Вы тут

Анлайн-кантроль і пераход на артэзіянскія крыніцы


Спецыялісты адзначаюць, што ў Мінску з вадой усё ў поўным парадку. Яна мае высокую якасць, таму спажывец, не асцерагаючыся, можа піць яе проста з-пад крана. У сталіцы штогод ажыццяўляецца каля 20 тысяч адбораў проб вады для яе далейшага даследавання, паведаміў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер прадпрыемства «Мінскводаканал» Антон Галаскок.


Фота: pixabay.com

Уся сістэма водазабеспячэння складаецца з больш чым 3 тысяч кіламетраў сетак, каля 450 помпавых станцый, якія забяспечваюць спажыўцоў горада вадой. Паводле яго слоў, асаблівая ўвага на прадпрыемстве аддаецца мадэрнізацыі асноўнага тэхналагічнага абсталявання: «Сярод прыярытэтаў — аўтаматызацыя працэсаў, якія дазваляюць забяспечыць бесперабойную работу аб'ектаў».

Спецыяльныя пункты

«Вада даследуецца ў акрэдытаванай хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі», — распавёў спецыяліст. За год выконваецца больш за 180 тысяч даследаванняў вады. Па словах Антона Галаскока, такі маніторынг дазваляе аператыўна рэагаваць на змяненне якасці вады, у выпадку неабходнасці — прымаць меры.

Акрамя таго, паводле інфармацыі галоўнага інжынера, у Мінску існуюць асобныя пункты кантролю і маніторынгу за якасцю вады, якія працуюць у рэжыме анлайн.

«Дыспетчар у рэжыме рэальнага часу бачыць змяненне якасці вады і ў выпадку нейкай адмоўнай дынамікі прымае аператыўныя меры, каб не дапусціць яе пагаршэння ў спажыўцоў», — растлумачыў першы намеснік дырэктара.

Апавяшчэнне аб аварыях і планавым рамонце

Антон Галаскок таксама паведаміў, што на прадпрыемстве рэалізаваны праект па апавяшчэнні спажыўцоў аб аварыях і планавых работах.

«Раней да нас неаднаразова звярталіся з тым, што мы не інфармавалі аб аварыях. Мы ўбачылі, што ў гэтым плане ёсць наша недапрацоўка, і рэалізавалі алгарытм аўтаматычнага інфармавання спажыўцоў аб падобных адключэннях», — адзначыў ён.

Каб атрымліваць такія абвесткі, на афіцыйным сайце «Мінскводаканала» трэба прайсці нескладаную працэдуру рэгістрацыі, пасля якой на мабільны тэлефон будуць прыходзіць адпаведныя паведамленні.

Сталічныя асаблівасці

Гаворачы аб водазабеспячэнні Мінска, Антон Галаскок адзначае шэраг асаблівасцяў. «У першую чаргу гэта наяўнасць дзвюх крыніц водазабеспячэння: падземныя і паверхневыя. Паверхневая крыніца водазабеспячэння прадстаўлена Вілейска-Мінскай воднай сістэмай, і для водазабеспячэння спажыўцоў і абанентаў, якія пражываюць у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах, вада атрымліваецца з Вілейскага вадасховішча. Прайшоўшы асобныя збудаванні водазабеспячэння і этапы водападрыхтоўкі, такая вада накіроўваецца спажыўцам.

Падземная крыніца водазабеспячэння прадстаўлена артэзіянскімі свідравінамі, згрупаванымі ў 17 буйных водазабораў, пяць з якіх знаходзяцца на тэрыторыі Мінска», — расказаў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер «Мінскводаканала».

Чаму пахне хлоркай?

Адказваючы на пытанне аб якасці вады з паверхневых крыніц, першы намеснік дырэктара паведаміў, што гэтая вада цалкам адпавядае ўсім патрабаванням.

«Санітарнае заканадаўства жорстка рэгулюе ўсе патрабаванні да якасці вады, што падаецца спажыўцам і абанентам, і тая вада, якая сёння падаецца нашымі збудаваннямі, адпавядае дадзеным патрабаванням і нормам», — падкрэсліў ён.

Што датычыцца зваротаў жыхароў Фрунзенскага раёна беларускай сталіцы, то яны, па словах прадстаўніка «Мінскводаканала», нярэдка звязаныя з тым, што вада з паверхневай крыніцы ў абавязковым парадку павінна быць абеззаражана, а пры гэтым з'яўляецца пах хлору.

«Менавіта яго пах часта выклікае пытанні ў грамадзян, але мы тлумачым, што ўсё знаходзіцца ў дапушчальных межах», — паясніў спецыяліст.

На артэзіянскія крыніцы — да 2025-га

«Згаданы праект у цяперашні час рэалізоўваецца. Я думаю, што тыя, хто праязджаў па кальцавой дарозе (асабліва ў бок Брэсцкай трасы), маглі звяртаць увагу, што там актыўна працуе будаўнічая тэхніка, пракладваюцца трубаправоды. Гэта якраз і ёсць адзін з этапаў рэалізацыі праекта па пераводзе Мінска на падземныя крыніцы», — распавёў Антон Галаскок.

Паводле яго слоў, сёння актыўна вядзецца работа па пракладцы сетак водазабеспячэння. «Цяпер праект знаходзіцца ў актыўнай стадыі рэалізацыі», — адзначыў першы намеснік дырэктара. Як паведамлялася раней, ажыццяўленне праекта поўнага пераводу Мінска на артэзіянскія крыніцы павінна быць завершана да 2025 года.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.