Вы тут

Што на Дзень беларускага пісьменства прадставяць выдавецтвы і кнігагандлёвыя прадпрыемствы


Дзень беларускага пісьменства штогод збірае разам усіх тых, хто любіць, шануе і беражліва захоўвае мудрасць слова на нашай зямлі. Сёлета свята пройдзе трыццаты раз, у Гарадку Віцебскай вобласці. Горадзе, што быў малой радзімай для шэрагу літаратараў, адным з якіх з'яўляецца Канстанцін Вераніцын, аўтар твора «Тарас на Парнасе». Напярэдадні маштабнага мерапрыемства мы даведаліся, як і што на ім рыхтуюцца прадставіць найбуйнейшыя выдавецтвы і кнігагандлёвыя прадпрыемствы краіны.


Фота: pixabay.com

Кніжны гандаль і не толькі

— Юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства, безумоўна, — вялікая падзея ў тым ліку і для «Белкнігі», таму што гэта свята, цэнтрам і дамінантай якога з'яўляецца кніга, беларускае мастацкае слова. Таму «Белкніга» прыме самы актыўны ўдзел і ў самім асноўным свяце, якое адбудзецца ў Гарадку Віцебскай вобласці. Там, як заўсёды, будзе кніжны гандаль. Але мы прымаем удзел не толькі непасрэдна ў падзеях Дня беларускага пісьменства 2-3 верасня, але і цяпер, напярэдадні школьнага сезона, калі па краіне праводзяцца школьныя базары, выязны гандаль і розныя выставачныя мерапрыемствы. Экспазіцыі створаны з акцэнтам на Дзень беларускага пісьменства, — распавядае генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч. — Мастацкая, гістарычная, краязнаўчая і іншая літаратура — усё там прадстаўляецца. Зразумела, падрыхтаваны адпаведныя праграмы, плакаты. Свята знаходзіць шырокае адлюстраванне ў нашай дзейнасці. У Гарадку ў нас будзе самы шырокі выбар літаратуры. Зразумела, з акцэнтам на беларускую літаратуру. Усё тое, што выпусцілі нашы дзяржаўныя выдавецтвы, будзе прадстаўлена ў нас. Знайсці зможаце кнігі самай рознай тэматыкі. Паколькі распачынаецца школьны сезон, хочацца парадаваць як жыхароў гарадка, так і гасцей свята кнігамі для вучэбнага працэсу (навучальнымі дапаможнікамі, прадметнымі сшыткамі, самымі рознымі атласамі, контурнымі картамі) — усё тое можна будзе знайсці на стэндзе «Белкнігі». Там прапануем і канцылярыю, і тавары з беларускай сімволікай. Акцэнт зробім на прадуцыю нашага паліграфкамбіната імя Якуба Коласа. Актыўна супрацоўнічаем з беларускімі выдавецтвамі, і магу адзначыць, што за першае паўгоддзе рэалізацыя літаратуры ад іх у «Белкнізе» павялічылася больш чым на сорак працэнтаў. Распаўсюджванне беларускай і сацыяльна значнай літаратуры — наш прыярытэт, і сваё адлюстраванне ён знойдзе і ў Дні беларускага пісьменства, на паліцах нашых кніжных крам, на выязным гандлі і розных тэматычных выставах.

А калі больш дэтальна разглядаць навінкі і выгадныя прапановы ад найбуйнейшых беларускіх выдавецтваў, то кожнае з іх актыўна працуе, можна сказаць, над апошнімі штрыхамі, каб на свяце сустрэць сваіх наведвальнікаў і парадаваць добрымі прапановамі.

Напрыклад, як распавяла загадчык аддзела рэалізацыі РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Святлана Ганцарэвіч, праграма на Дні беларускага пісьменства будзе насычанай і цікавай для наведвальнікаў самых розных узростаў і інтарэсаў.

— На фестывалі кнігі ў нас пройдзе выстаўка-продаж кніг. Наведвальнікам мы прэзентуем выданне «Ад Віцебска да Полацка» Уладзіміра Ліхадзедава з серыі «У пошуках страчанага», альманах «Дзвіна. Віцебшчына літаратурная» Тамары Красновай-Гусачэнкі. Акрамя гэтага, у нас запланаваны прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі такіх аўтараў, як Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Дзмітрый Нікалаеў, Міхаіл Пазнякоў, Віктар Шніп, Жанна Міус, Ірына Карнаухава, Таццяна Дземідовіч.

У другі дзень чакаем гасцей каля нашага стэнда. Аўтограф-сесіі і прэзентацыі кніг там пройдуць ужо з удзелам такіх аўтараў, як Валянціна Быстрымовіч, Уладзімір Мазго, Іна Фралова, Віктар Кажура. Акрамя гэтага, любы наведвальнік нашага стэнда зможа паўдзельнічаць у віктарыне, дзе за правільныя адказы атрымаць памятныя сувеніры ад нашага выдавецтва. Яшчэ для сваіх гасцей мы падрыхтавалі шэраг акцый, якія дазволяць папоўніць ім свае бібліятэкі на выгадных умовах. Напрыклад, пры ўмове набыцця дзвюх кніг трэцяя будзе ў падарунак. Альбо пры куплі выданняў ад 20 рублёў чытач атрымае 10 % зніжку і г. д. Завітвайце да нас і выбірайце кнігі сабе па душы з нашага асартыменту.

Згадваючы «Тараса на Парнасе»

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» таксама рыхтуе шмат сюрпрызаў і цікавых спатканняў з кнігай для яе прыхільнікаў. Тут магчыма ўсё: і знайсці паэзію па душы, і адкрыць для сябе нанова класіку, а то і ўвогуле павандраваць у часе.

— Кожны год да Дня беларускага пісьменства ў серыі «Беларусь літаратурная» мы выдаём зборнік твораў, які з'яўляецца своеасаблівай анталогіяй літаратуры таго раёна, дзе адбываецца свята. Сёлета Дзень беларускага пісьменства праходзіць у Гарадку і святкуецца 30-годдзе мерапрыемства. У серыі «Беларусь літаратурная» за гэтыя гады выйшла шмат кніг, і сёлета мы выдалі зборнік «Пад небам высокім Радзімы», куды ўвайшлі выбраныя творы з папярэдніх выпускаў. Адзначу, што серыя «Беларусь літаратурная» заснавана ў 2003 годзе, таму і гэтае выданне ў пэўным сэнсе юбілейнае. У зборніку «Пад небам высокім Радзімы» прадстаўлена паэзія пачынаючы з 1994 года, калі ўпершыню святкаваўся Дзень беларускага пісьменства. Свята ў Полацку праходзіла тры разы, і тройчы яно прадстаўлена ў выданні. Кожнаму раздзелу папярэднічае невялікая інфармацыя пра Дзень беларускага пісьменства: чым быў адметны ён у тым ці іншым горадзе, якія прайшлі з гэтай нагоды знакавыя падзеі для горада, раёна і нашай краіны. Там можна знайсці і вершы-прысвячэнні гораду, друкуюцца творы землякоў. Да прыкладу, калі Полацк, то знойдзем творы Навума Гальпяровіча, Валянціны Лукшы і іншых палачан. Сімвалічна кніга мае трыццаць раздзелаў. І канчаецца наша выданне прадстаўленнем Гарадка. А горад гэты вядомы тым, што на Гарадоччыне ў вёсцы Астраўляны нарадзіўся Канстанцін Вераніцын, аўтар знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе». Яшчэ ў зборніку змешчаны тры каляровыя ўклейкі, па якіх можна прасачыць святкаванне Дня беларускага пісьменства і яго знакавыя мерапрыемствы ў розныя гады, — распавёў намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. — Зразумела, да свята мы выдалі кнігу «Тарас на Парнасе». Выданне адметнае тым, што там змешчаны твор па-беларуску і ў перакладзе на рускую мову (Міхаіла Лазінскага), а таксама фрагменты з кнігі Генадзя Кісялёва «Пошукі забытага імя», якая распавядае пра даследаванне тэмы аўтарства гэтага твора. А трэці раздзел выдання мы прысвяцілі Гарадоцкаму краязнаўчаму музею.

Прадставіць выдавецтва на Дні беларускага пісьменства таксама распачатую ў гэтым годзе серыю «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». У ёй ужо выйшлі кнігі Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Грачанікава, Навума Гальпяровіча, Генадзя Пашкова, а ў хуткім часе з'явіцца кніга Максіма Танка. Плануюць прэзентаваць на свяце і абноўленую серыю «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». У ёй выйшлі кнігі, прысвечаныя Максіму Багдановічу, Янку Купалу, а якраз напярэдадні свята выходзіць кніжка пра Якуба Коласа. Над гэтым выданнем, як і над кнігай пра Янку Купалу, працавала доктар філалагічных навук Наталля Якавенка. На Дні беларускага пісьменства выдавецтва прадставіць таксама серыю «Народная бібліятэка», дзе выйшла каля 10 кніжак. Сярод іх — творы Янкі Маўра, Вячаслава Адамчыка, Аляксея Дударава, Георгія Марчука і іншых вядомых пісьменнікаў. Акрамя гэтага, прэзентуюць серыю «Мір класікі» , у якой выходзяць творы беларускіх аўтараў (Шамякін, Мележ, Караткевіч і іншыя) у перакладзе на рускую мову, а таксама творы класікаў рускай літаратуры. Можна будзе знайсці і кнігі для юных чытачоў, што выйшлі ў серыях «Жывая класіка дзецям», «Я люблю чытаць» і іншых. Тых, хто любіць зборнікі з падборам твораў па пэўнай тэме, зацікавіць серыя «100 вершаў». Вядома, не абыдзецца і без сустрэч з пісьменнікамі, таму, як звычайна, будзе магчымасць трапіць на прэзентацыі кніг і знайсці сваю.

Рака памяці і шлях да зорак...

А калі вы прыхільнік літаратуры, скажам, па краязнаўстве, цікавіцеся тэмай Вялікай Айчыннай вайны, масава-палітычнымі выданнямі, то такія кнігі вас будуць чакаць на стэндзе выдавецтва «Беларусь», у асартыменце якога на сёння парадку 600 найменняў у прайс-лісце. Тут прапаноўваюць самую разнастайную літаратуру, каб задаволіць густы шырокага кола чытачоў.

— Штогод да Дня Беларускага пісьменства выдавецтва «Беларусь» рыхтуе кнігу, прысвечаную рэгіёну, у якім праходзіць свята. І сёлета такім выданнем стаў фотаальбом «Гарадоцкі край», які ўтрымлівае інфармацыю пра галоўныя славутасці раёна на трох мовах з ілюстрацыямі. Кніга «Рака памяці» — таксама прысвячэнне Віцебскаму рэгіёну. У яе аснове — дарожны нарыс, напісаны па слядах унікальнай экспедыцыі беларускіх і расійскіх журналістаў ад вытоку ракі Заходняя Дзвіна да Віцебска. Увогуле, выдавецтва «Беларусь» выпускае ад масава-палітычных выданняў, да дзіцячай і вучэбнай літаратуры, фотаальбомы, якія распавядаюць пра Беларусь. У Гарадку мы прадставім выданні па краязнаўстве, кніжныя навінкі масава-палітычнай літаратуры, якая цяпер карыстаецца вялікім попытам, — распавядае загадчык аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская. — За апошні год у нас таксама ўбачылі свет кнігі, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, такія як «Свяшчэнная памяць Вялікай Перамогі», «Без тэрміну даўніны». Вядома, прадставім дзве кнігі «Генацыд беларускага народа». Будуць у наяўнасці кнігі з серый «Славутыя мастакі Беларусі», «Падарожжа па родным краі» і іншыя. Таму пастараемся па максімуме прадставіць той асартымент, які мае наша выдавецтва. Акцэнт зробім на тэмы, якія заўсёды актуальныя, а ў сённяшніх рэаліях набываюць асаблівую цікавасць і каштоўнасць. Таксама не пакінем без увагі і нашых юных чытачоў. У нас ёсць шырокі асартымент дзіцячай літаратуры, прычым добра ілюстраванай, беларускамоўнай. Яшчэ мы плануем сустрэчы, прэзентацыі з удзелам аўтараў дзіцячых кніг. Так, будзе ў нас Жанна Міус з прэзентацыяй сваіх кніг. І запрашаем на сустрэчу з Наталляй Адарчэнка — гэта дзяўчына, якая перамагла ў конкурсе «ЛітАп» і напісала кнігу «Малінка ў горадзе», якую мы выдалі. І ў Гарадку аўтар прадставіць сваю кнігу, правядзе аўтограф-сесію. Вядома, не абыдзецца без віктарын, конкурсаў і каштоўных падарункаў.

Колькасць прапаноў ад выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» таксама па-добраму ўражвае. Тут напярэдадні новага навучальнага года выйшла шмат кніг, вучэбных дапаможнікаў. Напрыклад, вучэбны дапаможнік «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку» не толькі абнавілася зместам, але і здабыла новы элемент дапоўненай рэальнасці — аўдыягід. А з дапамогай дадатку «AІV — дапоўненая рэальнасць» карцінкі ў 3D-мадэлі ажываюць.

— Да новага навучальнага года наша выдавецтва выпусціла навукова-папулярнае выданне «Адукацыя ў Беларусі: вытокі, гісторыя, сучаснасць». Гэтая кніга ўнікальная канцэпцыяй і ўяўляе сабой зборнік матэрыялаў пра розныя аспекты адукацыі і асветніцтва на тэрыторыі беларускіх зямель, пачынаючы з часоў Полацкага княства і да сённяшніх дзён. Кніга аздоблена шматлікімі ілюстрацыямі і звяртае на сябе ўвагу высокім мастацкім афармленнем і сучасным дызайнам, — дзеліцца начальнік аддзела маркетынгу выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Дзмітрый Кашавар. — Сумесна з Беларускім фондам міру і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі наша выдавецтва працавала над выпускам кнігі «Школы свету ў Беларусі». У ёй сабраны вопыт работы 115 навучальных устаноў, якія маюць статус «Школа свету». Дадзенае выданне нацэлена на садзейнічанне выхаванню дзяцей і моладзі на прынцыпах міру, згоды і ўзаемаразумення з усімі, хто жыве на нашай зямлі. А ў гонар 105-годдзя пагранічнай службы нашай краіны выдавецтва сумесна з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь падрыхтавала і выпусціла зборнік мастацка-дакументальных навел «Лёсам павенчаныя з мяжой». Там сабраны жыццёвыя гісторыі тых, хто ў любое надвор'е і пры любых абставінах, нярэдка рызыкуючы жыццём, вырашае адказныя задачы па ахове і абароне дзяржаўнай граніцы. А выданне «Шлях да зорак. Беларусы ў космасе» пашырыць веды дзяцей аб гісторыі асваення космасу, пазнаёміць сваіх чытачоў з дасягненнямі беларускай навукі ў развіцці касмічнай галіны. Тым, хто цікавіцца беларускай культурай, будуць карысныя кнігі «Беларускія народныя рамёствы» і «Святочны калейдаскоп. Беларускія народныя традыцыі». Гэтыя кнігі маюць QR-коды з выхадам на аўдыяверсіі тэкстаў, агучаныя прафесійнымі артыстамі. Для малодшых школьнікаў цікавымі застаюцца кнігі з серыі «Планета жывёл», з якіх можна даведацца пра жывёльны свет Беларусі і замежных краін. І ў хуткім часе серыю чакае папаўненне новымі выданнямі адпаведнай тэматыкі. Упэўнены, тыя, хто ведае нашы кнігі, абавязкова завітае на сустрэчу з імі і на Дні беларускага пісьменства.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена выдавецтвамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.