Талент усюды знойдзе сабе дарогу. Пацвярджэнне таму — гісторыя беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Алега Чыркуна. Ён насуперак усім жыццёвым акалічнасцям знайшоў свой шлях у прафесію. Сёння Алега Міхайлавіча ведаюць і любяць як аўтара песень і шматлікіх музычных твораў (музыка да тэатральных пастановак, сімфоніі, аперэты, кантаты, музычныя казкі). У размове з маэстра даведаліся, што вызначае шчаслівы лёс музычных твораў, хто фарміраваў яго погляды на майстэрства і дзе ён заўсёды знаходзіць натхненне.
— Алег Міхайлавіч, вы з дзяцінства цягнуліся да музыкі, але пайшлі вучыцца спачатку на будаўніка-муляра…
— Я нарадзіўся падчас вайны. Калі мне было 2-3 гады, апынуўся ў дзіцячым доме ў Глуску, таму што ў мяне хварэла маці, мела інваліднасць. Мы жылі там у такой драўлянай хаце. Помню, як аднойчы ўбачыў, як да дзіцячага дома ідзе жанчына, і я кінуўся да яе з крыкам «Мама!» Відаць, проста адчуў роднага чалавека. Пасля аказалася, што гэта сапраўды мая маці. Яна знаходзіла мяне і забірала дадому штораз, калі выходзіла з бальніцы. Так апошні раз забрала мяне з дзіцячага дома ў Высокім Брэсцкай вобласці. Мне тады ўжо 15 гадоў было.
І я ўжо разумеў, мне трэба ўмець рабіць тое, што зможа пракарміць. А ў будаўнічым вучылішчы давалі форму і кармілі, таму і пайшоў у муляры. Пасля заканчэння вучобы працаваў на заводзе. Пазней паступіў ужо ў Мінскае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі і адтуль пачаўся мой шлях у музыку.
— Вы самі разумелі свае здольнасці ці хтосьці дапамог разгледзець талент?
— Мне здаецца, што мая цяга да музыкі і здольнасць яе адчуваць — гэта прызванне, і яно мне дадзена ад Бога. Я пачаў іграць на музычных інструментах яшчэ ў дзіцячым доме ў Маларыце. Там у нас было шмат розных інструментаў. Я як дзіця цікавіўся імі, спрабаваў нешта іграць і так асвойваў іх самастойна. Яшчэ спяваў. Быў тады фільм індыйскі «Бадзяга», і мне падабалася песня адтуль. Вывучыў яе і выконваў, падбіраючы музыку на слых.
Я быў не з тых дзяцей, якія ходзяць у музычную школу, спасцігаючы там майстэрства. Проста іграў усюды і на тым, што аказвалася ў полі зроку. Напрыклад, у дзіцячым доме ў Высокім быў баян. Навучыўся іграць на ім і акампанаваў на танцах, якія ў нас там ладзіліся. Падчас вучобы ў школе ў Мінску са мной займаўся настаўнік спеваў і падрыхтаваў мяне да выступлення на тэлебачанні, дзе я спяваў «Арляня» і «Санта Лючыю». А пазней мама на свае зберажэнні купіла мне мой першы гармонік-двухрадку, хоць вялікага дастатку яна і не мела. Мы жылі ў інтэрнаце, і там я таксама іграў на танцах.
— Кампазітарскае майстэрства вы спасцігалі ў вялікіх майстроў сваёй справы. Ці ўплывала тое на ваша стаўленне да прафесіі?
— У музычным вучылішчы ў мяне быў педагогам па кампазіцыі Рычард Пятровіч Буцвілоўскі. Ён, можна сказаць, даў мне дарогу ў прафесіянальнае жыццё. У кансерваторыі я вучыўся ў Пятра Пятровіча Падкавырава, у Дзмітрыя Браніслававіча Смольскага па класе кампазіцыі. Выкладалі ў нас таксама Анатоль Васілевіч Багатыроў, Ігар Міхайлавіч Лучанок. Проста так кампазітарам не станеш, нават калі і можаш нешта сачыняць. Калі ж гэтая здольнасць даецца чалавеку ад прыроды, то нараджаецца ўжо зусім іншая музыка. І ў наш час ёсць вельмі шмат кампазітараў, але так мала якаснага музычнага матэрыялу, бо вучыцца кампазіцыі — гэта не проста здольнасць мелодыі складаць. Там спасцігаеш тэхніку, а астатняе ўжо залежыць ад тваёй творчай індывідуальнасці. Трэба шмат пісаць, працаваць, каб стаць сапраўдным прафесіяналам. І няма сэнсу капіраваць тых, хто побач. Хоць калі я пісаў свае першыя творы, само сабой, яны ўсё ж нагадвалі часткова тое, што я чуў у іншых кампазітараў. Але паступова майстэрства адточваецца, і ты знаходзіш уласнае гучанне.
— А калі адчулі, што адбыліся ў прафесіі?
— У мяне шмат твораў напісана ў розных жанрах. Ёсць сімфанічная, вакальна-інструментальная і камерна-інструментальная музыка. Аперэта, мюзікл, музыка да тэатральных пастановак і іншае. Аднак пра тое, ці склаўся я ў прафесіі, ніколі не думаў. Лічу, што майстэрства заўсёды бачнае і адчуваецца. Ты проста працуеш, ствараеш нешта, а потым гэта ўжо слухаюць і ацэньваюць іншыя людзі. Мне здаецца, што творчы чалавек не можа адбыцца ў прафесіі ў нейкі канкрэтны момант, таму што мастак заўсёды знаходзіцца ў пошуку. Тут добра атрымалася, а там трэба знайсці новае і зрабіць лепш.
Калі працуеш над нейкім творам, то не заўсёды ты ўсім задаволены. І, маючы магчымасць змяняць і паляпшаць напісанае, абавязкова тое робіш. Напрыклад, у мяне ёсць песня «Сена маладое», якая абляцела ўвесь свет. Яна гучала ў Крамлі пры Гарбачове, бо была напісана на злобу дня. І да сёння гэты твор не страціў сваёй актуальнасці, аднак, можа, тое проста ўдача. Увогуле ў творчасці складана сказаць, што добра, а што не, што ўплывае на поспех. Я маю шмат песень, але не ўсе яны аднолькава «раскручаныя» і вядомыя людзям.
— Як жа сёння кампазітару быць пачутым?
— Вялікую ролю адыгрывае «раскрутка», але яна патрабуе фінансавых укладанняў. На тыя ж аранжыроўкі патрэбныя грошы. А калі ты сямейны чалавек, то часам даводзіцца выбіраць, куды ўкладвацца. Сёння вельмі шмат кампазітараў-аматараў, але іх музыка аднастайная. Каб песня знаходзіла водгук у сэрцах людзей, трэба яе прапусціць праз сябе. Немалаважна знайсці і свайго выканаўцу. Мне ўвогуле здаецца, што па песні можна вызначыць талент людзей, якія яе стваралі. Напрыклад, я выдзяляю для сябе такіх кампазітараў-песеннікаў, як Васіль Салаўёў-Сядой, Аляксандра Пахмутава, Ігар Лучанок, Юрый Семяняка, Уладзімір Алоўнікаў. Мне падабаецца працаваць з таленавітымі паэтамі.
Алегу Міхайлавічу шчасціць у жыцці на творчае супрацоўніцтва. Кампазітар стварыў шмат песень на вершы такіх паэтаў, як Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Пятрусь Броўка, Максім Багдановіч, Максім Танк, Янка Купала, Якуб Колас.
— Пры ўсёй жанравай разнастайнасці, якая ёсць у вашай біяграфіі, у чым хочацца сябе яшчэ апрабаваць?
— А цяпер працую над балетам. І гэта зусім іншая спецыфіка работы. Там цяжка, але і вельмі цікава. Ідэю пакуль раскрываць не буду, бо ёсць і канкурэнцыя, але, на жаль, не заўсёды сумленная.
— Для каго больш складана пісаць: для дзяцей ці для дарослых?
— Для дзетак, таму што ў іх дыяпазон голасу меншы, чым у дарослых. І мелодыю ты пішаш, арыентуючыся на гэта. Яшчэ важна і тое, ці спадабаецца музычны твор у выніку свайму выканаўцу. У мяне напісаны чатыры зборнікі музыкі розных жанраў для дзяцей.
— Хтосьці з вашых дзяцей выбраў прафесію бацькі?
— У мяне дзве дачкі і сын, і дзецьмі сваімі я задаволены. Яны ўсе вучыліся ў музычнай школе, але прафесію кожны выбраў сваю. Адна дачка стала піяністкай, другая ў медыцыну пайшла, а сын аддаў перавагу тэхналогіям. Але, на мой погляд, усе дзеці павінны вучыцца музыцы. Па-першае, гэта развівае інтэлект, а, па-другое, не важна, чым яны захочуць займацца па жыцці, але ў іх будзе пачуццё прыгожага і цяга да гармоніі.
— Улічваючы ваш жыццёвы вопыт, як лічыце, што робіць дзіця шчаслівым?
— Я пражыў цяжкае жыццё, бо ведаў і голад, і розныя нягоды. Але перакананы, як для дзіцяці, так і для чалавека ўвогуле шчасце ў тым, каб проста жыць. Вось ты маленькі хлопчык, але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, шчаслівы, бо нарадзіўся і жывы. А калі ёсць бацькі, то ты ўдвая шчаслівейшы.
— А жыць з кампазітарам складана?
— Спытаць лепш у жонкі, але думаю, ёй няпроста. У творчых людзей думкі заўсёды занятыя работай. Да іх тонкай натуры патрэбен асаблівы падыход, бо ўсё ўплывае на творчасць. Жанчына заўсёды дае натхненне. Жонка для мяне — нязменная муза. Мы з ёй з розных прафесійных сфер і ў нас няма пачуцця рэўнасці да чужога поспеху. Таму я ствараю, а жонка закрывае тыл у сямейным жыцці.
— Сяброў у вас шмат?
— З кожным годам, на жаль, іх становіцца менш. Новых знаходзіць ужо няма часу, а былыя сыходзяць у вечнасць. Але ў мяне былі сапраўдныя сябры, з кім мы па жыцці прайшлі разам. Ведаеце, адна справа за сталом сябрамі назвацца, а іншая, калі ў розных сітуацыях людзі вас падтрымліваюць, разумеюць і пры неабходнасці падстаўляюць плячо.
— Добрую музыку вызначае гармонія. Скажыце, а што для вас галоўнае ў жыцці?
— Мне хочацца, каб людзі жылі ў міры і каб не было вайны. Я помню, якім было жыццё ў акупаваным Мінску, таму галоўнае, няхай у нашай роднай Беларусі будуць мір і дабрабыт. Дзеля гэтага і я працую. Мне важна любіць тых, хто жыве побач, і сваю зямлю. Вышэй носа не пераскочыш, таму сабе і ўсім раю: проста жыві, паспявай рабіць добрыя справы і будзь удзячны за ўсё, што маеш.
Алена ДРАПКО
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.