Вы тут

Як у Батчынскім сельсавеце клапоцяцца аб захаванні гістарычнай памяці


У ваколіцах Кобрына ўсе апошнія войны пакідалі свае трагічныя адзнакі. Жорсткія баі на тэрыторыі цяперашняга Батчынскага сельсавета адбываліся ў Першую сусветную, у Грамадзянскую, асабліва шмат гора і пакут прынесла апошняя вайна — Другая сусветная. Імёны яе герояў, яе ахвяр адкрываюцца да гэтага часу.


Літаральна некалькі тыдняў таму на полі за вёскай Паляцічы адкрылі мемарыяльны знак у гонар лётчыка Пятра Шмыгава, які загінуў на трэці дзень вайны. Самалёт паднялі з балота ў 2021 годзе. Дрыгва захавала не толькі фрагменты цела, але і дакументы, нават здымак маці малодшага сяржанта. Таму ўстанавіць асобу пілота, знайсці сваякоў не было складана. Астанкі лётчыка адправілі на радзіму, ва Уладзімірскую вобласць Расіі. А памятны знак урачыста адкрылі сёлета ў дзень горада Кобрына.

— Расходы па вырабе помніка ўзялі на сябе прадпрыемствы горада, — расказвае старшыня Батчынскага сельскага Савета Святлана Гангала. — А на адкрыццё сабралася шмат людзей, у тым ліку з навакольных вёсак. Усе ведалі пра раскопкі, старажылы і падказалі ў свой час месца, дзе ўпаў самалёт у 1941-м. На цырымоніі адкрыцця былі кіраўнікі раёна, прадстаўнікі грамадскасці, моладзь. Усе разам мы аддалі належнае яшчэ аднаму абаронцы радзімы, імя якога стала вядома.

Праз дарогу насупраць знака з абрысамі самалёта стаіць валун з мемарыяльнай дошкай. Яго ўстанавілі па сваёй ініцыятыве і за свой кошт гаспадары тутэйшай аграсядзібы бацька і сын Сцяпан і Сяргей Валасюкі.

— Цяпер мы, паводле дакументаў, жывём у вёсцы Батчы, а ўсе па-ранейшаму называюць нашу мясціну «Сэрэдня». 

У часы сталыпінскай рэформы людзей адсялялі на хутары, давалі зямлю. Вось і тут утварыўся хутар з некалькіх сем’яў. Пасяленне назвалі «Сярэдняе», па-тутэйшаму «Сэрэдне». Менавіта адсюль у вайну на фронт пайшло 15 мужчын, у тым ліку мой дзед. Цяпер у дзедаўскай хаце мы абсталявалі аграсядзібу. Гэтыя маляўнічыя мясціны пасярод дуброў прывабліваюць турыстаў. Аднойчы на паляванні з бацькам заўважылі вось гэты валун, — працягвае Сяргей, — так нарадзілася ідэя прывезці валун, заказаць мемарыяльную дошку і ўвекавечыць памяць усіх сваякоў і землякоў, якія ваявалі. Пазначылі ўсіх: хто вярнуўся і хто не вярнуўся з вайны.

— Гэта наш абавязак перад імі, — падтрымаў сына Сцяпан Паўлавіч. — Зрабіць памятны знак, паводле закона, аказалася не вельмі проста — давялося прайсці шмат узгадненняў, скласці адпаведныя дакументы. Але ўсе этапы паспяхова прайшлі, пліту і валун устанавілі. Цяпер фактычна ўсе нашы госці спыняюцца перад валуном, чытаюць, паказваюць дзецям. На гэта і разлічвалі. А мы даглядаем, падтрымліваем парадак, цяпер возьмем шэфства і над другім помнікам.

— У нас на тэрыторыі ёсць помнік салдатам — воінам Грамадзянскай вайны, ёсць вялікае пахаванне часоў Першай сусветнай. На апошнім і сёння праводзяцца работы па добраўпарадкаванні, рабочы косіць траву, прыбірае тэрыторыю, — кажа Святлана Гангала. — Асаблівы помнік, куды мы прыходзім у гадавіну трагічнай падзеі, у Дзень Перамогі і іншыя памятныя даты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, — мемарыял у памяць пра спаленую вёску Чаравачыцы. Роўна 80 гадоў таму, у 1943 годзе, тут было знішчана 56 жыхароў, спалена 18 дамоў.

— Вялікую краязнаўчую работу праводзіць наша Батчынская школа. У музеі захоўваюцца ўспаміны сведак тых падзей. Дзеці перыядычна ўдзельнічаюць у працоўных дэсантах па навядзенні парадку вакол помніка. Тут мы расказваем школьнікам пра страшную сутнасць вайны, вучым іх цаніць мір як найвялікшую каштоўнасць, — гаворыць кіраўнік мясцовай улады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.