Вы тут

Лунінецкія медыкі не адстаюць ад сусветных тэндэнцый


Новую бальніцу ў Лунінцы збудавалі ў 2010-м. Сёння яна абслугоўвае больш як 62,5 тысячы мясцовых жыхароў. Летась тут мадэрнізавалі кабінет камп’ютарнай тамаграфіі, на што пайшло 1 млн 530 тыс. рублёў. За кошт рэспубліканскага бюджэту купілі новы 128-спіральны КТ апарат «ВЕНТУМ», а за кошт мясцовага адрамантавалі сам пакой. Бліжэйшым часам тут павінен адкрыцца рэнтген-кабінет, а ў мадэрнізаваных спецыялізаваных кабінетах, як плануецца, з’явяцца рэнтген-апараты: мамограф і флюарограф.


Галоўны ўрач Святлана Хлебус і загадчык рентгенкабінета Віктар Немец

У ковідныя часы архіважнай задачай для бальніцы стала рэканструкцыя інфекцыйнага блока. Цяпер гэта асобны будынак, дзе да кожнага ложка-месца падаецца кісларод, падзялілася Святлана Хлебус, галоўны ўрач Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы:

— Падчас пандэміі, асабліва ў перыяд дэльта-хвалі, мы перажывалі, каб яго прывозілі з Пінска своечасова. Цяпер на тэрыторыі бальніцы будуецца кіслародна-размеркавальная станцыя — і ў нас будзе ўласны кісларод (1000 літраў за хвіліну), які мы падвядзём да кожнага ложка па ўсёй бальніцы.

У аддзяленні гемадыялізу, якое пачало працаваць адразу з адкрыццём новага будынка, спачатку было дзевяць пацыентаў: мясцовых і з Ганцавіцкага раёна. У 2017-м ужо толькі сваіх раённых было 33 чалавекі, аддзяленне працавала ў тры змены, і ганцавіцкім прыйшлося ездзіць лячыцца ў Баранавічы, успамінае Алена Казун, загадчык аддзялення гемадыялізу:

Урач-рэнтгенолаг Ганна Чэрняковіч аглядае абсталяванне перад прыёмам пацыентаў

— Цяпер мы працуем у дзве змены і абслугоўваем 21 чалавека. Максімальная загружанасць — шэсць апаратаў у змену. Яны прызначаны для рознага тыпу дыялізу. У залежнасці ад паказчыкаў пацыенты прыязджаюць да нас хто праз дзень, хто чатыры разы на тыдні (у асноўным тыя, чыя вага большая за 100 кілаграмаў). Прывозяць і адвозяць людзей бясплатна на нашым санітарным транспарце. Для пацыентаў з тэрмінальнай нырачнай недастатковасцю такое лячэнне жыццёва неабходнае — без працэдур іх не стане дзён праз пяць.

Мясцовая хірургія і лапараскапічныя аперацыі (шляхам праколвання тканак, без разразання) — таксама нагода для гонару. Усе хірургі і рэаніматолагі маюць вышэйшую катэгорыю. А ў 2020-м лунінецкія дактары прайшлі курс навучання па эндаскапіі ў сімуляцыйным цэнтры Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, што пашырыла спектр паслуг і магчымасці аказання высокатэхналагічнай дапамогі, расказаў урач-хірург Аляксандр Петруковіч:

— За няпоўныя тры гады мы зрабілі ўжо каля 150 падобных аперацый. Лапараскапія — спосаб мінімальна траўматычны для пацыента, які забяспечвае яго кароткатэрміновае знаходжанне ў бальніцы (два-тры дні), а ўжо праз два тыдні чалавек можа займацца сваёй звычайнай дзейнасцю і нават спортам. З медыцынскага пункту гледжання лапараскапічныя аперацыі пры пахвіннай грыжы, якія мы робім лапараскапічным метадам (да 80% выпадкаў), бадай што нічым не адрозніваюцца ад пластыкі па Ліхтэнштэйну, якая лічыцца залатым стандартам у лячэнні пахвінных грыж. Так што мы стараемся паспяваць за сусветнымі тэндэнцыямі. Звычайным спосабам робяцца аперацыі тым, каму лапараскапія супрацьпаказана.

Урач-нефролаг Алена Казун загадвае аддзяленнем гемадыялізу

А яшчэ ў бальніцы пад мясцовай анестэзіяй робяць лазернае выдаленне вен — у Брэсцкім рэгіёне такія аперацыі робяць толькі ў абласной бальніцы. Адразу пасля працэдуры пацыент пачынае хадзіць, а на наступны дзень вяртаецца да работы.

43 населеныя пункты Лунінецкага раёна — тэрыторыя, якая пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі, і некаторыя мясціны дагэтуль лічацца забруджанымі. Іх жыхары абавязкова штогод праходзяць дадатковы аб’ём абследаванняў, у прыватнасці абавязковае ўльтрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы.

Ірына СІДАРОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.