі ўлік дакументаў фонду, але і ўсю гісторыю іх перамяшчэння ў прасторы і часе.

«Справа фонду» пачынаецца з вопісу ад 31 сакавіка 1936 года «Материалов, поступивших в Государственный литературный музей через полпредство в Варшаве коллекции писем и автографов Ельского А. К. /в обложках из жёлтой бумаги с объяснительными записями на польском языке/». Вопіс зафіксаваў 31 аўтограф. У маскоўскім Літаратурным музеі «Коллекция писем и автографов Ельского А. К.» знаходзілася да 1941 года. Пастановай СНК СССР ад 29 сакавіка 1941 года быў створаны Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва СССР — знакаміты ЦГАЛИ, і адпаведна гэтай жа пастанове Дзяржаўны літаратурны музей перадаў навастворанаму архіву значную колькасць дакументальных помнікаў, у тым ліку і калекцыю А. Ельскага. Архіўны вопіс на дакументы Ельскага складзены толькі ў 1949 годзе. Менавіта ў час іх першай навуковай апрацоўкі і была дапушчана памылка пры фандаванні. Традыцыйная практыка вымагала стварэння фонду асабістага паходжання, і першапачатковы відавы тэрмін «калекцыя» не быў улічаны, як і не былі ўзяты пад увагу асаблівасці афармлення вокладак і надпісы на іх. «Справа фонду» таксама мае той першы рукапісны вопіс, на тытульным лісце якога стаіць назва «Ельский Александр Карлович (1834—1916), белорусский краевед, писатель, публицист». Заўважу, што названы вопіс мае тую ж сістэматызацыю, якая намнога пазней амаль цалкам будзе ўжыта ў практыцы літаратурнага архіва ў Мінску.

У 1955 годзе Галоўнае архіўнае ўпраўленне СССР Міністэрства ўнутраных спраў СССР выдала распараджэнне аб перадачы некаторых фондаў нацыянальных дзеячаў пад апеку Архіўных упраўленняў саюзных рэспублік. У хуткім часе, адпаведна з гэтым распараджэннем, Архіўнае ўпраўленне МУС БССР атрымала ад ЦГАЛИ СССР фонд Аляксандра Ельскага. Першапачатковым месцам захоўвання фонду быў вызначаны Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, дзе ён і знаходзіўся да перадачы ў 1962 годзе Цэнтральнаму дзяржаўнаму архіву літаратуры і мастацтва БССР.

Таямніцы пад уласнай пячаткай Аляксандра Ельскага

Візуальнае знаёмства з адзінкамі захоўвання фонду Ельскага адразу схіліла да думкі, што перад намі ні што іншае, як частка калекцыі аўтографаў, сабраная Аляксандрам Ельскім у Замосці, — з дваццаці тысяч усяго толькі трыццаць. Для гэтай калекцыі збіральнікам былі выраблены адмысловыя папкі. На кожнай папцы каліграфічным почыркам вялікімі літарамі выпісаны прозвішча і імя ўладальніка аўтографа, ніжэй — род яго заняткаў. Пад надпісам стаіць уласная пячатка, якая сцвярджае, што гэты дакументальны помнік належыць «Бібліятэцы і музею старажытнасці Аляксандра Ельскага». Кожная папка мае ўнутраную вокладку, дзе яшчэ раз пазначана прозвішча і кароткая біяграфія ці нават характарыстыка таго, чый аўтограф упрыгожыў замасцянскую калекцыю.

Як сведчыць фонд, калекцыю складалі самыя розныя дакументы: лісты з асабістай перапіскі, афіцыйныя дакументы з подпісамі вядомых асоб, асабістыя даведкі ці проста ўласнаручны подпіс на чыстым лістку паперы. Знаёмячыся з кожным з гэтых аўтографаў і ўсімі запісамі А. Ельскага, замацоўваецца ўпэўненасць, што збіральнік усіх гэтых людзей ведаў асабіста ці меў зносіны праз перапіску. Многія ж маглі бываць у Замосці і, ведаючы пра захапленне гаспадара дому, лічылі за гонар пакінуць у яго калекцыі свой аўтограф.

Асобы замасцянскай калекцыі аўтографаў

Аляксандр Іванавіч Арлоў — яго подпісы на двух пасведчаннях вучня Ігнацы Аскеркі аб пераводзе апошняга ў наступныя класы Мінскай губернскай гімназіі. Датуюцца 1839 і 1840 гадамі. Арлоў быў дырэктарам вучылішчаў Мінскай губерні. Прысутнічае тут і візітная картка Арлова, якую Ельскі мог атрымаць ад самога «мінскага педагога». Праз некалькі спраў захоўваецца папка з аўтографам яшчэ аднаго дырэктара вучылішчаў Мінскай губерні — Дзясніцкага Міхаіла Георгіевіча. Яго аўтограф стаіць на білеце вучня 5 класа Мінскага дваранскага пансіёна Іосіфа Ельскага на звальненне ў адпачынак у снежні 1853 года. Іосіф Ельскі, магчыма, малодшы брат Аляксадра Ельскага, у будучыні расійскі ваенны дзеяч. Значнае месца ў ліку аўтографаў займаюць імёны вядомых вучоных. Сярод іх Канстанцін Іванавіч Арсеннеў (1789—1865) — рускі гісторык, статыстык, географ, Васіль Іванавіч Більбасаў (1837—1904) — гісторык, педагог, публіцыст, прафесар універсітэта св. Уладзіміра ў Кіеве, рэдактар ліберальнай газеты «Голас», Канстанцін Сцяпанавіч Весялоўскі (1819—1901) — рускі эканаміст, географ і кліматолаг, сапраўдны член Акадэміі навук. Цікавым у гэтым шэрагу з'яўляецца аўтограф Паўла Аляксандравіча Віскаватава (1842—1905), рускага пісьменніка, літаратуразнаўца, прафесара рускай славеснасці Дэрпцкага ўніверсітэта, біёграфа Лермантава. У збор Ельскага трапіў ліст Віскаватава да Мар'яна Здзяхоўскага (1861—1938), напісаны 9 лютага 1885 года Мар'ян Эдмундавіч Здзяхоўскі, вядомы літаратуразнавец, публіцыст, філосаф, палітолаг, ураджэнец в. Ракаў, што на Валожыншчыне, вучыўся ў Пецярбургскім і Дэрпцкім універсітэтах, дзе і мог пазнаёміцца з Віскаватавым. Працягам іх добрых узаемаадносін стала ліставанне. Аляксандр Ельскі добра ведаў Здзяхоўскага, гасцінна прымаў яго ў сваім доме. «З сардэчнасцю выказваю павагу і глыбокае прызнанне шаноўнаму Аляксандру Ельскаму, які нашаму грамадству ў Літве і Русі служыць узорам не толькі працы, але і глыбокага спасціжэння духу народа і яго маральных і разумовых патрэб». Такія словы пакінуў Здзяхоўскі ў «Кнізе для запісу наведнікаў збораў у Замосці» 30 жніўня 1902 года. Магчыма, праз Віскаватава і Здзяхоўскага трапіў у калекцыю і аўтограф князя Аляксандра Іларыёнавіча Васільчыкава (1818—1881), вядомага рускага грамадскага дзеяча і пісьменніка, пачынальніка кааператыўнага руху ў Расіі. Яго жыццё было поўным прыгод. У 1840 г. кн. Васільчыкаў пачаў ваенную службу на Каўказе ў адміністрацыі барона Гана. А 13 ліпеня 1841 г. быў секундантам пры дуэлі Лермантава і Мартынава. За ўдзел у дуэлі аддадзены ваеннаму суду, але памілаваны імператарам «во внимание к заслугам отца». Аўтограф князя — гэта яго ліст на французскай мове да графа Шувалава (1827—1889).

Асобнае месца ў калекцыі Ельскага займаюць імёны Ксенафонта Антонавіча Гаворскага (1821—1871) і Адама Карлавіча Кіркора (1818—1886). Гаворскі вядомы як беларускі гісторык, археолаг, выдавец. Працаваў у Полацкай духоўнай семінарыі, рэдагаваў неафіцыйную частку «Витебских губернских ведомостей», быў рэдактарам часопіса «Вестник Западной России». Адзін з пачынальнікаў заходнерусізму. Менавіта з яго аўтографамі ў названай калекцыі звязана імя больш вядомага і шанаванага беларускага гісторыка, этнографа, археолага, публіцыста, выдаўца, грамадскага дзеяча Адама Кіркора. У свой час Адам Кіркор перадаў Аляксандру Ельскаму значную частку свайго архіва, у асноўным лісты з асабістай перапіскі. Некаторыя лісты карэспандэнтаў Кіркора былі ўключаны ў калекцыю, у тым ліку тры лісты Гаворскага, дасланыя ў 1864—1865 гг.

Несумненную цікавасць маюць лісты да Адама Кіркора і некаторыя іншыя дакументы гісторыка Мікалая Іванавіча Кастамарава (1817—1885) і славіста, этнографа і археолага Аляксандра Аляксандравіча Катлярэўскага (1837—1881). Усе яны сталі часткай калекцыі аўтографаў Аляксадра Ельскага.

Даследчык не будзе расчараваны. Кожны, хто вывучае жыццё і дзейнасць вядомых асоб мінулага, выявіць у захаванай больш чым праз стагоддзе невялікай частцы калекцыі Аляксандра Ельскага, што сёння належыць Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва, свае цікавыя крыніцы.

Ганна ЗАПАРТЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.