Вы тут

Брэстчына ўпэўнена ўзыходзіць на экватар уборачнай кампаніі


Брэстчына ўпэўнена ўзыходзіць на экватар уборачнай кампаніі. І хоць надвор'е, як найчасцей бывае, крыху падводзіць у самы гарачы час, але хлебаробы плённа выкарыстоўваюць кожную пагодную гадзіну. У тым меў магчымасць упэўніцца кіраўнік дзяржавы, які пабываў на гэтым тыдні на збожжавых палетках ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна.

Вядомая ў нашай краіне гаспадарка — сучаснае, паспяховае вялікае прадпрыемства з працоўным калектывам больш за дзве тысячы чалавек. У склад акцыянернага таварыства ўваходзіць амаль дзясятак вытворчых падраздзяленняў, у тым ліку мясакамбінат, свінагадоўчы комплекс, завод па вытворчасці камбікармоў. Як адзначылі спецыялісты, надвор'е сёлета было адносна спрыяльным для раслінаводчай галіны сельгаспрадпрыемства. Таму ў «Белавежскім» чакаюць рэкорднай ураджайнасці. Апошняя, як вядома, забяспечваецца бездакорнай тэхналогіяй і рукамі такіх старанных працаўнікоў, як, напрыклад, Сцяпан Царук, кіроўца з аддзялення «Расна» сельгаспрадпрыемства. На сваім МАЗе Сцяпан першы ў вобласці перавёз 2000 тон збожжа ўраджаю-2023.


Кіроўца ААТ «Белавежскае» Сцяпан Царук.

З працоўнай перамогай на мінулым тыдні яго прыязджалі павіншаваць губернатар Юрый Шулейка, старшыня Дзяржкантролю Васіль Герасімаў, кіраўнікі абласнога і раённага ўзроўню.

Сцяпан Віктаравіч, хоць і прывык даваць інтэрв'ю (гэта не першы, а шаснаццаты (!) яго рэкорд на ўборачных кампаніях), але ўсё ж крыху хваляваўся, сказаў, што ўдзячны за падтрымку сям'і, калектыву, адзначыў таксама надзейную айчынную тэхніку.

А першым тысячнікам-камбайнерам сёлета на Брэстчыне стаў механізатар ААТ «Баранавіцкая птушкафабрыка» Сяргей Калянковіч. Сяргей — вопытны механізатар, у гаспадарцы працуе з 1996 года. Спачатку быў памочнікам, а з 2008 года заступае за штурвал старшага камбайнера. На сваім камбайне John Deer, на якім працуе з 2015 года, не раз ставіў рэкорды. Цяпер у шэрагу дасягненняў яшчэ адно — першы тысячнік Брэсцкай вобласці. Перадавіка тады таксама прыязджаў павіншаваць кіраўнік Брэстчыны Юрый Шулейка.

І калі рубеж у тысячу тон скарыўся камбайнеру з самага паўночнага раёна вобласці, то двухтысячную адзнаку ўзялі паўднёвыя хлебаробы — экіпаж са Столінскага раёна ў складзе камбайнера Уладзіміра Вярэніча і яго памочніка Канстанціна Малея. Механізатары з сельгаспрадпрыемства «Відзіборскі» намалацілі дзве тысячы тон на айчынным камбайне КЗС-1218.

Дарэчы, флагман беларускага камбайнабудавання не абмінуў сваёй увагай чарговую перамогу бітвы за ўраджай. «Гомсельмаш» па традыцыі праводзіць спаборніцтва сярод механізатараў, якія ўбіраюць хлеб, і адзначае пераможцаў. Прадстаўнікі завода прыехалі ў «Відзіборскі» і ўручылі падарункі перадавому экіпажу па выніках яго намалоту — першай тысячы тон.

З другой тысячай Уладзіміра і Канстанціна павіншавалі першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук і старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі.

Камбайнеры КСУП «Відзіборскі» Уладзімір Вярэніч і Канстанцін Малей.

Валянцін Зайчук уручыў перадавікам падзякі старшыні аблвыканкама, грашовыя прэміі, прадугледжаныя ўмовамі спаборніцтва. Віцэ-губернатар адзначыў, што Столінскі раён па ўсіх кірунках аграпрамысловага комплексу дэманструе ўстойлівую станоўчую дынаміку.

Прадпрыемства «Відзіборскі» мае адзін з найлепшых паказчыкаў у раёне і вобласці па ўраджайнасці збожжавых, з гектара тут збіраюць амаль 62 цэнтнеры. Століншчына, як і летась, лідзіруе ў вобласці па тэмпах уборкі. Летась аграрыі раёна завяршылі жніво 9 жніўня, а 14-га ўжо справілі раённыя «Дажынкі». Сёння ўбрана каля 75 працэнтаў збожжавых. Уборачная плошча ў раёне складае 19 тысяч гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць — 47,2 цэнтнера з гектара, а гэта на 1,7 цэнтнера больш за леташні паказчык.

Да візіту Прэзідэнта на Брэстчыну кандытары выпеклі адмысловы каравай з мукі новага ўраджаю з характэрным надпісам «Першы каравай першага рэгіёна». Агульны абласны каравай ужо ўпэўнена перавысіў 600 тысяч тон.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ і ТГ-канала Брэсцкага аблвыканкама.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.