Вы тут

Перажытае і незабытае ў вайну вачыма вясковага падлетка.


Даволі часта бяру ў рукі гэтую кнігу і ўважліва перачытваю некаторыя матэрыялы. Каторы ўжо раз з 1987 года, як выданне ўбачыла свет. Гэта «Памяць» — гісторыка-дакументальная хроніка Бярозаўскага раёна. Не стаіць кніга сярод многіх соцень іншых у маёй асабістай бібліятэцы, а заўсёды, як гаворыцца, пад рукой — на століку побач з рабочым сталом. Патрэба ў ёй пастаянная, тым больш пры надзвычай складанай і адказнай маёй журналісцкай рабоце — перажытае і незабытае ў вайну вачыма вясковага падлетка.


Некаторыя асабістыя ўспаміны нашай маці Галены Антонаўны, старшай сястры Марыі, мая асабістая гісторыя, а таксама старажылаў вескі Пешкі правераны і пацверджаны афіцыйнымі дакументамі. Значыць, тое, пра што распавядаю ў сваіх нарысах, праўда. Інакш і быць не можа.

У аператыўнай зводцы не названы...

Гэты аповед хачу пачаць з афіцыйнага дакумента, прыдвожу ж тэкст на рускай мове, так, як у названай кнізе «Памяць».

«Из оперативной сводки за 16 июля 1944 г. Западнее и юго-западнее города Слоним наши войска, продолжая наступления, овладели районным центром Брестской области Береза-Картузская, а также с боями заняли более 80 других населенных пунктов. Средних — крупные населенные пункты, Голобуды, Юшкевичи, Борки, Галены, Ровбицы, Мурава, Купичи, Староволя, Бортновичи, Селец, Кабаки, Сегневичи, Мошковичи и Железнодорожная станция Береза-Картузская».

Цяжкім болем адгукаюцца ў маёй памяці гэтыя строга афіцыйныя звесткі. Не праходзіць гэты боль усе пасляваенныя гады. Наадварот, абвастраецца. Сярод названых у аператыўнай зводцы населеных пунктаў няма нашых Пешак. Можа, яны далёка ад тых мясцін, якія 16 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі ад гітлераўскіх акупантаў? Ды не, паміж нашымі Пешкамі і вёскай Боркі, якая названа ў зводцы, усяго нейкіх паўкіламетра. Гэтыя паселішчы перад вайной ўваходзілі нават у адзін сельсавет — Пешкаўскі. Вёскі-сёстры — так называлі мясцовыя жыхары Пешкі і Боркі. І вось табе — у такім важным афіцыйным дакуменце чамусьці не аказалася нашых Пешак. Хаця па колькасці двароў і жыхароў вёска пераўзыходзіла Боркі.

Рэальна ў ліпені 1944 года нашых Пешак як паселішча не існавала. Не стала іх на нашай беларускай зямлі, а значыць, і на ўсім белым свеце 25 красавіка 1942 года. Якраз у гэты дзень, на Радаўніцу, у час другой карнай аперацыі, гітлераўцы і іх памагатыя здраднікі спалілі другую палову вёскі. Тую, якая не сканала ў пепельным агні восенню 1943 года, у час першай карнай аперацыі гітлераўскіх душагубаў.

Выратавалі хату

Пасля другой карнай аперацыі на самай крайняй сядзібе, што бліжэй да лесу, засталася адзіная хата. Абгарэлая, чорная, яна стаяла сіратліва, наводзячы жах і нуду. Вось такі напамін аб чалавечым жытле. Тую хату таксама карнікі падпалілі. Слабенькія языкі агню ледзьве краналі сырыя хатнія сцены. Гэта было на руку некалькім мужыкам і хлопцам, якія хаваліся ад карнікаў у густых кустах. Як толькі немцы пакінулі гэтае месца, мужыкі і хлопцы падбеглі да падпаленай хаты. Спяшаліся і нават не думалі пра небяспеку. Па дарозе наламалі ў кустах густых галін, імі і збівалі полымя, якое разыходзілася па сценах хаты.

У той жахлівы дзень мужыкі і хлопцы адстаялі хату, якую паволі ахопліваў агонь. Збілі галлём полымя, пэўна, набралі вады, каб пагасіць нават самыя маленькія вугольчыкі, якія тлелі на сценах. Ужо потым, калі з Барозаўскага краю, а значыць і з Пешак, савецкая армія зусім выгнала немцаў, у тую хату вярнуліся яе гаспадары. Прывялі яе ў парадак, старанна ачысцілі ад слядоў агню сцены…

І ўсё ж на сценах дзе-нідзе тыя сляды засталіся. Моцна ўеліся яны ў дрэва, і гаспадары вырашылі: «Хопіць, колькі ж можна скэбсці гэтыя сцены. Ну, адразу кідаецца ў вочы, што хата гарэла. Але ж не згарэла зусім, выратавалі яе. Дзякуй Богу, што пакуль ёсць дзе жыць, а далей паглядзім...»

Я і цяпер памятаю: заўсёды, калі ішоў у тыя месцы ў лес ці гнаў пасвіць кароў, абавязкова пазіраў на гэтую хату. Адчуваў сябе ніякавата, стараўся хутчэй адысці ад гэтай сядзібы, дзе такі страшны сведка жахлівага дня. Хата ж быццам не хацела мяне адпускаць, быццам настойліва патрабавала: глядзі, хлопчык, на мяне страшную, не забудзь, што тварылі ў тваёй роднай вёсцы душагубы-чужынцы. Я і не забыўся...

Дзе жыць пагарэльцам?

У сваіх аповедах пра перажытае і незабытае пры нямецкай акупацыі я падрабязна ўспамінаю, што ўяўлялі сабой нашы Пешкі. Дзве стражныя карныя аперацыі гітлераўскіх злачынцаў — і вёска знішчана дашчэнту, многа яе жыхароў загінула. І цяпер, як толькі ўспамінаю лета і восень 1944 года, бачу перад сабой папялішча на месцы пешкаўскіх хат і розных гаспадарскіх пабудоў. Усё зарасло кустамі, дзікім пустазеллем, травой. Але, дзякуй Богу, цяпер спаленая вёска не пустая. На папялішчах корпаюцца людзі. Хто як можа рыхтуе сабе нейкае жытло, трэба паспець да наступлення халадоў, каб зноў не вяртацца на хутары, прасіць прытулку на зіму. Ну хоць якое жытло — толькі б сваё.

Амаль усе пагарэльцы рыюць на сваіх сядзібах зямлянкі, уцяпляюць іх. Нехта ставіць маленькую хатку, бы на курыных ножках — але ж хатка, хісталі сасновыя брусы, што не згарэлі, нарыхтаваныя яшчэ да вайны. Хтосьці з тонкіх дошак і нават жэрдак збірае прымітыўнае жытло, якое пешкаўцы называюць «халабудай». Хоць што-небудзь, каб восенню схавацца ад халодных дажджоў і злых вятроў. Потым будзе лягчэй: дзяржава бесплатна адпускае пагарэльцам дзялянкі ў лесе для нарыхтоўкі бярвенняў, каб хутчэй ставіць новыя хаты. Хто якія можа, каму якія па сіле, усё ж хаты.

Ох, і цяжкая, доўгая работа. Вясковыя мужыкі на распілоўцы тоўстых бярвенняў рвуць усе свае жылы, падаюць ад стомы: яны ж пастаянна паўгалодныя, у абед пасёрбаюць з чыгунка зваранага шчаўя ці лебяды. Ну, мо жонка яшчэ што-небудзь падрыхтуе, мо крыху зерня намалацілі з беднага жыта, што пасеялі і скасілі на сваім палетку. Ці два-тры мяхі бульбы ўрадзіла на пустых загонах. Больш-менш сур'ёзная ежа для мужыкоў, занятых на будаўніцтве жытла...

Але ўсё часцей і часцей прыходзілі да пешкаўцаў і такія з'явы, калі іх стомленыя твары быццам святлелі ад добрага настрою. Ну, завершаны важны этап будаўніцтва жытла для сям'і — памаглі талакой. І песні больш вясёлыя спявала моладзь вечарамі. Бо ведалі ўсе: хутка канец праклятай вайны...

Нямецкі бункер

І наша сям'я пачала капаць зямлянку. Ды адбылося нечаканае. Аднойчы бацька неяк дабраўся ў Бярозу. Хутка ў Пешкі прыехаў вялізны аўтамабіль і прывёз нам трафейны нямецкі вагончык. Дужыя хлопцы сцягнулі яго на зямлю і па просьбе бацькі ўстанавілі на краі агарода, пад разгалістай грушай-дзічкай. Яна крыху прыкрывала гэтае наша жытло ад ветру. Вагончык мы называлі «нямецкім бункерам».

Усе пешкаўцы прыходзілі паглядзець на гэты бункер. Звонку ён быў даволі прывабны. Фанерныя шчыты роўныя, шчыльна падабраныя адзін да другога, акуратна пафарбаваныя ў жоўты колер. «Прыгожы ў цябе домік, — гаварылі людзі нашаму бацьку. — І дзе ж ты яго дастаў?» — «Дзяржава дала, — звычайна адказваў бацька. — Па справядлівасці: у мяне ж малыя — ім перазімаваць без жытла?! сваю хату пабудую не хутка пры маіх хворых нагах».

У нашай сям'і чакалася папаўненне, і,хто ведае, ці вытрымалі б мы галодную і халодную зіму, калі б не гэты бункер. Цеснавата ў ім было — і ўявіць немагчыма. Уваход — толькі адны вузенькія дзверы, праз якія ледзь працісаліся. І самае жахлівае — суцэльная цемната ўнутры. Якое ж святло магло прабіцца праз малюсенькае акенца ў такім бункеры? Самае-самае мізэрнае. Больш ніводнага акна, толькі суцэльныя шчыты.

Пячнік рызыкаваў

Наш бацька Мікалай Цімафеевіч па сваёй натуры быў прадбачлівы. Прывучылі яго да гэтагаялёгкае жыццё, пастаянныя нягоды, нестача. Тым больш у вайну, калі ў любы момант, як гаварылі пешкаўцы, «усё можа пайсці прахам». І ён адразу пачаў рыхтаваць наш бункер да зімоўкі. Дамовіўся з мясцовым пеніком, каб той склаў у бункеры хоць якую-небудзь печ. Цэглы кавалкамі ў нас крыху было — вясной 1944-га прывезлі поўны воз з маёнтка Капітанава, які згарэў. Ды і на нашым папялішчы нешта навыграбалі...

Праблема, і даволі сур'ёзная, была ў іншым — як размясціць гэтую саму печ у бункеры. Тут жа няма тых надзейных сцен, як у вясковай хаце, пабудаванай з тоўстых драўляных брусоў. Іх пешкаўцы называлі «дылямі». Значыць, у бункеры не тоўстыя сцены з дыляў, а слабенькія сценкі з тонкіх шчытоў. І даху такога, як у вясковых хатах, у бункеры не было. Зверху таксама тыя ж шчыты, яны адначасова былі як бы адным цэлым — і столь, і дах. Можна ўявіць, які верх меў бункер — плоскія шчыты і толькі. Вось такі дах.

Цяпер не памятаю, як нашаму бацьку ўдалося дамовіцца з тым пеніком наконт печы. І як рызыкнуў той майстар узяцца за такую складаную і адказную работу. Неабходна ж было так раставіць печ, каб яна і бункер абагравала і каб найменш цяпла праз тонкія сцены-шчыты выходзіла на вуліцу, а яшчэ комін вывесці, каб максімальна выключыць любую магчымую небяспеку... Безумоўна, той пячнік быў адмысловым майстрам, добрасумленным чалавекам. Думаю, складзеная ім печ у нашым бункеры дадала яму павагі і аўтарытэту ў наваколлі. Тады ж печнікі былі, як кажуць, нарасхват. А наш бацька хваліў яго на ўсе Пешкі, і заслужана.

Вось і цяпер пішу гэтыя радкі — і быццам заходжу ў той наш бункер. Адразу ў куток справа — печ. Невялікая, вельмі акуратна і рацыянальна пастаўленая. Усё, што трэба гаспадыні, тут ёсць, пад рукой, дэталёва прадуманы і схаваны кожны куточак. Комін з печы выведзены наверх з самага краю бункера. На печы ёсць і ляжанка, без якой немагчыма ўявіць вясковую хату. І хаця ў нас не хата, а бункер, добры пячнік знайшоў месца для ляжанкі. Як жа дзякавалі мы яму, калі ў сцюдзёныя марозныя зімы грэліся на цёплай ляжанцы. Уздоўж сцяны каля печы бацька паставіў нары, бо ніякага ложка ў нас не было: усё згарэла ў час карных аперацый.

Бацька разумеў, ды і людзі нам гаварылі, што пры марозных і віхурных зімах такая печ усё наша жытло са шчытоў не абагрэе. Таму якраз пасярэдзіне бункера абсталявалі месца для печкі-буржуйкі. Дзе яе бацька дастаў, цяпер не памятаю. Жалезную трубу ад буржуйкі вывелі наверх праз дзірку, прабітую ў шчыце, — такі атрымаўся дымаход. Мы думалі, што зрабілі нават немагчымае, каб не замерзнуць узімку, ды не тое тут было.

Як толькі надышла сапраўдная зіма, для нас пачаліся цяжкія пакуты. «Ніколі не забуду, што здарылася з нашым бункерам, як толькі прыхапілі злыя марызы, — успамінала мая сястра Марыя. — Бункер прамярзаў, і мы не ведалі, што рабіць. Маразы прабіралі кожны сантыметр нашага жытла, лезлі ва ўсе шчыліны, нават самыя маленькія. Мы прачыналіся раніцай, а ў бункеры — дзікая халадэча, мы калоцімся, дрыжым, зубы ляскаюць. Глянем уверх, а там густы белы іней — у бункеры ж няма даху. Іней таксама на дзвярах, на сценах. Тое адно акенца ў бункеры поўнасцю замерзла, праз яго нічога і не ўбачыш, і святло не пранікае».

Мы, дзеці, прыкрыліся рознымі лахманамі, прытуліліся адзін да аднаго, ляжым на нарах і не варушымся. Печ за ноч астыла. Маці плача: трэба малым хутчэй падрыхтаваць нейкі сняданак, а вада ў вядры замерзла. Колькі такіх страшных ранкаў выпала на нашу долю зімой 1944—1945 гадоў...

Міхаіл ШЫМАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.