Вы тут

Футбол развіваецца не ў кабінетах, а на полі


Апошнім часам да беларускага футбола шмат пытанняў. На адны з цягам часу знаходзяцца адказы. Іншыя пакуль застаюцца без іх. У адрас беларускага футбола накіравана нямала крытыкі. Адны заўвагі маюць пад сабой глебу. Іншыя больш падобныя да крытыканства. Праблем нямала, і гэта факт, які прынялі ўжо ўсе. Аднак, калі футбол заваяваў званне народнай гульні, у якую гуляюць усе, то і клапаціцца аб яго развіцці, напэўна, варта кожнаму, для каго гэта больш, чым проста гульня з мячом.


«Ёсць людзі, якія проста гавораць, як усё дрэнна. А ёсць тыя, хто спрабуе нешта зрабіць, каб кепска не было. Я ў той камандзе людзей, у якіх ёсць павага да сябе, да сям’і, да зямлі, на якой нарадзіўся, да свайго віду спорту і ёсць жаданне дапамагчы ім стаць яшчэ лепшымі і мацнейшымі», — адзначае Вячаслаў Лісоўскі, кіраўнік праекта «Свет Футбола». Задача праекта — развіццё і папулярызацыя гэтага віду спорту ў Беларусі. Прыгожыя словы, якія пацвярджаюцца справай.

Праект «Свет Футбола» ўзнік 13 гадоў таму — у 2010-м. Пачалося ўсё з таго, што дзве аматарскія каманды проста гулялі паміж сабой. Паступова да іх пачалі далучацца і іншыя аматары. Так сфарміраваўся праект «Свет футбола», які аб’яднаў больш за 200 каманд з Мінска і Мінскай вобласці. У рамках праекта праводзіліся спаборніцтвы па футболе, сфарміравалася супольнасць балельшчыкаў, было наладжана інфармацыйнае забеспячэнне. «Свет Футбола» таго ўзору сабраў заўзятых аматараў самай папулярнай гульні з мячом. Наглядная дэманстрацыя таго, што называецца папулярызацыяй спорту.

«Калі ў 2010-2013 гадах праект разросся, паўстала пытанне аб абслугоўванні матчаў. Бо для якаснага правядзення футбольных матчаў, няхай і аматарскіх, патрэбны суддзі, палі. У 16 гадоў я пачаў цікавіцца футбольным судзействам. У 2015 годзе першы раз узяў у зубы судзейскі свісток. З 2016 года я арбітр і рэферы Беларускай федэрацыі футбола. Так, „Свет Футбола“ дазволіў мне развівацца як суддзі. Футбол я люблю да вар’яцтва, у добрым сэнсе гэтага слова. Гатовы аддаваць яму вельмі шмат сіл, ахвяраваць сваім часам і нават фінансамі. Яшчэ ў часы першага праекта „Свет Футбола“ ў 2010-2014 гадах у мяне ўзнікла ідэя пабудаваць футбольнае поле. Але адкуль у 16-гадовага хлопца такія магчымасці? Спачатку трэба было ўстаць на ногі. Цяпер мне 28 гадоў, я прадпрымальнік. У мяне ўжо ёсць спартыўны досвед, фінансавыя магчымасці і любоў да футбола — усё склалася для рэалізацыі маёй ідэі. Да таго ж лічыцца, што кожны мужчына павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выхаваць сына — словам, рэалізавацца ў жыцці, зрабіць нешта карыснае для людзей. Дрэва я пасадзіў, у мяне нядаўна нарадзіўся сын. І ўжо як бацьку мне хочацца, каб у дзяцей нашай краіны было як мага больш магчымасцяў весці здаровы лад жыцця, займацца спортам, пажадана маім любімым футболам. Таму я вырашыў увасобіць сваю ідэю аб будаўніцтве поля», — дзеліцца Вячаслаў.

Жаданні супалі з патрэбамі беларускага футбола, асабліва ў рэгіёнах. У Беларускую федэрацыю футбола кожны месяц з усёй краіны прыходзяць лісты з просьбамі аб дапамозе ў будаўніцтве палёў. У многіх гарадах краіны ў дзяцей ёсць жаданне займацца футболам, але для гэтага не хапае пляцовак, палёў. «Футбол складаецца з мноства пунктаў: падрыхтоўка трэнерскіх кадраў, развіццё дзіцячага спорту, развіццё масавага футбола — пералічваць усе аспекты можна бясконца. Велізарнае значэнне маюць і палі, бо футбол развіваецца не ў кабінетах, а на полі. Мне як патрыёту сваёй краіны, патрыёту нашага футбола вельмі хочацца, каб ён удасканальваўся. Для таго каб рыхтаваць трэнерскія кадры, у мяне няма адукацыі, адпаведна, трэнерам я быць не магу, ды і не бачу сябе ў гэтай ролі. Таму я ўзяў на сябе адказнасць дапамагчы з вырашэннем таго пытання, у якім разбіраюся, — будаваць футбольныя палі. Я ўдзячны кіраўніцтву АБФФ, Уладзіміру Аляксандравічу Базанаву і Сяргею Міхайлавічу Жардзецкаму за тое, што яны падтрымалі гэтую ідэю», — распавядае Вячаслаў.

Прастойваць поле не будзе

«Нам вельмі важна, каб палі не прастойвалі. Наша ключавая мэта — забяспечыць даступнасць поля 24 на 7. Мы ж не будуем палі для „птушачкі“, мы будуем, каб ім карысталіся дзеці. Нават калі там будуць два чалавекі гуляць — гэта ўжо добра», — адзначае кіраўнік «Свету Футбола».

Першае поле будзе пабудавана ў Жабінцы. 20 красавіка ў рамках праекта «Свет Футбола — палі вялікіх магчымасцяў!» было падпісана пагадненне аб будаўніцтве футбольнага поля для сярэдняй школы № 2 горада Жабінкі. Па словах Вячаслава Лісоўскага, тое, што першае футбольнае поле ў рамках праекта будзе адкрыта менавіта тут, вельмі важна асабіста для яго: у гэтым горадзе жывуць сваякі. Неверагодна важны новы спартыўны аб’ект і для самой Жабінкі. У раёна грандыёзныя планы на спорт у цэлым і на футбол у прыватнасці. «У СДЮШАР Жабінкаўскага раёна працуюць аддзяленні па боксе, лёгкай атлетыцы, плаванні і валейболе. У новым навучальным годзе мы плануем адкрыць аддзяленне па футболе, набраць туды дзяцей і прафесійна развіваць гэты від спорту. У нас наладжана супрацоўніцтва з клубам „Дынама-Брэст“, яны гатовы дапамагаць. Побач са спартыўнай школай размяшчаецца агульнаадукацыйная школа № 2, дзе ў новым навучальным годзе будзе адкрыты спартыўны клас. У ім будуць развівацца тыя ж віды спорту, што і ў СДЮШАР. Таму футбольнае поле сто працэнтаў будзе запатрабавана», — адзначае Андрэй Кузьмін, старшыня Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта. Спартыўны клас, аддзяленне футбола ў СДЮШАР і новае футбольнае поле ў дадатак да поля на базе цэнтральнага стадыёна, дапамога з боку футбольнага клуба «Дынама-Брэст» — выдатныя ўступныя для развіцця спорту ў раёне. «Спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца рэалізаваць, нашы дзеці будуць займацца футболам і спачатку стануць маленькімі зорачкамі, а затым і зоркамі сусветнага футбола», — падкрэсліў Андрэй Кузьмін. Работа ў Жабінцы ўжо кіпіць, каб у жніўні на новым полі завіравала футбольнае жыццё. Пасля ўводу ў эксплуатацыю новы спартыўны аб’ект будзе на бязвыплатнай аснове перададзены аддзелу адукацыі Жабінкаўскага райвыканкама.

Поле ад «Свету Футбола» тут будзе першым і далёка не апошнім. Па словах Вячаслава Лісоўскага, у планах — пабудаваць мінімум па адным полі ў кожнай вобласці. У рамках першага праекта праводзіліся спаборніцтвы — «Кібер МФ». А 13 гадоў таму кіберспорт яшчэ не быў такі папулярны, як цяпер. Сёння, калі кіберспаборніцтвы гэтак жа папулярныя, як і спаборніцтвы па футболе, праводзіць такія турніры сам бог загадаў. Пытанне толькі ў часе. Вячаслаў прызнаецца, што распыляцца не любіць, але любіць футбол: «Для чаго я гэта раблю? Збіраць нейкія лаўры? Мусіць, я ўжо не ў тым узросце, ды і каштоўнасці ў жыцці ў мяне іншыя. Я больш кайфану ад дзяцей, якія будуць бегаць на тым полі, чым ад таго, што мяне пахваляць і ўзнімуць на рукі. Усе бачаць, што сёння адбываецца вакол нашай краіны. Ідзе барацьба за розумы не дарослых людзей, а моладзі. Я сваю краіну люблю, і мне хочацца, каб яе маладое пакаленне развівалася ў правільным рэчышчы. І мне вельмі важна ўнесці ў гэта і свой уклад».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.