Вы тут

Фестываль «Джаз у горадзе N» пройдзе 7 і 8 ліпеня ў Нясвіжы


Такую лакацыю для адпачынку прапануюць аматарам добрай музыкі ў рамках сумеснага праекта Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я Фінберга і Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», які днямі прэзентавалі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. 


Фота: БелТА

— У Нясвіжы, у знакавым месцы для нашай краіны, праходзіць вялікая колькасць разнастайных мерапрыемстваў. Штогадовых, якія ўжо зарэкамендавалі сябе. А сёлета адкрываецца новая старонка, новы накірунак, які мы пачынаем з нашым нацыянальным аркестрам, — распавёў мастацкі кіраўнік-галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі імя М. Я. Фінберга Максім Расоха. — Наш фестываль называецца «Джаз у горадзе N», і адпаведна ўся гісторыя праекта звязана з Нясвіжам і джазавай музыкай. Два летнія вечары ў сценах знакамітага замка, дзе ўпершыню прагучыць джаз — гэта дзве цікавыя праграмы. У першы вечар, 7 ліпеня, будзе прадстаўлены «Джаз уначы». Там прагучыць музыка, якая мае дачыненне да ночы, зорак, месяца і іншых з’яў прыроды. Наведвальнікі гэтага канцэрту атрымаюць задавальненне ад спакойнай, класічнай, лірычнай музыкі, але не абыдзецца і без энергічных кампазіцый. А ўжо 8 ліпеня мы прадставім праграму «У джазе толькі класіка». Там прагучаць творы Чайкоўскага, Моцарта, Бетховена, Рахманінава і іншых кампазітараў, але ў джазавых апрацоўках. Таму ўсе, хто любіць як джаз, так і акадэмічную музыку, могуць прыехаць і наведаць наш канцэрт, атрымаўшы двайное задавальненне ад такога сінтэзу мастацтва.

У сваю чаргу Наталля Жэрка, першы намеснік дырэктара «Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», распавяла, што сёлета культурная ўстанова адзначае сваё 30-годдзе, і яе напаўненне фарміравалася паступова: 

— На працягу свайго існавання музей выконваў розныя функцыі, і не адразу ён стаў месцам прыцягнення турыстаў. Усё пачыналася з аднаўлення гістарычных аб’ектаў у горадзе. На працягу першых двух дзесяцігоддзяў музей актыўна займаўся аднаўленнем гісторыка-культурных каштоўнасцей, а 11 гадоў таму, калі мы сталі паўнавартасным музеем, завяршылі ўсе будаўнічыя работы, то пачалі думаць, якім жыццём павінен быць напоўнены гэты аб’ект. І пачалося ўсё літаральна з першага дня ўрачыстага адкрыцця, калі мы прынялі каля шасці тысяч чалавек тэатралізаванай праграмай. І тады зразумелі, што якраз падобныя масштабныя культурныя праекты і павінны праходзіць на гэтым аб’екце. За дзесяць гадоў іх у нас адбылося шмат. І тое, што ў юбілейны год у нас стартуе яшчэ адзін праект, дае надзею, што і ён вырасце да вялікіх масштабаў. Такія фестывалі нашаму замку вельмі адпавядаюць, і публіка на іх ахвотна адгукаецца. 

Распачынаюць у гэтым годзе фестываль у фармаце крыху меншым, чым магчымы ў замку. На першыя яго канцэрты ў цэнтральным двары змогуць трапіць парадку 600 наведвальнікаў. У далейшым арганізатары плануюць, арыентуючыся на запыт гледачоў, пашыраць магчымасці для ўдзелу ў ім. 

Важную ролю для праектаў опэн-эйр адыгрывае надвор’е, таму хочацца верыць, што яно ў гэтыя выходныя будзе спрыяльным, каб нішто не перашкодзіла магчымасці атрымаць задавальненне ад джазавай музыкі. Чакаць сваіх гасцей на «Джаз у горадзе N» у Нясвіжы будуць 7 і 8 ліпеня. 

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.