Вы тут

Прывітанне, плоскаступнёвасць. Які абутак шкодны?


«Выклікае праблемы са здароўем» — менавіта такі надпіс неабходна размяшчаць на некаторых кардонках з абуткам, гэтак жа, як робяць папярэджанні на пачках цыгарэт. Расказваем, як нас калечаць угі, в'етнамкі і вузканосыя лодачкі.


На шпільках

Шпількі — біч мноства жанчын. Не заклікаем адмовіцца ад іх, але важна запомніць дзве аксіёмы. Першая: высокія абцасы — гэта абутак «на выхад», а не для «дэфіле» па асфальце на работу. Другая: нельга насіць абцас вышэй за 6 см на пастаяннай аснове.

Калі чалавек стаіць роўна, нагрузка на суставы і органы размяркоўваецца нармальна. Пры пад'ёме на абцасы цэнтр цяжару ссоўваецца наперад. Каб захаваць баланс, цела вымушанае мяняць становішча касцей, органаў і пазванкоў. Пры сталым нашэнні высокіх абцасаў усе гэтыя змены атрымліваюць статус хранічных.

Глабальныя наступствы такіх змен — папярочная плоскаступнёвасць, мазалі, болі ў нагах, варыкознае расшырэнне вен.

Што рабіць, калі абутак на абцасе — частка дрэс-коду? Захоўвайце пад офісным сталом мяккія тапкі і пры любой магчымасці пераабувайцеся, даючы нагам адпачынак.

На плоскай падэшве (шлёпанцы, в'етнамкі, угі)

Для шлёпанцаў і в'етнамак таксама ёсць свае месца і час — пляж, басейн, аквапарк, лазня. Надзелі на 10 хвілін, каб дайсці ад мора да атэля, знялі і забыліся. Не больш за тое.

Чаму неабходна выконваць такое правіла? Пры носцы шлёпанцаў чалавек увесь час злёгку згінае пальцы, каб утрымліваць абутак на нагах. Так узнікае перанапружанне мышцаў ступні, затым яно пераходзіць вышэй — на галёнкі, паясніцу, сцёгны, нават шыю. З-за гэтага да канца дня можа з'явіцца галаўны боль ці боль у спіне. Прадукты абмену назапашваюцца ў мышцах галёнкі, выклікаючы балючыя адчуванні.

Насіце сандалі, басаножкі, у якіх раменьчыкі шчыльна ўтрымліваюць пятку і насок. Тое ж патрабаванне распаўсюджваецца і на зімовы абутак тыпу угі. Падэшва павінна быць мяккай і гнуткай, а нага не павінна «боўтацца». Абутак на плоскім хаду не дае неабходнай апоры, таму шпацыраваць у ім па асфальце шкодна.

Таксама вазьміце сабе за правіла мяняць зімовы абутак. У вас павінна быць некалькі пар, каб іх можна было чаргаваць. Так ступня будзе працаваць з рознай нагрузкай, і пераход на вясновыя і летнія мадэлі не адаб'ецца на арганізме, ногі не будуць балець, адчуваючы дыскамфорт ад рэзкай змены ўмоў.

Артапедычны

Шмат каму здаецца, што нашэнне артапедычнага абутку ці артапедычных вусцілак карыснае для апорна-рухальнага апарату, што гэта дапаможа выправіць скаліёз ці плоскаступнёвасць. Некаторыя бацькі спецыяльна купляюць сваім дзецям менавіта такія туфлі і чаравікі, каб з ранняга ўзросту прадухіліць развіццё гэтых захворванняў.

Насамрэч артапедычны абутак не лечыць плоскаступнёвасць ці скаліёз, бо першапрычына падобных праблем не ліквідуецца толькі з дапамогай вусцілак. Прычына — родавая траўма, наступствы якой можна прыбраць толькі шляхам лячэння. Больш за тое, шмат што будзе залежаць ад узросту пацыента і іншых спадарожных нюансаў, таму насіць артапедычны абутак проста так няма ніякага сэнсу, акрамя выключна рэдкіх выпадкаў.

На памер меншы

Распродаж, апошні памер, «любоў з першага погляду» — гэтыя прычыны прымушаюць жанчын купляць абутак на памер або паўпамеру меншы. Яшчэ ёсць асобная катэгорыя абутку — «у іх зручна сядзець»: дзяўчаты купляюць жаданыя туфлі, у якіх, вядома, можна хадзіць па гладкай падлозе крамы, але для рэальнага жыцця яны аказваюцца непрыдатнымі.

Калі вы ўсё ж перасільваеце сябе і носіце нешта падобнае, будзьце асцярожныя: гэта адмоўна адбіваецца на здароўі і стане апорна-рухальнага апарату.

Вядома, бываюць сітуацыі, калі мы купляем абутак на памер меншы выпадкова. Каб выключыць гэта, па-першае, набывайце абутак толькі пасля прымеркі (памятайце пра тое, афармляючы заказы ў інтэрнэт-крамах!). Па-другое, рабіце куплю ў пэўны час сутак: увечары, калі ногі крыху ацякаюць пасля працоўнага дня. Так вы цалкам не пралічыцеся з памерам. Калі прымераць і купіць абутак у першай палове дня, вельмі верагодна, што надзець гэтую пару туфляў увечары будзе праблематычна. Калі ж вы зможаце ў іх улезці, хутчэй за ўсё, будзеце адчуваць, што туфлі моцна ціснуць.

Занадта вузкі

Абутак з вузкім носам, цесны, які візуальна памяншае аб'ём ступні, — гэта прыгожа вонкава. Але наступствы яго нашэння сумныя: касцяныя нарасты, хранічны дыскамфорт, перацісканне ступні. Усяму гэтаму спадарожнічае дрэннае самаадчуванне, болевыя адчуванні, раздражняльнасць. Вам тое патрэбна?

Галоўнае правіла, якога неабходна прытрымлівацца пры выбары абутку, — адчуванне камфорту, зручнасць. Ступня не павінна пакутаваць. Абцас? Добра, але невысокі, устойлівы. Матэрыялы — натуральныя. Нельга закупорваць ступні, пераціскаць...

На шчасце, паняцце прыгажосці і прывабнасці ў наш час не суадносіцца з памерам ступні, як, напрыклад, у Старажытным Кітаі. Таму сачыце за тым, каб абутак быў камфортны і якасны, бо гэта непасрэдна ўплывае на здароўе, наяўнасць або адсутнасць шэрагу праблем і захворванняў і, як вынік, на працаздольнасць і якасць жыцця.

Алена КРАВЕЦ

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.