Вы тут

Эксперты ўзгаднілі праект палажэння аб чэмпіянатах СНД


У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязды» — самыя важныя навіны.


Аб'ява тыдня. Дадатковае пасяджэнне экспертнай групы па дапрацоўцы і ўзгадненні праекта палажэння аб чэмпіянатах (першынствах, кубках) СНД адбылося 19 чэрвеня ў штаб-кватэры Садружнасці ў Мінску. У пасяджэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Выканаўчага камітэта СНД. Абмеркаваўшы заўвагі і прапановы, якія паступілі да дакумента, удзельнікі сустрэчы прынялі рашэнне лічыць праект палажэння ўзгодненым на экспертным узроўні. Яго плануецца ўнесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

Праект палажэння аб чэмпіянатах (першынствах, кубках) СНД па відах спорту распрацаваны ў рамках дзейнасці рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні Гульняў краін СНД у адпаведнасці з рашэннем Савета па фізічнай культуры і спорце ўдзельнікаў Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне фізічнай культуры і спорту дзяржаў — удзельніц СНД. Ідэя арганізацыі чэмпіянатаў СНД грунтавалася на прапанове аб правядзенні ў Садружнасці статусных спартыўных спаборніцтваў у перыяд паміж Гульнямі краін СНД, якія праводзяцца раз на два гады. Прадугледжваецца, што чэмпіянаты будуць праводзіцца на рэгулярнай аснове ў краінах Садружнасці па алімпійскіх, паралімпійскіх, сурдлімпійскіх (дэфлімпійскіх), тэхнічных, авіяцыйных, ваенна-прыкладных і службова-прыкладных відах спорту, а таксама неалімпійскіх і нацыянальных відах спорту. Па асобным відзе спорту на працягу аднаго года можа быць праведзены толькі адзін чэмпіянат, першынство або Кубак СНД. Рашэнне аб месцы і тэрмінах правядзення гэтых спартыўных спаборніцтваў будзе прымаць савет на падставе прапаноў дзяржаў. Прадугледжваецца фарміраванне каляндарнага плана правядзення чэмпіянатаў (першынстваў, кубкаў) СНД па відах спорту.

Каманда тыдня. Брэсцкі «Будаўнік» заваяваў Кубак Беларусі па хакеі на траве. У фінальным этапе розыгрышу ў Баранавічах каманда перамагла піцерскі СПб-УАР-2 (4:3), уступіла «Гомелю»(5:6), а затым адолела «Мінск» (3:0). У гэтым сезоне брэсцкі «Будаўнік» аформіў залаты дубль, выйграўшы чэмпіянат і Кубак краіны.

Медаль тыдня. У Мінску прайшоў чэмпіянат Саюзнай дзяржавы па фехтаванні. Адзіны медаль для беларускай каманды заваяваў шпажыст Марк Семаненка, які стаў сярэбраным прызёрам турніру. У вырашальным паядынку ён уступіў расіяніну Георгію Бруеву — 12:15.

Перамога тыдня. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі спынілі серыю паражэнняў у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2024 года. Пасля трох фіяска запар беларускія футбалісты ў Будапешце перамаглі зборную Косава. Вынік сустрэчы 2:1. У трох папярэдніх паядынках кваліфікацыйнай групы І беларусы ўступілі Швейцарыі (0:5), Румыніі (1:2) і Ізраілю (1:2). Свой наступны матч адборачнага турніру Еўра-2024 беларускія футбалісты правядуць 9 верасня ў гасцях у каманды Андоры.

Адборачны турнір чэмпіянату Еўропы завершыцца ў лістападзе. Пуцёўкі ў фінальную стадыю кантынентальнага першынства, якое адбудзецца летам наступнага года ў Германіі, атрымаюць па дзве найлепшыя каманды з 10 кваліфікацыйных груп. Яшчэ тры пропускі разыграюць удзельнікі Лігі нацый. Зборная Германіі вызвалена ад адборачных гульняў.

Турнір тыдня. 22 чэрвеня на спартыўнай базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках адбыўся адкрыты рэспубліканскі бліц-турнір, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Усяго прынялі ўдзел 108 чалавек рознага ўзросту (ад 8 гадоў да 80) і рознай кваліфікацыі, у тым ліку 4 гросмайстры. Пераможцам турніру стаў Максім Царук, другое месца заняў міжнародны гросмайстар Сяргей Жыгалка, трэцяе — міжнародны гросмайстар Аляксей Аляксандраў. Найлепшай сярод жанчын стала Варвара Палякова, сярод ветэранаў — Валерый Смірноў, сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі найлепшым стаў Андрэй Святоха.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.