Вы тут

Работніца банкаўскай сферы пра амбіцыі, кар’ерны рост і працагалізм


Кваліфікаваная і прафесійная дапамога ў фінансавых пытаннях у сучасным свеце важная, мабыць, не менш за медыцынскую, бо ўменне разумна распараджацца сваімі фінансамі — шлях да матэрыяльнай стабільнасці, унутранага спакою і пачуцця абароненасці. 

Аб тым, чаму дзяўчаты выбіраюць сваёй жыццёвай дарогай «сухую», дакладную і чужую ўсякай рамантыцы сферу фінансаў, мы спыталі ў маладога кіраўніка адной з банкаўскіх структур, менеджара па абслугоўванні прыватных кліентаў Ганны Фёдаравай.


Хто гэтага хоча, і хто гэта можа

— Мая пасада гучыць дастаткова доўга і складана, — удакладняе суразмоўніца. — Я менеджар па абслугоўванні прыватных кліентаў Аддзела рознічных продажаў Цэнтра банкаўскіх паслуг № 701 Рэгіянальнай дырэкцыі па горадзе Мінску ГА «Белаграпрамбанк». «Белаграпрамбанк» — маё першае месца працы пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта: працаваць сюды прыйшла ў 2016 годзе на пасаду касіра. 

Я — чалавек вельмі амбіцыёзны, мне ўсё цікава. І гэтую маю цікавасць да ўсяго новага, імкненне развівацца ў прафесіі заўважыла кіраўніцтва. Праз год працы я сышла ў галаўны офіс. Гэта быў самы цікавы час: я займалася ўсім: і крэдытамі, і ўкладамі, і карткамі, ездзіла ў арганізацыі і на прадпрыемствы, калі банк прыцягвалі на зарплатнае абслугоўванне. Вельмі шмат чаму там навучылася. На пасадзе кіраўніка я з лютага 2019 года, у маім аддзеле — восем чалавек.

— Гэта ж вельмі хутка: усяго тры гады ад выпускніцы да кіраўніка аддзела…

— Так, але гэта ў цэлым кадравая палітыка ў фінансавай сферы: дапамагаць моладзі і рабіць на яе стаўку. Наш банк заўсёды спрыяў кар’ернаму развіццю маладых спецыялістаў: калі яны хочуць развівацца і гатовы прыкладаць да гэтага намаганні, кіраўніцтва не ставіць ніякіх абмежаванняў. Жаданне рэалізоўваць сябе ў прафесіі ўвогуле ўласціва сучаснай моладзі. І заўсёды вельмі заўважна, хто гэтага хоча і хто гэта можа. Прычым у прыярытэце менавіта «хоча». Зразумела, што вопыт у любой прафесіі напрацоўваецца гадамі, але калі чалавек жадае развівацца, гэта яму заўсёды дапаможа. Цяпер многія маладыя спецыялісты, якія прыходзяць у банк, — выхадцы з каледжаў. Іншымі словамі, гэта моладзь, якая выбрала для сябе эканамічную сферу ўжо пасля 9 класа. Такія прыходзяць «на касу», там напрацоўваюць вопыт. 

І, зразумела, яны імкнуцца прадоўжыць адукацыю. Тут банк таксама ніколі не стварае абмежаванняў — больш за тое, гатовы аплаціць вышэйшую адукацыю сваіх маладых спецыялістаў. Хлопцам і дзяўчатам трэба адпрацаваць пэўны тэрмін, сабраць пакет дакументаў — і можна паступаць, а вучобу аплаціць банк. Словам, было б жаданне, а магчымасцяў у нашай сферы дзейнасці звышдастаткова. Я не ведаю ніводнай іншай сферы і ніводнага іншага банка, дзе былі б створаны такія камфортныя ўмовы для прафесійнага развіцця маладых спецыялістаў. Ну, а акрамя таго, што ў банкаўскай сферы прынята клапаціцца аб камфортных умовах працы, у нашым банку яшчэ і вельмі ярка «афарбоўваюць» вольны час сваіх супрацоўнікаў.

— Вы кажаце аб прафсаюзнай працы?

— Дакладна так. Апроч таго, што я менеджар, я таксама з’яўляюся старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі нашай рэгіянальнай дырэкцыі. І гэтая праца таксама мне вельмі блізкая. Каб расказаць пра ўсе нашы мерапрыемствы, не хопіць і дня. Наш год пачынаецца з таго, што 1 студзеня мы плануем актыўнасці на выхадныя і святочныя дні: упісваем у графік спачатку пастаянныя мерапрыемствы, якія ўжо сталі добрай традыцыяй у нашым банку, потым дадаём нейкія яшчэ. У выніку разумеем, што вольных выхадных практычна не застаецца. Асабліва шмат актыўнасцяў увесну, улетку, ранняй восенню: турзлёты, велапрабегі, сплавы на байдарках... Але і ў халодную пару года сумаваць няма калі. Наведваем розныя выставы, канферэнцыі. На ўсе святы ладзім тэатралізаваныя паказы, падыходзім да пытання сур’ёзна: пішам сцэнарыі, ставім танцы, спяваем, закупляем падарункі нашым работнікам, не забываем таксама пра дзяцей супрацоўнікаў банка.

«У дзяцінстве марыла служыць у арміі...»

— Фінансавая сфера — вельмі сур’ёзная, дакладная, памылак не даруе. Ці даводзілася вам на пачатку прафесійнага шляху даказваць сваю кваліфікаванасць больш дасведчаным і сталым калегам?

— Даказваць некаму нешта — не, не даводзілася. Зразумела, спачатку ты зарабляеш сабе прафесійную рэпутацыю, а потым ужо рэпутацыя працуе на цябе, да цябе з’яўляецца давер як да спецыяліста. Але мне заўсёды было камфортна ў гэтым асяроддзі. Напэўна, магу сказаць пра сябе, што я кар’ерыстка — у добрым сэнсе гэтага слова. Гэта значыць, я арыентавана на кар’еру і пастаянны прафесійны рост. А ўвогуле, каб цябе палюбіла твая работа, ты павінен сам спачатку палюбіць яе. Мне заўсёды падабалася тое, што я раблю. А калі табе падабаецца тое, што робіш, не даводзіцца нікому нічога даказваць — усё адбываецца само сабой. Я працаголік, і калі мне цікава знайсці рашэнне, выканаць нейкую задачу, магу застацца пасля заканчэння працоўнага дня і на гадзіну, і на дзве, і даўжэй — мне гэта нескладана. Тым больш што мой працоўны час напоўнены, акрамя прафесійных пытанняў, і іншымі цікавымі задачамі — прафсаюзнымі. Так што, бывае, даводзіцца затрымлівацца, каб утрымаць раўнавагу паміж працай і маімі творчымі здзяйсненнямі. І гэта ў радасць.

— Вы з дзяцінства хацелі працаваць у банку?

— Зусім не. У дзяцінстве я хацела служыць у арміі. Мой тата — ваенны, у нас — афіцэрская дынастыя. Вырасла я ў ваенным гарадку. Воінская часць размяшчалася ў горадзе Бярозе Брэсцкай вобласці, і ўсе мае аднакласнікі былі дзецьмі ваенных. У такой атмасферы мы і выхоўваліся: самымі яркімі святамі былі дні часці, і я так любіла гэтую атмасферу, што збіралася паступаць у Ваенную акадэмію. Тата быў супраць, ён лічыў, што ваенная служба — справа мужчын, а не жанчын, аднак я гарэла гэтай думкай. Але якраз падчас заканчэння майго адзінаццатага класа быў часова спынены набор дзяўчынак у ваенныя ВНУ на цікавыя для мяне спецыяльнасці. Я разгубілася, разглядала абыходныя шляхі, думала, як мне ўсё ж трапіць у лік курсантаў. Але мой бацька — вельмі мудры чалавек: ён ніколі не казаў «Ты туды не пойдзеш», але заўсёды прыводзіў у размове разумныя аргументы. І гэта дало свой плён: я стала думаць і аб іншых прафесійных сферах. Выбрала БДЭУ, і бацькі адобрылі гэтае рашэнне... Мы з братам выхоўваліся ў абсалютнай любові. У нашай сям’і быў, як мне здаецца, ідэальны баланс: строгі, нават суровы бацька і пяшчотная мама, якая дорыць дзецям каханне і клопат. Мая мама — хатняя гаспадыня, яна прысвяціла жыццё нам з братам. Раней я заўсёды імкнулася быць строгай і сур’ёзнай, як тата, але па меры сталення адчуваю ў сабе ноткі мяккасці, гэта ў мяне ад мамы... Вяртаючыся да выбару прафесіі: я доўга вагалася паміж менеджментам і бухгалтарскім улікам. Але, дзякуй богу, выбрала першае. Зразумела, што не памылілася, калі ва ўніверсітэце быў курс бухгалтарскага ўліку. Аказалася, што для мяне гэта занадта аднастайна. Мне трэба больш разнастайнасці, важна, каб «карцінка» ўвесь час мянялася…

Гатоўнасць браць на сябе адказнасць

— Ці ёсць у вас правілы, якія дапамагаюць дамагацца высокіх вынікаў, адаптавацца да складаных сітуацый?

— Не, дакладных правілаў няма. Што датычыцца працы кіраўніка, яна навучыла мяне наладжваць добразычлівыя працоўныя ўзаемаадносіны з людзьмі. Калі ставіцца да калег добра, то і яны адкажуць табе ўзаемнасцю. Тое ж самае — з кліентамі банка. Калі ты гатовы дапамагчы людзям, то ў стасунках з імі абавязкова атрымаеш нейкую інфармацыю, або штуршок да развіцця, або новы кірунак думкі, які ў будучыні табе спатрэбіцца. Я працую з моладдзю: сярэдні ўзрост у нашым філіяле — 33 гады. Калектыў, які ўзначальваю, жаночы. Кажуць, працаваць у такім складана, але насамрэч можна знайсці падыход да любога работніка. Важна зразумець і прыняць для сябе, што ўсе людзі розныя: у кожнага могуць быць асабістыя перажыванні, праблемы ў сям’і, проста дрэнны настрой. Але функцыя кіраўніка — пабудаваць работу так, каб кожны на працоўным месцы хацеў і мог прыкладаць максімум намаганняў і талент, каб усе задачы, пастаўленыя перад намі, выконваліся. Гаворка не пра «рычагі ўздзеяння» і не пра маніпуляцыі. Я стараюся быць сумленнай і шчырай з калегамі, і вакол мяне збіраюцца такія ж шчырыя, сумленныя і адказныя людзі.

— На ваш погляд, дзякуючы якім якасцям характару ў банкаўскай справе можна дабіцца поспеху?

— Перш за ўсё, неабходна працавітасць: калі ты гатовы працаваць і не ставіш для сябе рамкі васьмі працоўных гадзін. 

Ты разумееш, што гатовы зрабіць максімум, і не важна, ці паспееш ты, пакуль працоўны дзень не скончыцца, або крыху затрымаешся. 

Другое — гэта актыўная жыццёвая пазіцыя. Калі ты вырашаеш для сябе, што хочаш развівацца ў прафесіі, што табе гэта патрэбна. І трэцяе — гатоўнасць браць на сябе адказнасць. Гэта вельмі важнае ўменне, мусіць, у любой прафесіі. І гэта прыйшло да мяне таксама не адразу. Калі ў цябе ёсць начальнік, ты думаеш: яму лепш відаць, а я проста раблю свой кавалачак працы. 

Але надыходзіць пераломны момант — прынамсі, так было ў мяне. З’явіўся ўчастак працы, за які адказваю толькі я. І я зразумела, што змагу ўзяць на сябе гэтую адказнасць. У тым ліку — за іншых людзей. Мне не падабаецца, калі кліентаў пачынаюць «адфутбольваць» з аддзела ў аддзел: камусьці лянота разбірацца, хтосьці кажа: «Гэта не мая спецыфіка». У нашым банку такое ў прынцыпе не прынята. І я заўсёды імкнуся разабрацца ва ўсіх пытаннях да канца, не спрабуючы іх на кагосьці перакласці. Калі да нас прыходзіць кліент, не магу адпусціць яго без дакладнага разумення ў яго ў галаве вырашэння той праблемы, з якой ён звярнуўся.

— А наколькі, па вашых назіраннях, фінансава адукаваныя сёння нашы суайчыннікі?

— Наша насельніцтва досыць адукаванае ў фінансавым плане. Гэта вынік і працы дзяржавы ў цэлым, і працы банкаў. Сёння з кожнага тэлевізара расказваюць аб ашуканцах, і мы ў сваю чаргу таксама стараемся працаваць над фінансавай адукаванасцю людзей. 

Зразумела, што ёсць больш уразлівыя пласты насельніцтва — у першую чаргу пажылыя людзі. Мы наведваем тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, сустракаемся з пенсіянерамі, расказваем ім пра новыя схемы махлярства і пра тое, як пазбегнуць страты сваіх назапашванняў, таму што разумеем: на вуду ашуканцаў у першую чаргу трапляюцца менавіта бабулі і дзядулі. Што да моладзі і людзей сярэдняга ўзросту, сёння ў нашай краіне большасць з іх добра разбіраюцца ў пытаннях кіравання сваімі фінансамі, карыстаюцца інтэрнэт-банкінгам, гатовы разбірацца і асвойваць новыя банкаўскія прадукты. Больш сталым людзям даводзіцца тлумачыць падрабязней. Але ёсць бабулі і дзядулі, якія ў фінансавых пытаннях дадуць фору моладзі! Справа тут у тым, наколькі пажылыя самі жадаюць у гэтым разабрацца. Ёсць катэгорыя людзей, якія не хочуць асвойваць сучасныя банкаўскія прадукты і тэхналогіі і ніколі нават не спрабавалі зразумець. Мы гэта прымаем, бо гаворка пра асабісты выбар кожнага чалавека. Мы не імкнёмся некаму нешта навязаць, проста тлумачым плюсы таго ці іншага банкаўскага прадукту або паслугі.

— Як вы бачыце сваю кар’еру ў будучыні? Ці ёсць у вас прафесійныя мары, мэты?

— Не хачу раскрываць усіх сваіх перспектыў, але яны ёсць. Думаю, гэта не апошняя мая прыступка. А ў цэлым бачу шмат кірункаў у прафесіі, у якіх мне хацелася б развівацца. Асвойваць новыя веды, дапамагчы большай колькасці людзей, бо прафесійная дапамога ў фінансавых пытаннях у сучасным свеце важная кожнаму чалавеку і кожнай арганізацыі.

Пра палатку ў лесе, вогнішча і гітару

— А калі казаць пра непрафесійныя мэты і мары?..

— У мяне іх столькі! Самае галоўнае, што на дадзены момант хочацца зрабіць, але пакуль не хапае часу, — навучыцца іграць на гітары. Акустычны інструмент сабе ўжо купіла, але іграць на ім пакуль не ўмею... Яшчэ хацела б аднавіць заняткі танцамі — асвоіць кірунак, якім я раней не займалася. Напрыклад, мне падаюцца цікавымі ўсходнія танцы, для мяне гэта зусім новая сфера. З дзяцінства займалася харэаграфіяй, і мая прафсаюзная кар’ера пачалася менавіта з яе. На адным з турзлётаў начальніца запрасіла мяне да сябе ў каманду. Мы пераўвасобіліся ў цыганскі табар, і я прадэманстравала свае танцавальныя ўменні... Думаю, працавітасці мяне таксама навучыла харэаграфія. У цэнтры пазашкольнай творчасці ў нас быў цудоўны харэограф, мы займаліся класічнай харэаграфіяй (станком), а таксама кірункамі фолк, мадэрн, элементамі хіп-хопа, народнымі танцамі. Мы былі зоркамі ўсіх гарадскіх мерапрыемстваў і нават ездзілі ў Мінск на танцавальныя вечары ў Ліцэй БДУ. У дзяцінстве ў мяне не было вольнага часу — за гэта трэба сказаць дзякуй маме. Яна распісвала нашы з братам дні. У маім раскладзе былі харэаграфія, макрамэ, я вязала, вышывала, малявала — чаго толькі не рабіла. І, лічу, гэта добра. Цяпер псіхолагі пішуць аб неабходнасці пакідаць дзіцяці вольны час, але мяне «шчыльны графік» навучыў дысцыпліне і пунктуальнасці. У маім дзяцінстве не было такога, каб я не ведала, чым заняцца. Я заўсёды трымала ў галаве дакладны план — маме не даводзілася нагадваць мне мой расклад на дзень. Не, у мяне быў час, каб выйсці пагуляць, але «бадзянні» без мэты — не для мяне, з ранняга дзяцінства і да гэтага часу…

— Ці ёсць месца стварэнню сям’і ў вашых планах? Скажам так, ці здольныя закахацца банкаўскія работнікі?

— Вядома, здольныя... Але, шчыра кажучы, не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне. Калі я толькі прыйшла працаваць у банк, вырашыла для сябе, што маім прыярытэтам стане кар’ера. Пакуль мне дастаткова таго руху, які адбываецца на рабоце: і ў працоўны, і ў непрацоўны час, у прафсаюзнай сферы. Не, я не адкідаю гэты варыянт — я не мужчынаненавісніца і не чайлдфры. Аднак лічу, што ўсяму свой час. А ўвогуле, у мяне няма мэты выйсці замуж і ніколі не было. Я не жыла марамі аб белай сукенцы і шыкоўным банкеце. Мне хопіць распісацца ў ЗАГСе, потым палатку дзе-небудзь паставіць на азярцы і проста пасядзець каля вогнішча ўдваіх з мужам. З узростам я станаўлюся чалавекам лесу: аддам перавагу не лакшэры-атэлю, а палатцы ў лесе, вогнішчу і гітары. Мама жартуе: «У табе прачынаюцца мае вясковыя карані».

— Раскажыце аб вашай працы ў Беларускім саюзе жанчын. Чаму выбралі гэты, «жаночы» кірунак грамадскай працы?

— Жаночы пачатак — гэта заўсёды пра цяпло, каханне, імкненне дапамагчы і абараніць. Наша банкаўская ячэйка БСЖ аб’ядноўвае людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія гатовыя нешта мяняць, камусьці дапамагаць, пашыраць межы сваёй свядомасці і свядомасці іншых людзей. Я вельмі паважаю ініцыятыўных людзей — тых, каму не абыякавыя праблемы іншых. Кожны асобна мала што можа зрабіць, але калі такіх людзей шмат, можна горы варочаць. А жанчыны па сваёй натуры ў большай ступені настроены ахвяраваць, аддаваць свой час і часцінку душы на нейкую добрую справу. Асноўны напрамак работы нашай ячэйкі БСЖ — дабрачыннасць. Напрыклад, у нас ёсць добрая велікодная традыцыя праводзіць дабрачынны кірмаш унутры калектыву дырэкцыі. Сярод нашых работнікаў шмат таленавітых, крэатыўных людзей — яны шыюць, вяжуць, пякуць, лепяць з гліны або пішуць карціны. Падчас кірмашу ўсе ахвотныя могуць набыць упадабаныя работы. Камусьці, напрыклад, прыйшлася даспадобы ваза, каб упрыгожыць хатні інтэр’ер, хтосьці купляе водарную свечку, каб зладзіць сабе прыемны вечар за кнігай. А атрыманыя сродкі мы накіроўваем на дабрачыннасць. Вывучаем, дзе ёсць патрэба ў сродках, і адпраўляем іх туды — у дзіцячы хоспіс, дом састарэлых ці, напрыклад, у прытулак для жывёл. Таму я люблю работу ў Саюзе жанчын — яна робіць свет лепшым.

— У вас вялікі аб’ём працы ў самых розных кірунках. Ці знаёмае вам паняцце «прафесійнае выгаранне»?

— Бывае часам, позняй восенню, хоць гэта хутчэй не «выгаранне», а восеньская хандра. Але мне пашанцавала: побач са мной ёсць людзі, якія не даюць здавацца ні пры якіх абставінах. Гэта і мая сям’я (заўсёды можна прыйсці да бацькоў, каб выгаварыцца), і мае старэйшыя калегі і кіраўніцтва, якія могуць падтрымаць і пераканаць, што не бывае невырашальных працоўных пытанняў. І, вядома, у мяне ёсць мая праца, і мне некалі раскісаць. А ў цэлым, калі задаць сабе пытанне «Ці шчаслівы я чалавек?», то адказ — адназначна «так». Не трэба дзесьці шукаць шчасце, яно заўсёды ўнутры кожнага з нас. Ты прачнуўся, усміхнуўся, сабраўся і пайшоў на працу — нават зыходзячы з гэтага варта сказаць «дзякуй» Богу за новы дзень. Чым больш ты ўсміхаешся свету, тым больш ён усміхаецца табе!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.