Вы тут

Пасярэднік для міждзяржаўнага электроннага дакументаабароту


Давераны трэці бок (ДТБ) — арганізацыя, якая будзе ажыццяўляць функцыі па прызнанні сапраўднасці электронных дакументаў, што падпісаны з выкарыстаннем замежнага сертыфіката электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП), то-бок устанаўліваць давер да замежнага сертыфіката электроннага ключа. Напрыканцы 2016 года ў Беларусі запрацавала аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма даверанага трэцяга боку (АІС ДТБ), задачай якой і з’яўляецца праверка сапраўднасці электроннага дакумента і вызначэнне даверу да яго ЭЛП. Як праверыць сапраўднасць подпісу, навошта гэта рабіць і з якімі краінамі наладжана такая работа, расказаў Дзяніс Сакратароў, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг.


Каб набыць юрыдычную значнасць і давер

Электронныя дакументы, падпісаныя з выкарыстаннем сертыфіката ЭЛП, які быў выдадзены ўнутры краіны (акрэдытаваным у Беларусі Рэспубліканскім цэнтрам па сведчанні лічбавага подпісу), не патрабуюць прыцягвання пасярэдніка да праверкі сертыфіката подпісу, бо ступень даверу да яго сапраўднасці прызнаецца як дадзенасць і мае юрыдычную моц. А вось любое ўзаемадзеянне паміж арганізацыямі ці нават фізічнымі асобамі па абмене электроннымі дакументамі (афіцыйна-дзелавая перапіска, суправаджальныя транспартныя накладныя і іншае) на міжкраінавым узроўні патрабуе ўдакладнення сапраўднасці атрыманага дакумента. Бо самае галоўнае пры электронным дакументаабароце — вызначыць юрыдычную значнасць дакументаў.

— Давераны трэці бок правярае сапраўднасць сертыфіката ЭЛП, якім падпісаны дакумент, і як вынік выдае спецыяльную квітанцыю (гэты дакумент таксама існуе ў электронным выглядзе), падпісаную лічбавым подпісам ДТБ. У квітанцыі будзе ўказаны статус сертыфіката ЭЛП: або ён сапраўдны, яму можна давяраць і ён мае юрыдычную сілу, або сапраўднасць сертыфіката не пацвердзілася, — расказаў Дзяніс Сакратароў. — Атрымаўшы лічбавы дакумент з-за мяжы, мы не можам быць упэўнены, што ЭЛП на ім сапраўдны. А механізм праверкі давераным трэцім бокам дазваляе пацвердзіць гэты давер, павышае эфектыўнасць міждзяржаўнага электроннага дакументаабароту, узровень яго надзейнасці і абароненасці.

Гэта таксама дазваляе вырашаць спрэчныя пытанні. Напрыклад, абмен прадуктамі харчавання паміж краінамі можа адбывацца з выкарыстаннем санітарна-эпідэміялагічных і іншых суправаджальных дакументаў у электронным выглядзе. Тавар праверылі ў краіне-адпраўшчыку і перадалі за мяжу. Бок, які прымае, па атрыманні зрабіў сваю праверку. Аднак могуць узнікнуць спрэчныя пытанні па выніках абследавання тавару ў розных краінах. Тады звяртаюцца да ДТБ, які правярае, ці сапраўды суправаджальныя дакументы былі падпісаны ўпаўнаважанымі на тое органамі.

Для праверкі патрэбна пагадненне

Законам аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе вызначана, што давераным трэцім бокам у Беларусі будзе арганізацыя, якая вызначана Указам Прэзідэнта № 515. Такім чынам, функцыі нацыянальнага аператара ДТБ у краіне выконвае Нацыянальны цэнтр электронных паслуг. А патрабаванні да аператара ДТБ вызначае рэгулятар у гэтай сферы — Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Тым не менш, каб наладзіць міжкраінавае ўзаемадзеянне па прызнанні электронных дакументаў, неабходна, каб аператар ДТБ быў вызначаны ў кожнай краіне, з якой Беларусь ажыццяўляе дакументаабарот, — аднабакова такая схема не працуе.

— Няправільна думаць, што любы электронны дакумент, які прыходзіць у нейкую арганізацыю з-за мяжы, можна праверыць на сапраўднасць ЭЛП, проста звярнуўшыся да нас у цэнтр, — перасцярог спецыяліст НЦЭП. — У краіне, адкуль прыйшоў электронны дакумент, таксама павінны быць на заканадаўчым узроўні вызначаны аператар ДТБ, і паміж гэтым аператарам і нашым цэнтрам неабходна заключыць пагадненне аб узаемадзеянні. Без гэтага праверка лічбавага подпісу электроннага замежнага дакумента немагчыма.

Сёння такое пагадненне заключана паміж беларускім аператарам ДТБ — НЦЭП і казахстанскім аператарам ДТБ — арганізацыяй «Нацыянальныя інфармацыйныя тэхналогіі». І любая з арганізацый абедзвюх дзяржаў можа звярнуцца да свайго нацыянальнага аператара, каб праверыць сапраўднасць ЭЛП дакумента.

— Аператар ДТБ — гэта механізм выключна для праверкі сапраўднасці лічбавага подпісу на электронным дакуменце, а ні ў якім разе не сродак для наладжвання працэсу абмену электроннымі дакументамі, — падкрэсліў Дзяніс Сакратароў.

Беларусь гатова да ўзаемадзеяння з любой краінай свету і праводзіла (і дагэтуль праводзіць) шэраг пілотных праектаў у сферы праверкі сапраўднасці электроннага дакумента з Азербайджанам, Узбекістанам і Расіяй.

Дакумент ёсць, але яго змест не пакажу…

— Калі вам даслалі электронны дакумент з-за мяжы і трэба легалізаваць яго лічбавы подпіс, каб ён стаў юрыдычна значным дакументам у нашай дзяржаве, але з краінай-адпраўшчыкам у нас няма пагаднення аб супрацоўніцтве, то схему дзеянняў па яго пацвярджэнні павінна падказаць тая арганізацыя, куды трэба прадставіць запытаны вамі дакумент, — тлумачыць прадстаўнік цэнтра.

Пацвердзіць сапраўднасць лічбавага подпісу замежнага дакумента (пакуль толькі казахстанскага) і яго юрыдычны статус можна з дапамогай дзвюх электронных паслуг. Цяпер яны даступныя на старой версіі адзінага партала электронных паслуг, але неўзабаве будуць перанесены на новы партал.

Каб атрымаць паслугу «Праверка сапраўднасці электроннага дакумента», юрыдычная асоба мусіць звярнуцца ў цэнтр, заключыць дагавор і атрымаць доступ да паслугі праз асабісты кабінет юрасобы на партале. Непасрэдна заказ паслугі робіцца ўжо з кабінета, дзе юрасоба прымацоўвае электронны дакумент з лічбавым подпісам замежнай дзяржавы. АІС ДТБ зоймецца праверкай дакумента, патлумачыў спецыяліст:

— Наша сістэма ДТБ звернецца да аналагічнай сістэмы ДТБ у Казахстане і, умоўна кажучы, «спытае» яе пра статус сертыфіката ЭЛП, якім быў падпісаны дакумент. Атрымаўшы звесткі з Казахстана, яна сфарміруе ў асабістым кабінеце кліента адказ у выглядзе спецыяльнай квітанцыі, — апісаў схему работы паслугі Дзяніс Сакратароў. — Кошт паслугі залежыць ад колькасці дакументаў, якія правяраюць. За 15 рублёў на месяц можна заказаць паслугу 17.01.1 «Прадастаўленне доступу да ДТБ, у тым ліку праверка сапраўднасці электроннага дакумента з дапамогай ДТБ (да 200 трансакцый уключна)», з дапамогай якой можна праверыць да 200 дакументаў. Праверка дакумента звыш гэтай колькасці ажыццяўляецца з дапамогай паслугі 17.01.2 «Праверка сапраўднасці электроннага дакумента з дапамогай ДТБ (за кожную трансакцыю звыш 200)», і кожная каштуе 5 капеек.

Кліент можа захаваць квітанцыю ў выглядзе спецыяльнага файла, а пасля, пры неабходнасці, прад’яўляць толькі яе. Такая сітуацыя можа ўзнікнуць, калі ў юрасобы ёсць шэраг квітанцый, але ўжо няма арыгінала электроннага дакумента: ён некаму перададзены, здадзены ў архіў або змест самога дакумента нельга паказаць іншым, аднак можна пацвердзіць яго сапраўднасць квітанцыяй. Арганізацыя, у якую прад’яўлена квітанцыя (або сам уладальнік квітанцыі), можа праверыць яе сапраўднасць, заказаўшы паслугу «Візуалізацыя квітанцыі ДТБ» (асобна гэтая паслуга будзе даступная ўжо на новай версіі адзінага партала).

— Для гэтага трэба загрузіць у асабісты кабінет юрасобы электронную квітанцыю, і сістэма даверанага трэцяга боку праверыць, ці сапраўды гэта дакумент, які раней быў выдадзены АІС ДТБ, — удакладніў спецыяліст. — Такая сітуацыя можа ўзнікнуць, напрыклад, калі арганізацыя атрымлівае з-за мяжы на тавары суправаджальныя дакументы, змест якіх не можа распаўсюджваць шырокаму колу асоб. А з дапамогай квітанцыі арганізацыя пацвердзіць, што ў іх сапраўды ёсць неабходны дакумент.

Атрымаць абазначаныя паслугі можна як праз асабісты кабінет юрасобы, так і па тэхналогіі «сістэма — сістэма», то-бок, атрымальнік дакумента можа падключыць сваю сістэму да сістэмы ДТБ і праз запыт атрымаць адказ.

Спецыяліст цэнтра рэзюмаваў, што для эфектыўнага міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы абмену электроннымі дакументамі павінны выконвацца дзве абавязковыя ўмовы: наяўнасць з абодвух бакоў аператара ДТБ і наяўнасць паміж удзельнікамі дакументаабароту ўзгодненай схемы абмену электроннымі дакументамі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.