Вы тут

Як выплачваць маёмасныя падаткі?


Штогод фізічныя асобы, да якіх адносяцца ў тым ліку грамадзяне Беларусі, выплачваюць тры віды маёмасных падаткаў — зямельны і транспартны падатак і падатак на нерухомую маёмасць. Усе яны выплачваюцца не пазней за 15 лістапада. Сёлета фізічныя асобы даплачваюць падатак на нерухомасць і зямельны падатак за 2022 год, паколькі летась яны ўносілі авансавы плацеж у памеры 50 працэнтаў, а транспартны падатак выплачваецца цалкам за ўвесь мінулы год. Аб ільготах, паведамленнях і вылічэнні маёмасных падаткаў БелТА расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.


Стаўка з мінусам

Асноўныя льготы, якія даюцца фізічным асобам па падатку на нерухомую маёмасць і зямельным падатку, — вызваленне шматдзетных сем'яў ад выплаты падаткаў на ўсе аб'екты нерухомай маёмасці, гэта значыць кватэры, жылыя дамы, гаражы, дачы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі. Акрамя таго, з 2022-га адменена льгота па адной кватэры. З мінулага года фізічныя асобы, якія валодаюць нават адной кватэрай, павінны выплачваць падатак на нерухомасць. Адзіная буйная льгота даецца асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту (мужчыны — 63 гады, жанчыны — 58 гадоў), або інвалідам 1—2-й груп. Для такіх асоб прадугледжана вызваленне ад падатку на нерухомасць адносна адной кватэры, якая належыць ім на праве ўласнасці або атрымана ў спадчыну, а таксама аднаго жылога дома. Пры гэтым ільгота даецца незалежна ад таго, што ў гэтых памяшканнях могуць быць зарэгістраваны працаздольныя члены сям'і або іншыя асобы. «Такім чынам, калі ў пенсіянера ва ўласнасці ёсць адна кватэра і адзін жылы дом, то ён не плаціць падатак на нерухомую маёмасць. Падатак неабходна выплачваць толькі ў выпадку, калі ў пенсіянера па ўзросце ёсць, напрыклад, дзве кватэры — адна кватэра льгаціруецца, а другая абкладаецца падаткам. Пры гэтым у падатковым заканадаўстве прапісана, што ў дадзеным выпадку ад падатку на нерухомасць вызваляецца тая кватэра, кошт якой вышэйшы. Гэта значыць, першапачаткова Падатковы кодэкс кажа аб тым, што льгаціруецца аб'ект, па якім сума падатку большая», — распавёў Андрэй Кавалеўскі.

Што датычыцца льгот па транспартным падатку, то тут крыху іншы парадак давання льгот. Стаўка падатку паніжаецца на 50 працэнтаў, калі транспартны сродак зарэгістраваны ў органах ДАІ на пенсіянера па ўзросце, інваліда 1—2-й груп, аднаго з бацькоў у шматдзетнай сям'і. Але ёсць адна важная ўмова: у такой асобы павінна быць сапраўднае вадзіцельскае пасведчанне адпаведнай катэгорыі. Для інвалідаў 3-й групы стаўка транспартнага падатку паніжаецца на 25 працэнтаў пры той жа ўмове. Акрамя таго, ад выплаты транспартнага падатку вызваляюцца электрамабілі з выключна электрычным рухавіком. Таксама ад падатку вызваляюцца транспартныя сродкі, выпушчаныя да 1992 года.

Адкуль бярэцца сума?

У Падатковым кодэксе прадугледжаны парадак вылічэння зямельнага падатку, падатку на нерухомую маёмасць і транспартнага падатку. Напрыклад, для падатку на нерухомасць устаноўлены разліковы кошт тыпавога аб'екта нерухомасці. Ён дыферэнцыраваны па відах аб'екта і па тэрыторыях, на якіх размешчаны аб'ект. Пасля таго плошча памнажаецца на разліковы кошт і прымяняецца адпаведная стаўка падатку. «Напрыклад, возьмем аднапакаёвую кватэру плошчай 60 кв. м у Мінску. Сума падатку па ёй складае каля Br48 за год. Улічваючы, што летась аплачваўся аванс, то падлягае аплаце каля Br25 падатку на нерухомую маёмасць», — растлумачыў Андрэй Кавалеўскі.

Зямельны падатак разлічваецца зыходзячы з кадастравага кошту зямельнага ўчастка і стаўкі падатку. Па транспартных сродках крыху іншы парадак. У Падатковым кодэксе яны разведзены па катэгорыях: легкавыя, грузавыя, матацыклы і гэтак далей. Стаўкі прымяняюцца ў залежнасці ад дазволенай максімальнай масы такога транспартнага сродку або колькасці пасадачных месцаў для аўтобусаў. Асноўная стаўка транспартнага падатку для самай буйной катэгорыі транспартных сродкаў — легкавых аўтамабіляў масай ад 1,75 да 2 тон — складае Br102 за год.

«Пры гэтым зямельны падатак, падатак на нерухомасць і транспартны падатак вылічаюцца падатковым органам зыходзячы з часу фактычнага валодання. Гэта значыць, калі транспартны сродак знаходзіўся на ўліку ў органах ДАІ тры месяцы, то падатак разлічваецца толькі за тры месяцы. Гадавая стаўка размяркоўваецца прапарцыянальна перыяду валодання транспартным сродкам», — распавёў начальнік упраўлення.

Можна і часткамі

Заканадаўствам прадугледжана, што падатковыя органы накіроўваюць фізічным асобам паведамленні на выплату маёмасных падаткаў. «З мінулага года ўсе падаткі ўжо зведзены да адзінага паведамлення. У адным паведамленні сабраны ўсе аб'екты падаткаабкладання па ўсёй краіне, якія належаць канкрэтнай фізічнай асобе. Гэта вельмі зручна, калі чалавек атрымлівае аднаразовае паведамленне, дзе пазначаны ўсе аб'екты і прыведзены разлік падатку. Можна загадзя спланаваць свае ўласныя сродкі для выплаты падатку», — адзначыў Андрэй Кавалеўскі.

Выплаціць падаткі можна датэрмінова ці часткамі. Галоўнае, каб уся сума паступіла ў бюджэт не пазней за 15 лістапада. Тым, у каго адкрыты асабісты кабінет на партале падатковых органаў, паведамленні накіроўваюцца туды. Поштай паведамленні накіроўваюцца тым, хто не карыстаецца парталам. Тэрмін накіравання паведамлення — да 1 верасня.

Што рабіць, калі паведамленне не прыйшло?

Фізасоба можа зарэгістраваць асабісты кабінет на партале падатковых органаў. Там створаны функцыянал, які дазволіць у любы момант нанава сфарміраваць апавяшчэнне і азнаёміцца з ім. У ім указаны QR-код для хуткай аплаты, а таксама УНП, які спатрэбіцца для аплаты з дапамогай АРІП. Акрамя таго, заўсёды можна звярнуцца ў падатковы орган і атрымаць копію такога паведамлення. «На крайні выпадак на сайце падатковых органаў створаны спецыяльны электронны сэрвіс, які дае магчымасць, увёўшы ідэнтыфікацыйны нумар, удакладніць інфармацыю аб сваім уліковым нумары (УНП) і па ім смела правесці плацеж у бюджэт», — параіў Андрэй Кавалеўскі.

АРІП, інфакіёскі і мабільныя дадаткі

Самы асноўны спосаб — з дапамогай адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (АРІП). Гэта могуць быць інфакіёскі, мабільныя дадаткі альбо інтэрнэт-версіі банкаўскіх дадаткаў. У меню неабходна выбраць «Падаткі», увесці ўліковы нумар плацельшчыка, які змяшчаецца ў паведамленні, і правесці аплату. Падаткі можна выплаціць таксама ў аддзяленнях банкаў або паштовай сувязі наяўнымі або з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.