Вы тут

Лукашэнка прапануе ўрадам Беларусі і Расіі прадумаць эканамічны план з апорай на ўласныя сілы


Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшла 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


На афіцыйную частку перагавораў у Канстанцінаўскі палац кіраўнікі дзяржаў прыехалі разам і без гальштукаў, што надало сустрэчы пэўны нефармальны тон. «У пачатку размовы я хацеў бы адзначыць, што ўсе нашы планы рэалізоўваюцца, прычым нават лепшымі тэмпамі, чым мы з вамі чакалі», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. Ён адзначыў добры стан эканомік дзвюх краін, чаканы эканамічны рост па выніках года, паўнацэнную рэалізацыю планаў на прадмет будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, салідны тавараабарот і іншыя поспехі сумеснай работы. «Таму ўсё ў нас рухаецца як мінімум, сціпла скажам, здавальняюча. Пагаворым, вядома, і аб пытаннях бяспекі ў рэгіёне. Спадзяюся, што ў нас сёння і заўтра яшчэ будзе магчымасць у нефармальнай абстаноўцы ўсё гэта абмеркаваць, вельмі падрабязна і грунтоўна», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім уступным слове закрануў многія пытанні, уключаючы ход спецыяльнай ваеннай аперацыі, адсутнасць вынікаў ад контрнаступлення УСУ, узмацненне ваеннай актыўнасці НАТА ў Польшчы. Яшчэ адна важная тэма — планы па развіцці эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы падрабязна выказаўся наконт бягучай ваенна-палітычнай абстаноўкі: «Вайну даводзіцца весці супраць усяго блока НАТА. Узбраенне іх, наёмнікаў падключылі ўжо нямала. І, што немалаважна, — падключаюць асноўныя стратэгічныя рэзервы. Гэта сведчыць аб тым, што бяздумная гэтая палітыка — кідаць непадрыхтаваных людзей і наёмнікаў у пекла — ні да чаго не прывядзе».

Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы заўважыў, што замежныя наёмнікі таксама нясуць значныя страты. Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што грамадскасць краін, урады якіх цяпер пасылаюць людзей у зону баявых дзеянняў, таксама павінна ведаць аб тым, што адбываецца. «І мы будзем даводзіць гэта да людзей, каб яны давалі ацэнку дзеянням сваіх кіраўнікоў», — сказаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы на сустрэчы канстатаваў, што контрнаступлення з боку ўкраінскіх сіл няма. «Не, яно ёсць. Проста яно правалена», — заўважыў на гэта Прэзідэнт Расіі. «Правалілася. Вынікаў няма, — пацвердзіў беларускі лідар. — Што далей? Яны, гэта вы вельмі трапна сказалі нядаўна, пачалі падключаць Польшчу. І актыўна падключаюць наёмнікаў. Я спецыяльна прывёз вам карту аб перакідцы Узброеных сіл Польшчы да граніц Саюзнай дзяржавы, аб чым вы гаварылі. Мы бачым — рыхтуецца глеба. Дапусцім, адна з брыгад месца сваё знайшла за 40 км ад Брэста. Стаялі кіламетраў за 500, перакінулі на 40 км. Карту я пакажу. Мы гэта ўсё бачым. І крыху больш за 100 км ад Гродна — другая брыгада перакідваецца. Дывізія ў іх, але пакуль брыгады падышлі. Адкрылі яны рамонт «Леапардаў» — палякі на сваёй тэрыторыі. І Жэшаў актывізуецца — аэрадром, куды амерыканцы перакідваюць тэхніку і іншыя».

Гаворачы пра ваеннае ўзмацненне ў Польшчы і перакідку значных сіл да граніц Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што згаданая краіна хоча нешта атрымаць узамен і ставіць такое пытанне. «Ясна — грошы, узбраенне. Гэта зразумела. Але цяпер, вы таксама адзначылі гэта, вельмі шмат размоў «па частках прыняць Украіну ў НАТА». Што за гэтым стаіць? Гэта дымавая заслона, — сказаў Прэзідэнт. — Адарваць гэты кавалак заходняй Украіны. Гэта пад выглядам прыняцця ў НАТА, каб насельніцтву «зайшло». Яны хочуць адхапіць заходнюю Украіну і далучыць да Польшчы. Гэта плата за актыўны ўдзел палякаў у гэтай аперацыі супраць войскаў Расійскай Федэрацыі. Амерыканцамі гэта падтрымліваецца».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лідары Беларусі і Расіі бачылі тое паўгода таму і папярэдне абмяркоўвалі магчымасць такога развіцця падзей. «Для нас гэта недапушчальна. Адрыў заходняй Украіны, расчляненне Украіны і перадача зямель Польшчы непрымальныя. І, калі патрэбна будзе заходняму насельніцтву Украіны, мы, вядома, будзем іх падтрымліваць. Я прашу, каб вы абмеркавалі і прадумалі дадзенае пытанне. Зразумела, я хацеў бы, каб у гэтым плане вы нас падтрымалі. Калі такая будзе падтрымка і заходняя Украіна папросіць гэтай дапамогі, мы, вядома, будзем аказваць заходняму насельніцтву ва Украіне дапамогу і падтрымку. Калі так будзе, мы будзем іх падтрымліваць усякім чынам», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Таму што мы з захаду можам зведаць — прыбалты і палякі — уплыў іх ваенны. І атрымаецца, што і з поўдня. Саюзная дзяржава ўсё роўна, як вы сказалі, нам давядзецца абараняцца. Таму такія падыходы непрымальныя», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што бакі маюць намер усяляк процідзейнічаць такому развіццю падзей. «І я прашу, каб вы таксама глядзелі гэтае пытанне ў сябе ў плане нашай падтрымкі па заходняй Украіне», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да свайго расійскага калегі.

Аляксандр Лукашэнка ў тэму размовы расказаў аб жаданні байцоў ПВК «Вагнер» «схадзіць на экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў: «Можа, і не трэба было гаварыць. Але скажу, што нас пачалі «напружваць» вагнераўцы. Просяцца на захад: «Дазвольце нам!» Я кажу: «Вам навошта на захад туды?» Ну і цішком... Мы ж кантралюем, што адбываецца. — «Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў».

«А Жэшаў для іх непрымальны. Калі яны ваявалі пад Арцёмаўскам, яны ж ведаюць, адкуль ішла ваенная тэхніка. У іх вось гэта ўнутры сядзіць: Жэшаў — гэта бяда. Вядома, я трымаю іх у цэнтры Беларусі, як дамовіліся. Не хацелася б туды іх перадыслацыраваць. Таму што іх настрой дрэнны. І, трэба аддаць належнае, яны ведаюць, што адбываецца вакол Саюзнай дзяржавы», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў пратакольнай частцы перагавораў падзякаваў свайму калегу за яго нядаўнюю заяву аб гарантыях бяспекі беларускаму боку: «Проста хачу вам сказаць дзякуй. Вы наогул першы ў Расіі чалавек, які аб гэтым сказаў адкрыта, выразна і зразумела. Не дай бог агрэсія супраць Беларусі — гэта як супраць Расіі. Мы гэта ўлічваем у будаўніцтве нашых Узброеных Сіл».

Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць урадам дзвюх краін прадумаць адпаведны план на перспектыву. «Сутнасць — апора на ўласныя сілы. Не будзем мы прагінацца ні пад каго. Мазгоў хапае. Рэсурсаў больш чым дастаткова. І трэба выбудаваць план развіцця нашай Айчыны. Як я кажу: дзве дзяржавы, адна Айчына. І мы гэта можам зрабіць. Але асноўныя сілы тут — у Расіі — з даўніх часоў. І калі нашы ўрады выпрацуюць такі план, гэта будзе нядрэнна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«І нават калі крыху ў нас будзе горш, людзі нас зразумеюць і падтрымаюць. Таму што яны будуць бачыць святло ў канцы тунэля», — упэўнены беларускі лідар.

Больш за тое, краіны пачалі працаваць ужо ў гэтым кірунку, развіваючы супрацоўніцтва ў тым ліку ў такіх сферах, як мікраэлектроніка, космас, сельская гаспадарка. «І ўсюды мы бачым добрыя парасткі. Дык трэба гэта ў план аб'яднаць, адказных назначыць. І на гэтым мы выканаем сваю работу стратэгічна, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Эканоміка — гэта аснова. Будзе эканоміка — усё астатняе мы вырашым».

Пасля афіцыйнай часткі перагавораў прэзідэнты разам наведалі славутыя мясціны ў Кранштаце. Спачатку яны прыехалі ў музейна-гістарычны парк «Востраў фартоў», агледзелі экспазіцыю Музея ваенна-марской славы. Яшчэ адным пунктам сумеснай нефармальнай праграмы прэзідэнтаў стала наведванне ў Кранштаце Стаўрапігіяльнага Мікольскага марскога сабора, вядомага таксама як Марскі сабор свяціцеля Мікалая Цудатворца. Гэты храм быў пабудаваны больш як сто гадоў таму і цяпер лічыцца галоўным храмам Ваенна-марскога флоту Расіі. Там жа, у Кранштаце, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пагутарылі з мясцовымі жыхарамі і турыстамі, якія зрабілі з імі памятныя фатаграфіі.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.