Вы тут

Малады кіраўнік вытворчасці паперы са Шклова


Каб зразумець, наколькі Ягор Турбал захоплены чалавек, дастаткова сказаць, што нават казкі на ноч сваёй малодшай дачцэ ён расказваў пра стварэнне паперы. Прычым так заўзята, што яна на наступны дзень прасіла паўтарыць. Хоць, сапраўды, ці не казка гэта, калі з бясформеннай драўнянай масы нараджаецца аснова для газеты, мэблі, будматэрыялаў і шмат іншага, без чаго мы не можам уявіць сабе наша камфортнае жыццё. Ягор і работу сваю ўспрымае як нейкае чараўніцтва, цалкам паглыбляецца ў яе, як цікаўны аквалангіст у бяздонныя глыбіні акіяна. Дасканаласць — гэта, бадай, асноўная рыса яго характару. Невыпадкова, што за дзесяць гадоў сваёй работы на галоўным беларускім прадпрыемстве па вырабе газетнай паперы ён прайшоў кар’ерны рост ад начальніка змены вытворчасці да начальніка вытворчасці.


Прафесію вызначыла хімія

Ягор — чалавек з агеньчыкам. Калі ён заходзіць у кабінет, здаецца, усё вакол напаўняецца нябачнай воку энергіяй, якая захапляе і натхняе. Такіх называюць яшчэ працаголікамі, бо, можаце не сумнявацца, пабудзі яго ноччу, ён адразу ж уключыцца ў работу. Калі спатрэбіцца, Ягор Турбал зможа кіраваць вытворчасцю — а ён кантралюе работу двух папераробчых машын — з любога, па сутнасці, месца планеты: у яго мабільніку ўстаноўлена адпаведная праграма. Працэс стварэння паперы бесперапынны, выхадных пры такой рабоце ў адказных людзей не бывае. Але малады чалавек не перажывае. Наадварот, кажа, што работа на заводзе — гэта тое, без чаго ён сябе не ўяўляе.

— Няўжо з дзяцінства марылі ствараць паперу? Можа, бацькі натхнілі?

— Не (усміхаецца), ніхто з маіх сваякоў і сяброў не меў дачынення да таго, чым я цяпер займаюся. Маці, якой я вельмі ганаруся, працавала на кабельным заводзе, які ў савецкі час забяспечваў усю велізарную краіну адпаведнай прадукцыяй. Яна была вельмі актыўная і мабільная. Як і шмат хто з моладзі таго часу. Нарадзіўся я ў Находцы, горадзе на беразе Японскага мора, а вырас у Мазыры. Гэта горад майго дзяцінства. Падлеткам захапляўся спортам, ганяў у футбол, мы з аднагодкамі вялі актыўны лад жыцця, у адрозненне ад сучаснай моладзі. У школе больш любіў матэматыку, хімію і фізіку. Вучыўся ў тэхналагічным класе з ухілам на гэтыя прадметы. У Мазыры знаходзяцца буйныя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, куды ўсе хочуць працаўладкавацца, бо там высокія заробкі. Адзіны ўніверсітэт, які рыхтуе спецыялістаў для такіх заводаў, — Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску. Туды паступіла шмат маіх сяброў, і я рыхтаваўся ў гэту ВНУ мэтанакіравана. Канкурэнцыя пры паступленні вельмі вялікая, асабліва на нафтаперапрацоўку, а ў мяне з мовамі было не ўсё так добра, як хацелася б.

Сябры параілі паступаць на дрэваапрацоўку, маўляў, і факультэт цікавы, і прафесія. Я ж любіў хімію і матэматыку, а значыць мог пацягнуць гэтыя прадметы і ва ўніверсітэце.

— Наколькі ініцыятыўным былі падчас вучобы ў ВНУ?

— Наш універсітэт лічыцца адным са складаных. У некаторыя цяжка паступіць, але лёгка вучыцца, а ў нас наадварот. Я вучыўся на кафедры «Хімічная перапрацоўка драўніны» — адзіная кафедра, якая выпускае такіх спецыялістаў. З 60 чалавек, якія трапілі ў маю групу, да фінішу дайшлі толькі 40. Універсітэт «цяжкі», але вельмі цікавы. І вывучалі мы тое, што мне падабалася. У нас толькі хіміі было некалькі відаў — неарганічная, арганічная, хімія драўніны, аналітычная хімія, фізіка-хімічныя метады аналізу. І калі я быў «сярэднячок» па паспяховасці пры паступленні, то з кожным курсам у мяне атрымлівалася вучыцца ўсё лепш і лепш. І так склалася, што пры размеркаванні, якое ішло па балах, быў першы сярод хлопцаў. Апераджалі мяне толькі некалькі дзяўчат. Яны больш уседлівыя ў адрозненне ад хлопцаў. Я доўга не выбіраў, спыніўся на Шклоўскім заводзе газетнай паперы. І з дыпломам інжынера хіміка-тэхнолага прыйшоў сюды працаваць.

Працоўныя старты: пачатак

Завод газетнай паперы — унікальнае прадпрыемства, адзіны падобнага кшталту ў краіне. Дзякуючы абсталяванню вядучых еўрапейскіх вытворцаў і сучаснаму вытворчаму комплексу тут ствараюць паперу на любы густ. Яго прадукцыяй карыстаюцца больш чым 30 краін свету. Егіпет, напрыклад, заказвае ў Шклове таніраваную газетную паперу крэмавага і аранжавага колераў, на якой друкуюць свяшчэнны для мусульман Каран. А папера-аснова «Гегенцуг», якая таксама тут вырабляецца, выкарыстоўваецца пры вытворчасці ламінату для надання яму стабілізавальных уласцівасцяў. Не кажу ўжо пра модную сёння арыстакратычную белую мэблю, колер якой вызначае шклоўская папера-аснова для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў.

— І ўсё ж такі, чаму менавіта Шклоў?

— За год да заканчэння ўніверсітэта я праходзіў тут тэхналагічную практыку і мне спадабалася. З заводам звязаныя і мае пераддыпломны і дыпломны праекты. Прадпрыемства тады вырабляла лёгкамелаваную паперу, і дэкан даў мне заданне падрыхтаваць альтэрнатыўны падбор рэцэптуры мелавальнай пасты. Неабходна было аптымізаваць наяўнасць у ёй дарагога латэксу, замяніць яго больш таннымі матэрыяламі, але не менш якаснымі. Сёння мы крыху адышлі ад мелаванай паперы, таму маімі даследаваннямі не скарысталіся. Але ў будучым плануем мадэрнізаваць мелавальную ўстаноўку.

Адным словам, на пятым курсе мы ўсе ўжо прыблізна ведалі, куды пойдзем працаваць. І хоць інжынерную практыку праходзіў на Салігорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, мне больш падабаўся завод у Шклове. За ўвесь час работы на ім я ні разу не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Тут заўсёды ёсць нейкая дынаміка ў дзейнасці, ні адна змена не падобная на папярэднюю, практычна не бывае аднолькавых праблем. Увесь час трэба развівацца, набываць новыя веды і ўменні. Мая пасада падказала, што я павінен валодаць не толькі тэхналогіямі і тэорыяй вытворчасці паперы, але і сумежнымі навыкамі. Каб ведаць, умоўна кажучы, што такое зазоры, цангавыя ўтулкі і гэтак далей. Разумець, як тое працуе і як за ўсім гэтым сачыць. Прыйшлося яшчэ раз пераглядзець свае адносіны да прадметаў, якія ва ўніверсітэце лічыў другараднымі, адносна нецікавымі. Калі нам чыталі лекцыю па той жа электратэхніцы, я не вельмі паглыбляўся ў прадмет, думаў, што дастаткова добра ведаць хімію. І толькі калі пайшоў працаваць, зразумеў, што нейкія моманты выпусціў з-пад увагі. Прыходзілася самастойна ўнікаць у нюансы і разбірацца. Наогул тэхнолаг — такая прафесія, што трэба ведаць шмат, быць універсальным спецыялістам. Слесар правярае біццё падшыпнікаў, спецыяліст кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі глядзіць за сваімі прыборамі, а тэхнолаг павінен усё гэта злучыць, каб ствараць якасную прадукцыю ў неабходным аб’ёме. Трэба ведаць усю структуру, увесь ланцужок. Я як аб’яднальнае звяно.

— Ці супалі вашы ўяўленні аб прафесіі з рэальнасцю?

— Пакуль не стаў працаваць, нічога не ўяўляў сабе пра яе. Была мэта працаваць, забяспечваць сябе. І толькі цяпер ацаніў, як добра, што ў нашых вышэйшых установах існуе размеркаванне. Калі б дзяржава мяне не падштурхнула, магчыма, пайшоў бы не туды. А так малады спецыяліст адчувае адказнасць, у яго ёсць стартавая пляцоўка. Наш завод 2008 года пабудовы і абсталяванне, якое я ўбачыў, калі прыйшоў сюды на практыку, было цалкам высокатэхналагічнае. Тут устаноўлена лінія вытворчасці тэрмамеханічнай масы аўстрыйскай кампаніі «Андрытц», якая з’яўляецца сусветным лідарам па вырабе такога абсталявання. Папераробчая машына была адной з самых перадавых, вырабляла газетную паперу з хуткасцю 850 метраў у хвіліну. Працаваць на такім прадпрыемстве было для мяне гонарам.

Чалавек на сваім месцы

Мне чамусьці здаецца, што Ягор Турбал змог бы сябе рэалізаваць дзе заўгодна. Ёсць у ім нешта такое, што не дазваляе яму «заржавець», — прага да новых ведаў, эксперыментаў, жаданне дабіцца станоўчага выніку. Такім людзям патрэбная поўная свабода дзеянняў, трамплін, каб разагнацца. Але калі спыталася, ці было жаданне «адкасіць» ад арміі, ён нават здзівіўся, маўляў, як так? Гэта ж грамадзянскі абавязак!

— Не сумавалі па сваёй вытворчасці, калі служылі?

— Там таксама было цікава (усміхаецца). Гэта ж атрыманне новага вопыту — жыццё ў замкнутай сістэме, статутныя ўзаемаадносіны, строгія правілы, абавязкі. Я год адслужыў у 15-й ракетнай брыгадзе ў Фаніпалі. Наша воінская часць несла баявое дзяжурства па ахове паветранай прасторы Мінска з дапамогай ракетных комплексаў С-300. Служыў на камандным пункце планшэтыстам, павінен быў наносіць на карту цэлі ў люстраным адбітку. За год у мяне было 180 баявых дзяжурстваў. Мне давялося асвоіць новую прафесію і добра сябе зарэкамендаваць. Нават прапаноўвалі застацца, але мне на той момант было ўжо 25 гадоў, вельмі стары для лейтэнанта (усміхаецца). І не вельмі хацеў нешта мяняць. Звольніўся з арміі, патэлефанаваў на вытворчасць. Было прыемна пачуць, што мяне чакаюць. Праз тыдзень пасля службы я ўжо выйшаў на работу.

Да кожнага — асаблівы падыход

На сцяне кабінета Ягора Турбала дзве красамоўныя карыкатуры на тэму вытворчасці паперы. Калісьці трапілі ў інтэрнэце на вочы і рассмяшылі. Ён іх раздрукаваў. Усміхаецца, што часам гэта натхняе на работу. Яна вельмі складаная, і важна перыядычна разгружацца. Жыццё не любіць, калі да яго заўсёды адносішся вельмі сур’ёзна. Можа і пакрыўдзіцца.

— Наколькі цяжка кіраваць вытворчасцю паперы і якія прад’яўляеце патрабаванні да калектыву?

— У вытворчасць уваходзяць два цэхі — газетнай паперы і паперы-асновы, у кожным стаіць па папераробчай машыне, на абслугоўванні якіх задзейнічана раўнамерная колькасць людзей. Усяго ў калектыве 152 чалавекі. Мая задача — арганізаваць работу цэхаў з захаваннем усіх неабходных нормаў. Глыбока перакананы, што да кожнага чалавека ёсць асаблівы падыход. З кімсьці трэба пагутарыць спакойна, абмеркаваць праблемы, сітуацыю і прычыны таго ці іншага выпадку. З іншым работнікам, магчыма, трэба быць больш строгім. Наогул, з любым чалавекам перш за ўсё трэба размаўляць. Калектыў наш прафесійны і дастаткова стабільны. Прыходзяць маладыя спецыялісты, нехта ідзе на пенсію.

Сярод маладых людзей ёсць вельмі амбіцыйныя, якія імкнуцца да новых ведаў, з такімі вельмі прыемна працаваць, хочацца ім дапамагчы, падказаць, зацікавіць.

— Кажуць, што чым больш чалавеку гадоў, тым ён больш вопытны…

— У нас сучасныя тэхналогіі, перадавое абсталяванне. Бывае, чалавек з вопытам, але яго веды ўжо ўстарэлі і сталі неактуальныя. Сёння кожны дзень нешта мяняецца. Маладому чалавеку прасцей растлумачыць, да яго хутчэй дойдзе інфармацыя. У нас тут амаль усё камп’ютарызавана, кіраванне вядзецца з пультаў. Малады чалавек хутчэй асвоіцца, чым больш сталы, які прывык працаваць уручную.

Я сам увесь час стараюся развівацца, наведваю разам з калегамі выставы, ездзім у камандзіроўкі, прыносім і ўкараняем на заводзе новыя тэхналогіі.

— Магчыма, што за час работы нейкія вашы рацпрапановы былі тут узятыя на ўзбраенне?

— Так. І неаднойчы. Некалькі гадоў таму па маёй ініцыятыве была мадэрнізаваная цэнтрабежная помпа. Неабходнасць была выкліканая тым, што тая перыядычна зрывалася і адбываўся брак на папераробчай машыне. Мы распрацавалі помпу іншага тыпу, асабіста займаўся вымярэннямі і падбіраў абсталяванне. У выніку той мадэрнізацыі знізіліся выдаткі электраэнергіі, а сама помпа працуе лепш і раўнамерна. Вынаходніцтва акупіла сябе на працягу месяца.

— Наколькі ваша вытворчасць адпавядае еўрапейскім стандартам?

— Наша папераробчая машына № 2 забяспечана ўсімі еўрапейскімі трэндамі ў плане тэхналогій. І на дадзены момант яна перадавая. Быў вопыт зносін з французскімі, нямецкімі, кітайскімі спецыялістамі, яны былі здзіўленыя, што ў нас такое высокатэхналагічнае абсталяванне. Мы ствараем адну з вельмі цяжкіх у вытворчасці папер — гэта аснова для дэкаратыўна-абліцовачных матэрыялаў. Санкцыі ствараюць пэўныя перашкоды, але мы шукаем альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Раней прадавалі газетную паперу на вялікай тэрыторыі, у тым ліку ў Еўропу. У сувязі з санкцыямі аб’ёмы зменшыліся, што прымусіла нас асвоіць новыя віды паперы. Лічу, што гэта дало штуршок у развіцці. Мы пачалі вытворчасць мяшочнай паперы, беленай, небеленай, паперы-асновы для слаістых пластыкаў. Пасля ўводу санкцый на пастаўку гэтай паперы ў Расію мы паспяшаліся заняць нішу. Пашырылі асартымент, а заадно павялічылі магутнасць і прадукцыйнасць.

У сувязі з санкцыямі прамысловасць Беларусі і Расійскай Федэрацыі павінна пачаць моцна развіцца. Пасля развалу Саюза справы ў прамысловасці былой вялікай краіны, якая на 100 працэнтаў магла забяспечыць сябе ўсімі матэрыяламі, рэсурсамі, кампанентамі, сталі пагаршацца. Нехта вырашыў, што не трэба ствараць нейкія там кампаненты, хімікаты, калі іх можна купіць у той жа Еўропе. Мы сталі набываць імпартныя камплектуючыя для адзення, ушчыльнікі, падшыпнікі, прэсавае сукно... Цяпер пачынаем вяртацца да лакалізацыі сваёй вытворчасці. У Амерыцы, дарэчы, тая ж сітуацыя. Яны разбурылі сваю прамысловасць шляхам пераносу магутнасцяў у Кітай. Сёння пачалі вяртаць яе зноў.

У трэндзе — мадэрнізацыя і развіццё

Суразмоўнік вельмі ганарыцца, што працуе на такім сучасным прадпрыемстве, і зацікаўлены, каб яно і надалей заставалася адным з першых. Таму адсочвае ўсе тэндэнцыі, звязаныя з вытворчасцю паперы. 

Сёлета ён у складзе дэлегацыі ад прадпрыемства пабываў у Кітаі. Прывёз шмат новых ідэй і планаў. Вунь нават кітайскую газету ў самалёце прыхапіў. Якасць паперы там вышэйшая. Але гэта, як той казаў, толькі стымул для пошукаў.

— Якія ўражанні ў вас ад краіны? Наколькі плённай была паездка?

— Нас з Кітаем аддзяляюць вялікія адлегласці і часавыя паясы, таму для больш цесных кантактаў мы вырашылі наведаць краіну. Матыў — працяг мадэрнізацыі першай папераробчай машыны, на якой вырабляецца газетная папера. Мы збіраемся яе перааснасціць для вырабу новых відаў паперы. Вярнуцца да той жа лёгкамелаванай, асновы для мелавання, марым арганізаваць вытворчасць чэкавай. Было цікава паглядзець на кітайскую прамысловасць і іх магчымасці. У нас там ёсць сябры — кампанія, з якой мы супрацоўнічаем з 2010 года, яны нас запрасілі, арганізавалі транзіт па гарадах. У нас толькі ўнутры Кітая было каля сямі пералётаў. Кожны дзень кудысьці ляцелі на самалёце, ехалі на цягніку, мянялі гасцініцы — вельмі выніковая атрымалася камандзіроўка. Мы паглядзелі кітайскае абсталяванне і ацанілі яго ў дзеянні. Сапраўды, кітайская прамысловасць магутная, мы бачылі, як растуць іх гарады, паўсюль ідзе будаўніцтва. Тэхналогіі ў іх пайшлі далёка наперад. У іх вельмі развітая інфраструктура.

— Што асабіста вы робіце для таго, каб ваша вытворчасць не адстала ад перадавых тэхналогій?

— Раз на два гады праходзіць вялікая выстава PulpFor у Санкт-Пецярбургу, дзе збіраюцца пастаўшчыкі абсталявання, паперы, у тым ліку і мы. Цікава пагутарыць з прафесіяналамі і сустрэцца з калегамі з іншых прадпрыемстваў, абмеркаваць сітуацыю, праблемы, шляхі іх вырашэння. Некалькі разоў наведваў семінары ў горадзе на Няве, быў на прадпрыемстве ў Курску, паспеў з’ездзіць у Фінляндыю. У горадзе Тамперы знаходзіцца вялікая кампанія ў галіне аўтаматызацыі. Быў у іх офісе, размаўляў з пастаўшчыкамі. Цяпер вось пабываў у Кітаі. Паднябесная стварае шмат абсталявання, мы паглядзелі, што яны прапануюць рынку. На дадзены момант вядзём перагаворы з кітайскімі кампаніямі аб мадэрнізацыі нашай папераробчай машыны і будаўніцтве новага ўчастка па нанясенні мелавальнага пакрыцця.

— Сёння ў моладзі шмат магчымасцяў рэалізаваць свае ідэі. Той жа рэспубліканскі праект «100 ідэй для Беларусі» — таму пацвярджэнне. Наколькі ініцыятыўныя людзі цікавыя для прадпрыемстваў?

— Маладыя жывуць у эпоху, калі ёсць доступ да любой інфармацыі. Але ідэя — яшчэ не ўсё. Трэба пралічыць, падабраць абсталяванне, а для гэтага патрэбныя час і веды. Аднойчы да мяне прыйшоў малады спецыяліст, прапанаваў ідэю, мы пагаварылі, аказалася, няправільнае было рашэнне. Ён прапаноўваў выкарыстоўваць чыстую ваду, каб больш эфектыўна працавала машына. Але высветлілася, што свежая вада мае больш нізкую тэмпературу, утвараецца кандэнсат, што дрэнна адбіваецца на папяровым палатне. Трэба выкарыстоўваць толькі падагрэтую ваду. У нейкім сэнсе ідэя добрая, але яе трэба дадумаць. Нельга нешта атрымаць хутка і адразу. За кожным дасягненнем стаіць упартая праца. Але толькі так можна ўдасканальвацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Аўдыяверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zviazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.